Пашпарт БНР
Па́шпарт Белару́скай Наро́днай Рэспу́блікі — агульнаграмадзянскі пашпарт, які выдаваўся з 1918 року.
Пашпарт БНР | |
Створаны | 1919 |
---|---|
Аўтар(-ы) | Рада Беларускай Народнай Рэспублікі |
Тып носьбіту | папера |
Амаль у самым пачатку дзейнасьці Народны сакратарыят БНР увёў статус грамадзянства БНР. Ад сакавіка да лістапада 1918 року выдаваліся пасьведчаньні, якія дазвалялі перасякаць мяжу і лінію фронту[1]. 19 сьнежня 1919 року Рада БНР прыняла Закон аб грамадзянстве Беларускай народнай рэспублікі, паводле якога беларускім грамадзянінам лічыліся ўсе асобы, якія паводле стану на пачатак 1914 року жылі на тэрыторыі Беларусі і мелі расейскае падданства[2]. Такіх людзей аўтаматычна залічвалі ў беларускае грамадзянства і выдавалі пашпарты. Падвойнае грамадзянства было забароненае і лічылася дзяржаўнай здрадай[3].
Пашпарты пачалі друкаваць у 1919 року ў друкарні Язэпа Галеўскага ў Бэрліне. У іх налічваліся 12 старонак, вокладкі сьветла-ружовыя або цёмна-сінія, з выявай «Пагоні». У ім былі пазначаныя дата і месца нараджэньня асобы, падданства, асаблівыя прыкметы (рост, колер валасоў, вачэй). Акрамя гэтага, існавалі дыпляматычныя пашпарты, якія атрымлівалі афіцыйныя ўрадавыя асобы БНР[1].
Першапачаткова пашпарты выдавалі на тэрыторыі Беларусі. Пасьля бальшавіцкай акупацыі кіраўніцтва БНР зьехала зь Менску сьпярша ў Вільню, пасьля ў Горадню, а стуль — у Коўна. Пашпарты сталі выдаваць замежныя прадстаўніцтвы ў розных краінах Эўропы. Так, беларускае консульства ў Адэсе зарэгістравала каля 16 тысячаў беларусаў[4]; Дыпляматычная місія ў Бэрліне атрымала дазвол ад нямецкіх уладаў выдаваць цывільным беларусам пашпарты, а былым ваеннапалонным — урадавыя пасьведчаньні[5].
Пашпарт БНР даваў дазвол на выезд за мяжу, атрыманьне візы на пераезд у Амэрыку ці вяртаньне на радзіму[3].
Агулам у розны час былі надрукаваныя 10 тысячаў блянкаў для пашпартоў БНР. Аднак зьвестак пра тое, колькі з іх выдадзена, няма. Паводле гісторыка Ўладзімера Ляхоўскага, пашпарты выкарыстоўваліся да канца 1920-х рокаў[3].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Алена Радкевіч, Сяргей Шупа. (19 сакавіка 2018) Архівы Незалежнасьці. Пашпарты БНР Падарожжа ў БНР. Радыё „Свабода“. Праверана 20 верасьня 2023 г.
- ^ Закон аб грамадзянстве БНР Календар. Рада БНР (19 сьнежня 2016). Праверана 20 верасьня 2023 г.
- ^ а б в Без намёкаў. Як беларусы ў эміграцыі жылі са сваімі ўласнымі пашпартамі Палітыка. Эўрарадыё (8 верасьня 2023). Праверана 20 верасьня 2023 г.
- ^ Консульства БНР у Адэсе Календар. Рада БНР (1 ліпеня 2017). Праверана 20 верасьня 2023 г.
- ^ Прадстаўніцтва БНР у Нямеччыне Артыкулы. Рада БНР (10 чэрвеня 2016). Праверана 20 верасьня 2023 г.