Мікола Блёдуха
Міко́ла (Мікала́й Хве́даравіч) Блёдуха[1], пасьля русыфікацыі Бліяду́ха/Бліядухо́ (10 сьнежня 1878, Ігумен, Менская губэрня, Расейская імпэрыя — 13 студзеня 1935, Менск, БССР) — беларускі геоляг, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук БССР, прафэсар (1926). Арганізатар геалягічнай службы БССР, складальнік першай геалягічнай мапы Беларусі, адзін з заснавальнікаў сыстэмнага вывучэньня выкапняў у Беларусі.
Мікола Бліядухо | |
Мікола Блёдуха | |
Дата нараджэньня | 10 сьнежня 1878 |
---|---|
Месца нараджэньня | Ігумен, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 13 студзеня 1935 (56 гадоў) |
Месца сьмерці | Менск, БССР |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | Пецярбургскі горны інстытут |
Занятак | геоляг |
Навуковая сфэра | геалёгія |
Месца працы | Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт |
Сябра ў | Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны[d] |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьМікола Блёдуха нарадзіўся ў мястэчку Ігумене (цяпер у Менскай вобласьці Беларусі) у сям’і настаўніка. Скончыў Дзьвінскую рэальную вучэльню. У 1896—1903 роках навучаўся ў Горным інстытуце ў Пецярбургу зацікавіўся пэтраграфіяй і мінэралёгіяй рудных радовішчаў. Яшчэ студэнтам браў удзел у палявых працах у Сыбіры.
Істотную ролю ў гартаваньні Міколы Блёдухі геолягам адыгралі экспэдыцыйныя дасьледаваньні Далёкага Ўсходу, дзе ў 1903—1907 рр. пад даводзтвам вядомага ў той час прафэсара Якава Эдэльштэйна ён вывучаў радовішчы золата і срэбра на рацэ Амуры, а таксама Манчугайскае радовішча вугалю.
Далейшая геалягічная дзейнасьць Міколы Блёдухі зьвязаная з Сыбір’ю, дзе ён загадваў золатастопкавай і аналітычнай лябараторыяй у Томску (1903—1911), узначальваў Енісейскую горную акругу ў Краснаярску (1911—1917), кіраваў горна-пошукавымі партыямі на Алтаі (1917—1922). Зь ягоным удзелам у Сыбіры былі адкрытыя радовішчы мармуру, даляміту, пірыту, бурага вугалю, каляровых мэталаў.
Быў старшынём Беларуска-ўкраінскага камітэту помачы ахвярам вайны (Барнавул), а пасьля арганізацыі Беларускай грамады і Міжнароднага камітэту бежанцаў у Сыбіры стаў у апошнім адным зь беларускіх прадстаўнікоў. У 1920 року абраны і старшынём Беларускай грамады[1].
У 1922 року Блёдуха ачоліў горны аддзел Управы Савета народнай гаспадаркі Беларускай ССР. З 1923 року выкладаў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, загадваў катэдрай геалёгіі. У 1926 року атрымаў званьне прафэсара.
У горным аддзеле Мікола Блёдуха кіраваў геалягічнымі дасьледаваньнямі, ладзіў палявыя партыі, складаў кадастар нярудных карысных выкапняў на тэрыторыі Беларусі. Першая мапа іхняга заляганьня ў БССР маштабам 1 : 800 000 скончаная ў 1926 року. З улікам новых геалягічных зьвестак мапа няруднай мінэральнай сыравіны была выдадзеная Акадэміяй навук БССР (1933).
Дзеля вывучэньня прыродных рэсурсаў рэспублікі ў 1926 року на рашэньне СНК БССР у складзе Інстытуту беларускай культуры створаная Камісія па вывучэньні натуральных вытворчых сілаў Беларусі. У 1927 року на базе гэтай камісіі і часткі навукова-тэхнічных кадраў геоляга-глебазнаўчай падсэкцыі Інбелкульту створаны Інстытут геалёгіі АН БССР (цяпер Беларускі навукова-дасьледчы геолягавыведны інстытут(be)). Мікалай Хведаравіч стаў першым дырэктарам інстытуту, у той жа час кіруючы катэдрай геалёгіі БДУ. У 1928 року атрымаў званьне акадэміка АН БССР.
З 1929 року — старшыня Прадстаўніцтва геалягічнага камітэту ў БССР. У 1929—1935 — дырэктар Інстытуту геалёгіі і гідрагеалёгіі АН БССР.
Заўчасна сканаў у 57-гадовым веку. Пахаваны на Вайсковых могілках Менску.
Дзейнасьць
рэдагавацьМікола Блёдуха надаваў вялікае значэньне разьвіцьцю дасьледаваньняў мінэральных рэсурсаў на тэрыторыі Беларусі. Зь ягоным непасрэдным удзелам былі адкрытыя новыя радовішчы мэргеляў, крэйды, фасфарытаў, далямітаў, шкляных пяскоў, торфу, бузоў, будаўнічых матэрыялаў. На грунце гэтых дасьледаваньняў быў збудаваны Крычаўскі цэмэнтавы завод.
Абгрунтаваў пастаноўку геафізычных дасьледаваньня і глыбокага сьвідраваньня ў Менску, Полацку, Бабруйску, Даманавічах і інш. Асаблівую вядомасьць набыла прабітая ў 1928—1929 роках на прапанову Блёдухі сьвідравіна №4 ў цэнтры Менску. Ейная глыбіня складала 353,8 м, што дазволіла ня толькі вырашыць праблему водазабесьпячэньня места, але й даведацца ягоную геалягічную будову, давесьці прысутнасьць уласных мінэральных водаў[2].
Блёдуха падараваў Беларускаму дзяржаўнаму ўнівэрсытэту вялікую калекцыю горных пародаў і мінэралаў, якія сабраў у розных раёнах Савецкага Саюзу. Гэтая калекцыя стала пачаткам кабінэту мінэралёгіі і крышталёграфіі, а пазьней — Музэю землязнаўства геаграфічнага факультэту БДУ[3].
Напісаў каля 200 навуковых працаў, зьвязаных з вывучэньнем розных пытаньняў геалёгіі і геамарфалёгіі тэрыторыі Беларусі. Апублікаваў каля 20 навуковых працаў, у тым ліку 3 манаграфіі. У сваіх творах Блёдуха паказваў цяжкасьць геалягічнага вывучэньня тэрыторыі Беларусі ў сувязі з рэдкай аголенасьцю карэнных (мэзазойскіх і палеазойскіх, збольшага дэвонскіх) адкладаў пры магутным разьвіцьці пародаў чацьверыковага ўзросту. Ён лічыў неабходным правядзеньне ў рэспубліцы геафізычных дасьледаваньняў і прабіцьця глыбокіх сьвідравінаў дзеля вызначэньня тэктонікі і выяўленьня магчымых карысных выкапняў, у тым ліку падземных водаў як крыніцаў водазабесьпячэньня. Зьвярнуў увагу на істотнасьць вывучэньня і картаграфаваньня чацьверыковах адкладаў з мэтаю выяўленьня розных відаў мінэральнай сыравіны. Характарызуючы рэльеф зямной паверхні, ён паказваў на цесную повязь ягоных формаў з геалягічнай будовай. Мікола Блёдуха першым даў клясыфікацыю рэльефу Беларусі, заснаваную на генэтычных замалёўках даліны ракі Сож.
На геалягічнай мапе БССР маштабу 1 : 2 000 000 (1933), складзенай М. Блёдухам, адлюстраваныя асноўныя геалягічныя фармаваньні, за выняткам памылкова вылучанага карэннага заляганьня пародаў кембрыю і сылюру ля вёскі Раванічы (пазьней сьвідраваньнем выяўлены буйны ледавіковы адорвень). У раёне Глушкавічаў паказаныя выхады на зямную паверхню гранітаў. Выказаная Мікалаем Хведаравічам думка пра тое, што крышталічны падмурак Рускай пліты разьбіты шчылінамі на асобныя блёкі, далей была пацьверджаная дэтальнымі геафізычнымі дасьледаваньнямі і глыбокім сьвідраваньнем.
Навуковыя ідэі Блёдухі ў галіне геалёгіі Беларусі атрымалі далейшае разьвіцьцё ў работах беларускіх геолягаў, якія адкрылі ў другой палове XX стагодзьдзя ў рэспубліцы радовішчы калійных і каменных соляў, нафты, вугалю, лупнякоў, жалезных рудаў, даўсаніту, фасфарытаў, рэдкіх і каляровых мэталаў, будаўнічных матэрыялаў, лекавых і пітных падземных водаў, прамысловых расолаў ды іншых карысных выкапняў.
Асноўныя публікацыі
рэдагаваць- Бліядухо М. Ф. Матэрыалы да геалагічнага і геамарфалагічнага вывучэння Беларусі. Мн., 1930, 1931. Т. 2.
- Бліядухо М. Ф. Да геалагічнага вывучэння тэрыторыі г. Мінска (па матэрыялах свідравіны № 4 Эльвода і некаторых іншых) // Матэрыялы па вывуч. геалогіі і карысных выкапняў Беларусі. 1933. Т. 6.
- Карта полезных ископаемых БССР масштаба 1 : 800 000. Мн., 1933/ Блиодухо Н. Ф.
- Рэгістрацыйны спіс карысных выкапняў БССР // Запіскі БелАН. Мн., 1934. Кн. 2.
- Бліядухо М. Ф. Схематычная геалагічная карта дачацвярцёвых адкладаў БССР маштабу 1: 420 000 // Запіскі БелАН. Мн., 1935. Кн. 4.
Ушанаваньне памяці
рэдагаваць- У Менску на будынку Інстытуту геалягічных навук НАН Беларусі (вул. Акадэміка Купрэвіча, 7) у 1979 року ўсталяваная мэмарыяльная дошка[4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Успамін аб М. Ф. Блёдухо // Biełaruskaja krynica. — 1935. — № 12.
- ^ Блиодухо Николай Федорович (10.12.1878—13.01.1935) (рас.) История БГУ. Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Праверана 12 ліпеня 2019 г.
- ^ Музэй землязнаўства Факультэт. Факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ. Праверана 12 ліпеня 2019 г.
- ^
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — 480 с. — ISBN 985-11-0061-7
- Исследования академиком Н. Ф. Блиодухо геологии и полезных ископаемых Белоруссии / ред. Р. Г. Гарецкий. Мн. , Наука и техника, 1979.
- Малярэвіч С. С. Акадэмік Мікалай Фёдаравіч Бліядухо (некралог) // Запіскі БелАН. Мн., 1935. Кн. 4.
- Махнач А. С., Голубцов В. К. Николай Фёдорович Блиодухо — выдающийся белорусский геолог (к 90-летию со дня рождения) // Весці АН БССР, серыя хім. навук. 1969. № 1.
- Республика Беларусь: Энциклопедия в 7 т. Т. 2: А — Герань / редкол. Г. П. Пашков и др. — Минск: БелЭн, 2006. — 912 с : ил. — ISBN 985-11-0341-1. — ISBN 985-11-0371-3 (Т. 2).
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Гісторыя БДУ (рас.)
- Памяці вучонага // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
- База зьвестак «Гісторыя беларускай навукі ў асобах» (рас.) Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі