Першыя пісьмовыя згадкі пра Смургоні як прыватнае мястэчка Зяновічаў[1] у Віленскім ваяводзтве датуюцца XV ст..

Храналёгія

рэдагаваць
  • 1503: у Смургонях збудавалі драўляны касьцёл Сьвятых Міхала і Аляксея; аднак ужо ў 1552 на месцы касьцёла Ю. Зяновіч збудаваў мураваны кальвінскі збор.
  • 1565/66: у Ашмянскім павеце.
  • 1590: у Смургонях пачалі працаваць папяровая мануфактура, школа і шпіталь. Паперню на свае сродкі заснаваў Мікалай Багуслаў Зяновіч. На лістах прастаўляўся вадзяны знак у выглядзе герба рода Зяновічаў — «Дэспат»[2].
  • XVIIXIX стст.: вялікае распаўсюджваньне ў Смургонях атрымала вытворчасьць абаранак («смаргонак»), радзімай якіх яны лічацца.
  • 1622: у мястэчку было 139 дымоў1640 — 155)[1], працавалі 4 шынкі, папяровая, мукамольная і лесапільная мануфактуры.
  • 1628: шлюб Ганны Соф’і Зяновіч з Альбрэхтам Уладзіславам Радзівілам у выніку якога Смургоні амаль на 170 год перайшлі ва ўладаньні роду Радзівілаў
  • XVII ст.: Радзівілы заснавалі ў мястэчку г. зв. «Смаргонскую акадэмію» — жартоўная назва школы дрэсіроўкі мядзьведзяў. Асаблівую вядомасьць яна набыла пры Каралі Станіславе Радзівіле. Акадэмія праіснавала да канца ХVIІI ст., а паводле іншых крыніцаў – да пачатку ХIХ ст.[2]
 
Колішні збор, красавік 1917
  • 1788: у Смургонях было 393 двары[1], 22 сьвіраны; працавалі 30 крамаў, 4 карчмы, 3 вадзяныя млыны, цагельня, 2 бровары; два разы на тыдзень праводзіўся гандаль, а тры разы на рок — вялікія кірмашы.
  • 1795: у выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі.
  • 1805: перайшлі да Багдана Агінскага, а крыху пазьней — да Караля Пшазьдзецкага — кіраўніка 18-га палку ўланаў у Напалеона.
  • 1812: у расейска-францускую вайну пры адступленьні францускіх войскаў у Смаргонях спыняўся Напалеон, перадаў камандаваньне маршалу І. Мюрату і зьехаў у Парыж; з таго часу дарогу Смаргонь — Ашмяны завуць Напалеонаўскай дарогай.
  • 1830-я: у мястэчку было адзінаццаць вуліцаў, 335 двароў, 43 сьвіраны; працавалі 46 крамаў, 3 бровары, 2 цагельні, бровар, некалькі гарбарных майстэрняў, мукамольнае, лесапільнае прадпрыемствы; дзейнічалі царква, касьцёл, сынагога; дзеці навучаліся ў трох школах.
 
Савецкі прапагандыст у Смаргоні, кастрычнік 1939

Смаргонскія абаранкі

рэдагаваць

Смаргонь традыцыйна лічыцца радзімай абаранкаў, хоць пэўнага пацьверджання гэтаму няма. Упершыню пра дадзены факт згадвае Вільям Пахлебкін у сваіх кулінарных кнігах: «…Радзіма абаранкаў — места Смаргонь у Беларусі, дзе з абваранага цеста ўпершыню пачалі рабіць вузкія жгутыкі і выпякаць зь іх абваранкі (вырабы з абваранага цеста)…»[3]. Мяркуецца, што першапачаткова абаранкі выкарыстоўваліся ў якасьці пайкі для выхаванцаў «Мядзьведжай акадэміі» і іх павадыроў. У XIX ст. смаргонскія абаранкі атрымалі шырокую вядомасьць у Беларусі і за яе межамі. Адам Кіркор у сваім творы «Маляўнічая Расея» пісаў: «У Смаргоні, Ашмянскага павету, Віленскай губэрні, ці амаль ня ўсё мяшчанскае насельніцтва занятае выпечкай маленькіх абаранкаў, ці крэндэляў, якія карыстаюцца вялікай вядомасьцю пад назвай смаргонскіх абваранак. Кожны падарожнік абавязкова купіць некалькі зьвязкаў гэтых абаранкаў; акрамя таго, іх развозяць у Вільню і іншыя месты»[4]. У 1930-я ў Смаргоні налічвалася каля 60 пекараў, якія займаліся выпечкай абаранкаў. Смаргонскія абаранкі былі традыцыйным пачастункам на кірмашы да дня Сьвятога Казімера ў Вільні[5].

Таемная тэрарыстычная арганізацыя ў Санкт-Пецярбургу

рэдагаваць

У 18671869 у Санкт-Пецярбургу існавала таемная тэрарыстычная арганізацыя, якая выкарыстоўвала назву «Смаргонь» або «Смаргонская акадэмія», чальцамі якой былі выхадцы зь Беларусі і, у прыватнасьці, Смаргоні. Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што «смаргонцамі» кіравалі вядомыя рэвалюцыянэры Пётар Ткачоў і Сяргей Нячаяў. «Смаргонь» паўстала, як пераемніца тэрарыстычнай арганізацыі «Пекла», якая была ліквідаваная пасьля таго як адзін зь яе чальцоў, Дзьмітры Каракозаў, зьдзейсніў няўдалы замах на Аляксандра II. Таксама «Смаргонь» зьяўлялася падразьдзяленьнем польскай нацыяналістычнай арганізацыі «Огул», якая ставіла сваёй задачай аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 року. Пасьля ліквідацыі «Смаргоні» яе чальцы склалі касьцяк яшчэ адной таемнай арганізацыі — «Народная расправа»[6].

Габрэйская супольнасьць

рэдагаваць

Да Другой сусьветнай вайны значную колькасьць насельніцтва Смаргоні складалі габрэі (на канец ХІХ ст. — 76% папуляцыі места). У час Першай сусьветнай вайны шмат габрэяў выехалі ў Расею, аднак пасьля заканчэньня вайны яны пачалі вяртацца назад у горад. У 1942 годзе нацысты вывезьлі большасьць габрэйскага насельніцтва ў гета.

У Смаргонях нарадзіўся адзін з найбольш значных паэтаў мовы ідыш — Абрам Суцкевер. Успаміны пра габрэйскія Смаргоні ўвайшлі ў кнігу памяці мястэчка[7].

  1. ^ а б в Смаргонь // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 602.
  2. ^ а б Алесь Дубовік (27 ліпеня 2011) Народныя 100 дарог. Паўночныя Афіны Гродзенскай вобласці. TUT.BYПраверана 27 ліпеня 2011 г.
  3. ^ Баранки // Похлебкин В. В. Кулинарный словарь. — М., Центрполиграф, 2002.
  4. ^ Міхась Маліноўскі. Абаранкі са Смаргоні // «Культура» № 40 (806) / 6, 12 кастрычніка 2007.
  5. ^ Содаль У. Смаргонскія абаранкі // «Светлы шлях», 1991.
  6. ^ Малашенко О. ДОСЬЕ. Восставшие из «Ада»: Ленин, Гитлер и Бен Ладен — «родом» из «Сморгони» // Белорусская деловая газета № 1359а, 2003.
  7. ^ Габрэйская кніга памяці Смаргоні — Вольны доступ праз грамадзкую бібліятэку Нью-Ёрку

Літаратура

рэдагаваць
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Смаргонскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2004. — 640 с. ISBN 985-11-0296-2.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
  • Смаргонь // Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991. — 303 с.: фота. — ISBN 5-341-00240-7.
  • Smorgonie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew. — Warszawa, 1889. S. 915
  • Ковкель И. И., Мараш И. Я. Сморгонь: Историко-экономический очерк. — Минск: Беларусь, 1984. — 63 с. — (Города Белоруссии).
  • Инвентари магнатских владений Белоруссии XVII—XVIII вв. Владение Сморгонь. — Минск: Наука и техника, 1977.