Прыдуркава́тасьць (дэмэ́нцыя, лац. dementia) — набытая слабаразумовасьць, устойлівае зьніжэньне пазнавальнай дзейнасьці са стратай у той ці іншай ступені раней засвоенных ведаў і практычных навыкаў і цяжкасьцю або немагчымасьцю набыцьця новых. У адрозьненьне ад разумовай адсталасьці (алігафрэніі), слабаразумовасьці прыроджанага або набытага ў маленстве, якае прадстаўляе сабой недаразьвіцьцё псыхікі, дэмэнцыя — гэта распад псыхічных функцый, якія адбываюцца ў выніку паражэньняў мозгу, найбольш часта — у старасьці.

Прыдуркаватасьць
Літаграфія хворай (1896 год)
Літаграфія хворай (1896 год)
Сынонімы дэмэнцыя
Спэцыяльнасьць нэўралёгія
Сымптомы незапамінаньне новых зьвестак, нелягічныя развагі, парушэньне маўленьня
Ускладненьні галюцынацыя
Віды ссудзінная, лобна-скроневая
Прычыны хвароба Альцгаймэра, парушэньне мазгавога кровазвароту
Фактары рызыкі гіпэртанія, атлусьценьне, тытунепаленьне, інсульт
Мэтад дыягностыкі пазнавальны тэст
Сходныя станы слабаразумовасьць
Прафіляктыка штодзённыя шпацыр, разумовая дзейнасьць і ўжываньне гародніны і садавіны
Лекі данепезіл (алзепіл)
Частасьць 47 млн (2019 год)
Сьмяротнасьць 1,9 млн (2015 год)
Прыдуркаватасьць у Вікісховішчы

Пры адсутнасьці догляду і прыёму лекаў прыдуркаватасьць выклікае ўскладненьні, якія пагражаюць жыцьцю, праз 3—5 гадоў ад пачатку хваробы[1]. За 2018 год лік хворых на прыдуркаватасьць вырас на 10 млн да 47 млн чалавек у сьвеце. Пагатоў, на 2019 год звыш 5 % сталых людзей (ва ўзросьце звыш 65 гадоў) хварэлі на прыдуркаватасьць[2]. На 2018 год ад хваробы цярпелі звыш 20% людзей ва ўзросьце звыш 90 гадоў[3]. У звыш 60% выпадкаў прычынай прыдуркаватасьці была хвароба Альцгаймэра[4]. У 2017 годзе на наступствы ад пашырэньня хваробы выдаткавалаі звыш 1% сусьветнага валавага нацыянальнага прадукту[5].

ПапярэджаньнеРэдагаваць

Прадухіленьню прыдуркаватасьці спрыяе штодзённы шпацыр працягласьцю прынамсі 1,5 гадзіны, у тым ліку скандынаўская хада, і плаваньне, пазьбяганьне шкодных звычак кшталту тытунепаленьня і празьмернага выпіваньня алькаголю. Карысна штодня ўжываць гародніну і садавіну, арэхі і сланечнікавае насеньне, злакі і аліўкавы алей, а таксама рыбу і морапрадукты. Каб пазьбегнуць чэрапна-мазгавога пашкоджаньня, варта трымацца правілаў бясьпекі падчас адпачынку, гульняў і працы. Папярэджаньню хваробы таксама садзейнічае авалодваньне прынамсі 2 замежнымі мовамі і штодзённая разумовая дзейнасьць у выглядзе разгадваньня крыжаванак і вывучэньня кампутара. Ад прыдуркаватасьці засьцерагае своечасовае лячэньне хваробаў сэрца і ссудзінаў ды навыкі кіраваньня стрэсам, а таксама рэгулярны замер артэрыяльнага ціску, узроўняў глюкозы і халестэрыну[4].

ЧыньнікіРэдагаваць

Узьнікненьню прыдуркаватасьці спрыяюць парушэньне абмену рэчываў і кровазвароту, а таксама хваробы нэрвовай сыстэмы, што выклікаюць парушэньні ў працы галаўнога мозгу. Найчасьцей вузы мозгу адміраюць у выніку спыненьня паступленьня крыві, калі ссудзіны лопаюцца і забіваюцца згусткамі крыві праз высокі крывяны ціск[6]. Таксама шкодзіць інсульт і хваробы Альцгаймэра і Парксінсана[1]. Урэшце да прыдуркаватасьці вядзе працяглая адсутнасьць разумовай дзейнасьці, атлусьценьне і цукровы дыябэт, пранцы і вірус імунадэфіцыту чалавека, запаленьні мазгавой абалонкі і галаўнога мозгу, алькагалізм і нарказалежнасьць. Шкодна ўплывае лішак тлустай і вугляводзістай ежы, а таксама хуткага харчаваньня[4].

ПраявыРэдагаваць

Прыдуркаватасьць выяўляецца празь неразуменьне і незапамінаньне новых зьвестак, нелягічныя развагі і непазнаваньне сваякоў, а таксама блытаньне даўно памерлых знаёмых са сваякамі. Таксама губляецца здольнасьць радавацца і спагадаць, што абмяжоўвае зносіны зь іншымі людзьмі[6]. Узьнікае плаксівасьць і раздражнёнасьць, блытаньне нядаўніх датаў і падзеяў. Таксама хворыя паўтараюць аднолькавыя пытаньні празь лічаныя хвіліны ды пакідаюць уключанымі ваду, газ і сьвятло пры сыходзе з жытла. Прыкметамі хваробы служаць неахайнасьць у адзеньні і побыце ў выглядзе перапоўненых сьметніцы ды рукамыйніка для бруднага посуду. Таксама хворыя губляюцца пры зьмяненьні паўсядзённага маршруту дадому[1]. Узьнікаюць цяжкасьці пры гатаваньні ежы. Пры разбурэньні скроневай долі парушаецца маўленьне і слых. Пры паражэньні лобнай долі галаўнога мозгу яны становяцца нахабнымі і растарможанымі[2]. Дыягназ паводле вышэйапісаных парушэньняў выстаўляецца пасьля прынамсі 6-месячнага назіраньня[3].

БеларусьРэдагаваць

У 2017 годзе ў Беларусі налічваўся 19 231 хворы на прыдуркаватасьць (0,2% насельніцтва Беларусі). Зь іх 49% (9360) пакутвала ад ссудзіннай прыдуркаватасьці, 14% (2692) пры хваробе Альцгаймэра і рэшта (7179) ад іншых відаў[5]. На 2018 год праявы хваробы зьніжалі лекам данепезіл (алзепіл)[1]. На 2019 год 2% сталых людзей Беларусі (ва ўзросьце звыш 65 гадоў) хварэлі на прыдуркаватасьць[2].

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ а б в г Алена Кравец. Старое — як малое // Зьвязда. — 21 лістапада 2018. — № 224 (28840). — С. 8.
  2. ^ а б в Сьвятлана Бусько. Калі старасьць перастае быць мудрай // Зьвязда. — 13 жніўня 2019. — № 151 (29018). — С. 8.
  3. ^ а б Вольга Стружынская. Нельга ўспомніць // Партал «Здаровыя людзі», 4 красавіка 2018 г. Праверана 19 лютага 2020 г.
  4. ^ а б в Вольга Стружынская. Ня дай хваробе засьпець сябе знянацку // Партал «Здаровыя людзі», 19 красавіка 2018 г. Праверана 19 лютага 2020 г.
  5. ^ а б Ганна Кручкова. Чаму ў Беларусі рэдка ставяць хваробу Альцгаймэра // Партал «Здаровыя людзі», 27 верасьня 2018 г. Праверана 19 лютага 2020 г.
  6. ^ а б Сьвятлана Барысенка. Нічога не памятае, нікога не пазнае // Зьвязда : газэта. — 12 лістапада 2013. — № 212 (27577). — С. 8. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць