Паветраны кодэкс Рэспублікі Беларусь

звод заканадаўства Беларусі аб выкарыстаньні паветранай прасторы

Паве́траны ко́дэкс Рэспу́блікі Белару́сь — звод заканадаўства Беларусі аб выкарыстаньні паветранай прасторы, які набыў моц у чэрвені 2006 году.

кодэкс
Паветраны кодэкс Рэспублікі Беларусь
Заканадаўчы орган
Нумар 117-З
Прыняцьце Палатай прадстаўнікоў
3 красавіка 2006 (18 гадоў таму)
Ухваленьне Саветам Рэспублікі
24 красавіка 2006 (18 гадоў таму)
Падпісаньне прэзыдэнтам Беларусі
16 траўня 2006 (18 гадоў таму)
Уступ у сілу 5 чэрвеня 2006 (18 гадоў таму)
Першая публікацыя 2006 год
Газэта «Зьвязда»

Паводле 3-га артыкула, «рэгулюе адносіны ў галіне выкарыстаньня паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь, адносіны, зьвязаныя з ажыцьцяўленьнем дзейнасьці ў галіне авіяцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, знаходжаньнем паветраных суднаў Рэспублікі Беларусь за межамі яе тэрыторыі», а таксама «адносіны, зьвязаныя з выкананьнем палётаў паветраных суднаў замежных дзяржаваў у паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь». На 2020 год налічваў 129 артыкулаў у складзе 18 главаў: 1) «Агульныя палажэньні»; 2) «Дзяржаўнае рэгуляваньне выкарыстаньня паветранай прасторы»; 3) «Дзяржаўнае рэгуляваньне дзейнасьці ў галіне авіяцыі»; 4) «Паветраныя судны»; 5) «Авіяцыйны пэрсанал»; 6) «Экіпаж паветранага судна, апарат бесьпілётнага лятальнага апарата»; 7) «Аэрадромы, пасадачныя пляцоўкі, аэрапорты і аб’екты адзінай сыстэмы арганізацыі паветранага руху», 8) «Камэрцыйная дзейнасьць у галіне авіяцыі»; 9) «Палёты паветраных суднаў»; 10) «Міжнародныя палёты»; 11) «Авіяцыйная бясьпека»; 12) «Бясьпека палётаў»; 13) «Пошукавае і аварыйна-выратавальнае забесьпячэньне палётаў»; 14) «Паветраныя перавозкі»; 15) «Авіяцыйныя працы»; 16) «Адказнасьць перавозчыка, эксплюатанта паветранага судна і грузаадпраўніка»; 17) «Прэтэнзіі і позвы»; 18) «Заключныя палажэньні». Замяніў сабой Паветраны кодэкс ад 11 студзеня 1999 году. На 2020 год Паветраны кодэкс Беларусі дзейнічаў з 11-ю штогадовым зьмяненьнямі і дапаўненьнямі 2007—2008, 2010—2012, 2014—2016 і 2018 гадоў[1]. 9 чэрвеня 2020 году Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі НАНБ абнародаваў беларускі пераклад яго рэдакцыі са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі паводле Закону ад 13 чэрвеня 2018 году № 112-З[2].

Агульныя палажэньні і паветраная прастора

рэдагаваць

Першая глава Паветранага кодэксу Беларусі зьмяшчала 7 артыкулаў пра: правілы выкарыстаньня і сувэрэнітэт датычна паветранай прасторы, авіяцыйныя правілы і адказнасьць за іх парушэньне. Паводле 2-га артыкула, «Рэспубліцы Беларусь належыць поўны і выключны сувэрэнітэт у адносінах да паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь». Згодна з 5-м артыкулам «Правілы выкарыстаньня паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь зацьвярджаюцца Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь». У 6-м артыкуле згадвалася, што «Авіяцыйныя правілы рэгулююць:

  1. парадак выкананьня палётаў паветраных суднаў у паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь;
  2. парадак арганізацыі і выкананьня палётаў грамадзянскіх, экспэрымэнтальных і дзяржаўных паветраных суднаў;
  3. парадак арганізацыі забесьпячэньня палётаў паветраных суднаў;
  4. парадак арганізацыі расьсьледаваньня авіяцыйных падзеяў, якія адбыліся з паветранымі суднамі Рэспублікі Беларусь, іх клясыфікацыю і ўлік;
  5. адносіны па арганізацыі сэртыфікацыі ў галіне грамадзянскай і экспэрымэнтальнай авіяцыі»;
  6. «адносіны па арганізацыі дзяржаўнай рэгістрацыі паветраных суднаў, аэрадромаў (вертадромаў), радыёэлектронных сродкаў і высокачастотных прыладаў, якія зьяўляюцца крыніцамі электрамагнітнага выпраменьваньня і выкарыстоўваюцца ў грамадзянскай або экспэрымэнтальнай авіяцыі»;
  7. «парадак прад’яўленьня і разгляду прэтэнзіяў, якія вынікаюць з паветраных перавозак»[1].

Другая глава Кодэксу ўлучала 9 артыкулаў (8—16) датычна: дзяржаўных рэгулявальнікаў выкарыстаньня паветранай прасторы, дзяржаўных перавагаў у яе выкарыстаньні і арганізацыі яе выкарыстаньня; будовы і відападзелу паветранай прасторы, дазволу на яе выкарыстаньне і абмежаваньня яе выкарыстаньня; нагляду за прытрымліваньнем Правілаў выкарыстаньня паветранай прасторы, аэранавігацыйнага абслугоўваньня і мэтэаралягічнага забесьпячэньня. Паводле 8-га артыкула, «спэцыяльна ўпаўнаважаны орган у галіне абароны ажыцьцяўляе дзяржаўнае рэгуляваньне выкарыстаньня паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь у цэлым». Пры гэтым «спэцыяльна ўпаўнаважаны орган у галіне грамадзянскай авіяцыі ажыцьцяўляе дзяржаўнае рэгуляваньне выкарыстаньня часткі паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь, якая ва ўстаноўленым парадку вызначана для паветраных трасаў, мясцовых паветраных лініяў, раёнаў выкананьня авіяцыйных працаў, аэрадромаў грамадзянскай авіяцыі і аэрапортаў». Згодна зь 10-м артыкулам Савет міністраў Беларусі зацьвярджае Палажэньне аб Адзінай сыстэме арганізацыі паветранага руху (АСАПР). У 11-м артыкуле вызначалася, што «структура паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь уключае наступныя элемэнты: зоны, паветраныя трасы, маршруты, мясцовыя паветраныя лініі, раёны». Пры гэтым, «устаноўленыя на пастаяннай аснове элемэнты структуры паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь публікуюцца ў дакумэнтах аэранавігацыйнай інфармацыі». Паводле 13-га артыкула, «выкарыстаньне паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь ажыцьцяўляецца на падставе дазволу адпаведнага органа АСАПР». Згодна з 15-м артыкулам «Кантроль за прытрымліваньнем Правіл выкарыстаньня паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь, не зьвязаны з правядзеньнем праверак, ажыцьцяўляецца органамі АСАПР, а таксама органамі абслугоўваньня паветранага руху і кіраваньня палётамі ва ўстаноўленых для іх зонах і раёнах». У артыкуле 161 згадвалася, што «мэтэаралягічнае забесьпячэньне ўключае: 1) арганізацыю мэтэаралягічнага назіраньня за мэтэаралягічнымі ўмовамі каля паверхні зямлі; 2) арганізацыю аэралягічных назіраньняў за станам атмасфэры на вышынях; 3) аналіз зьвестак, атрыманых пры правядзеньні радыёлякацыйнай, паветранай выведкі надвор’я; 4) распрацоўку прагнозаў надвор’я, арганізацыю штармавога папярэджаньня і апавяшчэньня; 5) правядзеньне мерапрыемстваў па забесьпячэньні бясьпекі палётаў; 6) правядзеньне мерапрыемстваў арніталягічнага забесьпячэньня палётаў; 7) забесьпячэньне гідрамэтэаралягічнай інфармацыяй». Паводле 9-га артыкула, «пры ўзьнікненьні патрэбнасьці ў выкарыстаньні паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь адначасова двума і болей карыстальнікамі паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь права на яго выкарыстаньне даецца ў адпаведнасці з дзяржаўнымі прыярытэтамі ў наступным парадку:

  • адбіцьцё паветранага нападу, стрыманьне акта тэрарызму, прадухіленьне і спыненьне парушэньняў Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь або ўзброенага ўварваньня на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь;
  • аказаньне дапамогі пры надзвычайных сытуацыях прыроднага і тэхнагеннага характару і ў іншых выпадках, якія пагражаюць жыцьцю і здароўю грамадзянаў;
  • запуск, пасадка, пошук і эвакуацыя касьмічных апаратаў і іх экіпажаў;
  • прадухіленьне і спыненьне парушэньняў патрабаваньняў Правілаў выкарыстаньня паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь;
  • выкананьне літарных палётаў;
  • выкананьне палётаў паветраных суднаў, у тым ліку ў інтарэсах абараназдольнасьці і бясьпекі дзяржавы»;
  • «выкананьне палётаў дзяржаўных паветраных суднаў у выпадку раптоўных праверак баявой гатоўнасьці, а таксама ў выпадку перабазаваньня падраздзяленьняў дзяржаўнай авіяцыі;
  • выкананьне палётаў паветраных суднаў або ажыцьцяўленьне іншай дзейнасці, зьвязанай з выкарыстаньнем паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь у адпаведнасьці з міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь;
  • выкананьне паветраных перавозак пасажыраў і багажу ў рэгулярных зносінах (па раскладзе);
  • выкананьне іншых палётаў дзяржаўных паветраных суднаў;
  • выкананьне паветраных перавозак грузаў і паштовых адпраўленьняў у рэгулярных зносінах (па раскладзе);
  • выкананьне паветраных перавозак у нерэгулярных зносінах, выкананьне авіяцыйных працаў;
  • выкананьне экспэрымэнтальных палётаў паветраных суднаў;
  • выкананьне навучальных, спартовых і дэманстрацыйных палётаў паветраных суднаў»[1].

Авіяцыя і летакі

рэдагаваць

Трэцяя глава Паветранага кодэксу налічвала 6 артыкулаў (17—22) наконт: дзяржаўнага рэгуляваньня авіяцыі, сэртыфікацыі грамадзянскай і экспэрымэнтальнай авіяцыі, дзяржаўнай падтрымкі разьвіцьця і нагляд у галіне авіяцыі. Паводле 17-га артыкула, «авіяцыя Рэспублікі Беларусь падзяляецца на грамадзянскую, экспэрымэнтальную і дзяржаўную». У сваю чаргу грамадзянская авіяцыя падзялялася на: 1) камэрцыйную — "якая выкарыстоўваецца для паветраных перавозак, выкананьня авіяцыйных працаў за плату; 2) «агульнага прызначэньня» — «якая выкарыстоўваецца ў некамэрцыйных мэтах». Згодна з 20-м артыкулам «сэртыфікацыі ў галіне грамадзянскай авіяцыі падлягаюць:

  1. распрацоўка і выраб грамадзянскіх паветраных суднаў, авіяцыйных рухавікоў і паветраных вінтоў, камплектуючых вырабаў да іх, агрэгатаў і авіяцыйных трэнажораў;
  2. грамадзянскія паветраныя судны, бесьпілётныя авіяцыйныя комплексы, якія ўключаюць бесьпілётныя лятальныя апараты з максымальнай узьлётнай масай 7 і болей кіляграмаў, авіяцыйныя рухавікі, паветраныя вінты, бартавое і наземнае авіяцыйнае абсталяваньне, авіяцыйныя трэнажоры;
  3. забесьпячэньне і выкананьне паветраных перавозак;
  4. выкананьне авіяцыйных працаў;
  5. ажыцьцяўленьне тэхнічнага абслугоўваньня і рамонту грамадзянскіх паветраных суднаў, авіяцыйных рухавікоў і паветраных вінтоў, а таксама дзейнасьць па іх пераабсталяваньні і дапрацоўцы па бюлетэнях распрацоўнікка і вытворцы;
  6. падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэньне кваліфікацыі авіяцыйнага пэрсаналу грамадзянскай авіяцыі;
  7. узровень кампэтэнтнасьці авіяцыйнага пэрсаналу грамадзянскай авіяцыі;
  8. аэранавігацыйнае абслугоўваньне;
  9. аэрадромы грамадзянскай авіяцыі;
  10. аэрадромы сумеснага базаваньня і аэрадромы сумеснага выкарыстаньня ў частцы арганізацыі і выкананьня палётаў грамадзянскімі паветранымі суднамі;
  11. аэрапортная дзейнасьць;
  12. абсталяваньне аэрадромаў;
  13. сродкі навігацыі, назіраньня і сувязі грамадзянскай авіяцыі;
  14. дзейнасьць па мэдычным забесьпячэньні палётаў грамадзянскіх паветраных суднаў»[1].

Чацьвертая глава Кодэксу зьмяшчала 12 артыкулаў (23—35), якія апісвалі: падтрыманьне і патрабаваньні да прыдатнасьці летакоў, паветраных вінтоў і рухавікоў; пасьведчаньне карыстальніка летака і засьведчаньне летакоў, бесьпілётнікаў, паветраных вінтоў і рухавікоў; прызнаньне пасьведчаньня віду і экспартнага пасьведчаньня лётнай прыдатнасьці летакоў, паветраных вінтоў і рухавікоў замежнай дзяржавы; дзяржаўны ўлік летакоў і выключэньне зь яго; допуск летакоў да выкарыстаньня, у тым ліку дзяржаўных у грамадзянскай авіяцыі; знакі на летаках і паклікальны радыёсыгнал грамадзянскага летака; абмежаваньне права карыстаньня грамадзянскімі летакамі. Паводле 29-га артыкула, летакі «могуць быць зарэгістраванымі толькі ў адпаведным рэестры адной дзяржавы». Згодна з 31-м артыкулам «грамадзянскае паветранае судна, якое мае сэртыфікат тыпу, дапускаецца да эксплюатацыі, калі яно зарэгістравана ў Дзяржаўным рэестры грамадзянскіх паветраных суднаў Рэспублікі Беларусь і на яго ёсьць пасьведчаньне аб прыдатнасьці да палётаў». У 33-м артыкуле прадугледжвалася, што: «пры ўнясеньні паветранага судна ў адпаведны дзяржаўны рэестар паветраных суднаў яму надаюцца дзяржаўны і рэгістрацыйны знакі. Экспэрымэнтальнаму паветранаму судну, акрамя таго, надаецца апазнавальны знак, а дзяржаўнаму паветранаму судну — бартавы нумар і апазнавальны знак». Пры гэтым «палёты паветранага судна Рэспублікі Беларусь, якое ня мае неабходных ў адпаведнасьці з гэтым артыкулам нумароў і знакаў, забараняюцца, за выключэньнем выпрабавальных палётаў, якія выконваюцца пасьля правядзеньня рамонту»[1].

Пэрсанал і экіпаж

рэдагаваць

Пятая глава Паветранага кодэксу ўлучала 3 артыкулы (36—38), якія акрэсьлівалі засьведчаньне ўзроўню падрыхтаванасьці і падрыхтоўку авіяцыйнага пэрсаналу, а таксама мэдычнае забесьпячэньне палётаў. Паводле 26-га артыкула, «авіяцыйны пэрсанал падзяляецца на лётны склад і нялётны». У артыкуле 381 прадугледжвалася, што «парадак мэдычнага забесьпячэньня палётаў дзяржаўных паветраных суднаў вызначаецца авіяцыйнымі правіламі, якія зацьвярджаюцца спэцыяльна ўпаўнаважаным органам у галіне абароны па ўзгадненьні з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіраваньня, у дзейнасьці якіх выкарыстоўваецца дзяржаўная авіяцыя, і рэспубліканскім дзяржаўна-грамадзкім аб’яднаньнем „Добраахвотнае таварыства садзейнічаньня арміі, авіяцыі і флёту Рэспублікі Беларусь“. Пагатоў, „мэдычнае забесьпячэньне палётаў грамадзянскіх паветраных суднаў ажыцьцяўляецца арганізацыямі аховы здароўя, іншымі арганізацыямі, якія маюць сэртыфікат на права ажыцьцяўленьня дзейнасьці па мэдычным забесьпячэньні палётаў грамадзянскіх паветраных суднаў, і ўлучае:

  • мэдычны агляд авіяцыйнага пэрсаналу грамадзянскай авіяцыі;
  • правядзеньне перадпалётных мэдычных аглядаў авіяцыйнага пэрсаналу грамадзянскай авіяцыі;
  • мэдычную дапамогу авіяцыйнаму пэрсаналу грамадзянскай авіяцыі ў пэрыяд паміж мэдычнымі аглядамі;
  • своечасовае аказаньне хуткай мэдычнай дапамогі авіяцыйнаму пэрсаналу грамадзянскай авіяцыі, пасажырам паветраных суднаў і іншым асобам, якія знаходзяцца на тэрыторыі аэрапорта;
  • правядзеньне санітарна-проціэпідэмічных мерапрыемстваў;
  • аснашчэньне грамадзянскіх паветраных суднаў неабходнымі запасамі лекавых сродкаў і мэдычных вырабаў;
  • навучаньне экіпажа грамадзянскага паветранага судна мэтадам аказаньня першай дапамогі пры станах, якія прадстаўляюць пагрозу для жыцьця і здароўя пасажыраў на борце грамадзянскага паветранага судна;
  • падрыхтоўку і ўдзел прыцягнутых мэдычных працаўнікоў у правядзеньні пошукавых і аварыйна-ратавальных працаў;
  • псыхафізыялягічную падрыхтоўку авіяцыйнага пэрсаналу грамадзянскай авіяцыі“[1].

Шостая глава Кодэксу налічвала 6 артыкулаў (39—44), якія вызначалі: склад экіпажу летака і права сябра экіпажу грамадзянскага летака на адмову ад выкананьня палёту; пакрыцьцё шкоды сябру экіпажа летака і правы камандзіра летака; правы апэратара бесьпілётніка і дзеяньні ў выпадку небясьпекі. Паводле 39-га артыкула, „экіпаж паветранага судна складаецца зь лётнага экіпажу (камандзіра паветранага судна, іншых асобаў лётнага складу) і кабіннага экіпажу (бортапэратараў і бортправаднікоў)“. Пры гэтым „не дазваляецца выкананьне палёту паветранага судна ў выпадку, калі склад лётнага экіпажу меншы за мінімальна ўстаноўлены інструкцыяй па лётнай эксплуатацыі паветранага судна дадзенага тыпу“. Згодна з 40-м артыкулам „сябра экіпажу грамадзянскага паветранага судна мае права адмовіцца ад выкананьня палёту, калі, на яго меркаваньне, ёсьць аргумэнтаваныя падставы непакоіцца за пасьпяховае завяршэньне палёту“. У 41-м артыкуле адзначалася, што „камандзірам паветранага судна можа быць грамадзянін, які мае ў прадугледжаных заканадаўствам выпадках пасьведчаньне лётчыка, а таксама падрыхтоўку і досьвед, неабходныя для самастойнага кіраваньня паветраным суднам пэўнага тыпу“. Пагатоў, „камандзір паветранага судна кіруе працай экіпажу паветранага судна, адказвае за дысцыпліну і парадак на паветраным судне, прымае неабходныя захады забесьпячэньня бясьпекі палёту паветранага судна“. Паводле 43-га артыкула, „камандзір паветранага судна мае права:

  1. прымаць канчатковае рашэньне аб вылеце, палёце і пасадцы паветранага судна, зьліве ў палёце паліва, скіданьні багажу, грузаў і паштовых адпраўленьняў, аб адступленьні ад пляну палёта і зьмяненьні рэжыму палёта, аб спыненьні палёту і пасадцы паветранага судна на запасным аэрадроме або вымушанай пасадцы па-за аэрадромам, аб забесьпячэньні бясьпекі палёту паветранага судна;
  2. аддаваць у межах сваёй кампэтэнцыі любому грамадзяніну, які знаходзіцца на борце паветранага судна, распараджэньні і каманды, якія падлягаюць абавязковаму выкананьню;
  3. прымаць усе неабходныя захады, у тым ліку і прымусовыя, да грамадзянаў, якія ствараюць сваімі дзеяньнямі пагрозу для бясьпекі палёту паветранага судна і не падпарадкоўваюцца яго распараджэньням і камандам;
  4. ажыцьцяўляць асабісты кантроль за бясьпекай пасажыраў у палёце ў выпадку ўзьнікненьня пагрозы для бясьпекі палёту паветранага судна;
  5. зьмяняць маршрут палёту, ажыцьцяўляць перасячэньне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, выконваць пасадку паветранага судна на аэрадроме, не прадугледжаным заданьнем на палёт, у выпадку ўзьнікненьня пагрозы для жыцьця і здароўя пасажыраў і сябраў экіпажу паветранага судна;
  6. адступаць ад патрабаваньняў авіяцыйных правілаў у экстрэмальнай сытуацыі, якая пагражае згубай грамадзянаў, для ратаваньня іх жыцьця;
  7. кантраляваць узровень прафэсійных ведаў і навыкаў экіпажу паветранага судна, а таксама якасьць працы авіяцыйнага пэрсаналу, які абслугоўвае паветранае судна;
  8. правяраць пасьведчаньні сябраў экіпажу паветранага судна, а таксама наяўнасьць у іх неабходных запісаў і адзнак;
  9. адхіляць ад выкананьня заданьня на палёт любога сябра экіпажу паветранага судна, узровень падрыхтоўкі якога не адпавядае заданьню на палёт, і патрабаваць яго замены;
  10. прымаць рашэньне аб правядзеньні… надгляду пасажыраў, багажу, у тым ліку рэчаў, якія знаходзяцца пры пасажырах, а таксама грузаў і паштовых адпраўленьняў, якія перавозяцца на паветраным судне, бартавых запасаў паветранага судна ў выпадку адсутнасьці падразьдзяленьня авіяцыйнай бясьпекі авіяцыйнай арганізацыі“[1].

Лётнішчы і камэрцыя

рэдагаваць

Сёмая глава Паветранага кодэксу зьмяшчала 9 артыкулаў (45—53), якія тычыліся: лётнішчаў, пасадачных пляцовак і аэрапортаў; будаўніцтва і выкарыстаньня аэрадромаў, аэрапортаў і аб’ектаў Адзінай сыстэмы арганізацыі паветранага руху; будаўніцтва, разьмяшчэньня і выкарыстаньня аб’ектаў на прылётнішчавых земляў, а таксама дзяржаўнага ўліку лётнішчаў; допуску да выкарыстаньня лётнішчаў і парадку аэрапортнай дзейнасьці; выключэньня лётнішчаў зь дзяржаўнага рэестру, маркіраваньня лётнішчаў і пасадачных пляцовак, а таксама нерухомасьці і збудаваньняў. Паводле 45-га артыкула, пастаянныя і часовыя лётнішчы падзяляюцца на: 1) грамадзянскія, 2) дзяржаўныя, 3) сумеснага базаваньня, 4) сумеснага выкарыстаньня. „Рашэньне аб адкрыцьці аэрадрома для выкананьня міжнародных палётаў паветраных суднаў прымаецца Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь“. Згодна з 46-м артыкулам як міжнародны, гэтак і ўнутраны „аэрапорт павінен мець у сваім складзе аэрадром, аэравакзал і іншыя наземныя збудаваньні, а таксама неабходнае абсталяваньне“. Паводле 52-га артыкула, „аэрадром (узьлётна-пасадачная паласа, рулёжныя дарожкі і іншыя яго элемэнты), а таксама пасадачныя пляцоўкі падлягаюць маркіроўцы“. У 53-м артыкуле згадвалася, што вышынныя „нерухомыя аб’екты і збудаваньні, разьмешчаныя на прыаэрадромнай тэрыторыі і за яе межамі, павінныя быць маркіраваныя дзённымі і начнымі маркіровачнымі знакамі, прыладамі і адзнакамі“. Пры гэтым „разьмяшчэньне на прыаэрадромнай тэрыторыі любых знакаў, прыладаў і адзнак, падобных да маркіровачных знакаў, прыладаў і адзнак, якія выкарыстоўваюцца для распазнаваньня аэрадромаў, забараняецца“[1].

Восьмая глава Кодэксу ўлучала 3 артыкулы (54—56) пра паветраную камэрцыю беларускіх і замежных прадпрыемстваў. Паводле 55-га артыкула, „замежныя суб’екты, якія ажыцьцяўляюць камэрцыйную дзейнасьць у галіне авіяцыі, маюць права:

  • прымаць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь на борт паветраных суднаў пасажыраў, багаж, грузы і паштовыя адпраўленьні для паветраных перавозак на тэрыторыю замежнай дзяржавы або перавозіць іх з тэрыторыі замежнай дзяржавы на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, калі гэта прадугледжана міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь або разавым дазволам на выкананьне міжнароднага палёту паветранага судна спэцыяльна ўпаўнаважанага органа ў галіне грамадзянскай авіяцыі або… абароны“;
  • рабіць тое самае „ў межах тэрыторыі Рэспублікі Беларусь па дазволе спэцыяльна ўпаўнаважанага органа ў галіне грамадзянскай авіяцыі“[1].

Дзявятая глава Паветранага кодэксу налічвала 16 артыкулаў (57—72), якія апісвалі: ладжаньне і выкананьне палётаў, літарныя палёты і допуск летака да палёту; бартавую дакумэнтацыю летака, падрыхтоўку летака і экіпажу, а таксам апэратара бесьпілётніка да палёту; ладжаньне забесьпячэньня палёту, плян палёту грамадзянскага летака і палёт над паселішчамі; паказальны палёт, абарону грамадзянаў і ахову навакольнага асяродзьдзя ад шкоднага ўзьдзеяньня палётаў; палёт са звышгукавой хуткасьцю, аказаньне паслуг электрасувязі, радыётэхнічнае забесьпячэньне палётаў і паветраную электрасувязь грамадзянскіх і досьледных самалётаў; радыёсувязь пры палёце і захады да паветранага парушальніка. Паводле 60-га артыкула, „паветранае судна дапускаецца да палёту, калі яно мае неабходныя знакі і нумары, спраўнае, прайшло неабходную падрыхтоўку да палёту і мае на борце неабходную бартавую дакумэнтацыю“. Згодна з 61-м артыкулам „грамадзянскае паветранае судна павінна мець на борце наступную дакумэнтацыю: 1) суднавыя дакумэнты: рэгістрацыйнае пасьведчаньне, копію пасьведчаньня эксплюатанта паветранага судна, пасьведчаньне аб прыдатнасьці да палётаў, бартавы і санітарны журналы, дазвол на бартавую радыёстанцыю, калі паветранае судна абсталявана радыёапаратурай, інструкцыю па лётнай эксплюатацыі; 2) дакумэнты на кожнага сябра экіпажу“. У 69-м артыкуле прадугледжвалася, што „спэцыяльна ўпаўнаважаны орган у галіне электрасувязі, а таксама апэратары электрасувязі аказваюць у першачарговым парадку паслугі электрасувязі для забесьпячэньня палётаў“. Паводле 71-га артыкула, „для ажыцьцяўленьня двухбаковай радыёсувязі сродкам радыёсувязі органаў абслугоўваньня паветранага руху і кіраваньня палётамі ў адпаведнасьці з заканадаўствам надаюцца неабходныя радыёчастоты або радыёчастотныя каналы, якія павінны быць абароненыя ад перашкодаў“. Пры гэтым „вядзеньне радыёабмену органамі абслугоўваньня паветранага руху і кіраваньня палётамі з экіпажамі паветраных суднаў у межах тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыцьцяўляецца на беларускай, расейскай або ангельскай мове“. Аднак „вядзеньне радыёабмену на маршрутах абслугоўваньня паветранага руху і аэрадромах грамадзянскай авіяцыі пры абслугоўваньні міжнародных палётаў ажыцьцяўляецца на ангельскай або расескай мове паводле запыту экіпажа“[1].

Дзясятая глава Кодэксу зьмяшчала 4 артыкулы (73—76) пра: выкананьне міжнародных палётаў, узьлёт і пасадку, прызнаньне суднавых дакумэнтаў замежных дзяржаваў, а таксама памежны і мытны нагляд. Паводле 73-га артыкула, „апазнавальныя знакі грамадзянскіх паветраных суднаў замежных дзяржаваў павінны перадавацца эксплюатантамі гэтых паветраных суднаў спэцыяльна ўпаўнаважанаму органу ў галіне грамадзянскай авіяцыі да пачатку выкананьня міжнародных палётаў“. Пагатоў, „эксплуатанты гэтых паветраных суднаў абавязаныя прадставіць спэцыяльна ўпаўнаважанаму органу ў галіне грамадзянскай авіяцыі зьвесткі аб страхаваньні“. Згодна зь 76-м артыкулам „паветраныя судны, іх экіпажы і пасажыры, а таксама грузы і іншая маёмасьць, якія перавозяцца гэтымі паветранымі суднамі, пры выкананьні міжнародных палётаў паветраных суднаў, калі пункты адпраўленьня або прызначэньня разьмешчаныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, падлягаюць памежнаму і мытнаму кантролю, а ў неабходных выпадках у парадку, устаноўленым заканадаўствам, ажыцьцяўляюцца іх санітарна-карантынны і іншыя віды кантролю“[1].

Бясьпека

рэдагаваць

Адзінаццатая глава Кодэксу ўлучала 2 артыкулы наконт забесьпячэньня авіяцыйнай бясьпекі, надгляду і даваньня асабістых зьвестак пасажыраў і зьвестак пра іх перавозку. Паводле 78-га артыкула, „перадпалётны надгляд ажыцьцяўляецца службовымі асобамі падразьдзяленьняў авіяцыйнай бясьпекі авіяцыйных арганізацыяў з удзелам прадстаўнікоў органаў унутраных спраў… для знаходжаньня рэчываў, матэрыялаў і вырабаў, якія могуць быць выкарыстаныя для зьдзяйсненьня акту незаконнага ўмяшаньня ў дзейнасьць авіяцыі“. Пры гэтым „асабісты надгляд грамадзяніна ажыцьцяўляецца ў ізаляваным памяшканьні ўпаўнаважанай на тое службовай асобай падразьдзяленьня авіяцыйнай бясьпекі авіяцыйнай арганізацыі адной плоці з надгледжаным і ў прысутнасьці ц-х панятых той жа плоці, за выключэньнем выпадкаў, калі немагчыма забясьпечыць прысутнасьць панятых, а таксама паводле рашэньня камандзіра паветранага судна ў палёце“. Згодна з артыкулам 781 „перавозчыкі забясьпечваюць перадачу пэрсанальных зьвестак пасажыраў паветраных суднаў, якія пакідаюць і накіроўваюцца ў Рэспубліку Беларусь, і іншай інфармацыі аб перавозцы пасажыраў у інфармацыйныя сыстэмы Міністэрства транспарту і камунікацыяў Рэспублікі Беларусь“ дзеля апавяшчэньня перавозчыкаў „аб пасажырах, якім будзе адмоўлена ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь або іншую дзяржаву, якая зьяўляецца дзяржавай прызначэньня або транзыту“[1].

Дванаццатая глава Паветранага кодэксу налічвала 9 артыкулаў (79—87) датычна: забесьпячэньня і прадстаўленьня зьвестак наконт бясьпекі палётаў, расьсьледаваньня і паведамленьня аб авіяцыйнай падзеі; паўнамоцтваў камісіі па расьсьледаваньні, захаваньня матэрыялаў пра падзею і працы на яе месцы; фінансаваньня расьсьледаваньня, папярэджаньня і ўліку авіяпадзеяў. Паводле 79-га артыкула, „у забесьпячэньні бясьпекі палётаў паветраных суднаў і папярэджаньні авіяцыйных падзеяў абавязаныя прымаць удзел арганізацыі і грамадзяне, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, якія займаюцца распрацоўкай, вытворчасьцю, эксплюатацыяй, абслугоўваньнем і рамонтам авіяцыйнай тэхнікі, арганізацыяй выкарыстаньня паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь, абслугоўваньнем паветранага руху і кіраваньнем палётамі“. Згодна з 85-м артыкулам „выдаткі, зьвязаныя з расьсьледаваньнем авіяцыйнай падзеі, якое праводзіцца на месцы авіяцыйнай падзеі, фінансуюцца эксплюатантам паветранага судна, зь якім адбылася гэтая авіяцыйная падзея. Дасьледаваньні і выпрабаваньні, якія праводзяцца навукова-дасьледчымі, канструктарскімі, рамонтнымі і іншымі арганізацыямі, зьвязаныя з расьсьледаваньнем авіяцыйнай падзеі, фінансуюцца за кошт сродкаў гэтых арганізацыяў з пакрыццём ім выдаткаў эксплюатантам паветранага судна, зю якім адбылася гэтая авіяцыйная падзея“. У 82-м артыкуле згадвалася, што „камісія па расьсьледаваньні авіяцыйнай падзеі мае права:

  1. бесьперашкодна праходзіць на борт паветранага судна, зь якім адбылася авіяцыйная падзея, для высьвятленьня абставін авіяцыйнай падзеі;
  2. абсьледаваць паветранае судна, зь якім адбылася авіяцыйная падзея, складовыя часткі паветранага судна, маёмасьць, якая знаходзіцца на яго борце і ўцягнутая ў авіяцыйную падзею звонку, а таксама сродкі і аб’екты забесьпячэньня палётаў паветраных суднаў;
  3. даручаць у адпаведнасьці з заканадаўствам арганізацыям і грамадзянам правядзеньне дасьледаваньняў і працаў, зьвязаных з расьсьледаваньнем авіяцыйнай падзеі, якія патрабуюць ведаў у адпаведных галінах навукі і тэхнікі;
  4. арганізоўваць выкананьне неадкладных і іншых працаў, зьвязаных з расьсьледаваньнем авіяцыйнай падзеі;
  5. апытваць відавочцаў авіяцыйнай падзеі, а таксама іншых грамадзянаў, якія маюць або могуць мець дачыненьне да авіяцыйнай падзеі, атрымліваць неабходную інфармацыю ад праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў“;
  6. патрабаваць і атрымліваць у адпаведнасьці з заканадаўствам ад адпаведных арганізацыяў і грамадзянаў дакумэнты і матэрыялы па пытаньнях, зьвязаных з дадзенай авіяцыйнай падзеяй;
  7. вывучаць пытаньні распрацоўкі, выпрабаваньняў, вытворчасьці, эксплюатацыі і рамонту паветранага судна, зь якім адбылася авіяцыйная падзея, падрыхтоўкі авіяцыйнага пэрсаналу, арганізацыі паветранага руху, выкананьня і забесьпячэньня палётаў паветраных суднаў;
  8. арганізоўваць правядзеньне ў адпаведнасьці з заканадаўствам дасьледаваньняў псыхафізыялягічнага стану сябраў экіпажу паветранага судна, зь якім адбылася авіяцыйная падзея, а таксама адпаведнага авіяцыйнага пэрсаналу»[1].

