Оскар Рамэра

сальвадорскі каталіцкі сьвятар
(Перанакіравана з «Оскар Арнульфа Рамэра»)
Назва гэтага артыкулу — гішпанскае імя. Тут Рамэра — прозьвішча бацькі, а Гальдамэс — прозьвішча маці.

О́скар Арну́льфа Рамэ́ра і Гальда́мэс (па-гішпанску: Óscar Arnulfo Romero y Galdámez, мансэньёр Рамэра; 15 жніўня 1917, Сьюдад Барыёс — 24 сакавіка 1980, Сан-Сальвадор) — каталіцкі сьвятар, чацьверты арцыбіскуп Сан-Сальвадорскі. На пасадзе выступаў супраць галечы, сацыяльнай няроўнасьці, забойстваў і катаваньняў, ды сам быў забіты падчас служэньня.

Оксар Рамэра
Óscar Romero
Дэвіз: Sentire cum Ecclesia (Адчувай з Царквой)
Арцыбіскуп Сан-Сальвадорскі
23 лютага 1977 — 24 сакавіка 1980
ПапярэднікЛюіс Чавэс
НаступнікАртура Рывэра

Біскуп Сант’яга-дэ-Марыі
1974 — 1977

Дапаможны біскуп Сан-Сальвадорскі
1970 — 1974

Адукацыя
Дзейнасьцьрыма-каталіцкі ксёндз
Сапраўднае імяОскар Арнульфа Рамэра і Гальдамэс
Нарадзіўся15 жніўня 1917
Сьюдад Барыёс
Памёр24 сакавіка 1980 (62 гады)
Сан-Сальвадор
ПахаваныСан-Сальвадорскі катэдральны сабор
БацькаСантас Рамэра
МаціГвадалюпэ дэ Хесус Гальдамэс
Прыняцьце сьвятога сану4 красавіка 1942
Япіскапская хіратонія23 лютага 1977
Дзень памяці24 сакавіка
Англіканская супольнасьць, лютэранства


Узнагароды
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

У 1997 року залічаны да Слугаў Божых, шануецца таксама ў англіканскай і лютэранскай цэрквах. Ягоная статуя знаходзіцца сярод дзесяці мучанікаў XX стагодзьдзя, разьмешчаных над Вялікімі заходнімі дзьвярыма Ўэстмінстэрскага абацтва ў Лёндане.

Раньнія гады

рэдагаваць

Оскар Рамэра нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і тэлеграфіста Сантаса Рамэры і Гвадалюпэ дэ Хесус Гальдамэс. Меў 5 братоў і 2 сёстраў. Хлопчык меў слабое здароўе і рос маўклівы і замкнуты. Зь дзяцінства любіў бываць у царкве, у вольны час выпраўляўся ў адзін з двух храмаў у месьце.

Скончыўшы тры клясы дзяржаўнае школы, працягнуў навучаньне з выкладчыцай Анітай Іглесыяс. Бацька вучыў Оскара цясьлярскай справе, якой ён меў займацца.

Сьвятарства

рэдагаваць

У трынаццацігадовым узросьце паступіў у сэмінарыю ў Сан Мігелі, адкуль быў пераведзены ў нацыянальную сэмінарыю ў Сан-Сальвадоры. Пасьля працягнуў навучаньне ў Грыгарыянскім унівэрсытэце ў Рыме, дзе атрымаў ліцэнцыят у тэалёгіі.

4 красавіка 1942 у Рыме быў рукапакладзены ў сьвятары[2]. У 1943 быў адкліканы біскупам на радзіму, куды накіраваўся зь сябрам-сьвятаром айцом Вальядарасам. На Кубе іх затрымала паліцыя і зьмясьціла ў лягер для інтэрнаваных, бо яны прыбылі з фашысцкае Італіі. Прабылі ў зьняволеньні некалькі месяцаў і былі вызваленыя толькі дзякуючы хваробе Вальядараса.

На радзіме Рамэра атрымаў прызначэньне ў муніцыпалітэт Анаморас, пасьля пераехаў у Сан-Мігель, дзе служыў парафіяльным сьвятаром цягам 20 гадоў[2]. Разьвіваў разнастайныя апостальскія групы, стварыў групу ананімных алькаголікаў, удзельнічаў у пабудове катэдральнага сабору. Пасьля быў прызначаны рэктарам міжепархіяльнай сэмінарыі ў Сан-Сальвадоры. У 1966 року быў абраны сакратаром япіскапальнай канфэрэнцыі Сальвадору. Таксама стаў галоўным рэдактарам епархіяльнай газэты Orientación, якая пры ім трымалася ўмеранага кансэрватызму і адстойвала традыцыйнае паняцьце пра настаўную ролю царквы (Magisterium Ecclesiae).

Арцыбіскупства

рэдагаваць
 
Бюст Оскара Рамэры

У 1970 року Рамэра быў прызначаны дапаможным біскупам Сан-Сальвадору. У 1974 прыняў прызначэньне біскупам япархіі Сант’яга-дэ-Марыя.

23 лютага 1977 Рамэра стаў арцыбіскупам Сан-Сальвадору. Гэта выклікала пэўнае незадаволеньне і скептыцызм з боку больш прагрэсіўнае часткі сальвадорскіх сьвятароў, асабліва прыхільнікаў марксізму; дзяржава ж вітала ягонае прызначэньне.

12 сакавіка 1977 невядомыя ў вайсковай форме расстралялі сябра Рамэры, прагрэсіўнага сьвятара-езуіта Рутыліё Грандэ, арганізатара хрысьціянскіх нізавых суполак сярод найбяднейшых сялянаў. Ягоная сьмерць аказала надзвычайны ўплыў на Рамэра, які пазьней заўважыў: «Гледзячы на мёртвага Рутыліё, я падумаў: „Калі яго забілі за тое, што ён рабіў, значыць, мая чарга ісьці па тым жа шляху“»[3]. Рамэра заклікаў урад на чале з Артура Арманда Малінам высьветліць абставіны сьмерці сябра, аднак ягонае патрабаваньне праігнаравалі. У прэсе пачалася кампанія супраць «сьвятароў трэцяга сьвету», якіх абвясьцілі вінаватымі ў распальваньні варажнечы і клясавае барацьбы[4]. У адказ на забойства айца Рутыліё Рамэра выказаў нечаканы радыкалізм, выступіўшы супраць галечы, сацыяльнае няроўнасьці, забойстваў і катаваньняў[5].

 
Оскар Рамэра (фрэска)

У 1979 року да ўлады ў Сальвадоры прыйшла Рэвалюцыйная ўрадавая хунта. На адрас Рамэры амаль штодня сталі надыходзіць пагрозы. Ён выступіў з асуджэньнем ЗША за аказаньне вайсковай дапамогі новаму ўраду і ў лютым 1980 напісаў Джымі Картэру пра тое, што павелічэньне вайсковае дапамогі з боку ЗША «абгострыць несправядлівасьць і рэпрэсіі», накіраваныя супраць людзей, якія часта змагаюцца за элемэнтарныя чалавечыя правы[6]. Урад ЗША, не жадаючы, каб Сальвадор стаў «другім Нікарагуа», ніяк не адгукнуўся на заклікі арцыбіскупа.

Сваёй заступніцкай пазыцыяй арцыбіскуп Рамэра стаў вядомы і па-за межамі краіны. У лютым 1980 року яму было нададзенае званьне ганаровага доктара Каталіцкага ўнівэрсытэту гораду Лювэн. Пад час паездкі ў Эўропу Рамэра сустрэўся з папам Янам Паўлам II і выказаў заклапочанасьць тым, што адбываецца ў ягонай краіне[4].

У тым жа годзе, калі быў забіты айцец Грандэ, зьявіліся ўлёткі з надпісам «Будзь патрыётам! Забі сьвятара!» У сваёй прамове ў Лёвенскім унівэрсытэце, апавядаючы пра ганеньні на царкву, Рамэра сказаў:

  Меней чым за тры гады больш за пяцьдзясят сьвятароў зазналі напады, пагрозы і паклёп. Шэсьць зь іх забітыя і прызнаныя мучанікамі; шматлікія катаваныя, іншыя выгнаныя з краіны. Аб’ектамі перасьледу сталі й пабожныя жанчыны. На епархіяльную радыёстанцыю, каталіцкія адукацыйныя ўстановы і хрысьціянскія арганізацыі стала нападаюць, пагражаюць ім бомбамі. Некалькі кляштараў разрабавана.  

—Оскар Рамэра, 2 лютага 1980

24 сакавіка 1980 року пад час набажэнства ў капліцы больніцы «Боскага провіду» арцыбіскуп Рамэра быў забіты стрэлам у галаву зь вінтоўкі М-16А1. Забойства адбылося празь дзень пасьля казані, у якой ён заклікаў сальвадорскіх жаўнераў як багабоязных хрысьціянаў спыніць гвалт і парушэньні правоў чалавека.

Імаверна, Рамэра загінуў ад рук правых эскадронаў сьмерці. Гэтую думку пацьвярджае афіцыйны даклад ААН 1993 року, дзе паведамляецца, што загад пра забойства аддаў Рабэрта д’Абюсон, заснавальнік і лідэр Нацыяналістычнага рэспубліканскага альянсу, нэафашыст і арганізатар эскадронаў сьмерці. У 2004 суд ЗША паводле іску праваабарончае арганізацыі «Цэнтар правасудзьдзя і адказнасьці» прызнаў Альвара Рафаэля Саравію, начальніка бясьпекі пры Рабэрта д’Абюсонэ й актыўнага ўдзельніка эскадронаў сьмерці, вінаватым у падрыхтоўцы і ўдзеле ў забойстве арцыбіскупа Рамэры.

Пахаваньне Рамэры адбылося ў катэдральным саборы Сан-Сальвадору. На памінальнай службе 30 сакавіка 1980 прысутнічала болей за 250 тысячаў чалавек з розных краінаў сьвету. Пад час цырымоніі на плошчы перад саборам выбухнула бомба, пасьля чаго прагучалі стрэлы. Пачалася паніка, падчас якой загінулі некалькі дзясяткаў чалавек. Забойства Рамэры стала прадмовай да грамадзянскай вайны ў Сальвадоры.

 
Статуі мучанікаў XX стагодзьдзя на заходнім фасадзе Вэстмінстэрскага абацтва: Максыміліян Кольбэ, Манчэ Масэмоля, Джанані Лювум, княгіня Лізавета Фёдараўна, Марцін Лютэр Кінг, Оскар Рамэра, Дытрых Банхёфэр, Эстэр Джон, Люсыян Тапіеды і Ван Чжымін

Дзейнасьці Оскара Рамэры на посьце арцыбіскупа прысьвечаны амэрыканскі мастацкі фільм «Рамэра». Таксама забойства Оскара Рамэры адлюстраванае ў мастацкім фільме «Сальвадор» рэжысэра Олівэра Стоўна.

  1. ^ http://www.giovaniemissione.it/index.php?option=content&blog=on&task=view&id=374&Itemid=117
  2. ^ а б Archbishop Oscar Arnulfo Romero (анг.) International Day for the Right to the Truth Concerning Gross Human Rights Violations and for the Dignity of Victims. ААНПраверана 26 чэрвеня 2014 г.
  3. ^ Michael A. Hayes, David Tombs. Truth and memory: the Church and human rights in El Salvador and Guatemala. — Gracewing Publishing, April 2001. — ISBN 978-0-85244-524-2.
  4. ^ а б John Dickson. (2005) Oscar Romero of El Salvador: informal adult education in a context of violence (анг.) infed Праверана 26 чэрвеня 2014 г.
  5. ^ Eaton, Helen-May. The impact of the Archbishop Oscar Romero's alliance with the struggle for liberation of the Salvadoran people: A discussion of church-state relations (El Salvador) // Theses and Dissertations (Comprehensive). — Wilfrid Laurier University, 1991.
  6. ^ Текст письма (анг.)