Караліна Пранеўская
Каралíна Пранéўская (па-польску: Karolina Proniewska), часам Каралíна Праняўскáйце (па-летувіску: Karolina Praniauskaitė; 18 студзеня 1828, фальварак Падурбін, Цельшы, Летува, Расейская імпэрыя ― 26 траўня 1859, Уцяна, Летува, Расейская імпэрыя) ― жамойцкая паэтка, перакладніца. Лічыцца першай жамойцкай і летувіскай паэткай[2].
Караліна Пранеўская, таксама Караліна Праняўскайце | |
польск. Karolina Proniewska, лет. Karolina Praniauskaitė | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Karolina Anna Proniewska |
Нарадзілася | 18 студзеня 1828[1] |
Памерла | 26 траўня 1859[1] (31 год) |
Пахаваная | Уцяна |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэтка, перакладніца |
Гады творчасьці | 1856—1859 |
Жанр | верш |
Мова | польская |
Дэбют | 1856 |
Значныя творы | Piosneczki (1858) |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзілася ў фальварку Падурбін (каля Цельшаў), паходзіла з жамойцкай шляхты. Бацька — Тэафіл Пранеўскі (Праняўскас) памёр, калі Караліне было сем гадоў. Браты Караліны належалі да жамойцкай інтэлігенцыі, якая выступала за незалежнасьць ад Расейскай імпэрыі. Караліна зь дзяцінства хварэла на сухоты. Навучалася самастойна, размаўляла і пісала на польскай і летувіскай мовах, перакладалп з польскай мовы і некаторы час выкладала ў Цельшах[3].
У 1855 годзе ў сваёй сястры Тэклі яна пазнаёмілася з Антанасам Баранаўскасам, маладым паэтам, які ў той час працаваў у Сядах. Яны абодва абмяняліся лістамі, а таксама сваімі творамі. Караліна натхніла Баранаўскаса на любоў да летувіскай мовы і літаратуры, заахвоціла яго пісаць па-летувіску. Брат Караліны дапамог Баранаўскасу паступіць у сэмінарыю ў Варнях[4].
У 1858 годзе Караліна разам з маці пераехала ва Ўцяну. Тут яна і памерла ад сухотаў 26 траўня 1859 году ва ўзросьце 31 год. Ейныя лісты і дзёньнікі былі спаленыя пасьля сьмерці, а фатаздымкі не захаваліся. Пахаваная на старых могілках Уцяны, хаця дакладная магіла невядомая. На галоўнай дарожцы ў бок могілкавай капліцы быў усталяваны сымбалічны слуп. Ейным імем названая бібліятэка ў Цельшах[2].
Творчасьць
рэдагавацьПершыя вершы былі напісаныя ў сямігадовым узросьце. Выданьне твораў фінансаваў брат, які працаваў у сакратарыяце жамойцкага біскупа Мацея Валанчэўскага. Як паэтку яе ведалі і ў Польшчы, і ў Жамойці[2].
Творчасьць зьвязаная з традыцыяй рамантычнай літаратуры. Літаратурныя інтарэсы ў асноўным фармавала рамантычная польская літаратура, зьвязаная з Літвой і Вільняй: А. Міцкевіч, Ю. Крашэўскі, У. Сыракомля (яна напісала прынамсі адзін верш для Адама Міцкевіча). Дзяўчынка была зачаравана Літвой, ейнай міталёгіяй і фальклёрам, які паэтызаваўся ў творчасьці гэтых паэтаў. У вершах адчуваецца крохкая жаноцкасьць, тонкая мэлянхолія духу, туга. Ад Караліны Пранеўскай-Праняўскайце пачалі складвацца жаночыя контуры летувіскай літаратуры[5].
Месца К. Праняўскайце ў гісторыі летувіскай паэзіі было б праблематычным (яна пісала свае вершы на польскай мове), калі б ня ейная перакладніцкая дзейнасьць на летувіскую мову. Так, яна пераклала значны фрагмэнт паэмы Ю. Крашэўскага «Vitolio rauda»/«Witoloraudy» (апублікаваная ў 1858 г.).
Яна была першай жанчынай, якая апублікавала вершы на Жамойці як на польскай, так і на летувіскай мовах. Упершыню ейныя вершы дайшлі да шырокай аўдыторыі ў 1856 г., дзякуючы публікацыям у «Gazeta Warszawska» і «Kronika Wiadomości Krajowych i Zagranicznych»[5].
Творы
рэдагаваць- 1858: Piosneczki Karoliny Proniewskiej Bogu na chwałę, na pamiątkę przyjaciołom, Wilno.
Бібліяграфія
рэдагаваць- Cecylia Gajkowska: Karolina Anna Proniewska. Internetowy Polski Słownik Biograficzny, 1985.
- Mieczysław Jackiewicz. Biskup Antoni Baranowski i jego «Borek oniksztyński». «Przegląd Wschodni». 1 (41), s. 53-73, 2010. ISSN 0867-5929.
- Marta Skwara: Polish Literature and its Languages. W: Being Poland: A New History of Polish Literature and Culture since 1918. Tamara Trojanowska, Joanna Niżyńska, Przemysław Czapliński (red.). Toronto: University of Toronto Press. ISBN 978-1-4426-5018-3.
- Krystyna Syrnicka. Karolina Proniewska — zapomniana poetka ze Żmudzi. «Nasz Czas». 20 (559), 2002.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Karolina Anna Proniewska // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
- ^ а б в Cecylia Gajkowska: Karolina Anna Proniewska. Internetowy Polski Słownik Biograficzny, 1985.
- ^ Krystyna Syrnicka. Karolina Proniewska — zapomniana poetka ze Żmudzi. «Nasz Czas». 20 (559), 2002.
- ^ Mieczysław Jackiewicz. Biskup Antoni Baranowski i jego «Borek oniksztyński». «Przegląd Wschodni». 1 (41), s. 53-73, 2010.
- ^ а б Marta Skwara: Polish Literature and its Languages. W: Being Poland: A New History of Polish Literature and Culture since 1918. Tamara Trojanowska, Joanna Niżyńska, Przemysław Czapliński (red.). Toronto: University of Toronto Press.