Гісторыя Дзісны
Старажытнае паселішча, папярэднік сучаснага Дзісны, існавала на мысе правага берага аднайменнай рэчкі яшчэ ў ХІ ст.. У 1301 мясьціна далучылася да Вялікага Княства Літоўскага.
- 1374, 1377: першыя згадкі ў пісьмовых крыніцах пра ўмацаваны замак Капец-гарадок (ад слова «капа́ць»), які выконваў ролю фарпосту Полацку на Дзьвіне, кантраляваў увесь рух па рацэ і подступы да сталіцы Полацкай зямлі; неўзабаве побач з замкам на левым беразе Дзісны ўзьнікла паселішча.
- 1461: першы ўспамін пад цяперашняй назвай (двор Дзісна).
- 1563: сяло з 7 двароў[1] (паводле іншых зьвестках — мястэчка ў Полацкім ваяводзтве[2]).
- 2-я пал. XVI ст.: у Лівонскую вайну (1558—1583) аднавілі ўмацаваньні Дзісенскага замка; колькасьць насельніцтва места значна павялічылася за кошт былых абаронцаў і жыхароў Полаччыны, якія здолелі выратавацца пасьля ўзяцьця Полацку войскамі Івана Жахлівага (1563).
- 1566: кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст загадаў пры Дзісенскім замку і пад яго аховай заснаваць места, даў яго жыхарам розныя палёгкі тэрмінам на 8 рокаў.
- 1567: атрымала свой першы герб «тры вежы з муру».
- 20 студзеня 1569: атрымала Магдэбурскае права і новы герб «у блакітным полі ладзьдзя з разгорнутым ветразем».[3]
- 1570: у Дзісьне дзейнічала мытня.
- 1579: Дзісенскі замак зрабіўся цэнтрам збору войскаў Стэфана Баторыя перад вызваленчым паходам на Полацак.
- XVI ст.: у Дзісне склаліся два архітэктурна-плянавальныя цэнтры — замак (у 1655 меў 14 вежаў, у тым ліку 2 брамы; 40 гарматаў) з гандлёвым пляцам, жылымі будынкамі, арсэналам і частка места на левым беразе Дзісны з ратушай, гандлёва-рамесьніцкім цэнтрам. Тут былі стаялі 3 царквы — праваслаўныя Ўваскрасенская (існавала ў 1568, з 1633 пры царкве заснаваны манастыр, з 1679 — брацтва) і Ўзьвіжанская, вуніяцкая Міхайлаўская; драўляны парафіяльны касьцёл (з 1581, у 1775 адкрылася школа), касьцёл (пабудаваны ў 1733, мураваны) і кляштар (з 1630 драўляны, з 1818 мураваны) каталіцкага манаскага ордэну францішканаў.
- XVIІ ст.: цэнтар староства Полацкага ваяводзтва, гандлёва-рамесьніцкі асяродак (у 1632 — 9 рамесных цэхаў); шторок праводзіліся 3 кірмашы. Места і яго жыхары значна пацярпелі ў час ваенных дзеяньняў 1654—1667 і 1700—1721 рокаў, а таксама ад пажараў (1649, 1700, 1720), эпідэміі чумы (1710).
- 1654: у пачатку вайны Расеі з Рэччу Паспалітай бурмістар Дзісны здаў места маскоўскаму войску.
- 10 красавіка 1661: шляхта, казакі, мяшчане і павятовыя мужыкі, што знаходзіліся ў Дзісенскім замку, зьвязалі расейскую залогу і адчынілі браму войску Вялікага Княства Літоўскага (здрадніка-бурмістра павесілі ў замкавай браме).[4]
- 1793: у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі; цэнтар павету Менскай, з 1842 — Віленскай губэрні.
- 23 красавіка—24 красавіка 1831: паўстанцы ў колькасці да 3000 чалавек вызвалілі Дзісну ад расейскай улады.
- 1865, 1870, 1872, 1878, 1882: значную шкоду Дзісне і яе гаспадарцы прычынілі пажары і паводкі, у часе якіх пацярпелі Ўваскрасенская (мураваная, збудаваная ў 1870) і Мікалаеўская (да 1842 касьцёл) цэрквы; перад пажарам 1882 року вядомы расейскі падарожнік П. Сямёнаў-Цян-Шанскі назваў Дзісну найлепшым местам Віленскай губэрні.
- 1904: у Дзісьне было 56 вуліц і завулкаў, 2 плошчы; дзейнічалі 2 царквы, касьцёл (былы францішканскі, рамантаваўся ў 1858 і 1883) і 7 габрэйскіх малітоўных дамоў, працавалі 5 школаў, 2 бібліятэкі, друкарня, лякарня і іншыя ўстановы; з 1910 дзейнічаў малітоўны дом старавераў.
- 1921: у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, цэнтар павету Віленскага ваяводзтва;
- 1939: у Дзісьне было 905 будынкаў.
- 17 верасьня 1939: невялікая групоўка жаўнераў КОП і навучэнцаў гімназіі пад камандаваньнем настаўніка геаграфіі паручніка запасу Зыгмунта Герговіча (пасьля замардаваны ў Катыні) абараняла Дзісну. Баі доўжыліся 4 гадзіны. Пасьля ўваходу НКУС мясцовыя камуністы, у большасьці сваёй габрэі і часткова беларусы, выдалі саветам найбольш вядомых палякаў. Увечары габрэі разьбілі бюст Юзафа Пілсудзкага[5].
- верасень 1939: у БССР.
- 15 студзеня 1940: цэнтар раёну Вялейскай вобласьці.
- 5 ліпеня 1941 — 4 ліпеня 1944: знаходзілася пад нямецкай акупацыяй; гітлераўцы стварылі тут лягер сьмерці (14 чэрвеня 1942 расстралялі 3800 чалавек).
- 1944: у Дзісне засталося 55 будынкаў.
- 20 верасьня 1944: у складзе Полацкай, з 8 студзеня 1954 — Маладэчанскай вобласьці.
- 3 кастрычніка 1959: у Мёрскім раёне.
- 1990-я: на Дзісенскіх могілках на месцы папярэдняй збудавалі новую каталіцкую капліцу.[6]
-
Панарама
-
Панарама
-
Касьцёл
-
Касьцёл і званіца
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Язэп Бунто. Дзісна // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 586
- ^ Дисна // Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007. С. 174.
- ^ Дзісна(недаступная спасылка) // Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- ^ Міхась Ткачоў. Дзісенскі замак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 586
- ^ Małego wzrostu, w szmacianych butach..., Nóż w plecy. Dodatek specjalny «Rzeczpospolitej» oraz Urzędu do spraw Kombatantów i Osób Represjonowanych nr 218 (8424) z 17 września 2009 roku, ISSN 0208-9130. S. 9. (пол.)
- ^ Дзісна — парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі на Catholic.by
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Міёрскага р-на. — Мн.: Беларуская навука, 1998. — 630 с.: іл. ISBN 985-08-0260-Х.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Дзісна, ці «Капец-Гарадок» // А. У. Русецкі. Мастацкая культура Віцебскага Паазер’я: ад старажытнасці да пачатку XX стагоддзя. — Мн., 2005.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Дзісна // Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991. — 303 с.: фота. — ISBN 5-341-00240-7.