Весялова (Барысаўскі раён)
Весяло́ва[2] — вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, на левым беразе ракі Бярэзіна, за 35 км на паўночны захад ад Барысава, на шашы Р63. Весялова ўваходзіць у склад і зьяўляецца цэнтрам Весялоўскага сельсавету.
Весялова | |
трансьліт. Viesialova | |
Першыя згадкі: | 1765 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Барысаўскі |
Сельсавет: | Весялоўскі |
Вышыня: | 190 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 344 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 177 |
Паштовы індэкс: | 222132[1] |
СААТА: | 6208813016 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°21′58.00″ пн. ш. 28°20′29.00″ у. д. / 54.3661111° пн. ш. 28.3413889° у. д.Каардынаты: 54°21′58.00″ пн. ш. 28°20′29.00″ у. д. / 54.3661111° пн. ш. 28.3413889° у. д. |
± Весялова | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Гісторыя
рэдагавацьБольшасьць сучасных буйных сельскіх гаспадарак у свой час былі ўтвораны на месцы нацыяналізаваных маёнткаў і фальваркаў. Такія ж карані мае і буйнейшае вытворчае прадпрыемства на Барысаўшчыне за межамі гораду — «Весялоўскі харчовы камбінат». А разам з разьвіцьцём гэтай вытворчасьці вырасла і вёска.
Найбольш старое пісьмовае сьведчаньне пра Весялова, якое захавалася да нашага часу, можна аднесьці да ліпеня 1765 году. На той час тут была карчма, якая адносілася да маёнтку ў Крычыне (карчма ў Весялове існавала па меншай меры ў першай палове ХІХ стагодзьдзя). Празь Весялова праходзіў шлях з Бабра да Зембіна. Ля яго быў мост празь Бярэзіну.
У 1777 годзе Весялова называецца сялом, у якім было 10 «дымоў». Належыла яно Л. Храптовічу. У першай палове ХІХ стагодзьдзя яно пераходзіць да І. Ліхадзіеўскага[3]. У сярэдзіне — другой палове ХІХ стагодзьдзя тут гаспадараць Равы. У 1852 годзе ў дакумэнтах называецца гаспадаром маёнтка Іван Рава, у 1875 годзе — Леў Рава. Гаспадарыла тут і дачка Івана — Стэфаніда. У гэты час маёнтак Весялова ўключаў у сабе 2 фальваркі, мелася 108 прыгонных сялян (па дадзеных рэвізіі 1834 году). Па стану на 1875 год да яго адносілася 420 дзесяцін лесу, 238 дзесяцін прыдатных для апрацоўкі земляў і 272 дзесяціны няўдобіцаў. Карчма маёнтку на той час прыносіла 50 рублёў гадавога даходу. Самі Равы непасрэдна гаспадарку не вялі, наймалі арандатараў.
Па стану на 1908 год у фальварку Весялова было 5 дамоў, у якіх жыло 49 жыхароў. Адносіўся фальварак у гаспадарчым пляне, як і ў ранейшыя часы, да двара ў Крычыне, а ў адміністрацыйным пляне — да Кішчына-Слабадзкой воласьці. У той час тутэйшая пераправа празь Бярэзіну ўключала ў сабе мост праз раку (175 саж.), мост праз старыцу (33 саж.) і дамбу (250 саж.). Па адкосах яны былі абліцаваны камянямі. У 1910—1912 гадах праводзіліся працы па будаўніцтве грэблі ля Весялова па дарозе з Барысава на Зембін.
Падчас першай сусьветнай вайны будынкі фальварку ў Весялове моцна пацярпелі (спаленыя амаль усе пабудовы[3]).
Апошнім да нацыяналізацыі гаспадаром фальварку ў Весялове быў фон-Панцэр. У гэты час тут было некалькі цагляных аднапавярховых будынкаў (у тым ліку і панскі) і некалькі драўляных. Быў адзін невялікі двухпавярховы, дзе паны трымалі птушак. Акрамя таго, у маёнтку быў паравы млын і іншая невялікая вытворчасьць, немалы сад і за ім вялікі парк. У 1917 годзе тут жылі 74 чалавекі.
Пасьля нацыяналізацыі тамтэйшых земляў у 1919 годзе на базе панскага маёнтку быў утвораны саўгас. Ад старой гаспадаркі працягваў працаваць млын, вытворчасьць крухмалу, лесапілка і сукнавальня. У 1938 годзе саўгас ліквідуецца і ўтвараюцца крухмальны завод (там, дзе быў панскі млын; на гэтым месцы цяпер знаходзіцца галоўны будынак прадпрыемства) і МТС.
У панскім будынку быў зроблены клюб і некалькі жылых кватэраў. Незадоўга да апошняй вайны на зьмену старому быў пабудаваны вышэйшы мост празь Бярэзіну.
У 1939 годзе амаль цалкам вымерз панскі сад. Завод жа працаваў яшчэ на пачатку вайны. Крухмал зь яго не пасьпелі своечасова вывезьці. Яго пасьля прыходу немцаў расьцягнулі тутэйшыя жыхары.
У панскім доме ў вайну жылі немцы. Пры адступленьні яны яго падпалілі. У апошнюю вайну былі зьнішчаны амаль усе будынкі былога маёнтка. Пры адступленьні немцамі было вывезена абсталяваньне завода. Былы сад і парк былі высечаны ў вайну і адразу пасьля яе. Пазьней іх месцы былі забудаваны хатамі. Пасьля вызваленьня Весялова ў 1944 годзе завод адразу пачалі аднаўляць. Быў адноўлены (са значнымі зьменамі) і былы панскі будынак.
Акрамя яго да сёньняшняга часу ад былога фальварку захаваліся яшчэ два жылыя цагляныя будынкі (да іх пазьней рабіліся прыбудовы) і некалькі старых яблынь ад былога панскага саду. Яны і ў нашы дні прыносяць яблыкі. На тэрыторыі прамога нашчадка былой панскай гаспадаркі — «Весялоўскага харчовага камбіната» ўжо нічога не захавалася, што б сьведчыла пра стары маёнтак.
Насельніцтва
рэдагаваць- 2010 год — 344 чалавекі
- 2008 год — 142 двары, 380 чалавек[3]
- 1999 год — 404 чалавекі
- 1917 год — 74 чалавекі
Інфраструктура
рэдагавацьДзіцячы сад, клюб, бібліятэка, фэльчарска-акушэрскі пункт, комплексны прыёмны пункт, аддзяленьні сувязі і «Беларусбанку», 2 крамы.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Алфавитный список улиц по Веселово — Белпошта (рас.)
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 66
- ^ а б в Весялова // Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 82
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Міхась Мацельскі. Былы фальварак Весялова // Гоман Барысаўшчыны