Малы Замак (Наваградак)

Малы Замак — узвышша і гістарычная мясцовасьць Наваградку, месца летапіснага вакольнага гораду. Знаходзіцца ў цэнтры места, на захад ад Замкавай гары.

Малы Замак
Найвышэйшы пункт
Вышыня 316—317 м н. у. м.
Геаграфія
Месцазнаходжаньне Наваградак
Краіна Беларусь
Горная сыстэма Наваградзкае ўзвышша
Узыходжаньне
Клясычны маршрут пешшу
Малы Замак на мапе Беларусі
Малы Замак
Малы Замак
Малы Замак

Мае аднолькавую вышыню з Замкавай гарой, якая складае 316—317 м над узроўнем мора, але плошча Малога Замка амаль у тры разы большая. На заходнім краі пляцоўцы стаіць Каменны млын.

Гісторыя

рэдагаваць

Ад пачатку пляцоўка будучага Малога замка была вышэйшая за астатнія ўзгоркі. Найвышэйшы яе пункт (315 м) знаходзіўся ў цэнтральнай частцы[1].

Фрыда Гурэвіч высьветліла, што на Малым Замку ўзьнікла адно зь першых паселішчаў у Наваградку[2]. Сярод найбольш раньніх матэрыялаў, знойдзеных тут, ляпная кераміка, а таксама некаторыя формы пацерак, у тым ліку мазаічныя пранізкі, характэрныя для Х—ХІ стагодзьдзяў[3].

Малы Замак засялілі як на краях так і ў цэнтры, у той час як Замкавая гара спачатку засялялася толькі на краях пляцоўкі. З канца X да канца XІ ст. на Малым Замку пераважалі наземныя зрубныя пабудовы, хаця сустракаліся і заглыбленыя[4].

У другой палове XІ ст. на паселішчы Замкавай гары насыпалі вал, які ператварыў яе ў дзяцінец, а Малы Замак і суседняе ўзвышша сталі пасадамі. Відаць, у гэты час, пляцоўка, агароджаная валам, служыла як крэпасьць і сховішча для жыхароў пасадаў[5].

Пляцоўка Малога Замка заставалася неўмацаванай да пачатку XІІ ст.[6] У XІІІ ст. каля падножжа Замкавай гары насыпалі вал, а ў XІV ст. яго падоўжылі, агарожваючы таксама Малы Замак. Гэты вал складаўся зь пяску і гліны шчыльнай структуры. Замкавую гару ад Малага Замка аддзяляў вырыты роў, які запаўняла вада[7].

У канцы XІІІ — першай палове XІV ст. на заходнім краі пляцоўкі збудавалі вежу з палявых валуноў і цэглы. У канцы XV — пачатку XVІ ст. яе перабудавалі ў васьмігранную. Гэтая вежа прастаяла да сярэдзіны XVІІ ст., калі яе зноў разабралі, а будаўнічыя матэрыялы выкарысталі дзеля ўзьвядзеньня ветранога млына.

  1. ^ Бубенько Т., Метельский А. Основание Новоугородка: гипотезы и реальность // Беларуская думка. № 8, 2014. С. 82—82
  2. ^ Бубенько Т., Метельский А. Основание Новоугородка: гипотезы и реальность // Беларуская думка. № 8, 2014. С. 82.
  3. ^ Гурэвіч Ф. Летапісны Новгородок (старажытнарускі Наваградак). — Санкт-Пецярбург — Наваградак, 2003. С. 49.
  4. ^ Гурэвіч Ф. Летапісны Новгородок (старажытнарускі Наваградак). — Санкт-Пецярбург — Наваградак, 2003. С. 50.
  5. ^ Гурэвіч Ф. Летапісны Новгородок (старажытнарускі Наваградак). — Санкт-Пецярбург — Наваградак, 2003. С. 51.
  6. ^ Гурэвіч Ф. Летапісны Новгородок (старажытнарускі Наваградак). — Санкт-Пецярбург — Наваградак, 2003. С. 64.
  7. ^ Гурэвіч Ф. Летапісны Новгородок (старажытнарускі Наваградак). — Санкт-Пецярбург — Наваградак, 2003. С. 68.

Літаратура

рэдагаваць