Паўночнае зьзяньне (фэстываль)

беларускі кінафэстываль

«Паўно́чнае зьзя́ньне» — штогадовы фэстываль[1] ігравога й дакумэнтальнага кіно Паўночных і Балтыйскіх краін. Кінафэстываль у 2015 годзе заснавала прадзюсарка й рэжысэрка Воля Чайкоўская пры падтрымцы Офісу Рады міністраў паўночнаэўрапейскіх краінаў у Летуве.

«Паўночнае зьзяньне»
Гады зь 2015-га
Краіна Беларусь
Горад Менск
Мова(-ы) беларуская
Жанр камэдыя, дакумэнтальны фільм
Тэматыка кіно Паўночнай Эўропы
Заснавальнік Вольга Чайкоўская
Арганізатар Рада міністраў паўночнаэўрапейскіх краінаў (Летува)

На кінафэстывалі паказваюць фільмы зь Летувы, Латвіі, Эстоніі, Нарвэгіі, Даніі, Швэцыі, Фінляндыі й Ісьляндыі. А з 2020-га арганізатары дадалі да Міжнароднай праграмы й нацыянальную — Беларускі конкурс.

У дні фэстывалю й на працягу году ў межах кінафэсту адбываюцца дадатковыя паказы, лекцыі, майстар-клясы ды іншыя мерапрыемствы для беларускіх рэжысэраў, прадзюсараў і аматараў як у галіне мастацкага, так і дакумэнтальнага кіно.

На працягу гадоў гасьцямі «Паўночнага зьзяньня» былі швэдзкая рэжысэрка Каця Вік, ісьляндзкі прадзюсар Антон Мані Свансан, нарвэскі пісьменьнік Эрлэнд Лу, латвійскі рэжысэр тэатра і кіно Віестурс Каірыш, эстонскі прадзюсар Іва Фельт, фінская акторка Памела Тола, дацкі пісьменьнік Пітэр Хёг[2] і іншыя дзеячы культуры й кіно. Гасьцямі ці мадэратарамі івэнтаў «Паўночнага зьзяньня» былі і выбітныя беларусы: філёзафка Вольга Шпарага, пісьменьніца Тацьцяна Заміроўская, актывіст Нік Анціпаў, культуроляг Максім Жбанкоў, рэжысэрка Дар’я Жук і многія іншыя.

З 2015 году кінафэстываль праходзіў у Менску ў кінатэатры «Мір», дадатковыя паказы былі і ў іншых гарадах Беларусі: Гомелі, Віцебску, Горадні. З 2020 году фэст перайшоў у анляйн і гібрыдны фармат, дазваляючы беларусам, дзе б яны ні знаходзіліся, глядзець сучаснае сусьветнае й беларускае кіно. Так, у 2022 годзе асобныя паказы «Паўночнага зьзяньня», а таксама сустрэчы з рэжысэрамі адбыліся ў Вільні (Летува) і Таліне (Эстонія).

Кінапраграмы «Паўночнага зьзяньня»

рэдагаваць

«Паўночнае зьзяньне» адкрытае як для гульнёвага, так і для дакумэнтальнага, анімацыйнага ды гібрыднага кіно. Кінафэстываль традыцыйна мае міжнародную праграму (дакумэнтальная й гульнёвая), беларускі конкурс, а таксама дадатковыя праграмы.

Так, у 2020-м можна было паглядзець кароткамэтражную праграму, складзеную зь 5 швэдзкіх фільмаў кароткага мэтру (куратарка — Эшлі Сьміт); у 2021-м — спэцыяльную праграму пад назвай «Балтыйская хваля», у якую ўвайшлі тры стужкі зь Летувы, Латвіі й Эстоніі пра рэвалюцыі й зьмены ў гэтых постсавецкіх краінах; у 2022-м — спэцыяльную праграму ўкраінскага кіно «UKRAINE MON AMOUR», прысьвечаную адважнай барацьбе ўкраінскага народу за свабоду й супраць расейскай агрэсіі, а таксама пазаконкурсную беларускую праграму «Вугал Зроку»[3] з 7 беларускіх аматарскіх фільмаў.

Беларускі конкурс

рэдагаваць

Паўнавартасная беларуская праграма ўпершыню ўзьнікла на кінафэстывалі «Паўночнае зьзяньне» ў 2020 годзе. Тады ў яе ўвайшлі 7 дакумэнтальных стужак і 1 гульнёвая: «Невядомы рай» (дакумэнтальны, рэж. Дар’я Юркевіч), «Эпітафія» (дакумэнтальны, рэж. Віктар Асьлюк), «Мне трэба поціскаў» (дакумэнтальны, рэж. Андрэй Куціла), «Тата» (дакумэнтальны, рэж. Ларыса Арцюгіна, Марта-Дар’я Клінава), «Шлях дадому» (дакумэнтальны, рэж. Арцём Лобач), «Межы» (дакумэнтальны, рэж. Юля Шатун), «На сувязі» (дакумэнтальны, рэж. Максім Швед, Ксенія Галубовіч, Алесь Лапо, Вераніка Бандаровіч), «Дэзэртэр» (гульнёвы, рэж. Саша Сьцельчанка).

У 2021 годзе беларуская праграма стала называцца Беларускі конкурс. У гэты год беларускія фільмы ўпершыню аглядала міжнароднае журы ў асобе Стэфані Гёрц (нямецкая журналістка й кінакуратарка), Трыстана Прыымягі (эстонскі кінакрытык), Люсі Вірхен (амэрыканская журналістка й кінакрытык). У Беларускі конкурс увайшлі 5 фільмаў: «Агульная мова» (дакумэнтальны, рэж. Воля Чайкоўская), «Сойка» (гульнёвы, рэж. Настасься Сергіеня), «Тры таварышы» (гульнёвы, рэж. Уладзімер Казлоў), «Кунашыр» (дакумэнтальны, рэж. Уладзімер Казлоў), «Тата» (гібрыдны, рэж. Марыя Якімовіч).

У 2021 годзе журы «Паўночнага зьзяньня» прысудзіла[4] дыплём за найлепшы фільм у Беларускім конкурсе Марыі Якімовіч, рэжысэрцы фільму «Тата»: «Фільм дае вельмі інтымны асабісты погляд на складаную сямейную сытуацыю. З дапамогай зьмешваньня розных жанраў фільм — любоўнае пасланьне да часоў, якіх ніколі не існавала, ён прымушае падумаць пра крохкія стасункі, якія часта вельмі складана ўтрымаць у межах адной сям’і».

У 2022 годзе заяўку на ўдзел у Беларускім конкурсе даслалі рэжысэры 38 фільмаў, 11 зь іх былі адабраныя арганізатарамі для ўдзелу ў конкурсе, гэта «Ў адзіночку» (дакумэнтальны, рэж. Мікалай Халезін, Натальля Каляда, Эндру Сьміт), «Спатканьне ў Менску» (гібрыд, рэж. Мікіта Лаўрэцкі), «Дапаможнік» (дакумэнтальны, рэж. Павал Мажар), «Дзіма» (дакумэнтальны, рэж. Дзіма Дзядок), «Shirey Mara» (анімацыя, рэж. Ната Карнеева), «Праз рэйкі» (дакумэнтальны, рэж. Антось Сівых), «Лета 1989» (гульнёвы, рэж. Уладзімер Казлоў), «Калі кветкі не маўчаць» ((дакумэнтальны, рэж. Андрэй Куціла), «Мара» (гібрыд, рэж. Саша Кулак), «DOMUM» (дакумэнтальны, рэж. Максім Сіры), «Край сьвету» (дакумэнтальны, рэж. Ганна Саўчанка).

Міжнароднае журы (фарэрскі рэжысэр і сцэнарыст Сакарыс Стора, украінская прадусарка Натальля Лібэт, фінская акторка й рэжысэрка Памэла Тола) у 2022 годзе абрала[5] пераможцам Беларускага конкурсу фільм «Мара» Сашы Кулак, а таксама адзначыла спэцыяльнымі згадкамі фільмы «Калі кветкі не маўчаць» Андрэя Куцілы й «Shirey Mara» Наты Карнеевай.

Экспэртная рада

рэдагаваць

У 2022 годзе зьявілася Экспэртная рада[6] «Паўночнага зьзяньня» — міжнародны дарадчы камітэт, скіраваны на абмен ідэямі. Як заяўляюць арганізатары, разам зь сябрамі Рады яны будуць шукаць новыя магчымасьці й фармаваць стратэгіі для разьвіцьця «Паўночнага зьзяньня», яго канцпэпцыі й інфраструктуры, у тым ліку на карысьць беларускай кінаіндустрыі ў цэлым.

Рада складаецца зь міжнародных і беларускіх экспэртаў і экспэртак у галіне кіно, прадзюсаваньня, арт-мэнэджменту й ня толькі. Колькасьць сяброў рады можа зьмяняцца й павялічвацца. На цяперашні момант у Раду ўваходзяць кансультанка па стратэгіі Тамара Тацішвілі (Сакартвэла (Грузія)/Бэльгія), прадусар Стэн-Крысьціян Салувеэр (Ісьляндыя), рэжысэрка й прадзюсарка Дар’я Жук (Беларусь/ЗША), маркетынг-экспэртка Надзя Зелянкова (Беларусь/Эстонія), прадусар Антон Мані Свансан (Ісьляндыя). Рада зьбіраецца заснавальніцай кінафэстывалю Воляй Чайкоўскай некалькі разоў на год анляйн і афляйн на закрытыя стратэгічныя сустрэчы.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць