Рамэра (фільм)
«Рамэ́ра» (па-ангельску: Romero) — амэрыканскі біяграфічны фільм рэжысэра Джона Дуйгана, сфільмаваны ў 1989 року. Фільм заснаваны на рэальных падзеях. Галоўны герой, сальвадорскі арцыбіскуп Оскар Рамэра, арганізаваў мірныя пратэсты супраць правячага рэжыму хунты, што ў выніку каштавала яму жыцьця.
Рамэра | |
Romero | |
Жанр | гістарычная драма[d], драматычны фільм і біяграфічны фільм |
---|---|
Рэжысэр | Джон Дуйган |
Сцэнарыст | Джон Сэйкрэт Янг |
Прадусар | Элвуд (Бад) Кесэр |
У ролях | |
Кампазытар | Габрыель Ярэд |
Апэратар | Джэф Бэртан |
Мантаж | Франс Вандэнбург |
Вытворчасьць | Paulist Pictures |
Распаўсюд | Warner Brothers[d] і Netflix |
Дата выхаду | 25 жніўня 1989 |
Працягласьць | 102 хв. |
Краіна | ЗША |
Мова | ангельская |
Бюджэт | $10 032 |
Прыбытак | $1 316 495[1] |
Старонка на IMDb |
Сюжэт
рэдагавацьПадчас прэзыдэнцкіх выбараў 1977 року адбываюцца грамадзянскія хваляваньні і партызанскае паўстаньне. Мілітарысцкі рэжым выкарыстоўвае эскадроны сьмерці дзеля затрыманьняў, катаваньняў і забойстваў сваіх апанэнтаў. Ватыкан абірае кансэрватыўнага Оскара Арнульфу Рамэру (Рауль Хулія) на пасаду арцыбіскупа Сан-Сальвадору, спадзеючыся, што ён будзе прытрымлівацца нэўтралітэту. Пасьля забойства ягонага сябра айца Рутыліё Грандэ (Рычард Джордан), адкрытага езуіцкага прыхільніка тэалёгіі вызваленьня, Рамэра пачынае супрацьстаяць урадавай палітыцы, наклікаўшы такім чынам эскадроны сьмерці на сьвятароў.
Пасьля беспасьпяховае спробы вызваліць праўрадавага закладніка, захопленага паўстанцамі, Рамэра даведваецца, што схоплены і катаваны ягоны сябар айцец Асунья (Алехандра Брача), актыўны крытык кіроўнага рэжыму. Дамогшыся ягонага вызваленьня, Рамэра заклікае байкатаваць інаўгурацыю новаабранага прэзыдэнта, наладзіўшы ў гэты час набажэнства ў царкве, забранай вайскоўцамі пад казармы. Пры спробе вызваліць схопленага паўстанцамі жаўнера яго затрымліваюць і зьбіваюць да паўсьмерці. Незламаны Рамэра адмаўляе гвалтоўныя мэтады паўстанцаў, і яго забіваюць падчас набажэнства.
У ролях
рэдагаваць- Рауль Хулія — Оскар Рамэра, арцыбіскуп Сан-Сальвадорскі.
- Рычард Джордан — айцец Рутыліё Грандэ, езуіт.
- Алехандра Брача — айцец Альфонса Асунья, езуіт.
- Тоні Плана — айцец Мануэль Марантэс, езуіт.
- Люсі Рэйна — Люсія, бедная кампэзына (выдуманы пэрсанаж).
- Ана Алісія — Арыста Зэляда, арыстакратычная Рамэрава знаёмая (выдуманы пэрсанаж).
- Амар Шагал — Рафаэль Зэляда, міністар сельскай гаспадаркі, муж Арысты (выдуманы пэрсанаж).
- Гаральд Гулд — Франсыска Галеда, багаты бацька Арысты (выдуманы пэрсанаж).
- Эдзі Вэлес — лейтэнант Рыкарда Калюма, правы вайсковы і палітычны дзяяч (выдуманы пэрсанаж).
- Робэрт Вігара — палкоўнік Эрнэста Дорыё (выдуманы пэрсанаж).
- Гаральд Кэнан — генэрал Карляс Умбэрта Рамэра, вайсковы дыктатар Сальвадору ў 1977—1979 роках (ніякіх дачыненьняў з арцыбіскупам Рамэра ня меў).
- Эл Рушэ — біскуп Эстрада, вайсковы вікары Сальвадору, апанэнт Рамэра.
- Кляўдыё Брук — біскуп Флёрэс, вагаецца паміж двума бакамі.
- Марцін ЛяСаль — Артура Рывэра і Дамас, біскуп Сант’яга дэ Марыі (стаў арцыбіскупам Сальвадору пасьля Рамэравай сьмерці).
- Эдуарда Лёпэс Рохас — біскуп Кардова, прыяцель Рамэры.
- Тоні Пэрэс — айцец Рафаэль Вільле, сакратар Канфэрэнцыі біскупаў.
Вытворчасьць
рэдагаваць«Рамэра» стаў першым мастацкім фільмам кампаніі «Paulist Pictures», заснаванай братамі-паўлістамі, каталіцкім таварыствам сьвятароў. Дагэтуль яны займаліся выпускам тэлефільмаў і былі вядомыя вытворчасьцю працяглага тэлесэрыялу пад назовам «Insight». «Рамэра» сьпярша таксама плянаваўся як тэлевізыйны фільм, але пасьля адмовы трох тэлевізыйных канцэрнаў з-за «занадта кантравэрсыйнай тэматыкі» прадусар Элвуд (Бад) Кесэр вырашыў зьняць поўнамэтражны фільм. Тым самым Кесэр стаў першым і да 1992 року адзіным прадусарам — каталіцкім сьвятаром.
Сусьветная прэм’ера адбылася 25 жніўня 1989, і ў тым самым року фільм быў прадстаўлены на фэстывалі ў Таронта. Рэжысэр — аўстраліец Джон Дуйган, прадусар — заснавальнік «Paulist Pictures» айцец Элвуд (Бад) Кесэр. Памочнікам рэжысэра быў уладальнік прэміі «Оскар» Альфонса Куарон. Музыку напісаў кампазытар Габрыель Ярэд, таксама ўладальнік «Оскару» і «БАФТА».
Успрыняцьце
рэдагаваць«Рамэра» быў добра ацэнены крытыкамі. Цяпер фільм трымае рэйтынг 78% на Rotten Tomatoes, складзены на падставе васьмі рэцэнзіяў.