Касьцюкі (Барысаўскі раён)

вёска ў Весялоўскім сельсавеце Барысаўскага раёну Менскай вобласьці Беларусі

Касьцюкі́[3] — вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, на захад ад ракі Бярэзіна, за 24 км на паўночны захад ад Барысава[4], на поўдзень ад шашы Р63. Касьцюкі ўваходзяць у склад Весялоўскага сельсавету.

Касьцюкі
трансьліт. Kaściuki
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Барысаўскі
Сельсавет: Весялоўскі
Вышыня: 162[1] м н. у. м.
Насельніцтва: 278 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 177
Паштовы індэкс: 222149[2]
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°20′57.98″ пн. ш. 28°19′23.02″ у. д. / 54.3494389° пн. ш. 28.3230611° у. д. / 54.3494389; 28.3230611Каардынаты: 54°20′57.98″ пн. ш. 28°19′23.02″ у. д. / 54.3494389° пн. ш. 28.3230611° у. д. / 54.3494389; 28.3230611
Касьцюкі на мапе Беларусі ±
Касьцюкі
Касьцюкі
Касьцюкі
Касьцюкі
Касьцюкі
Касьцюкі
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Месцазнаходжаньне рэдагаваць

Касьцюкі разьмяшчаюцца амаль на востраве. З трох бакоў у яе навакольлях знаходзяцца балотныя поймы і рэкі Гайна і Бярэзіна, з чацьвертай — невялікае балота. Яно злучае паміж сабою поймы дзьвюх тутэйшых рэк. Цяпер балота асушана і ўздоўж яго праходзіць мэліярацыйны канал.

Аднак цяпер з-за наяўнасьці мастоў і асфальтаваных дарог у навакольлях Касьцюкоў не ўзьнікае адчуваньне вострава. Важныя шляхі і пераправы праз рэкі існуюць тут ўжо шмат стагодзьдзяў. Яны адыгралі значную ролю ў лёсе Касьцюкоў.

Гісторыя рэдагаваць

Заснаваньне, паходжаньне назвы рэдагаваць

Існуе наступнае паданьне пра заснаваньне вёскі Касьцюкі. Калісьці вельмі даўно, яшчэ за паншчынай, ад аднаго з паноў зьбеглі два браты і пасяліліся тут у лесе ў міжрэччы Гайны і Бярэзіны. Выкапалі зямлянку, пачалі жыць. Прайшоў час. Завялі сабе жонак, зрабілі дзьве зямлянкі. Потым пабудавалі невялічкія хаткі. Мелі браты прозьвішча Касьцюк. Людзі казалі: «Вунь там жывуць Касьцюкі». Адсюль і пайшла назва Касьцюкі. Потым у сем’ях зьявіліся дзеці. Яны вырасьлі, пачалі будавацца. Утварылася невялічкая вуліца, потым вёска.

Першыя пісьмовыя ўзгадваньні рэдагаваць

Вёска адносілася да крычынскага маёнтка, які належаў на той час пану Курашу. У навакольлях тагачасных Касьцюкоў згадваюцца сенажаці. Называюцца ў адным з тагачасных старых дакумэнтаў і двое жыхароў Касьцюкоў — Грышка Сымановіч і Івашка Васілевіч.

Першай мапай, на якой былі адлюстраваныя Касьцюкі, была мапа 1772 году Рычы Заноні (рас. Риччи Занони).

ХІХ — пачатак ХХ стагодзьдзя рэдагаваць

У 1812 годзе Касьцюкі апынуліся ў непасрэднай блізкасьці ад месца пераправы войска Напалеона празь Бярэзіну. Аднак цяпер нічога не вядома пра тое, як разгортваліся вакол вёскі тагачасныя падзеі. Наогул пра Касьцюкі ў ХІХ стагодзьдзі вядомы толькі асобныя ўрыўкавыя зьвесткі.

На мяжы ХІХ—ХХ стагодзьдзяў Касьцюкі адносіліся да Зембінскай воласьці.

На мяжы 1900-х — 1910-х адбывалася рэканструкцыя дарогі з Барысава на Зембін. Першапачаткова плянавалася, што пераправа празь Бярэзіну на ёй будзе ў Студзёнцы. Аднак паны з Трасьцяніцы і іншых левабярэжных вёсак змаглі ўгаварыць будаўнікоў ладзіць пераправу ля Весялова і Касьцюкоў. Многія жыхары вёскі змаглі падзарабіць на будаўніцтве грэблі. Прычым ня толькі дарослыя, але і падлеткі. Яны бясспынна ехалі на падводах, а людзі з двух бакоў кідалі на іх зямлю. Усьлед за адной падводай адразу ехала наступная і г. д. Так яны і навозілі дастаткова пяску для грэблі.

Касьцюкі знаходзяцца ля важных тутэйшых дарог. Таму ля іх здаўна існавалі корчмы. У іх можна было пераначаваць, паесьці, а пры жаданьні і выпіць. Па шляху на Барысаў тут часта спыняліся людзі, асабліва тыя, якія ехалі ў горад на конях. Іх ля карчмы было дзе распрэгчы і паставіць.

Адна з корчмаў знаходзілася ля дарогі з Барысава на Зембін, другая — ля гасьцінца, які ішоў зь Вялікага Стахава. Абедзьве яны былі драўляныя. Валодала другой карчмой габрэйка Хілька. Яна займалася як гандлем у карчме, так і сельскай гаспадаркай. Менавіта сюды хадзілі ў свой час тутэйшыя мужыкі, каб выпіць гарэлкі, ці, як тады казалі, адведаць «манаполькі». Існавала гэта карчма да савецкага часу. Потым яе разабралі і, хутчэй за ўсё, калгас яе перавёз і выкарыстаў на свае патрэбы.

Ад другой карчмы ўжо даўно таксама нічога не засталося.

Царква рэдагаваць

Час заснаваньня царквы ў Касьцюках невядомы. У 1590 годзе яна існавала і мела статус прыходзкай. Потым на некалькі стагодзьдзяў зьвесткі пра царкву ў Касьцюках губляюцца.

У 1864 годзе на могілках існавала драўляная Дзьмітрыеўская царква. Прыпісана яна была да зембінскага прыходу. Апошняя царква ў Касьцюках знаходзілася на ўзвышшы на могілках (была яна па памерах прыблізна такая самая, як і царква ў Ляхаўцы). Аднак знаходзілася яна на гэтым месцы ня ўвесь час. Сьведчаньнем таму зьяўляецца тое, што там былі выяўлены старэйшыя за царкву пахаваньні.

Будынак царквы быў разабраны і перавезены ў іншае месца калгасам ў 1941 годзе. Аднак з-за пачатку вайны зь яе так нічога і не было пабудавана.

Школа рэдагаваць

Школа пісьменнасьці ў Касьцюках бярэ свой пачатак у 1874 годзе (паводле іншых зьвестак, у 1884 годзе). Вучылася ў ёй звычайна па 10 хлопцаў (у 1884 годзе было 12 вучняў). Будынка свайго яна ня мела, была «бадзячай». Вясковыя мужыкі прыватным чынам наймалі чалавека (звычайна маладога пісьменнага чалавека), які мог навучыць вясковых хлопцаў чытаць і «разьвязваць» задачы да сотні. Плацілі яму звычайна па пуду бульбы, пуду жыта, колькі грошаў.

Тыдзень займаліся ў адной хаце. Тут настаўнік жыў, еў ды спаў. Гэта сям’я давала яму і вопратку. Тыдзень сканчваўся. У суботу ў іншым месцы палілі лазьню. Хлопцы бралі козьлікі, лаўкі, пераносілі іх у іншую хату да наступнага па чарзе гаспадара. Туды ішоў і настаўнік. Там ён мыўся, апранаўся ў новую вопратку, якую давалі новыя гаспадары (старую вопратку вярталі папярэднім гаспадарам). Тут жыў настаўнік і «працавала» школа яшчэ тыдзень. Потым усё паўтаралася.

У тых выпадках, калі праца сялянскай гаспадаркі вымушала хлопца адсутнічаць на занятках (напрыклад, калі старэйшага сына бацька браў на працу ў лес), каб яго аплочанае месца не прападала, на яго месца ў «школу» ішоў маладзейшы.

Першы сталы будынак касьцюкоўская школа займела ў 1923 годзе ў Старыне. Знаходзілася яна там па 1937 год. Тады быў пабудаваны новы драўляны будынак школы. Яна мела выгляд літары «П», у ёй было сем клясных пакояў і настаўніцкая. Знаходзілася яна на тым самым месцы, дзе разьмяшчаецца яе больш позьні будынак. Дырэктарам той школы быў Ждан. Кажуць, што ён на калідоры таго драўлянага будынка навучыўся езьдзіць на ровары.

Падчас Другой сусьветнай вайны ў будынку школы немцы стварылі гарнізон. У 1942 годзе партызаны будынак спалілі. Немцы зьехалі, прыехалі паліцаі і ўтварылі тут свой гарнізон.

Пасьля вайны тамтэйшыя дзеці спачатку хадзілі ў школу ў Вялікую Трасьцяніцу. Потым зноў вучыліся па хатах. У 1954 годзе пачалі вучыцца ў невялікім будынку, дзе былі зроблены тры клясы і настаўніцкая (гэты будынак да нядаўняга часу выкарыстоўваўся як школьная сталовая). Школа стала сямігодкай.

У сярэдзіне 60-х гадоў ХХ стагодзьдзя было вырашана будаваць новы будынак школы. Першапачаткова меркавалася яго ўзводзіць у Касьцюках недалёка ад могілак. Аднак, паколькі на той час вучняў з Брылёў было болей чым з Касьцюкоў, вырашана было будаваць яе на старым месцы. Будаўніцтва новага будынка школы распачалося па тыпавым праекце ў 1966 годзе. Аднак падмурак быў забракаваны. Месца будаўніцтва пасунулі ў бок на тры мэтры і пачалі будоўлю наноў. Першыя заняткі ў новым будынку школы былі праведзеныя 20 студзеня 1970 году.

Нядаўна школа ў Касьцюках была зачынена. Калі б гэта не адбылося, то ў яе хадзілі бы ўсяго 34 вучні (у 1966 годзе ў ёй было 179 вучняў).

Пасёлкі рэдагаваць

Касьцюкі, акрамя непасрэдна вёскі, мелі тры пасёлкі. Ля гасьцінца, дзе разьмяшчалася касьцюкоўская школа, знаходзіцца пасёлак Зарынец. Вуліца Лясная — гэта былы пасёлак Загасьцінец. За дарогай з Барысава на Зембін знаходзіцца былы пасёлак Антосін. Час заснаваньня пасёлкаў невядомы.

Напрыканцы 60-х — пачатку 70-х гадоў ХІХ стагодзьдзя ўжо існаваў фальварак Антосін. Такі самы статус ён меў і на пачатку ХХ стагодзьдзя. Назва яго, як кажуць старыя жыхары, паходзіць ад таго, што тут жыў пан Антосін. Паны ў Антосіне былі багатыя, мелі нямала зямлі. Быў панскі дом, гаспадарчыя будынкі, ля яго былі пасаджаны розныя расьліны (многа бэзу і шмат іншага). Сюды доўга яшчэ потым хадзілі людзі па бэз. За Антосіным быў раней вялікі панскі лес (як дарэчы, і да вайны ля Касьцюкоў быў стары лес, які цалкам высеклі немцы ў час вайны). Калі паноў разагналі, лес высеклі. Ад паноў зараз захаваліся толькі асобныя панскія дрэвы. Магчыма яшчэ захаваўся панскі склеп. Самі ж панскія будынкі разабралі яшчэ да вайны.

Зарынец і Загасьцінец, магчыма, утварыліся на мяжы ХІХ — ХХ стагодзьдзяў. Ва ўсякім разе, у другім 1910-я яны ўжо існавалі.