Ратаваньне і перавозкі

рэдагаваць

Трынаццатая глава Кодэксу ўлучала 6 артыкулаў (88—93), дзе згадваліся: лятак у бедзтве і паведамленьні аб ім, сыгналы бедзтва, тэрміновасьці і папярэджаньня аб небясьпецы; пошукавыя і аварыйна-ратавальныя працы і адпаведная супраца з замежнымі дзяржавамі, аснашчэньне летака і падрыхтоўка экіпажу на выпадак авіяцыйнай падзеі. Паводле 88-га артыкула, «паветраным суднам, якое церпіць бедзтва, прызнаецца паветранае судна, жыцьцю і здароўю пасажыраў і сябраў экіпажу якога пагражае непасрэдная небясьпека або зь якім страчана сувязь і яго месцазнаходжаньне невядома». У сваю чаргу «пацярпелым бедзтва паветраным суднам прызнаецца разбуранае або якое атрымала пашкоджаньне пры руленьні, узьлёце, палёце або пасадцы», а таксама тое, «якое ажыцьцявіла вымушаную пасадку па-за аэрадромам, пасадачнай пляцоўкай». Згодна з 89-м артыкулам «экіпаж паветранага судна, якое церпіць або пацярпела бедства, павінен падаваць пры магчымасьці адпаведныя сыгналы бедзтва, тэрміновасьці або папярэджаньня аб небясьпецы з выкарыстаньнем сродкаў радыёсувязі на аварыйных радыёчастасьцях, устаноўленых Рэгламэнтам радыёсувязі Міжнароднага саюзу электрасувязі». У 93-м артыкуле адзначалася, што «сябры экіпажу паветранага судна абавязаныя прайсьці трэніроўку па праграме аварыйна-выратавальнай падрыхтоўкі і аказаньні дапамогі пасажырам пры ўзьнікненьні на борце паветранага судна авіяцыйнай падзеі ў розных фізыка-геаграфічных і кліматычных умовах, а пасажыры павінныя быць праінструктаваныя экіпажам паветранага судна аб дзеяньнях у такіх сытуацыях і правілах карыстаньня бартавымі аварыйна-выратавальнымі сродкамі»[1].

14-я глава Кодэксу зьмяшчала 13 артыкулаў (94—106), якія акрэсьлівалі: Правілы паветраных перавозак, дамовы паветранай перавозкі, паветраны чартэр, перавозачныя дакумэнты, плату за паветраныя перавозкі і авіяпрацы; умовы паветранай перавозкі паяжджанаў, адмову перавозчыка ад выкананьня дамовы паветранай перавозкі грузу і паяжджаніна, адмову паяжджаніна ад выкананьня дамовы перавозкі; тэрмін дастаўкі грузу і паштовых адпраўленьняў, зьмяненьне дамовы паветранай перавозкі грузу, атрыманьне грузу ў пункце прызначэньня, неатрыманьне грузу і паветраную перавозку небясьпечных грузаў. Паводле 94-га артыкула, «грузы і паштовыя адпраўленьні прымаюцца да паветранай перавозкі ад грузаадпраўўнікаў і апэратараў паштовай сувязі, якія прадставілі перавозчыку пісьмовыя гарантыі бясьпекі гэтых адпраўленьняў». Згодна зь 96-м артыкулам «Паводле паветранага чартэру фрахтоўшчык абавязваецца даць фрахтавальніку за плату для выкананьня аднаго або некалькіх рэйсаў усю або частку ўмяшчальнасьці паветранага судна для паветраных перавозак». У 97-м артыкуле згадвалася, што «да перавозачных дакумэнтаў адносіцца білет, багажная квітанцыя, грузавая накладная, паштовая накладная». «Пры афармленьні перавозачнага дакумэнта ў электронным выглядзе на патрабаваньне пасажыра пры заключэньні дамовы перавозкі яму павінна быць выдадзена завераная выпіска з аўтаматызаванай інфармацыйнай сыстэмы афармленьня паветраных перавозак, якая ўтрымлівае ўмовы адпаведнай дамовы паветранай перавозкі». Сярод іншага, «форма паштовай накладной устанаўліваецца актамі Сусьветнага паштовага саюзу». Паводле 99-га артыкула, «перавозчык, а таксама іншыя ўпаўнаважаныя ім арганізацыі і грамадзяне, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, абавязаныя арганізаваць абслугоўваньне пасажыраў паветраных суднаў і забясьпечыць іх дакладнай і своечасовай інфармацыяй аб руху паветраных суднаў і паслугах, якія аказваюцца». Пагатоў, «у выпадку, калі Рэспубліка Беларусь зьяўляецца дзяржавай прызначэньня або транзыту, да пачатку міжнароднай паветранай перавозкі пасажыраў перавозчык абавязаны пераканацца ў тым, што пасажыры маюць дакумэнты, неабходныя для ўезду ў Рэспубліку Беларусь». Таксама «нормы бясплатнага правозу багажу, у тым ліку рэчаў, якія знаходзяцца пры пасажыры… ня могуць быць меншымі за 10 кг на аднаго пасажыра». Урэшце паяжджанін летака мае права:

  • «бясплатнага правозу дзіцяці, якое едзе разам зь ім, ва ўзросце да 2-х гадоў без даваньня яму асобнага месца пры выкананьні ўнутраных паветраных перавозак, а пры выкананьні міжнародных паветраных перавозак — у адпаведнасьці зь ільготным тарыфам;
  • правозу дзяцей ва ўзросьце ад 2-х да 12-і гадоў у адпаведнасьці зь ільготным тарыфам;
  • бясплатнага карыстаньня паслугамі дадзеных перавозчыкам пакояў адпачынку, маці і дзіцяці і месцаў у гасьцініцы ў выпадку перапыненьня паветранай перавозкі па віне перавозчыка або вымушанай затрымкі адпраўленьня паветранага судна»[1].

Паводле 101-га артыкула, «у выпадку вымушанай адмовы пасажыра паветранага судна ад выкананьня дамовы паветранай перавозкі пасажыра ў сувязі з затрымкай адпраўленьня паветранага судна, а таксама ў іншых выпадках вымушанай адмовы, прадугледжаных авіяцыйнымі правіламі, пасажыру паветранага судна вяртаецца сума, заплачаная за паветраную перавозку»[1].

Авіяпрацы і адказнасьць

рэдагаваць

15-я глава Паветраная кодэксу налічвала 3 артыкулы (107—109) наконт выкананьня авіяцыйных працаў, адпаведнай дамовы і іх выкананьня беларускімі падрадчыкамі за мяжой. Згодна з 108-м артыкулам, «паводле дамовы на выкананьне авіяцыйных працаў падрадчык абавязваецца выканаць для заказчыка авіяцыйныя працы ў парадку, тэрміны, аб’ёме і на ўмовах, прадугледжаных гэтай дамовай. Заказчык абавязваецца даць падрадчыку прадугледжаны дамовай аб’ём авіяцыйных працаў у вызначаныя тэрміны і аплаціць іх выкананьне. Дамовай на выкананьне авіяцыйных працаў павінны быць таксама прадугледжаныя:

  • парадак выкарыстаньня і падтрыманьня ў эксплюатацыйным стане аэрадромаў, пасадачных пляцовак і іх абсталяваньня;
  • стварэньне неабходных умоваў для адпачынку сябраў экіпажаў паветраных суднаў, апэратараў бесьпілётных лятальных апаратаў»[1].

16-я глава Кодэксу ўлучала 8 артыкулаў (110—117), якія вызначалі: прынцыпы адказнасьці, адказнасьць перавозчыка за прычыненьне шкоды жыцьцю і здароўю паяжджанаў; адказнасьць перавозчыка за страту, недастачу і пашкоджаньне багажу, грузу, а таксама рэчаў, якія знаходзяцца пры паяжджанах; памер адказнасьці перавозчыка; адказнасьць перавозчыка за пратэрміноўваньне дастаўкі паяжджанаў, багажу і грузу; адказнасьць грузаадпраўніка; адказнасьць перавозчыка за страту, пашкоджаньне, недастачу або пратэрміноўваньне дастаўкі паштовых адпраўленьняў; пагадненьні аб павышэньні адказнасьці перавозчыка. Паводле 113-га артыкула, «перавозчык нясе адказнасьць за страту, недастачу або пашкоджаньне (псаваньне), якія адбыліся па яго віне, багажу, грузу, а таксама рэчаў, якія знаходзяцца пры пасажыру… у памеры іх кошту». Згодна з 114-м артыкулам «за пратэрміноўваньне дастаўкі пасажыра, багажу або грузу ў пункт прызначэньня перавозчык выплачвае няўстойку ў памеры 25% базавай велічыні, устаноўленай заканадаўствам, за кожную гадзіну пратэрміноўваньня, але ня болей за 50% правазной платы». У 115-м артыкуле згадвалася, што «грузаадпраўнік нясе адказнасьць за шкоду, прычыненую перавозчыкам трэцім асобам, а таксама самому перавозчыку з прычыны недакладнасьці або непаўнаты зьвестак, прадстаўленых грузаадпраўнікам»[1].

Прэтэнзіі і позвы

рэдагаваць

17-я глава Кодэксу зьмяшчала 6 артыкулаў (118—123) датычна: камэрцыйных актаў, прэтэнзіяў да перавозчыка наконт паветранай перавозкі грузу; права на падачу прэтэнзіяў і позваў, а таксама перадачы такога права; тэрмінаў разгляду прэтэнзіі і позвавай даўнасьці. Паводле 118-га артыкула, «абставіны, якія могуць зьяўляцца падставай для маёмаснай адказнасьці перавозчыка, грузаадпраўнікка, грузаатрымальніка і пасажыра, сьведчацца камэрцыйнымі актамі, актамі-паведамленьнямі або актамі агульнай формы». Пры гэтым «камэрцыйны акт складаецца для засьведчаньня: 1) неадпаведнасьці фактычных найменьня, масы і колькасьці месцаў багажу, грузу дадзеным, пазначаным у перавозачным дакумэнце; 2) знаходжаньня багажу або грузу без дакумэнтаў або дакумэнтаў без багажу або грузу; 3) вяртаньня перавозчыку выкрадзенага багажу або грузу». Згодна са 119-м артыкулам «грузаадпраўнік або грузаатрымальнік абавязаны прад’явіць да перавозчыка прэтэнзію ў пісьмовай форме да прад’яўленьня яму позвы, якая вынікае з паветранай перавозкі грузу». Пры гэтым «прэтэнзіі, якія вынікаюць зь перавозкі грузу ў зьмяшаных зносінах, прад’яўляюцца да перавозчыка, які даставіў груз у канчатковы пункт перавозкі». У 122-м артыкуле прадугледжвалася, што «прэтэнзіі грузаадпраўніка, грузаатрымальніка або фрахтавальніка, якія вынікаюць з паветранай перавозкі грузу, разглядаюцца перавозчыкам на працягу 30 дзён з дня атрыманьня прэтэнзіяў. Па сканчэньні пазначанага тэрміну перавозчык абавязаны паведаміць заяўніку аб поўным або частковым задавальненьні або адхіленьні прэтэнзіі». Згодна са 123-м артыкулам «тэрмін позвавай даўнасьці па патрабаваньнях, якія вынікаюць з паветранай перавозкі грузу, складае 1 год». Паводле 120-га артыкула, «права на прад’яўленьне прэтэнзіяў і позваў маюць:

  • фрахтавальнік, грузаадпраўнік або пасажыр — у выпадку непадачы паветранага судна або падачы яго са спазьненьнем;
  • грузаатрымальнік або грузаадпраўнік — у выпадку страты грузу;
  • грузаатрымальнік — у выпадку недастачы, пашкоджаньня (псаваньня), пратэрміноўваньня ў дастаўцы або затрымкі выдачы грузу;
  • прад’яўнік багажнай квітанцыі — у выпадку страты, недастачы, пашкоджаньня багажу або пратэрміноўваньня ў яго дастаўцы;
  • фрахтавальнік, грузаадпраўнік, грузаатрымальнік або пасажыр — у выпадку спагнаньня правазных выплатаў у завышаным памеры»[1].
  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т А. Лукашэнка. Паветраны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 16 траўня 2006 г. № 117-З // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 9 чэрвеня 2020 г. Праверана 18 лістапада 2020 г.
  2. ^ Паветраны кодэкс Рэспублікі Беларусь // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 9 чэрвеня 2020 г. Праверана 18 лістапада 2020 г.