Мартын Лютэр Кінг

амэрыканскі грамадзкі актывіст
(Перанакіравана з «Марцін Лютэр Кінг»)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Лютэр.

Ма́ртын Лю́тэр Кінг (па-ангельску: Martin Luther King, 15 студзеня 1929 году, Атланта — 4 красавіка 1968 году, Мэмфіс) — баптысцкі пастар, грамадзкі дзяяч, які змагаўся за роўныя правы для афраамэрыканскіх грамадзянаў ЗША, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру. Быў абраны чалавекам году 1963 году паводле часопіса Time. Кінг прасоўваў грамадзянскія правы праз адхрышчэньне ад гвалту і грамадзянскае непадпарадкаваньне, натхняючыся сваімі хрысьціянскімі перакананьнямі і негвалтоўнай актыўнасьцю Магатмы Гандзі. Быў сынам актывіста за грамадзянскія правы і міністра Мартына Лютэра Кінга-старэйшага. Кінг удзельнічаў і кіраваў маршамі за правы афраамэрыканцаў на галасаваньне, дэсэгрэгацыю, працоўныя правы і іншыя асноўныя грамадзянскія правы. Кінг узначаліў аўтобусны байкот у Мантгомэры ў 1955 годзе, а пазьней стаў першым прэзыдэнтам Канфэрэнцыі паўднёва-хрысьціянскага лідэрства (КПХЛ). Як прэзыдэнт гэтае асацыяцыі, ён ачоліў няўдалы Олбанскі рух у штаце Джорджыя, і дапамог зладзіць некаторыя негвалтоўныя пратэсты 1963 году ў Бірмінггэме ў Алабаме. Кінг дапамог арганізаваць марш на Вашынгтон 1963 году, дзе ён выступіў з сваёй прамовай «Я маю мару» на прыступках Мэмарыялу Лінкальну.

Мартын Лютэр Кінг
Martin Luther King, Jr.
Martin-Luther-King-1964-leaning-on-a-lectern.jpg
Мартын Лютэр Кінг у 1964 годзе на прэс-канфэрэнцыі
Род дзейнасьці правы чалавека
Дата нараджэньня 15 студзеня 1929
Месца нараджэньня Атланта, ЗША
Дата сьмерці 4 красавіка 1968 (39 гадоў)
Месца сьмерці Мэмфіс, ЗША
Прычына сьмерці агнястрэльная рана[d]
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак праваахоўнік, тэоляг, прапаведнік, сьвятар, пісьменьнік, пастар, пацыфіст, гуманіст, праваабаронца, пацыфіст, палітык
Месца працы
Бацька Мартын Лютэр Кінг-старэйшы[d]
Маці Альбэрта Ўільямз Кінг[d]
Жонка Карэта Скот
Дзеці
Узнагароды Нобэлеўская прэмія міру (1964)
Подпіс Выява аўтографу

КПХЛ з пэўным посьпехам рэалізаваў тактыку негвалтоўнага пратэсту, стратэгічна абіраючы мэтады і месцы правядзеньня пратэстаў. Было некалькі драматычных супрацьстаяньняў з сэгрэгацыйнымі ўладамі, якія часам ператвараліся ў гвалт. Дырэктар Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў Дж. Эдгар Гувэр лічыў Кінга радыкалам і зрабіў яго аб’ектам контравыведнай праграмы з 1963 году. Агенты ФБР расьсьледавалі яго на прадмет магчымых камуністычных сувязяў, выкрывалі ягоныя пазашлюбныя стасункі і паведамлялі пра іх дзяржаўным чыноўнікам, а ў 1964 годзе адправілі Кінгу ананімны ліст з пагрозамі, які ён растлумачыў як спробу прымусіць яго скончыць жыцьцё самагубствам[1].

14 кастрычніка 1964 году Кінг атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру за барацьбу з расавай няроўнасьцю празь негвалтоўны супраціў. У 1965 годзе ён дапамог арганізаваць два з трох маршаў з Сэлмы да Мантгомэры. У апошнія гады жыцьця пашырыў сваю барацьбу, скіраваўшыся таксама на супраціў супраць беднасьці, капіталізму і вайны ў Віетнаме.

БіяграфіяРэдагаваць

 
Дом, у якім гадаваўся Кінг у дзяцінстве ў Атланце.

Мартын Лютэр Кінг нарадзіўся 15 студзеня 1929 году ў Атланце, у сям’і сьвятара баптысцкай царквы. Сям’я жыла ў квартале, дзе жылі чорнаскурыя грамадзяне сярэдняга прыбытку. У 13 гадоў Мартын паступіў у ліцэй пры ўнівэрсытэце Атланты. У 15 гадоў ён перамог у конкурсе аратараў, які праводзіўся мурынскай арганізацыяй Джорджыі.

Восеньню 1944 году Кінг паступіў у каледж Маргаўз. У гэты час ён стаў сябрам Нацыянальнай асацыяцыі прагрэсу каляровага насельніцтва. У 1947 годзе Мартын стаў сьвятаром, і пачаў дапамагаць бацьку ў царкве. Атрымаўшы ступень бакаляўра сацыялёгіі ў 1948 годзе, ён паступіў у тэалягічную сэмінарыю, дзе ў 1951 годзе атрымаў ступень бакаляўра багаслоўя, а ў наступным годзе стаў пастарам баптысцкай царквы ў Мантгомэры, Алабама. У 1955 годзе, у Бостанскім унівэрсытэце, Мартын Лютэр Кінг атрымаў ступень доктара тэалёгіі.

У сакавіку 1955 году пятнаццацігадовая чарнаскурая школьніца Кладэт Колвін з Мантгомэры адмовілася саступіць месца ў аўтобусе беламу мужчыне ў парушэньне законаў Джыма Кроў, мясцовых законаў на поўдні ЗША, якія забясьпечвалі расавую сэгрэгацыю. Кінг уваходзіў у камітэт мурынскае супольнасьці Бірмінггэму, які разглядаў справу, але праваабаронцы Эдгар Ніксан і Кліфард Дар вырашылі не разглядаць справу, бо ў інцыдэнце была замяшаная непаўналетняя дзяўчынка. Празь дзевяць месяцаў 1 сьнежня 1955 году там жа, вяртаючыся дамоў з працы, швачка Роза Паркс, парушыўшы закон, адмовіла беламу мужчыне саступіць месца ў грамадзкім транспарце. Паркс была арыштаваная, але гэта выклікала выбух масавых пратэстаў і шматмесячны байкот грамадзкага транспарту мурынскага насельніцтвам гораду[2]. Мартын Лютэр Кінг кіраваў гэтым байкотам, мэтай якога стала скасаваньне расавай сэгрэгацыі. Пасьля сэрыі пратэстаў Вярхоўны суд прызнаў расавую сэгрэгацыю пазазаконнай.

Пасьля гэтага скандалу Мартын атрымаў вялізарную папулярнасьць сярод мурынскага насельніцтва паўднёвых штатаў ЗША. Ягоная дзейнасьць хутка распаўсюдзілася на ўвесь Поўдзень. Стратэгіяй ягонай барацьбы быў негвалтоўны супраціў. Мэтай усіх дзеяньняў было скасаваньне расавай сэгрэгацыі па ўсіх ЗША. Для папулярызацыі руху выкарыстоўваліся аўтобусы, якія перавозілі актывістаў барацьбы ў розныя гарады, дзе ў гэты час праводзіліся акцыі.

 
Мартын Лютэр Кінг разам са сваёй жонкай Карэтай Скот Кінг.

У 1957 годзе Кінг быў абраны кіраўніком арганізацыі Канфэрэнцыі паўднёва-хрысьціянскага лідэрства (КПХЛ), якая была створаная дзеля барацьбы за грамадзянскія правы мурынскага насельніцтва. Група была створаная, каб скарыстаць маральны аўтарытэт і арганізацыйную моц мурынскіх цэркваў дзеля правядзеньня негвалтоўных пратэстаў скіраваных на службу рэформе грамадзянскіх правоў. Група была натхнёная дзейнасьцю эвангеліста Білі Грэма, які пасябраваў з Кінгам[3], а таксама нацыянальнай арганізацыяй У Сяброўстве, заснаванай сябрамі Кінга Стэнлі Лэвісанам і Элай Бэйкер[4]. Кінг ачольваў канфэрэцыю па сваю сьмерць[5]. Малітоўная пілігрымка за свабоду, якую зладзіла арганізацыя ў 1957 годзе, стала месцам дзе Кінг упершыню выступіў перад нацыянальнай аўдыторыяй[6]. У верасьні 1958 году ён быў паранены нажом у Гарлеме. У 1960 годзе Мартын Лютэр Кінг, на запрашэньне Джавагарлала Нэру, наведаў Індыю, дзе вывучаў дзейнасьць Магатмы Гандзі.

Губэрнатар Джорджыі Эрнэст Вандайвэр з варожасьцю паставіўся да магчымага вяртаньня Кінга ў родны горад у канцы 1959 году. Ён сьцьвярджаў, што за Кінгам рушыць хваля злачынстваў, і паабяцаў трымаць Кінга пад наглядам[7]. 4 траўня 1960 году празь некалькі месяцаў па вяртаньні, Кінг адвозіў пісьменьніцу Ліліян Сьміт у Эмарыйскі ўнівэрсытэт, калі паліцыянты спынілі іх. Кінг быў абвінавачаны ў тым, што ён кіраваў самаходам ня маючы правы, бо ён яшчэ не атрымаў быў пасьведчаньне кіроўцы Джорджыі. Ліцэнзія Алабамы ў Кінга па-ранейшаму дзейнічала, а закон Джорджыі не прадугледжваў аніякіх тэрмінаў для выдачы мясцовай ліцэнзіі[8]. Кінг сплаціў штраф, але, відаць, ня ведаў, што ягоны адвакат пагадзіўся на дамову аб прызнаньні віны, якая таксама ўключала ўмоўны прысуд.

Тым часам Студэнцкі рух Атланты змагаўся супраць сэгрэгацыі на прадпрыемствах і ў грамадзкіх месцах у горадзе, ладзячы сядзячыя акцыі ў месце з сакавіка 1960 году. У жніўні рух папрасіў Кінга прыняць удзел у масавай кастрычніцкай сядзячай акцыі, прымеркаванай да прыцягненьня ўвагі грамадзкасьці, бо прэзыдэнцкая выбарчая кампанія 1960 году цалкам праігнаравала тэму грамадзянскіх правоў. Ва ўзгоднены дзень 19 кастрычніка адбылася акцыя і Кінг браў удзел у сядзячым страйку ў рэстарацыі найбуйнейшага ўнівэрмагу Атланты Rich’s, і быў сярод многіх арыштаваных у той дзень. На працягу наступных дзён улады вызвалілі ўсіх, акрамя Кінга. Спасылаючыся на дамову аб прызнаньні віны, судзьдзя Дж. Оскар Мітчэл прысудзіў Кінга 25 кастрычніка да чатырох месяцаў цяжкіх работ. Да сьвітаньня наступнага дню Кінг быў вывезены з акруговай турэмнай камэры і перавезены ў дзяржаўную турму[9].

Арышт і суворы прысуд прыцягнулі ўсенародную ўвагу. Многія баяліся за Кінгаву бясьпеку, бо ён утрымліваўся за кратамі разам з крымінальнікамі, многія зь якіх былі белымі і варожа ставіліся да ягонай дзейнасьці[10]. Абодвух кандыдатаў у прэзыдэнты папрасілі ўмяшацца ў сытуацыю, калі абедзьве партыі ўжо заручыліся падтрымкай кіраўніцтва паўднёвых штатаў, уключаючы губэрнатара Вандайвэра. Ніксан, зь якім у Кінга былі больш блізкія стасункі да сядзячай акцыі, адмовіўся ад заяваў, не зважаючы на ​​асабісты візыт Джэкі Робінсана з просьбай аб умяшаньні. Апанэнт Ніксана Джон Кенэдзі скарыстаў плён з сытуацыі, патэлефанаваўшы наўпрост губэрнатару і прыцягнуўшы падтрымку свайго брата Робэрта дзеля большага ціску на дзяржаўныя ўлады, а таксама, на асабістую просьбу Сарджэнта Шрайвэра, патэлефанаваў жонцы Кінга, каб выказаць сваю сымпатыю і прапанаваць сваю дапамогу. Ціск з боку Кенэдзі меў посьпех, і Кінг быў вызвалены праз два дні. Бацька Кінга вырашыў адкрыта падтрымаць кандыдатуру Кенэдзі на выбарах 8 лістапада, што верагодна і дапамагло кандыдату атрымаць пасаду прэзыдэнта[11].

 
Фатаздымак з паліцыянцкага пастарунку пасьля затрыманьня на акцыі ў 1963 годзе.

Пасьля выступу ў Бірмінггэме (Алабама) ў 1963 годзе прымусіў адміністрацыю прэзыдэнта ЗША Джона Кенэдзі падтрымаць барацьбу за правы мурынаў. У гэтым жа годзе быў зьдзейсьнены Марш на Вашынгтон. У наступным годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру. У 1966 годзе, пасьля некаторых посьпехаў на поўдні, Кінг, Джэймз Бэвэл ды іншыя актывісты арганізацыяў грамадзянскіх правоў скіравалі сваі высілкі на поўнач, дзе першым пунктам іхняй увагі стаў Чыкага. Там дзеячы спрабавалі ліквідаваць трушчобы. Быў актыўным праціўнікам Вайны ў Віетнаме. Напісаў кнігу «Чаму мы ня можам чакаць» (анг. Why We Can’t Wait).

4 красавіка 1968 году Мартын Лютэр Кінг быў забіты ў мэмфіскім матэле снайпэрам Джэймзам Эрлам Рэем. Куля трапіла ў актывіста праз правую шчаку, разьбіўшы сківіцу, затым прайшла ўніз па сьпінным мозгу, перш чым трапіла ў плячо[12][13]. Пасьля экстранай апэрацыі на грудзях Кінг памёр у шпіталі Сэнт-Джозэфа пасьля гадзіны пасьля стрэлу[14]. Паводле словаў біёграфа Тэйлара Бранча, анатамаваньне Кінга выявіла, што, не зважаючы на тое, што на момант сьмерці яму было ўсяго 39 гадоў, ён меў сэрца 60-гадовага чалавека, што Бранч зьвязаў з стрэсам, які Кінг зьведваў усьцяж 13 гадоў удзелу ў руху за грамадзянскія правы[15]. Праз два месяцы па сьмерці Кінга забойца, які быў на волі пасьля ўцёкаў з турмы, быў схоплены ў лёнданскім аэрапорце Гітраў пры спробе пакінуць Ангельшчыну з фальшывым канадзкім пашпартам. Рэй быў прысуджаны да 99 гадоў турмы.

Выступы Мартына Лютэра Кінга лічацца клясыкай аратарскага мастацтва, асновай ягонай барацьбы быў негвалтоўны супраціў. Шырокую вядомасьць атрымала прамова Кінга «Я маю мару» (анг. I have a dream), якую ён прамовіў пад час Маршу на Вашынгтон ля манумэнта Лінкальну. Яе слухалі каля 300 тысячаў чалавек. Пасьля ягонага забойства Япіскапальная царква ЗША прызнала Мартына Лютэра Кінга пакутнікам, які аддаў сваё жыцьцё за хрысьціянскую царкву. Трэці панядзелак студзеня адзначаецца ў ЗША як Дзень Мартына Лютэра Кінга і лічыцца нацыянальным сьвятам.

Асабістае жыцьцёРэдагаваць

У студзені 1952 году, пражыўшы ў Бостане каля пяці месяцаў, Кінг спытаў сваю сяброўку з Атланты на імя Мэры Паўэл, якая была студэнткай кансэрваторыі Новай Ангельшчыны, ці ведае яна якіх-небудзь прыемных паўднёвых дзяўчатаў. Паўэл спытала аднакурсніцу Карэту Скот, ці зацікаўленая яна сустрэцца з паўднёвым сябрам, які вывучае багаслоўе. Скот не была зацікаўленая ў знаёмствах з прапаведнікамі, але ў рэшце рэшт пагадзілася дазволіць Мартыну патэлефанаваць ёй на падставе апісаньня Паўэл. На першае спатканьне Кінг прыехаў да Карэты на зялёным Шэўрале. Ужо пасьля другога спатканьня Кінг быў упэўнены, што Скот валодае тымі якасьцямі, якія ён шукаў у сваёй будучай жонцы. Праз паўгады Кінг запрасіў дзяўчыну паехаць разам зь ім у Атланту. Пазнаёміўшыся з Карэтай, бацькі далі сваю згоду на іхны шлюб. Мартын Лютэр Кінг і ягоная жонка Карэта Скот Кінг абвянчаліся ў доме ейнай маці 18 чэрвеня 1953 году, вянчаў маладых бацька жаніху. Карэта атрымала дыплём па вакале і скрыпцы ў Кансэрваторыі Новай Ангельшчыны. Пасьля заканчэньня кансэрваторыі ў верасьні 1954 году яны з мужам пераехалі ў Мантгомэры, сталіцу штату Алабама, на запыт КПХЛ. У Атланце Кінг заставаўся па сваю сьмерць, дзе працаваў пастарам разам з сваім бацькам у баптысцкай царкве Эбэнэзэр і дапамагаў пашыраць рух за грамадзянскія правы на поўдні краіны.

