Лошніца — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны).

Заснаваньне

рэдагаваць

У ваколіцах Лошніцы яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі было шмат лясоў і невялікіх рэк. Тут меліся ўсе ўмовы для пасяленьня чалавека ў старажытнасьці. Пра яго прысутнасьць у нэаліце сьведчаць знаходкі каменных прыладаў на беразе Мужанкі. Гэта сякеры: адна гранітная, тры дыярытавыя і кавалкі трох сьвідраваных. Пра заселенасьць ваколіцаў Лошніцы ў канцы першага — пачатку другога тысячагодзьдзя нашай эры сьведчаць курганы, якія ў вялікай колькасьці тут былі яшчэ ў другой палове ХІХ стагодзьдзя. З прычыны высечкі лясоў і разворваньня зямлі яны не пазьней за канец ХІХ — пачатак ХХ стагодзьдзя былі цалкам зьнішчаны.

Час заснаваньня Лошніцы невядомы. Пісьмовыя крыніцы пра пасяленьне да ХVІ стагодзьдзя адсутнічаюць. Найбольш стары пісьмовы ўспамін пра яго датуецца 1563 годам — як мястэчка ў Барысаўскім старостве Віцебскага ваяводзтва.

Добра вядома паданьне пра заснаваньне Лошніцы, якое запісаў у сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя П. Шпілеўскі і якое зьвязана зь вялікім князем Вітаўтам (у паданьні — князь Віт, Віток). Паводле яго, старажытны князь Віт праходзіў зь вялікім войскам праз тутэйшыя лясы. Уночы яго застала моцная бура. Загадаў тады Віт ваярам расчысьціць лес і ладзіць начлег на высокай гары ля ручая. Ваяры зрабілі для князя яму, абклалі яе скурамі і такім чынам утварылі ложа. У гонар гэтага тую гару назвалі Ложніцай, а ручай — Ложай. Пасяленьне, якое потым узьнікла на гэтым месцы, таксама назвалі Ложніцай. Зь цягам часу яго назва трансфармавалася ў сучаснае «Лошніца». Малаверагодна, як ня раз ужо адзначалася, у тым ліку і самім П. Шпілеўскім, што Лошніцу заснавалі такім чынам. Яна, хутчэй за ўсё, мае значна больш старажытную гісторыю, але несумненна і тое, што падставай для такога паданьня зрабіліся падзеі, якія сапраўды адбыліся тут у канцы ХІV стагодзьдзя ў часе аднаго з паходаў Вітаўта. Прычым сьляды гэтых паходаў захаваліся ў народнай памяці і ў прывязцы да іншых месцаў у недалёкіх ад Лошніцы мясьцінах.

Яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. старажылы паказвалі гару, на якой у свой час было зроблена ложа і якая звалася Вітагор’ем. Згодна з П. Шпілеўскім знаходзілася яна ля ракі (ручая) Лошыцы за могілкамі. Там жа ў нататках вядомага краязнаўцы можна прачытаць, што могілкі ў Лошніцы (пагост) знаходзіліся пры ўезьдзе ў мястэчка Барысаўскім трактам (тагачасны тракт цяпер — вуліца Мічурына) ля Сьвятаміхалаўскай царквы (царква і старыя могілкі існавалі яшчэ да апошняй вайны). Таму можна выказаць меркаваньне, што Вітагор’е знаходзілася на гары недалёка ад тракту на Барысаў. Тут, сапраўды, за некалькі сотняў мэтраў ад ракі існуе ўзвышша, якое да высечкі лесу і разворваньня мясцовасьці было больш выразнае. Недалёка ад яго пачынаецца невялікі ручай, які цячэ да рэчкі.

