Зыгмунт Фялінскі
Зы́гмунт Шчэ́нсны Фялі́нскі гербу «Фарэнсбах» (па-польску: Zygmunt Szczęsny Feliński; 1 лістапада 1822, Ваютын — 17 верасьня 1895, Кракаў) — польскі рыма-каталіцкі біскуп, прафэсар Санкт-Пецярбурскай Духоўнай акадэміі, арцыбіскуп-мітрапаліт варшаўскі (1862—1883), сталы сябар Дзяржаўнай рады Царства Польскага (ад 1862[1]), каталіцкі сьвяты.
Зыгмунт Фялінскі | |
Zygmunt Szczęsny Feliński | |
Зыгмунт Фялінскі | |
Сьвяты | |
---|---|
Сьвецкае імя | Зыгмунт Фялінскі |
Нарадзіўся | 1 лістапада 1822 Ваютын |
Памёр | 17 верасьня 1895 (72 гады) Кракаў |
Шануецца | каталіцкай царквой |
Бэатыфікаваны | 18 жніўня 2002 Ян Павал II, Кракаў |
Кананізаваны | 11 кастрычніка 2009 Бэнэдыкт XVI, Ватыкан |
Дзень памяці | 17 верасьня |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьБыў сёмым з адзінаццаці дзяцей Герарда Фялінскага і Евы зь Вендарфаў. Бацька памёр у 1833 року, пакінуўшы жонку з шасьцёма дзецьмі. Выхоўваўся маці з дапамогай бабулі.
На пяты год па сьмерці мужа Ева Фялінская за ўдзел у змове Канарскага была высланая ў Бярозаў на рацэ Об. 16-гадовы Зыгмунт застаўся з двума братамі і трыма сёстрамі бяз даху над галавой і якіх-кольвек сродкаў да існаваньня, паколькі іхняя маёмасьць у Крэменцы і маёнткі ў Ваютыне і Збарышаве былі абкладзеныя сэквэстрам. Асірацелых дзяцей узялі пад апеку знаёмыя, паколькі жывых сваякоў не засталося.
Дзякуючы фінансавай дапамозе заможнага абываталя з Падольля Зянона Бяліны-Бжазоўскага Зыгмунт Фялінскі здолеў скончыць матэматычныя студыі ў Маскве, а пасьля гуманітарныя ў Парыжы — Сарбоне і Калежы дэ Франс. У Парыжы Фялінскі пазнаёміўся зь Юльюшам Славацкім, быў адзіным палякам, што прысутнічаў пры ягонай сьмерці. Навязаў таксама кантакты зь іншымі вядомымі палякамі, сярод якіх Багдан Залескі, палкоўнік Уладыслаў Замойскі і князь Адам Чартарыскі.
Атрымаўшы зьвестку пра пачатак Познанскага паўстаньня, разам з прыяцелямі выехаў у Познань. Пасьпеў узяць удзел у бітве пад Мілославам, дзе быў паранены. Па заняпадзе паўстаньня прыйшоў да высновы, што найлепшаю службай народу будзе праца над ягоным унутраным адраджэньнем, і найбольш плённа гэта можа зрабіць каплан. Таму вырашыў паступаць у духоўную сэмінарыю.
У 1851 распачаў навучаньне ў духоўнай сэмінарыі ў Жытоміры. Праз два месяцы быў пераведзены на другі курс, а ў канцы 1852 накіраваны ў Духоўную акадэмію ў Пецярбург. 8 верасьня 1855 року рэктар акадэміі Ігнацы Галавінскі высьвеціў яго на духоўніка. Працаваў вікарыем парафіі сьвятой Кацярыны і выкладаў ў прыкляштарнай школе айцоў-дамініканаў. Праз два рокі атрымаў званьне прафэсара і духоўнага айца Пецярбурскай духоўнай акадэміі.
У 1862 року атрымаў прызначаны арцыбіскупам варшаўскім і выехаў зь Пецярбургу. У першую чаргу рэканцыляваў і адкрыў зачыненыя касьцёлы. Заняўся душпастырскай працай, унутраным адраджэньнем духавенства, фармаваньнем навучэнцаў, кансысторскаю рэформай.
Ідэалягічна быў блізкі да «белых», але палітычна не далучаўся ні да воднага з бакоў. Не падтрымліваў імкненьня да ўзброенага паўстаньня. Па выбуху Студзеньскага паўстаньня тэрор акупантаў пасіліўся, да чаго не застаўся абыякавы Зыгмунт Фялінскі. На знак пратэсту напісаў 15 сакавіка 1863 ліст да цара, у якім заступаўся за людзей і заклікаў: «…учыні з Польшчы незалежную нацыю…» Вялікі князь Канстанцін Мікалаевіч, намесьнік Царства Польскага, якому Фялінскі перадаў гэты ліст, адмовіўся перасылаць яго цару. У выніку гэтага арцыбіскуп выйшаў з Рады дзяржавы.
Неўзабаве ліст быў апублікаваны ў францускім часопісе «Journal», што стала нагодаю для 20-рочнай высылкі Зыгмунта ў Яраслаўль на Волзе. Меў магчымасьць вярнуцца ў сталіцу пры ўмове разрыву стасункаў з Апостальскай сталіцай і поўнага падпарадкаваньня царскаму ўраду, але адмовіўся. У архідыяцэзіі па высылцы арцыбіскупа была ўведзеная касьцёльная жалоба: змоўклі арганы, званы і сьпевы.
У Яраслаўлі, дзе застаў некалькі соцень каталікоў, праводзіў шырокую апостальскую і дабрачынную дзейнасьць сярод польскіх выгнанцаў. Адчыніў капліцу і адпраўляў для вернікаў набажэнствы.
Пасьля цяжкіх і працяглых перамоваў між Ватыканам і расейскім урадам быў памілаваны і атрымаў дазвол выехаць зь Яраслаўлю. Атрымаў прызначэньне на арцыбіскупа Тарсусу, аднак ня меў права вяртацца і нават мінаць варшаўскую архідыяцэзію. Паехаў праз Львоў, Кракаў, Рым, паўсюль сустрэты як народны герой. У Рыме спаткаўся з Папам Лявонам XIII.
Вярнуўшыся на радзіму, замешкаў у Дзьвінячцы як капэлян капліцы пры дворыку Гелены Казябродзкай. Заняўся душпастырствам, казанямі, набажэнствамі. У верасьні 1885 року заснаваў тут першую школу, дзе навучалі сёстры Сям’і Марыі. У апошнія гады жыцьця распачаў будаўніцтва касьцёлу.
Памёр 17 верасьня 1895 у палацы біскупа Яна Пузыны ў Кракаве. Пахаваны 20 верасьня на Ракавіцкіх могілках. Праз колькі дзён труна перавезеная ў Дзьвінячку, дзе перапахаваная ў грабніцы графаў Кемшыцкіх і Казябродзкіх. 5 чэрвеня труна перавезеная ў Варшаву і часова захоўвалася ў касьцёле Сьвятога Крыжа, а 14 красавіка 1921 урачыста перанесеная ў архікатэдру і зьмешчаная ў падзямельлях.
Бэатыфікацыя і кананізацыя
рэдагавацьБэатыфікацыйны працэс пачаўся 31 траўня 1965 і скончыўся 30 студзеня 1984. 18 жніўня 2002 Папа рымскі Ян Павал II на Кракаўскіх лугох абвясьціў яго бэатыфікаваным.
6 сьнежня 2008 року Кангрэгацыя кананізацыйных справаў абнародавала дэкрэт з прызнаньнем цуду, дасягнутага дзякуючы заступніцтву бл. Зыгмунта Шчэнснага Фялінскага. Ён датычыў ацаленьня сястры Бажэны Зэлек з Таварыства сёстраў Сям’і Марыі, заснаванага Фялінскім, якая пакутавала на страту шпіку. Кананізацыйны працэс быў завершаны падчас канстысторыі 21 лютага 2009 року. Рашэньне пра кананізацыю біскупа прыняў Бэнэдыкт XVI, а сьвятым абвясьціў 11 кастрычніка 2009 у Ватыкане[2].
Літургічныя ўспаміны Зыгмунта Шчэнснага Фялінскага адзначаюцца 17 верасьня.
Рэліквіі Фялінскага знаходзяцца ў касьцёле сьвятога Язэпа ў Кракаве[3].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Zygmunt Szczęsny Feliński, Pamiętniki, Warszawa 1986, s. 526.
- ^ Katarzyna Wiśniewska. (11 кастрычніка 2009) Papież ogłosił pięciu nowych świętych, w tym Polaka (пол.) Z życia Kościoła. Gazeta Wyborcza. Праверана 12 сакавіка 2013 г.
- ^ Marzena Gertz. Kanonizacja Błogosławionego Zygmunta Szczęsnego Felińskiego (пол.). Stowarzyszenie PODGORZE.PL. Праверана 12 сакавіка 2013 г.
Літаратура
рэдагаваць- Ziejka F. W służbie Ojczyźnie i Pani z Jasnej Góry. O życiu i pracach o. Wacława, kapucyna. — Alma Mater, 2007. — С. 94.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьЗыгмунт Фялінскі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў