Менская гарадзкая тэлефонная сетка
Каардынаты: 53°54′11″ пн. ш. 27°31′27″ у. д. / 53.90306° пн. ш. 27.52417° у. д.
«Менская гарадзкая тэлефонная сетка» — сталічнае падразьдзяленьне «Белтэлекаму», заснаванае ў лістападзе 1896 году.
Тып | падразьдзяленьне |
---|---|
Заснаваная | 14 лістапада 1896 (128 гадоў таму) |
Уласьнікі | «Белтэлекам» |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Менск |
Адрас | Маскоўскі раён, Харкаўская вул., д. 1[1] |
Ключавыя фігуры | Эдуард Белакурскі |
Галіна | сфэра паслугаў |
Прадукцыя | тэлефонная сувязь[d][2], інтэрнэт-тэлебачаньне[2] і Інтэрнэт[2] |
Паслугі | тэлефонная сувязь, інтэрнэт-тэлебачаньне, доступ да Сеціва |
Матчына кампанія | «Белтэлекам» |
На 2022 год мела 5 абслуговых аддзяленьняў па: 1) Старавіленскай вул., д. 87; 2) вул. Гебелева, д. 7; 3) вул. Матусевіча, д. 13; 4) вул. Іскаліева, д. 12, корп. 1; 5) вул. Энгельса, д. 6[3]. Майстэрня рамонту тэлефонаў дзейнічала па вул. Багдановіча, д. 116[4]. На захад ад вёскі Барок у Валожынскі раёне дзейнічаў дзіцячы аздараўленчы летнік «Крынічка» з 4-ма жылымі карпусамі на 240 дзяцей, які належаў «Менскай ГТС»[5].
Мінуўшчына
рэдагаваць14 лістапада 1896 году на Губэрнатарскай вуліцы Менску ў будынку паштова-тэлеграфнай канторы запрацавала 1-я ў Беларусі тэлефонная станцыя «Эрыксан» на 100 нумароў. На працу першапачаткова прымалі толькі незамужніх дзяўчатаў з вызначанай даўжынёй рук[6].
На сакавік 2014 году «Менская гарадзкая тэлефонная сетка» мела 4 абслуговыя аддзяленьні па: вул. Гебелева, д. 7; вул. Іскаліева, д. 12; Старавіленскай вул., д. 87; вул. Энгельса, д. 6. У кожным аддзяленьні працавала электронная чарга, даведкавы тэрмінал і кава-аўтамат. У Сеціве існавала магчымасьць памяняць расцэнку абслугоўваньня абанэнта праз кабінэт карыстальніка. Партал «Заля» дазваляў аплаціць паслугі. Пры наяўнасьці ў доме пасіўнай аптычнай сеткі (ПАС) існавала магчымасьць перанесьці тэлефонны нумар на новы адрас пражываньня. Пасіўная аптычная сетка дазваляла аказваць 3 паслугі: тэлефанію, Сеціва і тэлебачаньне. Высакахуткасны доступ да Сеціва рабіў магчымым спампоўку фільма за некалькіх хвілінаў. Лічбавае інтэрактыўнае тэлебачаньне рабіла даступным прагляд тэлеканалаў у высокім разрозьненьні на некалькіх тэлевізарах. «Менская ГТС» бясплатна пракладала аптычны кабэль у новых дамах і мяняла разэткі на аптычныя ў старых. Да адпаведнага абсталяваньня адначасна падлучалі тэлефон і кампутар, тэлевізар і ахоўную сыгналізацыю. На сакавік 2014 году да аптычнай сеткі замест меднай, якая праслужыла звыш 40 гадоў, падлучылі звыш 400 жылых дамоў зь 2012 году. У выніку карыстальнікамі высакахуткаснага Сеціва «Байфлай» стала звыш 380 000 абанэнтаў[6].
«МГТС» падтрымлівала звыш 10 адмысловых службаў даведкі праз кароткія 3-значныя нумары. Гэтыя даведкі апавяшчалі пра абменны курс, рэпэртуар кінатэатраў (191) і дакладны час (188). Штодзень на даведкавы нумар 109 па тэлефоны кватэраў і установаў зьвярталася каля 30 000 чалавек. Пашыраным попытам карысталася даведка 195 аб прагнозе надвор'я, які адмыслоўцы Белгідрамэтцэнтру абнаўлялі тройчы на дзень. Сярод іншага, праз нумар 196 народныя артысты Беларусі выконвалі звыш 200 клясычных казак. Іншымі кароткімі нумарамі даведкі былі: 123 — служба тэхнічнай падтрымкі, 130 — адзіная даведка пра ўсе паслугі электрасувязі, 175 — расцэнкі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, 190 — інфармацыя пра Менск, 192 — «Пасьмяемся», 193 — адпачынак і забавы, 197 — імяніны, 199 — тэлефоны экстраных службаў. Існавала магчымаць заказаць апавяшчэньне пра ўваходны выклік на выпадак пропуску званка. Іншымі паслугамі былі аўдыёнарада з удзелам ад 3-х да 50 чалавек і закрытая група са скарочанымі нумарамі для бясплатнага тэлефанаваньня між карыстальнікамі. Была даступная пераадрасацыя выкліку 3-х відаў: 1) безумоўная — перанакіроўвала ўваходныя тэлефанаваньні на пазначаны нумар, 2) пры занятасьці — у выпадку размовы па тэлефоне званкі паступалі на нумар памагатага, 3) пры неадказе — пасьля 5 гудкоў выклік накіроўвалі на сотавы нумар. Урэшце, існавала злучэньне без набору нумара з патрэбным абанэнтам пасьля чаканьня 10 сэкундаў ад зьняцьця слухаўка. Таксама скарочаны набор нумара дазваляў набраць 2 клявішы замест 7 лічбаў нумара[6].
У жніўні 2017 году «МГТС» падлучыла 200-тысячнага абанэнта інтэрнэт-тэлебачаньня «Заля». 12 сьнежня 2018 году лік абанэнтаў дасягнуў 300 000[7]. У кастрычніку 2021 году да пасіўнай аптычнай сеткі (ПАС) падлучылі 800-тысячнага абанэнта[8].
Кіраўнікі
рэдагаваць- Сяргей Папкоў (2008—2011)
- Эдуард Белакурскі (на 2022 год)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Філіі // УП «Белтэлекам», 2022 г. Праверана 19 верасьня 2022 г.
- ^ а б в https://zviazda.by/be/news/20140305/1393970218-klapocimsya-pra-kamfort-kozhnaga-klienta
- ^ Сэрвісныя цэнтры і пункты // УП «Белтэлекам», 2022 г. Праверана 19 верасьня 2022 г.
- ^ Адрасы рамонтных майстэрняў МГТС // УП «Белтэлекам», 2022 г. Праверана 19 верасьня 2022 г.
- ^ Дзіцячы аздараўленчы лягер «Крынічка» // УП «Белтэлекам», 2022 г. Праверана 19 верасьня 2022 г.
- ^ а б в Надзея Дрыла, Аляксандар Фурсаў. «Клапоцімся пра камфорт кожнага кліента» // Зьвязда : газэта. — 5 сакавіка 2014. — № 41 (27651). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ 300 тысяч мінчан выбралі тэлебачаньне «Заля» // УП «Белтэлекам», 13 сьнежня 2018 г. Праверана 19 верасьня 2022 г.
- ^ 125 гадоў на сувязі: філія «Менская гарадзкая тэлефонная сетка» РУП «Белтэлекам» адзначае юбілей // УП «Белтэлекам», 15 лістапада 2021 г. Праверана 19 верасьня 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Навіны «Менскай гарадзкой тэлефоннай сеткі» // УП «Белтэлекам», 19 сакавіка 2020 г. Праверана 19 верасьня 2022 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |