Мядзельскі замак
Помнік абарончай архітэктуры | |
Мядзельскі замак
| |
Мядзельскі замак, мастацкая рэканструкцыя
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Мядзел |
Каардынаты | 54°52′16.45″ пн. ш. 26°54′54.66″ у. д. / 54.8712361° пн. ш. 26.9151833° у. д.Каардынаты: 54°52′16.45″ пн. ш. 26°54′54.66″ у. д. / 54.8712361° пн. ш. 26.9151833° у. д. |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Мядзельскі замак | |
Мядзельскі замак на Вікісховішчы |
Мядзельскі замак — помнік гісторыі і архітэктуры ў Мядзеле. Знаходзіцца каля заходняй ускраіны места, на высьпе Замку пры ўтоку ў возера Мястру ракі Дробні, якая злучае яго з возерам Баторынам. Прыклад спалучэньня асаблівасьцяў заходнеэўрапейскай фартыфікацыі зь мясцовымі элемэнтамі абароны. Існаваў у XV—XVIII стагодзьзях. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Складаўся з мураваных вежы і палаца, а таксама вонкавага абарончага комплексу (захаваліся руіны). Увасобіў імкненьне прыстасаваць замак дзеля абароны ад пальнай зброі, у выніку чаго атрымаў дзьве лініі абароны з бастэямі і бастыёнамі.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літосўкае
рэдагавацьУ XV ст. у Мядзеле на тэрыторыі старажытнага гарадзішча збудавалі каралеўскі замак з мураванай вежа-данжонам. У першай палове XVI стагодзьдзя да замкавай вежы прыбудавалі мураваны палац. Паводле зьвестак на 1564 год, у арсэнале замка знаходзіліся 2 сярэднія фальканэты і 2 серпянціны. Апроч гэтага, таксама была ручная пальная зброя.
У XVII стагодзьдзі замак абвялі бастыённымі фартыфікацыямі. Ён служыў надзейным сховішчам для жыхароў Мядзелу і прылеглых паселішчаў падчас ваеннай небясьпекі.
У Вялікую Паўночную вайну замак зруйнавалі.
Найноўшы час
рэдагавацьНа тэрыторыі замка археалягічныя дасьледаваньні ў 1971 і 1891 гадох праводзіў Міхась Ткачоў, у 1979 і 1985 гадох — Яраслаў Зьвяруга. Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Мядзельскім музэі і Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[1].
Архітэктура
рэдагавацьМуры
рэдагавацьПляцоўка замка ўмацоўвалася мурам з валуноў на вапнавай рашчыне, што было традыцыйным для сярэднявечнага Вялікага Княства Літоўскага. У аснове ніжняй часткі падмурку знаходзілася гліна, а найніжэйшы шэраг валуноў ляжаў на дубовых плахах.
Таўшчыня замкавых муроў з бакоў, прыкрытых возерам складала 1,5—1,7 м. З усходняга боку, які быў неабароненым, таўшчыня сьценяў дасягала 2 м. Пэрымэтрам усёй пляцоўкі разьмяшчаліся 5 паўкруглых мураваных бастэяў, таўшчыня сьценаў якіх складала 2,5 м. У бастэях мусілі разьмяшчацца гарматы для магчымасьці стральбы ўздоўж сьценаў. Бастэі Мядзельскага замку лічацца найбольш раньнімі на тэрыторыі Беларусі і папярэднічаюць бастыёнам.
Замкавая вежа
рэдагавацьМураваная вежа мела форму кола, яе вонкавы дыямэтар складаў 17,5 м, а ўнутраны — 10 м. Таўшчыня сьценаў была каля 3,5 мэтраў. Падмурак вежы паглыбляўся ў зямлю на 3,5 мэтра і выконваў ролю цокальнага паверху. Падмурак складаўся з шэрагаў валуноў і цэглы буйнога памеру, якія мацаваліся вапнавай рашчынай.
Паводле малюнку з мапы Вялікага Княства Літоўскага 1613 году, выкананай Тамашом Макоўскім, вежа мела некалькі ярусаў. Найбольш імаверна, што іх было пяць. Мяркуецца, што вышыня вежы дасягала 30 м, а сваімі памерамі яна была блізкай да Камянецкай вежы. Паводле Тамаша Макоўскага, у замку было 3 вежы.
Палац
рэдагавацьПалац дабудавалі да заходняга боку замкавай вежы. У пляне ён меў форму прастакутніка. Таўшчыня сьценаў складала каля 2 м, шырыня — каля 10 м. У палацы таксама знаходзіліся сутарэньні глыбінёй 3 м, перакрытыя скляпеньнямі.
На замкавым дзядзінцы разьмяшчаліся гаспадарчыя пабудовы, а таксама жылыя дамы служак. У дамох былі кафляныя печы.
Бастыённыя фартыфікацыі
рэдагавацьЗамак умацоўваўся ніжнім поясам абароны, які складаў земляны вал з бастыёнамі і ровам. Роў запаўняўся вадой з возера. Фартыфікацыяў не было толькі з усходняга боку, дзе да замка блізка падступала вада возера. Повязь зь берагам ажыцьцяўлялася цераз драўляны мост, даўжыня якога складала 400 м. Паводле легенды, замак злучаўся з Старым Мядзелам тунэлем, пракапаным пад дном возера Мястра.
Археалёгія
рэдагавацьПадчас археалягічных дасьледаваньняў у сутарэньнях замка знайшлі кераміку XV—XVII стагодзьдзяў. Таксама выявілі прывазную белагліняную паліхромную кафлю з разнастайнымі малюнкамі. Сярод іншых скарбаў — грош 1535 году, 3-шыповыя салдацкія падковы пад абцасы, фрагмэнт жалезнай завесы ад аканіцы, цьвікі, шылы, дзьвярныя гачкі ды іншыя рэчы.
На поўдзень ад замкавай вежы знайшлі матэрыялы часоў Русі XI—XIII стагодзьдзяў. Сярод іх — ганчарная кераміка, нажы, косткі дзікай і свойскай жывёлы ды іншае. Таксамы выявілі рэчы пэрыяду Вялікага Княства Літоўскага XIV—XVII стагодзьдзяў, сярод якіх — кераміка, у тым ліку белагліняная, паліваная і паліхромная кафля з расьліннымі, геамэтрычнымі і сюжэтнымі малюнкамі, а таксама жалезныя вырабы, манэты XVI—XVII стагодзьдзяў ды іншае.
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. — Мн.: БелЭн, 1998. — 635, [3] с. ISBN 985-11-0107-9.
- Ткачоў М. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХІІІ—XVIII стст. — Менск, 1978.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 613В000415 |
- Мядзельскі замак , Radzima.org
- Мядзельскі замак (рас.)