Касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі (Тракелі)
Славутасьць | |
Касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі
| |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Тракелі (Вярэнаўскі раён) |
Каардынаты | 54°2′13.27″ пн. ш. 25°24′30.57″ у. д. / 54.0370194° пн. ш. 25.4084917° у. д.Каардынаты: 54°2′13.27″ пн. ш. 25°24′30.57″ у. д. / 54.0370194° пн. ш. 25.4084917° у. д. |
Канфэсія | Рыма-каталіцкая царква |
Эпархія | Гарадзенская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | барока, клясыцызм |
Дата заснаваньня | 1809 |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасьць Беларусі, шыфр 413Г000143 |
Стан | дзейны |
Касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі |
Касьцёл Адве́дзінаў Найсьвяце́йшай Па́нны Мары́і — парафіяльны касьцёл(pl) у вёсцы Тракелях. Помнік архітэктуры барока і клясыцызму.
Мінуўшчына
рэдагавацьУпершыню касьцёл у Тракелях узгадваецца ў 1433 року ў лісьце вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча, дзе ён пацьвярджае Яну Гаштольду ягоную ўласнасьць Тракеляў. Згодна з традыцыяй, касьцёл пад тытулам Адведзінаў Найсьвяцейшай Марыі Панны (Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Марыі Паньне) быў заснаваны тут у 1500 року віленскім ваяводам Марцінам Гаштольдам[1].
З канца XVI стагодзьдзя тут аселі езуіты, і з таго часу да 1865 року Тракелі разам з Дворышчам утваралі адзіную гаспадарку. Падчас «швэдзкага патопу» ў 1656 року касьцёл цалкаў згарэў, аднак прывезены езуітамі зь Вільні абраз Маці Божай Тракельскай ацалеў. Езуіты адбудавалі касьцёл, але ў 1674 року ён зноўку згарэў. У 1680 року яго зноўку адбудавалі, а 4 ліпеня 1687 року кансэкравалі біскуп Цярнопальскі, суфраган прэлат віленскі Габрыэль Сільніцкі.
У 1738 року касьцёл згарэў трэцім разам, абраз Маці Божай Тракельскай не пацярпеў. Гэтыя драўляныя касьцёлы стаялі ў паўночнай частцы вёскі, прыкладна за 500—600 м ад цяперашняга, каля шашы на Ліпнішкі.
Да тракельскай парафіі з ХVIII ст. адносіліся капліцы ў Гімбутах, Дворышчы і на мясцовых парафіяльных могілках (апошняя, драўляная васьмігранная з абразом Маці Божай у алтары, зьнікла прыкладна ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя). У ХVIII—ХІХ стагодзьдзях пры парафіі дзейнічалі шпіталь і школка.
На цяперашнім месцы драўляны касьцёл паўстаў у 1809 року (паводле іншых зьвестак — у 1830 року[1]) на ахвяраваньні мясцовага земляўласьніка Стэфана Незабытоўскага, падкаморыя наваградзкага. Сьвятыня рэстаўравалася на сродкі парафіянаў у 1866 року, у 1928 сьцены былі ашаляваны звонку і ўнутры[2].
Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады не аднойчы спрабавалі закрыць касьцёл. Пасьля апошняга рамонту ў 1950-х касьцёл страціў сваю аўтэнтычную вэртыкальную ашалёўку і гонтавы дах, а разам зь імі — мастацкую выразнасьць і сапраўднасьць[3]. У 1970-я занесены ў сьпіс помнікаў архітэктуры Беларусі.
У 1968 року парафію зьнялі з рэгістрацыі (у 1961—1975 касьцёл стаяў закрыты), але вернікі змаглі абараніць сьвятыню. Дваццаць гадоў ішло супрацьстаяньне, рэгулярна служылася імша, больш таго, парафіяне адрамантавалі касьцёл. У жніўні 1988 тракельская парафія(pl) ізноў была афіцыйна зарэгістраваная.
Раней тракельская парафія ўваходзіла ў склад Лідзкага дэканату, з 1991 знаходзіцца ў Радунскім дэканаце. У 1994 касьцёл у Тракелях атрымаў статус дыяцэзійнага санктуарыя Маці Божай (фэст — першая субота ліпеня). У 1997 року перад касьцёлам пабудаваны навес для вулічных набажэнстваў падчас пілігрымак.
Архітэктура
рэдагавацьПомнік народнага драўлянага дойлідзтва з элемэнтамі барока і клясыцызму. Будынак складаецца з аднолькавых паводле вышыні прастакутных зрубаў прытвора, асноўнага аб’ёму і апсыды з бакавымі нізкімі сакрыстыямі, якія скампанаваны ў выцягнуты па падоўжнай восі манумэнтальны аб’ём, накрыты агульным вальмавым дахам. Шатровы дах прытвора завершаны цыбулепадобным купалам на гранёным барабане[2].
Малітоўная заля ўнутры перакрыта плоскай падшыўной стольлю, апсыда — цыліндрычным скляпеньнем, таксама падшыўным. Над уваходам зроблены хоры на 4 калёнах. У касьцёле тры двух’ярусныя алтары. Драўляны галоўны алтар выкананы ў стылі нэабарока. У другім ярусе галоўнага алтара знаходзіцца абраз Адведзінаў Паннай Марыяй сьвятой Альжбеты. Левы бакавы алтар прысьвечаны сьв. Каятану з абразом сьв. Тэрэзы ў другім ярусе. Правы бакавы алтар — сьв. Юзэфа, у другім ярусе зьмешчаны абраз Маці Божай Балеснай. Амаль цалкам захавалася гістарычнае разьмяшчэньне алтароў, нават з тых часоў, калі яны яшчэ былі аптычна намаляваны на сьценах, толькі правы алтар да 1850 року быў прысьвечаны Езусу Бічаванаму.
Побач з касьцёлам (на поўнач ад яго) пастаўлена драўляная 2-ярусная каркасная званіца[2]. Тут зьмешчаны старажытны звон, адліты ў 1754 майстрам Густавам Мёркам зь Вільні.
Ля касьцёлу, насупраць брамы, стаіць капліца-пахавальня Брыгіты Шукевіч (пам. 1803), закрытая ў 1870 року. Васьмігранная, цагляная, атынкаваная сьвятыня з рысамі клясычнага стылю, перакрытая цыліндрычным скляпеньнем і накрытая шатровым дахам. У нішы алтара зьмешчана Ўкрыжаваньне.
Комплекс абнесены невысокай бутавай агароджай зь невялікай аднапралётнай уваходнай брамай з цэглы пад тынкам.
Абраз Маці Божай Тракельскай
рэдагавацьУ галоўным алтары сьвятыні знаходзіцца цудатворны абраз XVI стагодзьдзя «Маці Божая Тракельская»[2], падобны да рымскага абраза Маці Божай Сьнежнай. Невядомы маляр выканаў абраз памерамі 180 × 100 см. Згодна з паданьнем, абраз у 1595 року прывезьлі зь Вільні езуіты. Ён укладзены ў пасрэбрана-пазалочаныя шаты і аздоблены трыма каронамі з шляхетнымі камянямі (усяго 74) і шматлікімі вотамі.
Імаверна, падчас адбудовы касьцёл ў 1680 року абраз быў дапоўнены выявай сьвятога Казімера на каленях у малітве. У 1782 року пашкоджаны абраз быў адноўлены і наклеены на новае палатно. Апошняе абнаўленьне адбылося ў 1991 року ў Варшаве.
Паміж набажэнствамі цудадзейны абраз засланяецца абразом сьвятога Ізыдара[1].
5 ліпеня 2009 року кардынал Казімер Сьвёнтак наклаў на абраз кароны, дабраславёныя Папам рымскім Бэнэдыктам XVI у Ватыкане[4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Тракелі. Парафіі і сьвятыні. Слова жыцьця (13 сьнежня 2015). Праверана 12 ліпеня 2021 г.
- ^ а б в г Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1986—1988.
- ^ Габрусь, Тамара Вынішчэнне гістарычнай памяці народа працягваецца. Наша Ніва. Праверана 12 ліпеня 2021 г.
- ^ Białoruś: kard. Świątek koronował obraz Matki Bożej Trokielskiej (пол.). Archidiecezja Łódzka (7 ліпеня 2009). Праверана 12 ліпеня 2021 г.
Літаратура
рэдагаваць- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1986—1988.
- Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; маст. І. Бокі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 413Г000143 |