На пачатку ХХ стагодзьдзя існаваў хутар Зімнік. За балотцам у бок Старыны быў хутар Зазімнік. Калі зьліквідоўвалі хутары, частку яго жыхароў перасялілі ў Касьцюкі (сяліліся яго жыхары там, дзе зараз вуліца Моладзевая), а частку — у Старыну. Ля Брылёў былі Стругі. Але іх ужо даўно няма. Былі ў даўнія часы ў навакольлях Касьцюкоў і Заніўкі (відаць месца, дзе яны былі, старыя людзі называюць Занівачча).

Меўся ў ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя (а магчыма і ў больш раньнія часы) гаспадарчы двор Касьцюкі. Належыў ён Цюндзявіцкім. Аднак гэты маёнтак знаходзіўся не каля Касьцюкоў, а ля Старыны.

Тутэйшыя легенды рэдагаваць

Ад жыхароў Касьцюкоў можна пачуць шмат гісторый, якія распавядаюць пра выпадкі са старога жыцьця вёскі.


  Яшчэ ў часы прыгоннага права касьцюкоўскі пан Цюндзявіцкі, які любіў гуляць у карты, выйграў у рагацкага пана прыгоннага селяніна Лукаша Курковіча. Цюндзявіцкі прывёз селяніна ў Касьцюкі, пасяліў яго тут. З цягам часу Лукаш ажаніўся. У яго было трое сыноў. Старэйшы зь іх — Уладзімер пражыў 96 гадоў, Мікалай — 80 гадоў. Жылі ў Касьцюках і іх дзеці. Яшчэ і цяпер у вёсцы жыве ўнучка таго Лукаша — Алена.  


  Тутэйшыя мужыкі, калі вельмі хацелася пачаставацца ў карчме ў Хількі «манаполькай», але не было грошай, рабілі гэта ў пазыку, ці пакідалі гаспадыні карчмы заклад. Неяк селяніну Данілу вельмі хацелася выпіць, але закласьці не было чаго. Тады ён вырашыў пакінуць Хільцы манжэту (прыстасаваньне для наточкі касы, якое ўяўляе сабой звычайную палку, з двух бакоў якой быў цэмэнтны раствор). Манжэта гэта нічога не каштавала, таму селянін за ёй не ішоў і грошы гаспадыні карчмы не вяртаў. Таму Хілька пры яго сустрэчы ўвесь час паўтарала: «Даніла, ідзі бяры свае мянтыла, а то прадам, прадам!»  


  Па сталыпінскай рэформе ў навакольлях Касьцюкоў расьсялялася шмат сялян, у прыватнасьці, у Зарынцу. У 1914 годзе, тут пасяліўся са сваёй сям’ёй, у якой было пяць сыноў, Фядот Супрановіч. Атрымаў ён восем дзесяцін «пяску». Яму казалі, што ў хуткім часе замест балота па яго землях пойдзе канал, які зьвяжа Гайну з Бярэзінай, таму землі ля балота запісалі як заліўны луг. Аднак гэтага канала Фядот, як і яго нашчадкі, так і не ўбачылі. Перад вайной тут уручную быў выкапаны асушальны канал.  


  Пры стварэньні калгасу на сялян, якія «не сьпяшаліся» ўступаць у новую гаспадарку, быў вялікі ціск. Сялян, якія не ўступалі ў калгас, абкладалі «цьвёрдым» падаткам. Калі яго выплачвалі, падатак павялічвалі. Сяляне бралі ў пазыку, але выплочвалі і павялічаны падатак. Яго зноў павялічвалі. Сяляне траплялі ў бязвыхаднае становішча і былі вымушаны ўступіць у калгас, тады іх вызвалялі ад падаткаў. Быў такі выпадак. Сумленьне і гонар аднаму з мужыкоў не дазвалялі напісаць пасьля такога заяву з просьбай добраахвотна ўступіць у калгас. Ён напісаў: «Прыміце мяне ў калгас, калі жадаеце». Яго прынялі.  

Час ліхалецьцяў і пераменаў рэдагаваць

Пасьля падзеяў 1917 году ў Касьцюкі ў хуткім часе прыйшлі немцы. Пасьля вызваленьня ад іх сюды ў жніўні 1919 году прыйшлі палякі. У час вайны зь імі ля Касьцюкоў быў утвораны партызанскі атрад. Аднак калі яму далі першае вайсковае даручэньне — напасьці на іх, палякі ўжо сышлі. Партызаны так ні разу і не ўступілі ў бой.

На 1931 годзе тут быў утвораны калгас «Другая пяцігодка». Касьцюкі, як і ўсе тутэйшыя вёскі, у сярэдзіне ХХ стагодзьдзя прайшлі праз рэпрэсіі, вайну, пасьляваеннае аднаўленьне. Зараз у Касьцюках каля 130 хат і вялікая колькасьць лецішчаў.

Старыя назвы рэдагаваць

У памяці жыхароў Касьцюкоў захаваліся народныя назвы мясцовасьцяў, якія даносяць калярыт былых часоў. За Антосінам ля Гайны ўрочышча носіць назву Дубкі, поле за ім ля лесу — Забаб’е. Кажуць, што да вайны там жыў Павал Супрановіч, якога ўсе называлі Паўлам Забабскім. А звалі таму, што ён ажаніўся на дзяўчыне, якая была значна старэйшая за яго. Людзі казалі: «Што ж ты робіш, яна ж старая!». «Дык не на век», — адказваў ён. Склалася так, што ён памёр яшчэ перад вайной, а яна пражыла да канца 70-х гадоў ХХ стагодзьдзя.

Балотца ў бок Брылёў называлі Мякша. Тут раней было так брудна, што копы тут насілі без штаноў. На супрацьлеглым баку сучаснай канавы частку пашы ў бок Брылёў называлі Пацерабы. Старыца Бярэзіны там здаўна называецца Лебена. Туды раней хадзілі купацца, бо там быў вельмі добры бераг. Быў Баўтрукоў, Яшукоў бераг. Было Янулева (там калісьці селянін Януля меў сенакосы). Вялікая старыца ля моста праз Бярэзіну мае назву Стружка. Больш старая пераправа праз Бярэзіну (яшчэ да вайны) мела мост ня толькі праз само рэчышча Бярэзіны, але і праз Стружку. Сама ж яна ў тыя часы і пачыналася і сканчвалася ў Бярэзіне. На тым беразе Бярэзіны знаходзіцца Забалохша. Дзе капалі канаву ля Зарынца — Капаніца.

Традыцыі рэдагаваць

Сярод народных сьвятаў у Касьцюках у былыя часы найбольш адзначалі Вялікдзень, потым Каляды. Хрышчэньне адзначалі меней. Хадзілі тут і калядаваць. Калісьці тут выконвалі розныя абрады: аралі ваду, калі доўга не ішоў дождж, і інш. Але гэта ўсё ўжо адышло яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў таму. Ставілі раней на скрыжаваньнях крыжы-абярэгі, вешалі на іх фартушкі.

З даўніх часоў у Касьцюках праводзілі кірмашы. Ладзіліся яны на Зьміцер (8 лістапада) і на Юр’я (6 траўня). У гэтыя дні ў вёску прыязджаў сьвятар, у царкве ладзіліся набажэнствы. Было шмат людзей, усе хадзілі адзін да аднаго, гулялі, згадвалі сваіх продкаў, аднавяскоўцаў.

Кірмашы ў Касьцюках яшчэ «гудзелі» ў 1950-я. У 1960-я — яшчэ цепліліся. Адмерлі яны ў 1970-я.

Раней, калі акрамя сялянскіх гаспадарак у вёсцы не было іншых будынкаў, тутэйшая моладзь зьбіралася ў самай вялікай вясковай хаце — доме Нікіфара Ляўшы. Тут яна ладзіла вечарыны. Хата практычна неафіцыйна выконвала ролю клюбу. Шмат часу прайшло з тых дзён. Зьмяніліся пакаленьні. Насупраць на вуліцы жывуць унукі Нікіфара. Будынак жа той старой хаты захаваўся па сёньняшні час, але выкарыстоўваецца ён як гаспадарчая пабудова.

Сучаснай традыцыяй, якая ўзьнікла ў пасьляваенныя гады, зьяўляецца ўшанаваньне на могілках 18 тутэйшых жыхароў, якія былі расстраляны тут у 1941 годзе. Робіцца гэта штогод 31 ліпеня.

Рэшткі сьведчаньняў пра былыя часы рэдагаваць

Непасрэдна ля вёскі ёсьць месца — Азярэц. Раней гэта была вялікая круглая ўпадзіна, якая была запоўнена вадой. Старыя людзі кажуць, што яны яшчэ ў дзяцінстве бегалі сюды купацца. Існуе паданьне, што калісьці на гэтым месцы былі могілкі, стаяла царква, якая разам з прыхаджанамі пайшла пад зямлю. Так і ўтварылася гэта паглыбленьне. Стаіць вада тут і цяпер, але дзякуючы працы мэліяратараў яе тут зараз значна меней, а сам выгляд невялічкага азярца дае ўражаньне, нібыта яно ўтворана штучна.

Неяк, калі тутэйшыя жыхары прыбіралі на могілках, на адным з камянёў быў заўважаны надпіс «Хілька 1700». Хай сабе літары і былі няроўнымі, але гэта кажа пра тое, што ў тыя часы ў Касьцюках быў досыць заможны селянін Хілька, які мог сабе дазволіць паставіць не драўляны крыж, а апрацаваны камень. Гэта зьяўляецца вельмі рэдкай зьявай на Барысаўшчыне. Сам жа камень, хоць яго зараз і будзе вельмі цяжка адшукаць, знаходзіцца на сваім месцы на могілках. Цяпер у Касьцюках ёсьць людзі, якія маюць прозьвішча Хількевіч.

У лесе ва ўрочышчы Кут існавалі два капцы (хутчэй за ўсё, яны існуюць і цяпер). Тутэйшыя жыхары, якія распавялі пра іх, апошні раз бывалі ля іх яшчэ да Другой сусьветнай вайны. Маці найстарэйшай жыхаркі Касьцюкоў Кацярыны Хількевіч, якой у 2007 споўнілася сто гадоў, у свой час распавядала ёй наступнае. У вайну 1812 году французы сабралі з навакольляў людзей і перабілі іх. Тут людзі былі пахаваны. Так і ўтварыліся гэтыя капцы. Сама ж маці К. Хількевіч, калі трапляла ў той лес, заўсёды малілася ля іх.

З апошняй вайны захаваліся ў Касьцюках нямецкія ўмацаваньні. Зроблены яны былі з бэтону і сталі. Адзін зь іх захаваўся практычна цалкам. Другі восеньню 1949 або 1950 году быў узарваны. Мэтал зь яго парэзалі, выцягнулі лябёдкамі і зьвезьлі як мэталалом. Бэтонныя яго рэшткі захаваліся на месцы па сёньняшні час.

Насельніцтва рэдагаваць

  • XX стагодзьдзе: 1960 год — 382 чалавекі; 1988 год — 344 чалавекі; 1999 год — 334 чалавекі
  • XXI стагодзьдзе: 2008 год — 121 двор, 324 чалавекі[4]; 2010 год — 278 чалавек

Інфраструктура рэдагаваць

У вёсцы маюцца дом культуры, крама, аддзяленьне сувязі. На паўднёвым захадзе разьмешчаны гаспадарчы сэктар.

Інфармацыя для турыстаў рэдагаваць

Страчаная спадчына рэдагаваць

3 царквы, адна зь якіх мела назву Дзьмітрыеўская і была драўлянай

Выхадцы рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Костюки (Борисовский район) — Фото Планета (рас.)
  2. ^ Алфавитный список улиц по Костюки — Белпошта (рас.)
  3. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 66
  4. ^ а б Касцюкі // Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 131

Літаратура рэдагаваць