Згадваньні

рэдагаваць

Узгадваньні Лошніцы можна сустрэць у дакумэнтах з ХVІІ—ХVІІІ стагодзьдзяў. Яна ў іх называецца мястэчкам. Сустракаецца Лошніца на многіх мапах Вялікага Княства Літоўскага і іншых, на якіх адлюстравана гэта частка Эўропы (найбольш старая зь іх — мапа Вялікага Княства Літоўскага М. Крыштапа Радзівіла, выдадзеная ў 1613 годзе). Прычым часьцей за яе на іх з тутэйшых пасяленьняў можна сустрэць толькі Барысаў. І гэта ня дзіўна, бо празь яе праходзіў шлях з Барысава на Воршу, якім несупынна карысталіся як дыпляматычныя асобы, так і вандроўнікі, купцы. Шмат хто тут спыняўся нанач, папаўняў свае запасы харчоў, набываў для сваіх коней авёс, сена. Былі ахвотнікі тут запасьціся і півам, гарэлкай, пра што таксама распавядаюць старыя дакумэнты. Сярод тых асобаў, якія ў сваіх успамінах пакінулі ўзгадаваньні пра Лошніцу, можна адзначыць Б. Танера, які праязджаў тут 10 сакавіка 1678 году, стольніка П. Талстога, які быў у мястэчку ў 1697 годзе. І. Карб спыняўся ў Лошніцы 24 сакавіка падчас вандроўкі ў Маскоўскае княства. На шляху назад 14 жніўня ён тут вячэраў і застаўся на адпачынак нанач.

Нямала дзяржаўных дзеячоў і манархаў праяжджала праз Лошніцу ў часы войнаў, напярэдадні і пасьля іх. Гэта вялікія князі літоўскія (акрамя Вітаўта): Жыгімонт Ваза (у 1604, 1609 гадах), Уладзіслаў Ваза (у 1633 годзе), маскоўскія манархі Аляксей Міхайлавіч (у 1655 годзе), Пётар I (1706 год), Павал I (1797 год), пазьней — францускі імпэратар Напалеон (1812 год) і іншыя асобы.

ХVІ—ХVІІІ стагодзьдзі

рэдагаваць

З часу ўтварэньня Барысава да канца ХVІІІ стагодзьдзя ваколіцы Лошніцы належалі да Барысаўскага староства. ХVІ — першая палова ХVІІ стагодзьдзя для Лошніцы, як для ўсёй Віцебшчыны і Вялікага Княства Літоўскага наогул, быў часам росквіту. Але гэта быў ня просты для мястэчка час. У ХVІ стагодзьдзі яно ня раз рабавалася маскоўскімі войскамі, празь мястэчка ў першай палове ХVІІ стагодзьдзя неаднойчы праходзілі вялікія вайсковыя сілы. Пасьля ж Трынаццацігадовай вайны, калі Лошніца практычна была зьнішчана, яна адрадзілася, але ўжо ня мела той велічы і мала чым нагадвала старое мястэчка. Тым ня менш у народнай памяці яшчэ прынамсі да сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя захоўваліся ўспаміны (хаця і без прывязкі ў часе) пра асобныя мясьціны Лошніцы пэрыяду росквіту. У цэлым жа лёс мястэчка ў ХVІ—ХVІІІ стагодзьдзях досыць трагічны і падобны на лёс усіх буйных паселішчаў краіны.

Найстарэйшае сьведчаньне пра статус Лошніцы як мястэчка адносіцца да 1627 году, калі Жыгімонт Ваза сваім прывілеем дазваляў тутэйшым жыхарам праводзіць штосуботу кірмашы. Такі статус паселішча захоўвала да 1776 году.

Найбольш старое апісаньне Лошніцы адносіцца да 1670 году. Яно адлюстроўвае мястэчка, якім тое было пасьля свайго росквіту. У 1670 годзе Лошніца мела 43 «дымы», царкву сьвятога Міхала, карчму, млын. Было ў мястэчку шэсьць вуліцаў: Барысаўская, Аршанская, Воўкавая, Старазатыльная, Бытчанская, Негнавіцкая. Як ішоў у той час шлях з Барысава на Воршу, вядома. Таму дастаткова ўпэўнена можна меркаваць, што тагачасная Барысаўская вуліца — цяпер вуліца Мічурына (прыблізна ад скрыжаваньня з вуліцамі Савецкай, Камсамольскай у бок Барысава), Аршанская — тая ж вуліца, але ад названага вышэй скрыжаваньня ў бок Воршы. Шлях на Негнавічы яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзі ішоў правым берагам ракі Лошыца, таму старажытная вуліца Негнавіцкая верагодна адпавядае сучаснай вуліцы Савецкай. Цяжка дакладна сказаць, дзе праходзілі вуліцы Старазатыльная і Воўкавая. Можна зрабіць здагадку, што адна зь іх прыблізна адпавядала сучаснай вуліцы Камсамольскай, а другая або на левым беразе Лошыцы, або на поўдні мястэчка на правым беразе рэчкі. У 1670 годзе ў Лошніцы была вуліца Бытчанскай. Гэта сьведчыць пра тое, што ў тыя часы зь мястэчка існаваў просты шлях у Бытчу. Ён — фрагмэнт старажытнага шляху з захаду на ўсход, які існаваў яшчэ да заснаваньня Барысава. Пасьля ўтварэньня новага шляху і пераправы празь Бярэзіну ў Барысаве ён згубіў сваё значэньне і паступова зьнік. Адсюль вынікае, што Лошніца, хутчэй за ўсё, мае больш старажытную гісторыю, чым Барысаў. Нязначныя ж рэшткі шляху з Лошніцы на Бытчу можна назіраць яшчэ на мапах ХІХ стагодзьдзя.

XVIII стагодзьдзе для Лошніцы таксама не было простым. У пачатку стагодзьдзя, напярэдадні і ў пачатку вайны са швэдамі празь яго несупынна рушылі войскі. Шмат хто з вайсковых кіраўнікоў спыняўся тут на адпачынак. Захаваўся ліст Мазэпы да Г. Галоўкіна, напісаны ў Лошніцы 25 красавіка 1706 году. Аднак вайсковыя дзеяньні той вайны мястэчка не закранулі.

Нягледзячы на тое, што Лошніца перажывала ня лепшыя часы, яна як і раней было адным зь месцаў на шляху з Барысава ў Воршу, у якім спыняліся вандроўнікі, папаўнялі свае запасы. Таму ня дзіва, што яна прысутнічае практычна на ўсіх мапах Вялікага Княства Літоўскага або Эўропы ХVІІ стагодзьдзя, на якіх паказаны Барысаў.

У 1776 годзе Лошніца, як і амаль усе гарады і мястэчкі Літвы, у тым ліку і Барысаў, пазбавілася сваіх прывілеяў.

Рэканструкцыя Лошніцы пэрыяду росквіту і наступных часоў

рэдагаваць

Да нашага часу не дайшло ніводнага поўнага і дакладнага апісаньня Лошніцы мінулых стагодзьдзяў. Тым ня менш, на падставе тых нешматлікіх фактаў, якія дайшлі да нас у старых дакумэнтах, зьвестак, што перадаюцца жыхарамі мястэчка з пакаленьня ў пакаленьне, і расповедаў, якія замацаваны ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя ад тутэйшых жыхароў П. Шпілеўскім, можна паспрабаваць апісаць тое, што ўяўляла сабой мястэчка ў далёкія часы.

Цэнтар Лошніцы знаходзіўся на правым беразе ракі Лошыцы. Тут на левым баку (калі ехаць з Барысава) ад сучаснай вуліцы Мічурына ля вуліцы Камсамольскай, хутчэй за ўсё, знаходзіўся Рынак. Нельга адкідаць магчымасьці, што ён займаў адлегласьць паміж сучаснымі вуліцамі Камсамольскай і Свабоды. Старая назва вуліцы Свабоды — Базарчык, а сама яна — гэта пачатак старога шляху на Навасёлкі і далей. Дарэчы, ён у мінулыя стагодзьдзі меў значна большае значэньне, чым цяпер.

У цэнтры Лошніцы была карчма, стаялі цэрквы. П. Шпілеўскі, у прыватнасьці, у сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя адзначае ў гэтай частцы мястэчка (на левы бок ад моста) падмуркі дзьвюх зь іх, якія згодна народным паданьням захоўваліся ў зямлі. Плянаваньне мястэчка з плошчай верагодна была зьнішчана ў вайну 1812 году.

Цэнтар Лошніцы ля вуліцаў Мічурына і Камсамольскай — гэта не першапачатковы цэнтар мястэчка (верагодна, другой паловы ХVІІ—ХVІІІ стагодзьдзяў; з плянаваньнем бяз плошчы гэта месца было цэнтрам пасяленьня і ў ХІХ — сярэдзіне ХХ стагодзьдзя). Больш старажытны цэнтар знаходзіўся на поўдзень па вуліцы, зь якой пачынаўся шлях на Негнавічы (цяпер вуліца Савецкая). Тут на ўзвышшы было месца, дзе знаходзілася камянішча (каменная горка), якая згодна з паданьнем уяўляла астрог старога гораду, а ля яго знаходзілася месца, якое называлі Займішчам. Апошняе, магчыма, уяўляла сабой месца старажытнага замка. У гэтай частцы мястэчка ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя П. Шпілеўскім адзначалася, што ў зямлі захоўваліся падмуркі яшчэ ад трох былых цэркваў. Відавочна, што Камянішча і Займішча — рэшткі цэнтру мястэчка часоў яго росквіту (ХVІ — першай паловы ХVІІ стагодзьдзяў).

Камянішча (каменная горка), паводле П. Шпілеўскага, знаходзілася на гары ля млына на Лошыцы. Месца, дзе быў апошні млын, вядома. Як вынікае са старых мапаў, за П. Шпілеўскім ён, хутчэй за ўсё, быў там жа. Такім чынам, найбольш верагоднае месца, дзе знаходзілася Камянішча, — узвышша перад ручаём па вуліцы Савецкай па шляху ад вуліцы Мічурына. Узвышша ў тым жа кірунку ля сутыку названага ручая і ракі Лошыцы — найбольш імавернае месца «Займішча». Аднак для больш дакладнага сьцьверджаньня пра іх месцазнаходжаньне патрабуюцца далейшыя дасьледаваньні.

Прычынай, якая зьнішчыла стары цэнтар мястэчка і прымусіла адраджаць яго на новым месцы, магла быць толькі адна — вайна сярэдзіны ХVІІ стагодзьдзя (г. зв. «Крывавы патоп»).

Канец ХVІІІ — пачатак ХХ стагодзьдзяў

рэдагаваць

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Лошніца апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Барысаўскім павеце Менскай губэрні. Праз тры гады пасьля анэксіі тутэйшых земляў у 1795 годзе царскі ўрад пастанавіў утварыць на іх паштовыя станцыі. Згодна з гэтай пастановай, адну зь іх заснавалі ў Лошніцы. На ёй прадугледжвалася ўладкаваньне 12 паштальёнаў, утрыманьне 25 коней.

8 траўня 1797 году праз Лошніцу ў кірунку Масква — Ворша — Барысаў — Менск і далей праязджаў пасьля каранацыі імпэратар расейскі Павал I. У мястэчку ён зьмяніў коней і ахвяраваў тутэйшай царкве 50 рублёў. У 1800 годзе ў Лошніцы было 105 двароў, 769 жыхароў. У мястэчку на той час нічога адметнага акрамя паштовай станцыі, вадзянога млына і царквы не адзначаецца.

Вялікія выпрабаваньні і цяжкасьці мела Лошніца ў 1812 годзе. Напярэдадні вайны і на ўсім яе працягу празь яе праходзілі як расейскія, так і францускія войскі. З прыходам французаў і адміністрацыйным пераўладкаваньнем Лошніца зрабілася адным з 11 цэнтраў кантонаў на Барысаўшчыне. Пры адступленьні французаў 12 лістапада ў мястэчку спыняўся на ноч Напалеон. Тут ён зрабіў агляд свайго войска. Наступствы гэтай вайны Лошніца не магла пераадолець на працягу каля 50 год. Хаця ў 1848 годзе тут было 113 двароў, што трошкі болей чым на пачатку стагодзьдзя, насельніцтва мястэчка складала толькі каля 500 чалавек.

У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя П. Шпілеўскі апісваў Лошніцу як вялікае пасяленьне, падзеленае ракой Лошыцай на дзьве часткі (у той час значна большая частка мястэчка знаходзілася на правым беразе ракі). Краязнаўца адзначаў вялікую паштовую станцыю і турму для перасыльных. На 1863 год паштовая станцыя ўтрымлівалася за кошт земскага збору і мела 6 драўляных будынкаў. Этапныя памяшканьні, якія ўтрымлівалі вязьняў падчас прыпынку пры канваіраваньні, складаліся з трох драўляных будынкаў. У 1863 годзе ў Лошніцы адкрылася міністэрская вучэльня. Аднак уласны будынак яна займела толькі ў 1884 годзе. На 1887 год тут навучалася 48 хлопчыкаў.

У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя ваколіцы Лошніцы, як і ў старажытнасьці, яшчэ заставаліся лясістымі. У іх было шмат ласёў, дзікоў, мядзьведзяў і ваўкоў. Аднак да пачатку ХХ стагодзьдзя лясы былі высечаны і мясцовасьць зрабілася падобнай на сучасную.

На 1885 год у Лошніцы было 143 двары, 834 жыхары, цэнтар воласьці. У мястэчку працавалі 4 крамы, 2 піцейных дамы, лячэбніца, царква, народная вучэльня (з 1863 году), млын. Лошніцкая воласьць аб’ядноўвала 28 пасяленьняў, у якіх было 656 двароў, жыло 4537 чалавек, было 6 сельскіх таварыстваў, столькі ж грамадаў. Агулам 33120 дзесяцін зямлі, 7171 дзесяціна зь якіх былі ворнымі. У 1890 годзе Лошніцкая воласьць ужо аб’ядноўвала 106 пасяленьняў з 1168 сялянскімі дамамі і 11331 жыхаром.

У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя Лошніца хутка расла. У 1907 годзе тут ужо было 267 дамоў, у 1917 годзе — 308 двароў і 2070 жыхароў. У 1908 годзе ў народная вучэльні за кошт земства адкрыўся другі камплект. У гэтыя часы ў мястэчку працавалі вадзяны млын (на 1912 год ён належаў М. Бененсону), вятрак, смалакурня, тры кузьні, карчма. Як і ў ранейшыя гады дзейнічала паштовая станцыя. Апроч таго, існавалі царква, капліца і сынагога.

У 1917 годзе ў Лошніцы было 308 двароў, 2070 жыхароў. Працягваў працаваць вадзяны млын, было тры кузьні, смалакурня. У 1919 годзе было 248 двароў і 2597 жыхароў. Войны, якія былі ў далейшым, рэпрэсіі і інш. прывялі да памяншэньня колькасьці насельніцтва. Так у 1960 годзе ў мястэчку засталося толькі 1776 жыхароў.

У лютым — лістападзе 1918 году Лошніцу занялі нямецкія, у жніўні 1919 — траўні 1920 году — польскія войскі. З 1919 году працавала пачатковая, з 1923 году 7-гадовая школа, хата-чытальня, з 1920 году народны тэатар. З 20 жніўня 1924 году Лошніца зрабілася цэнтрам сельсавету ў Барысаўскім раёне Менскай акругі. У Другую сусьветную вайну з 3 ліпеня 1941 да 29 чэрвеня 1944 году вёска знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, калі загубілі 53, вывезьлі ў Нямеччыну 49 жыхароў. У 1945—1955 гадах у Лошніцы працаваў дзіцячы дом. З 1950 году цэнтар калгасу імя Мічурына. У 1972 годзе было 1978 жыхароў, 630 двароў, цэнтар саўгасу «Лошніца».

Да нашага часу ў народнай памяці захаваліся назвы вуліцаў, якія існавалі ў Лошніцы ў пачатку ХХ стагодзьдзя. Гэта Махавіца (цяпер вуліца Савецкая), Высканіца (цяпер Камсамольская), Базарчык (цяпер Свабоды), Дзятлаўшчына (цяпер Кірава), Запрушчына (цяпер Леніна), Засьценак (цяпер Куйбышава).

Цэрквы і капліцы

рэдагаваць
 
Царква, фота пачатку XX стагодзьдзя

Калі была заснавана першая царква ў Лошніцы, цяпер ніхто ня зможа сказаць. Было гэта шмат стагодзьдзяў таму. Да канца ХVІІІ стагодзьдзя пра гісторыю цэркваў мястэчка практычна нічога не вядома. Але яна, як вынікае з запісаў П. Шпілеўскага, была багатай (нагадаем, што ў ХІХ стагодзьдзі старажылы распавядалі яму пра падмуркі пяці з тамтэйшых цэркваў).

Першапачаткова цэрквы ў Лошніцы былі праваслаўнымі. Пасьля Берасьцейскай царкоўнай уніі (1596) яны зрабіліся ўніяцкімі і заставалася такімі да другога падзелу Рэчы Паспалітай і анэксіі тутэйшых земляў у 1793 годзе ў склад Расейскай імпэрыі. Ужо ў чэрвені 1794 году тутэйшая Міхалаўская царква і капліца былі пераведзена ў праваслаўе. На той момант прыход складаўся з 1165 прыхаджан, да яго належала царква ў Навасёлках. Аднак працэс зьмены канфэсіі праходзіў вельмі балюча. Лошніцкія вернікі пэўны час не хацелі яго прызнаваць, адмаўляліся хадзіць у царкву.

У канцы ХVІІІ стагодзьдзя царква мела зямлю з прыгоннымі сялянамі. Яна здавалася ў арэнду тутэйшым шляхцічам. Такая ж практыка працягвалася і ў ХІХ стагодзьдзі. Царква мела 16 валок, 7 маргоў і 273 прэнта зямлі, на 1816 год у яе было 15 фундушавых сялянаў (мужчынскай стаці). У вайну 1812 году Міхалаўская царква згарэла. Капліца змагла пазьбегнуць такога лёсу. Вайна нанесла вялікія страты прыходу. Болей чым праз 35 год пасьля яе (у 1848 годзе) колькасьць прыхаджан яшчэ была меншая, чым у канцы ХVІІІ стагодзьдзя і складала 883 жыхары.

Пабудовай новай царквы займаўся сьвятар Міхал Самборскі. На гэтую справу пастановай Сыноду ад 19 лютага 1815 году было выдзелена пяць тысячаў рублёў. У 1816 годзе на старым месцы была пабудавана новая драўляная царква. У 1818 годзе будуюцца памяшканьні і для сьвятара.

У 1814 годзе частка зямлі Лошніцкай царквы з прычыны недакладнасьцяў у дакумэнтах была адабрана на карысьць Радзівілаў. У выніку ў 1816—1834 гадах царква была ўцягнута ў гучную і вельмі доўгую справу па спрэчцы з князямі за межы зямельных участкаў. Яна закранала ня толькі царкву, але і многіх тутэйшых землеўладальнікаў, у тым ліку і барысаўцаў. Па яе заканчэньні ў 1834—1848 гадах быў зроблены абмен участкамі зямлі паміж царквой і князямі.

У першай палове ХІХ стагодзьдзя (пасьля вайны 1812 году) зьмянілася геаграфія прыходу. Акрамя царквы і капліцы ў Лошніцы да яго ў гэты час адносіцца царква на могілках у Негнавічах. У 1834 годзе пасьля ліквідацыі прыходу да Міхалаўскай царквы прыпісалі таксама царкву ў Баярах.

У 1863 годзе царква была абрабавана. Пасьля паўстаньня 1863-64 гадоў пры Міхалаўскай царкве было ўтворана праваслаўнае брацтва (яно, ва ўсякім разе, існавала станам на 1868 год).

На 1864 год Міхалаўская царква ў Лошніцы як і раней адносіцца да 4-й клясы. Штатнага гадавога жалаваньня прычту ў ёй 256 руб. Зямлі сядзібнай, ворнай, пашы і пад лесам 118 дзесяцін. Прыхаджан у той час адзначаецца ўсяго 1574 (779 муж. і 895 жан.). Да Міхалаўскай царквы належала могілкавая Касьма-Дзям’янаўская царква ў В. Негнавічах.

На 1871 год ля Міхалаўскай царквы ў Лошніцы адзначаецца драўляная званіца. Іншых будынкаў царква ня мела. Ёй належала тры дзесяціны сядзібнай зямлі і каля 100 дзесяцін астатняй (пашы, лясоў, балот і інш.). Прыход аб’ядноўваў вернікаў ня толькі з былога мястэчка, але і з Млёхава, Баяраў, Быкоўшчыны, Забалотніцы, Малых і Вялікіх Негнавічаў, Замужанаў (Залужанаў (?) — цяпер Замужаньне). Разам — 2641 вернік (1290 муж. і 1361 жан.).

У 1879 годзе быў зроблены невялікі рамонт рызьніцы царквы. Тагачаснае апісаньне царквы сьведчыць, што гэта быў драўляны прастакутны будынак на мураваным падмурку з выступамі ў алтарнай і прытворных частках з адным глухім купалам на сярэдзіне царквы. Вокны былі разьмешчаны ў два ярусы, дзьвярэй было двое. Унутраная плошча царквы складала каля 25 кв. сажняў. Столь утваралі зводы, зробленыя з брусоў, падлога драўляная. Сьцены былі не пафарбаваны. Іканастас складаўся з 13 абразоў, якія разьмяшчаліся ў тры ярусы, быў зроблены з дошак, пафарбаваных у белы колер, карнізы і рамы былі пафарбаваны. Сярод рэчаў, якія выкарыстоўваліся ў набажэнствах, вылучаўся срэбраны набор посуду для літургіі.

На званіцы, якая стаяла асобна ад царквы, было чатыры званы: у 6, 4, 2,5, 0,5 пудоў. Царкоўны пагост быў абнесены звычайнай драўлянай агароджай. Меліся ў прыходзе дом для сьвятара, сьвіран, варыўня, два хлявы, лазьня, два хлебных хлявы, склеп, гумно, адрына.

Царкоўнай зямлі ў 1879 годзе было: 2 дзесяціны 72 соткі сядзібнай, 35 дзесяцін 69 сотак ворнай, 4 дзесяціны 52 соткі сенажацяў, 2 дзесяціны 69 сотак непрыдатнай для апрацоўкі.

У архіве царквы захоўваліся мэтрычныя кнігі з 1806 году, а прыходзкія рэестры з 1797 году (за выняткам асобных гадоў). Геаграфія прыходу на гэты час мала чым зьмянілася. Перастала да яго належыць у параўнаньні з 1871 годам толькі вёска Млёхава (такі склад прыходу захоўваўся і ў далейшыя гады). Усіх прыхаджан у 1879 годзе было 2453 (1221 муж. і 1232 жан.). Настаяцелем Міхалаўскай царквы быў Павал Вяршынскі (служыў ён у Лошніцы нядоўга. Ужо ў 1887 годзе гэта пасада была вакантнай). Абавязкі псаломшчыка выконваў Іван Курган (з 1883 году псаломшчыкам у Лошніцы быў Міхал Мінкевіч). У 80-х гадах ХІХ стагодзьдзя сядзібная зямля пры царкве павялічваецца да 2 дзесяцін 85 сажняў, ворная, сенажаці, пад лесам і балотам павялічваецца да 52 дзесяцін 2377 сажняў.

Да канца 80-х гадоў ХІХ стагодзьдзя Міхалаўская царква ў Лошніцы прыйшла ў дрэнны стан. Калі яе сьцены яшчэ былі трывалыя, то дах патрабаваў неадкладнага рамонту. Да таго ж царква была ўжо малой для свайго прыходу. У 1889 годзе ён складаўся з 2915 вернікаў (1457 муж. і 1458 жан.). Было вырашана яе значна пашырыць, зрабіць рэканструкцыю. На гэта патрабавалася 5000 рублёў. 1000 зь іх была сабрана прыхаджанамі. Яшчэ на 500 рублёў яны прынялі на сябе абавязак выканаць работы па яе рэканструкцыі. У выніку ў 1898 годзе ў Лошніцы будуецца новая царква, якая асьвячаецца як Сьвята-Духаўская. На 1913 год да яе належалі дзьве драўляныя царквы на могілках. Царкоўнай зямлі было 55 дзесяцін, 62 кв. сажняў. Прычтавыя пабудовы былі драўляныя, патрабавалі рамонту. З 1912 году сьвятаром лошніцкага прыхода быў Васіль Гарачка. Служыў ён у ім да 1927 году, калі быў пераведзены ў Бабруйск.

Пасьля падзеяў 1917 году царква пэўны час функцыянавала. Потым была зачынена, у ёй было зроблена зернясховішча. У вайну храм адкрыўся зноў, але пасьля вайны быў паўторна зачынены. У гэты час тут жылі палонныя. У былым будынку царквы ладзіліся «пляскі». Разабраны будынак Сьвятадухаўскай царквы быў у 1964 годзе.

У 2001 годзе ў Лошніцы недалёка ад старога месца была ўзьведзена новая царква, якая ў даніну традыцыі атрымала тытул Міхалаўскай.

У наш час Лошніца — адзін з найбуйнейшых населеных пунктаў у Беларусі сельскага тыпу. Тут жыве каля 6,5 тысячы жыхароў, маецца 12 вуліцаў. Выгляд невялікага гораду Лошніцы надаюць і амаль тры дзясяткі пяціпавярховых дамоў.

Літаратура

рэдагаваць