«Магіла льва» — паэма Янкі Купалы, завершаная 2 ліпеня 1913 году ў Акопах. Упершыню надрукаваная ў Менску ў газэце «Беларусь» 1920 лютага 1920 году. Асобным выданьнем выйшла ў Менску ў 1927 годзе тыражом 3 тысячы асобнікаў. Адна зь вяршынных Купалавых разгадкаў крыўдаў і бедаў беларускага народу напярэдадні рэвалюцыйных падзеяў.[1]

«Магіла льва»
па-беларуску: Магіла льва
Малюнак Я. Раманоўскага
да паэмы Янкі Купалы «Магіла льва»
(1959, папера, вугаль)
Жанр: паэма
Аўтар: Янка Купала
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 2 ліпеня 1913
Публікацыя: 1920 лютага 1920
Электронная вэрсія

Апісаньне

рэдагаваць

У аснове сюжэту паэмы — легенда пра ўзьнікненьне Магілёва, пра Машэку, нібыта пахаванага на гары з назваю Магіла льва альбо Машэкава гара. Але народная легенда была толькі адпраўным пунктам для купалавай фантазіі. Вобраз Машэкі атрымаў у Купалы прынцыпова розную ад фальклёрнай інтэрпрэтацыю. Ад фальклёрнага прататыпу аўтар узяў толькі вонкавае — канву сюжэту і народныя ўяўленьні пра Машэку як волата, яго незвычайныя рост і моц. Аўтар зьмяніў матывы, паводле якіх Наталька — каханая Машэкі — пакідае яго і ідзе за панам, а вобраз Машэкі падаў ня як волата і народнага заступніка, што помсьціць панам за народную крыўду, а як разбойніка, асьлепленага асабістай крыўдай, аднолькава варожага ў сваёй помсьце і грамадзе і пану. Асноўная ідэя паэмы — асуджэньне проціпастаўленьня асобы народу, асуджэньне эгаізму, сьляпога індывідуялізму, няразьвітасьці грамадзкае самасьвядомасьці.[1]

«Зьбіраць пачнем зярно к зярняці,
Былое ў думках ускрашаць,
Каб быт на новы лад пачаці
І сеўбу новую пачаць.

Пачнём дакапывацца самі
Разгадкі нашых крыўд і бед,
Што леглі цёмнымі лясамі
На нашай долі з даўных лет. »

Я. Купала

З паэмы «Магіла льва»

Вобраз Наталькі ў паэму зьяўляецца супярэчлівым. З аднаго боку, яна — гераіня, якая ўздымае справядлівы караючы меч, зьдзяйсьняючы народную волю, народны прысуд Машэку-разбойніку. Але з другога — яна выступае здрадніцай, прычынай шаленства і разбою Машэкі, яго жыцьцёвай драмы. І Наталька, і Машэка — вобразы глыбока рамантычныя, постаці незвычайныя. Паэма аб іх каханьні — твор рамантычны, і рэалістычных матывіроўкаў паводзінаў, рэалістычнага раскрыцьця стану душы герояў у ёй няма. Паэт рамантчына трактуе каханьне як загадку, як насланьнё. Пакуты каханьня, аднак, аказаліся нішто перад пакутамі здрады. Ды здрада Наталькі, паводле паэмы, не яе віна: яна стала ахвярай «людской хітрасьці», «даніманьня», панскіх заляцаньняў, што павялі яе «пуцінамі крывымі». У сваёй лучнасьці з роднай вёскай, з грамадой Наталька становіцца гераіняй. Народная памяць яе як бы выбачае, забываецца на тое, што яна асьлепленая панскімі харомамі, калісьці пакінула сваю вёску.[1]

Крывавая разьвязка любоўнае калізіі ў паэме — як папярэджаньне, заклён Купалы ад небясьпекі быць адлучаным ад свайго народу. Прыватная крыўда Машэкі-разбойніка перарастае ў Купалы ў праблему нацыянальнае крыўды ўвогуле, у сьцьверджаньне, што «крыўда цэлай грамады» ёсьць сіла правамерная, натхняльная, гуманістычная.[1]

Па сваёй форме паэма нескладаная, арыентавана на клясычную сымэтрычнасць кампазыцыі: мае 20 разьдзелаў, у кожным зь якіх па 6 катрэнаў аднолькавай рыфмоўкі. Чатырохстопны ямб у першым і трэцім радках нарошчаны да жаночай рыфмы.[1]

  Канчатковы вынік, які выцякае з аналізу кампазыцыйнае пабудовы і стылю ... паэмаў [«За што», «На куцьцю», «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»], зводзіцца да таго, што гэтымі творамі Я. Купала ўвёў беларускую літаратуру ў галіне гэтага жанру ў агульнае рэчышча літаратуры эўрапейскай.  

Андрэй Вазьнясенскі[2]

Пераклады і мастацкія ўвасабленьні

рэдагаваць

На расейскую мову паэму пераклаў М. Ісакоўскі, на ўкраінскую — М. Нагнібеда, на малдаўскую — П. Дарыё. Ілюстравалі паэму М. Басалыга, М. Бельскі, А. Кашкурэвіч, М. Купава, Я. Раманоўскі, В. Шаранговіч. Паводле матываў паэмы і іншых твораў Купалы на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1971 годзе быў створаны аднайменны кінафільм.[1]

Па матывах паэмы Р. Пукст напісаў опэру «Машэка», а Я. Глебаў — сымфанічную «Паэму-легенду».[3]

  1. ^ а б в г д е А. Лойка Магіла льва (паэма) // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Менск: БелСЭ, 1986. — С. 369—370.
  2. ^ Янка Купала. "Магіла льва" (з народнага падання). 1913 Праверана 3 лістапада 2012 г.
  3. ^ Янка Купала Родныя вобразы Праверана 3 лістапада 2012 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Магіла льва (паэма)» / Аўтар — А. Лойка — C. 369—370.
  • Бярозкін Р. Свет Купалы; Звенні. — Мн., 1981. — С.102—104.
  • Грынчык М. Фальклорныя тррадыцыт ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. — Мн., 69. — С.263—268.
  • Каваленка В. Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры. — Мн., 1981. — С.146—149.
  • Лазарук М. Магіла льва як філасофская паэма // Янка Купала і Якуб Колас: некаторыя аспекты творчасці. — Мн., 1982.
  • Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч.2. — Мн., 1980. — С.173—176.
  • Навуменка І. Янка Купала. — Мн., 1980. — С.88—89.
  • Пшыркоў Ю. Дарэвалюцыйныя паэмы Янкі Купалы // Полымя рэвалюцыі. — 1940. — № 12.
  • Шкраба Р. Ідэя паэмы «Магіла льва» // «Літаратура і Мастацтва». — 1947. — 9 жніўня.
  • Ярош М. Янка Купала і беларуская паэзія. — Мн., 1971.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць