Курыца
Сво́йская ку́рыца (па-лацінску: Gallus gallus альбо Gallus gallus domesticus) — найбуйнейшы паводле колькасьці й распаўсюджанасьці від свойскай птушкі. За доўгую гісторыю адамашваньня чалавекам выведзена вялікая колькасьць разнастайных пародаў кур, а агульная колькасьць кураў складала больш за 19 млрд жывёлаў па стане на 2011 году. Такім чынам, кураў у сьвеце больш, чым любых іншых дзікіх ці свойскіх птушак[1].
Курыца | |
![]() | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Жывёлы |
Тып | Хордавыя |
Кляса | Птушкі |
Атрад | Курападобныя |
Сямейства | Фазанавыя |
Род | Грэбенёвыя куры |
Від | Банкіўскі певень |
Бінамінальная намэнклятура | |
Gallus gallus | |
Куры належаць да ліку найбольш карысных і выдатных па сваёй прадукцыйнасьці свойскіх птушак. Разводзяць іх дзеля мяса й яек, акрамя таго ад іх атрымліваюць пяро й пух, радзей кур выкарыстоўваюць наўпрост у якасьці хатніх жывёлаў. Першапачаткова яны выкарыстоўваліся дзеля арганізацыі пеўневых боек або для правядзеньня адмысловых цырымоніяў. Масава ўжывацца ў ежу пачалі толькі ў эліністычны пэрыяд, то бок у IV—II стагодзьдзях да н. э.[2].
Гісторыя адамашненьняРэдагаваць
Розныя віды дзікіх птушак у розныя часы былі выяўлены на ўсіх кантынэнтах: глушэц — у Эўропе, цацаркі — у Афрыцы, Турэччыне й Амэрыцы, залаты певень — у Азіі.
Лічыцца, што хатнія куры паходзяць ад дзікіх банкіўскіх пеўняў (Gallus gallus), якія жывуць у Азіі. Дзікая папярэдніца куркі была дробнай, вагой ня больш за кіляграм. Яна кармілася насеньнем, казуркамі, сьлімакамі, умела лётала, гнёзды рабіла на зямлі. Самка адкладала ад 4 да 13 яек. Акрамя банкіўскіх або чырвоных джунглёвых курэй у род грабеністых курэй (Gallus) уваходзяць яшчэ тры віды: шэрая джунглёвая курка (Gallus sonnerati), цэйлонская джунглёвая курка (Gallus lafayettei) і зялёная джунглёвая курка (Gallus varius). Дзікіх прадстаўнікоў роду й сёньня можна сустрэць у Індыі, Індакітаі, Паўднёвым Кітаі, Інданэзіі й на Філіпінах.
Раньнія крыніцы, на якія спасылаўся ў сваіх працах і Чарлз Дарвін[3], сьведчаць, што адамашненьне куркі адбылося ў раёне Індыі каля 2000 гадоў да н. э. Пазьнейшыя дасьледчыкі сьцьвярджалі, што адамашненьне магло адбыцца каля 3200 гадоў да н. э. і нават раней у іншых рэгіёнах Азіі. Зараз існуе шэраг фактаў, якія сьведчаць аб старажытнай гісторыі адамашненьня курэй — 6000—8000 гадоў да н. э. у Паўднёва-Ўсходняй Азіі й Кітаі[4].
КрыніцыРэдагаваць
- ^ «Global livestock counts — Counting chickens.» The Economist.
- ^ «Earliest economic exploitation of chicken outside East Asia: Evidence from the Hellenistic Southern Levant». PNAS
- ^ Кніга Дарвіна «The Variation of Animals and Plants Under Domestication»
- ^ Daniele Focosi «Multicellular Eukarya Genome Sequencing Projects»
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
Курыца — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Куры на Open Directory Project