Вуліца Іскаліева (Менск)

вуліца ў Менску (Беларусь)

Ву́ліца Іскалі́ева — адна з вуліцаў Менску, разьмешчаная на паўднёвым усходзе места, адміністрацыйна ўваходзіць у склад Заводзкага раёну. Бліжэйшыя магістралі — вуліцы Народная, Пляханава, Тухачэўскага, Васьняцова, Яна Райніса, Партызанскі праспэкт. Названая ў гонар Сундуткалі Іскаліева — ураджэнца сучаснага Казахстану, героя Савецкага Саюзу, які загінуў на тэрыторыі Беларусі ў часы Другой сусьветнай вайны.

вуліца Іскаліева
вуліца
Агульная інфармацыя
Раён гораду
Даўжыня 651 м
Бліжэйшыя станцыі мэтро Партызанская
Паштовыя індэксы 220026
На мапе
Google

Агульныя зьвесткі

рэдагаваць

Вуліца носіць імя Сундуткалі Іскаліева — савецкага вайскоўца-ўраджэнца Кіргіскай АССР РСФСР (цяп. Казахстан), які загінуў на тэрыторыі ўсходняе Беларусі ў часы Другой сусьветнай вайны, герой Савецкага Саюзу пасьмяротна. На ўсходнім баку дому №2 усталяваная адпаведная мэмарыяльная дошка.

Знаходзіцца на паўночным захадзе Заводзкага раёну гораду Менск. Адносна суседніх вуліцаў вуліца Іскаліева месьціцца пасярод вуліцы Тухачэўскага, да якой пэрпэндыкулярна прымыкае на паўднёвым захадзе, і зьездам на разьвязку вуліцы Пляханава й Партызанскага праспэкту, да якога пэрпэндыкулярна прымыкае на паўночным усходзе; абедзьве магістралі адначасова ўяўляюць сабою канцы вуліцы. Акрамя пэрпэндыкулярных злучэньняў з вуліцай Тухачэўскага й Партызанскім праспэктам, вуліца фармальна перацінаецца вуліцай Народнай. Паблізу пэрпэндыкулярна праходзіць вуліца Яна Райніса, паралельна — вуліцы Васьняцова й Пляханава. Даўжыня вуліцы складае 651 м.[1]

Асноўнай асаблівасьцю вуліцы зьяўляецца яе перарывістая схема: дарожнае палатно, якое й ёсьць фактычнай вуліцай, прадстаўленае толькі ля канцоў вуліцы, якія, адпаведна, прымыкаюць да вуліцы Тухачэўскага й Партызанскага праспэкту. Большая частка вуліцы, разьмешчаная між гэтымі двума ўчасткамі дарожнага палатна, фактычна не зьяўляецца вуліцай у агульнапрынятым разуменьні гэтага тэрміну, прадстаўлячы сабою тратуар. На гэтым участку вуліца перацінаецца з вуліцай Народнай, пешаходныя пераходы на гэтых участках адсутнічаюць. Незважаючы на перарывісты характар, да вуліцы Іскаліева адносяцца таксама й будынкі, што месьцяцца пры тратуары; пад’езд да дамоў, разьмешчаных ля дадзенага ўчастку вуліцы, ажыцьцяўляецца па ўнутраных праездах, што праходзяць ад суседніх вуліцаў (Тухачэўскага, Народная, Васьняцова, Яна Райніса, Партызанскі праспэкт). Даўжыня вуліцы, з улікам участкаў, што фармальна прадстаўляюць вуліцы, складае прынамсі ня больш за 500 м.

Амаль усе будынкі, што юрыдычна аднесеныя да вуліцы, знаходзяцца толькі на цотным, заходнім баку вуліцы. Усходні, няцотны бок вуліцы прадстаўлены толькі дзіцячым садком №109, які разьмешчаны па адрасе Іскаліева, №14 (аднесены да цотнага боку, фактычна разьмешчаны на няцотным). Іншыя будынкі, фактычна разьмешчаныя на ўсходнім баку вуліцы, адносяцца да вуліцы Пляханава (якая пралягае ў некалькіх дзясятках мэтраў на ўсход) або Партызанскага праспэкту.

Жыльлёвая забудова складзеная пераважна пяціпавярховымі дамамі «хрушчоўскага» праекту, што яднае вуліцу з больш заходнімі кварталамі на вуліцы Народнай, Яна Райніса ды Васьняцова, але адрозьнівае ад паўднёвых кварталаў вуліцы Тухачэўскага й усходніх кварталаў вуліцы Пляханава («сталінская» забудова). Жылая забудова займае амаль увесь заходні бок вуліцы і, такім чынам, складае амаль адзіныя аб’екты, якія ўваходзяць у сыстэму нумарацыі вуліцы. Выключэньне складаюць будынак, прыналежны да аб’яднаньня «Белтэлекам», які знаходзіцца па адрасе Іскаліева, №12; а таксама ўпраўленьне адукацыі адміністрацыі Заводзкага раёну (№12А)[2][1]. Будынкі ўсёй няцотнай, усходняй часткі вуліцы, у тым ліку будынкі, неаднесеныя да вуліцы, прадстаўляюць сабою нежылыя аб’екты грамадзкага прызначэньня (дзіцячы садок №124, міжшкольны навучальна-вытворчы камбінат №2, будынак былога дзіцячага садку, сярэдняя агульнаадукацыйная школа №82, пункт прыёму шкляной тары, аддзяленьне ўнівэрсаму).

Прысутнае дарожнае палатно — дзьвюхпалоснае, участкі для паркоўкі адсутныя.

  1. ^ а б Улица Искалиева (рас.) Партал адміністрацыі Заводзкага раёну. Праверана 3 ліпеня 2014 г.
  2. ^ Сервисный центр г. Минска №4 (рас.). Белтэлекам. Праверана 23 чэрвеня 2014 г.