Ва́дкасьць — адзін з агрэгатных станаў рэчыва. Асноўнай уласьцівасьцю вадкасьці, якое адрозьнівае яе ад іншых агрэгатных станаў, зьяўляецца здольнасьць неабмежавана зьмяняць форму пад узьдзеяньнем касацельных мэханічных напружваньняў, нават як заўгодна малых, практычна захоўваючы пры гэтым аб’ём. Вадкі стан звычайна лічаць прамежкавым паміж цьвёрдым целам і газам: газ не захоўвае ні аб’ём, ні форму, а цьвёрдае цела захоўвае й тое, і іншае. Форма вадкіх целаў можа цалкам або часткова вызначацца тым, што іхная паверхня паводзіць сябе як пругкая мэмбрана. Так, вада можа зьбірацца ў кроплі. Але вадкасьць здольная цячы нават пад сваёй нерухомай паверхняй, і гэта таксама азначае наязнасьць незахаванай формы.

Фармаваньне сфэрычнай вадзяной кроплі памяншае плошчу паверхні, што зьяўляецца натуральным вынікам паверхневага нацяжэньня вады

Малекулы вадкасьці ня маюць пэўнага становішча, але ў той жа час ім недаступная поўная свабода перасоўваньняў. Паміж імі існуе прыцягненьне, досыць моцнае, каб утрымаць іх на блізкай адлегласьці. Рэчыва ў вадкім стане існуе ў пэўным інтэрвале тэмпэратураў, ніжэй якога пераходзіць у цьвёрды стан, то бок адбываецца крышталізацыя альбо ператварэньне ў цьвёрдацельны аморфны стан, як то шкло, вышэй якога — у газападобны стан, то бок адбываецца выпарэньне. Межы гэтага інтэрвалу залежаць ад ціску.

Як правіла, рэчыва ў вадкім стане мае толькі адну мадыфікацыю. Найбольш важным выключэньнем зьяўляюцца квантавыя вадкасьці й вадкія крышталі. Таму ў большасьці выпадкаў вадкасьць зьяўляецца не толькі агрэгатным станам, але й тэрмадынамічнай фазай. Усе вадкасьці прынята падзяляць на чыстыя вадкасьці й сумесі. Некаторыя сумесі вадкасьцяў маюць вялікае значэньне для жыцьця, як то кроў, марская вада й іншыя. Вадкасьці могуць выконваць функцыю растваральнікаў.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Вадкасьцьсховішча мультымэдыйных матэрыялаў