Валяр’ян Пратасевіч

(Перанакіравана з «Валерыян Пратасевіч»)

Валяр’я́н Пратасе́віч (Пратасе́віч-Шушко́ўскі; каля 1505, маёнтак Шушкова каля мястэчка Крайску Менскага павету — 31 сьнежня 1579[1], Вільня) — рэлігійны і дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Пісар вялікі літоўскі (з 1544), біскуп луцкі (з 1549) і віленскі (з 1556)

Валяр’ян Пратасевіч
лац. Valarjan Pratasievič
Валяр’ян Пратасевіч
Валяр’ян Пратасевіч

Герб Дравіца
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1505
Шушкова Менскага павету
Памёр 31 сьнежня 1579
Вільня
Пахаваны
Род Пратасевічы
Дзейнасьць каталіцкі сьвятар
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Пратасевіч.

У 1533 годзе атрымаў у пажыцьцёвае валоданьне мястэчка Майшаголу.

Біяграфія

рэдагаваць

З шляхецкага роду Пратасевічаў гербу Дравіца. Службовую кар'еру пачаў у канцылярыі вялікага князя літоўскага, у 1532—1544 гадох быў пісарам канцылярыі вялікай княгіні Боны. З 1533 году стаў пробашчам у Крожах[2], адначасна стаў канонікам жамойцкім, а ў 1537 — віленскім.

У 1544 годзе атрымаў урад пісара вялікага літоўскага і сакратара Жыгімонта Аўгуста, да 1549 году кіраваў «рускай» канцылярыяй. У 1547—1549 гадох быў канонікам у Віленскім біскупстве. Браў удзел у некалькіх соймах Вялікага Княства Літоўскага, займаўся дыпляматычнымі справамі.

 
Мэмарыяльная шыльда ў Вялікім Двары

27 траўня 1549 году атрымаў прызначэньне на біскупа луцкага. У 1550 годзе выдаў статут сябраў катэдральнай капітулы, зьвяртаючы асаблівую ўвагу на абавязак бесьперапыннага жыхарства пры катэдры і ўдзелу ў харавых малітвах. У 1554 годзе склікаў дыяцэзіяльны сынод, які праходзіў 22—24 красавіка пры касцёле Сьвятога Яна Хрысьціцеля ў месьце Янаве Падляскім. Абвясьціў на сынодзе дэкрэт, дзе асуджаліся пратэстанцкія прапаведнікі, якія дзеялі ў Падляскім ваяводзтве (Сымон Зак, Геранім Пякарскі зь места Белай і Валянтын Душа) і былі пад апекай старосты берасьцейскага Мікалая Радзівіла «Чорнага». У 1555 годзе стаў біскупам віленскім (афіцыйна з 10 красавіка 1556 году).

Супрацьстаяў націску Рэфармацыі за часамі яе найвялікшага ўздыму, але ў змаганьні з пратэстантамі не выкарыстоўваў гвалтоўных сродкаў. Разумеючы, што ня ў стане самастойна супрацьстаяць руху пратэстантаў, у 1553 годзе адправіў зварот да папскага нунцыя Камэндоні з просьбай аб запрашэньні ў Вялікае Княства Літоўскае езуітаў. У 1563—1564 гадох у Варшаве вёў пасьпяховыя перамовы з прадстаўніком ордэна езуітаў Балтазарам Гастовінам. У выніку ў Аўстрыйскай правінцыі ордэна пачалі рыхтаваць манахаў-езуітаў дзеля дзейнасці ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Паставіў свой подпіс над Віленскім прывілеем 1563 году аб роўных правах хрысьціянскай шляхты. У 1566—1577 гадох ачольваў камісію з рэдагаваньня Літоўскага Статуту. Быў прыхільнікам аб’яднаньня Вялікага Княства Літоўскага з Каралеўствам Польскім на прынцыпах фэдэрацыі, а не інкарпарацыі. Люблінскую унію 1569 году ад ягонага імя падпісаў прадстаўнік А. Р. Мялескі.

Сваімі ахвяраваньнямі ў 1568—1569 гадох стварыў матэрыяльную базу для функцыянаваньня Віленскага езуіцкага калегіюму, урачыста адкрытага 17 ліпеня 1570 году. Рабіў ахвяраваньні на будаваньне касьцёлаў і адкрыцьцё каталіцкіх навучальных установаў.

У 1570-я гады пераканаў перайсьці ў каталіцтва сваіх апанэнтаў князёў Радзівілаў. Сын Мікалая Радзівіла «Чорнага» Юры стаў у 1574 годзе ягоным каад’ютарам (памочнікам-намесьнікам).

Пакінуў тастамэнт, паводле якога перадаў уласную багатую бібліятэку Віленскага калегіюму; ацалелыя да нашых дзён кнігі захоўваюцца ў бібліятэцы Віленскага ўнівэрсытэту. Спачыў у Віленскай Катэдры пад алтаром Святога Крыжа.

У картцы да артыкула падаецца партрэт XIX ст. пэндзля Я. Марачынскага, які цяпер захоўваецца ў Летувіскім мастацкім музэі.

  1. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 464.
  2. ^ Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск, 2001.

Літаратура

рэдагаваць