Мартын і Карэта мелі чатырох дзяцей:

СпадчынаРэдагаваць

Кінг стаў постацю нацыянальнага маштабу ў гісторыі амэрыканскага лібэралізму і амэрыканскага прагрэсівізму[16]. Асноўным дасягненьнем Кінга лічыцца забесьпячэньне прагрэсу ў грамадзянскіх правах у ЗША пасьля ягонага забойства, Кангрэс прыняў Закон аб грамадзянскіх правах 1968 году[17]. Акрамя таго, Кінг натхніў на барацьбу Рух сьвядомасці мурынаў і рух за грамадзянскія правы ў Паўднёвай Афрыцы[18][19]. Працы Кінга паўплывалі на паўднёваафрыканскага палітычнага лідэра Альбэрта Лутулі, які цытаваў Кінга і змагаўся за расавую справядлівасьць у сваёй краіне падчас апартэіду і пазьней быў узнагароджаны Нобэлеўскай прэміяй міру.

Жонка Кінга Карэта Скот Кінг пайшла па сьлядах свайго мужа і актыўна займалася пытаньнямі сацыяльнай справядлівасьці і грамадзянскіх правоў па сваю сьмерць у 2006 годзе. У той жа год, калі Мартына Лютэра Кінга забілі, яна стварыла ў Атланце Цэнтар Кінга, прысьвечаны захаваньню ягонай спадчыны і дзейнасьці па адстойваньні негвалтоўнага вырашэньня канфліктаў і талерантнасьці па ўсім сьвеце[20]. Іхны сын Дэкстэр Кінг займае пасаду старшыні цэнтру[21][22]. Дачка Ёланда Кінг, якая памерла ў 2007 годзе, была матывацыйнай дакладчыцай, аўтаркай і заснавальніцай арганізацыі, якая спэцыялізуецца на навучаньні разнастайнасьці[23]. Пачынаючы з 1971 году шэраг гарадоў і штатаў усталявалі штогадовыя ўшанаваньні ў гонар Кінга[24]. У ружовым садзе Белага дому 2 лістапада 1983 году прэзыдэнт Роналд Рэйган падпісаў законапраект аб усталявані фэдэральнага сьвята ў гонар актывіста. Гэтае сьвята ўпершыню адзначаецца з 20 студзеня 1986 году і называецца Днём Мартына Лютэра Кінга.

17 студзеня 2000 году ўпершыню ва ўсіх пяцідзесяці штатах ЗША афіцыйна адзначаўся Дзень Мартына Лютэра Кінга[25]. Апошнія тры штаты, якія пачалі вызнаваць сьвята былі Арызона ў 1992 годзе, Нью-Гэмпшыр у 1999 годзе і Юта ў 2000 годзе. Раней у Юце ўжо адзначалася сьвята ў той жа час, але пад назвай Дзень правоў чалавека[26]. У Вялікабрытаніі дзейнічае камітэт міру імя Мартына Лютэра Кінга пры пасярэдніцтве Ньюкаслаўскага і Нартумбрыйскага ўнівэрсытэтаў[27]. Камітэт ушаноўвае спадчыну Кінга і ёсьць цэнтрам вывучэньне дзейнасьці Кінга і руху за грамадзянскія правы ў ЗША, натхняючыся бачаньнем актывіста і спрабуючы выбудаваць культуру міра ў Вялікабрытаніі. У 2017 годзе ўнівэрсытэт Ньюкасла ўсталяваў бронзавую статую Кінга ў гонар 50-годзьдзя з часу цырымоніі ўручэньня яму ганаровай доктарскай ступені[28]. Студэнцкі зьвяз таксама прагаласаваў за перайменаваньне свайго бара ў Luthers[29].

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Theoharis, Athan G.; Poveda, Tony G.; Powers, Richard Gid; Rosenfeld, Susan (1999). «The FBI: A Comprehensive Reference Guide». Greenwood Publishing Group. — С. 123. — ISBN 0-89774-991-X.
  2. ^ McMahon, Thomas F. (2004). «Ethical Leadership Through Transforming Justice». University Press of America. — С. 25. — ISBN 0-7618-2908-3.
  3. ^ Miller, Steven P. (2009). «Billy Graham and the Rise of the Republican South». Philadelphia: University of Pennsylvania Press. — С. 92. — ISBN 978-0-8122-4151-8.
  4. ^ «Levison, Stanley David». The Martin Luther King, Jr., Research and Education Institute.
  5. ^ Marable, Manning; Mullings, Leith (2000). «Let Nobody Turn Us Around: Voices of Resistance, Reform, and Renewal: an African American Anthology». Rowman & Littlefield. — С. 391—392. — ISBN 0-8476-8346-X.
  6. ^ «Prayer Pilgrimage for Freedom». Civil Rights Digital Library.
  7. ^ «Samuel Vandiver». MLK Encyclopedia.
  8. ^ «Traffic stop 60 years ago spurred Martin Luther King Jr. into greater action». The Rome Sentinel.
  9. ^ «Negro Integration Leader Sentenced to Four Months». Associated Press.
  10. ^ «John F. Kennedy, Martin Luther King Jr., and the Phone Call That Changed History». Time.
  11. ^ King, Martin Luther Jr. «Chapter 15: Atlanta Arrest and Presidential Politics». The Autobiography Of Martin Luther King, Jr. Hatchette.
  12. ^ Garner, Joe; Cronkite, Walter; Kurtis, Bill (2002). «We Interrupt This Broadcast: The Events that Stopped Our Lives... from the Hindenburg Explosion to the Attacks of September 11». Sourcebooks. — С. 62. — ISBN 1-57071-974-8.
  13. ^ Pepper, William (2003). «An Act of State: The Execution of Martin Luther King». Verso. — С. 159. — ISBN 1-85984-695-5.
  14. ^ Lokos, Lionel (1968). «House Divided: The Life and Legacy of Martin Luther King». Arlington House. — С. 48.
  15. ^ «Citizen King Transcript». PBS.
  16. ^ Krugman, Paul R. (2009). «The Conscience of a Liberal». W. W. Norton & Company. — С. 84. — ISBN 978-0-393-33313-8.
  17. ^ The History of Fair Housing. U.S. Department of Housing and Urban Development.
  18. ^ Ansell, Gwen (2005). «Soweto Blues: Jazz, Popular Music, and Politics in South Africa». Continuum International Publishing Group. — С. 139. — ISBN 0-8264-1753-1.
  19. ^ Clinton, Hillary Rodham (2007). «It Takes a Village: And Other Lessons Children Teach Us». Simon & Schuster. — С. 137. — ISBN 978-1-4165-4064-9.
  20. ^ «The King Center’s Mission». The King Center.
  21. ^ «Future of Atlanta’s King Center in limbo». USA Today.
  22. ^ «Chairman’s Message: Introduction to the King Center and its Mission». The King Center.
  23. ^ «Welcome». Higher Ground Productions.
  24. ^ «St. Louis Remains A Stronghold For Dr. King’s Dream». St. Louis Public Radio.
  25. ^ Goldberg, Carey (May 26, 1999). «Contrarian New Hampshire To Honor Dr. King, at Last». The New York Times.
  26. ^ «The History of Martin Luther King Day». Infoplease.
  27. ^ «Martin Luther King Peace Committee; Martin Luther King Peace Committee». Newcastle University.
  28. ^ «Statue unveiled in honour of Martin Luther King Jr.». Newcastle University.
  29. ^ «New name for Newcastle University’s Student Union Mensbar revealed». Chronicle Live.

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць