Галілео Галілей

італьянскі матэматык, фізык, астраном
(Перанакіравана з «Галілей»)

Галіле́о Галіле́й (15 лютага 1564 — 8 студзеня 1642) — італьянскі фізык, матэматык, астраном і філёзаф, імя якога шчыльна зьвязанае з навуковай рэвалюцыяй. Сярод ягоных дасягненьняў выдзяляюць сыстэматычнае вывучэньне паскоранага руху, паляпшэньне тэлескопу, шэраг астранамічных назіраньняў. Адным зь першых выкарыстаў тэлескоп для назіраньня за нябеснымі аб’ектамі, назіраў чатыры найвялікшыя спадарожнікі Юпітэра (Іо, Каліста, Ганімэд ды Эўропу, якія цяпер завуцца галілеевымі ў ягоны гонар. Шырока падтрымліваў вучэньне Капэрніка. Заснаваныя на экспэрымэнце працы Галілея распачалі адыход ад абстрактнага падыходу Арыстотэля. Галілея клічуць «бацькам сучаснай астраноміі», гэтаксама як і «бацькам сучаснай фізыкі», і «бацькам сучаснай навукі» ўвогуле. Ягоная фармулёўка паняцьця інэрцыі, закону вольнага падзеньня целаў і парабалічныя траекторыі распачалі фундамэнтальную зьмену ў вывучэньні руху[8].

Галілео Галілей
па-італьянску: Galileo Galilei
Партрэт Галілео Галілея пэндзлю Атавіё Леоні (1624 год)
Дата нараджэньня 15 лютага 1564[1][2]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 8 студзеня 1642(1642-01-08)[4][5][6][…] (77 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак астраном, філёзаф, матэматык, фізык, вынаходнік, астроляг, унівэрсальны чалавек, прафэсар унівэрсытэту, навуковец, інжынэр, філёзаф
Навуковая сфэра фізыка, матэматыка, астраномія і філязофія
Месца працы
Вядомы як пачынальнік экспэрымэнтальнай фізыкі
Сябра ў Акадэмія дэля Круска[d], Нацыянальная акадэмія дэі Лінчэі[d] і Акадэмія прыгожых мастацтваў[d]
Навуковы кіраўнік Астыліё Рыччы[d][7]
Вучні Niccolò Arrighetti[d] і Giuseppe Biancani[d][7]
Бацька Вінченцо Галілей[d][4]
Маці Джулія Аманаці[d]
Дзеці Vincenzo Gamba[d] і Maria Celeste[d]
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографу

Рух раўнамерна паскораных целаў, які вывучаўся Галілеем у межах кінэматыкі, цяпер уваходзіць у праграму сярэдняй школы.

Біяграфія

рэдагаваць

Раньнія гады

рэдагаваць

Галілей нарадзіўся ў Італіі, у горадзе Піза, недалёка ад Флярэнцыі ў сям’і зьбяднелага шляхціча Вінчэнца Галілея, вядомага тэарэтыка музыкі і лютніста. Прадстаўнікі роду Галілеяў згадваюцца ў дакумэнтах з XIV стагодзьдзя. Некалькі ягоных прамых продкаў былі чальцамі рады Флярэнтыйскай рэспублікі, а прапрадзед Галілея, якога таксама клікалі Галілео, быў вядомым лекарам, які ў 1445 годзе нават быў старшынём рэспублікі. У сям’і бацькоў Галілео — Вінчэнца Галілея і Джуліі Аманаці — было шасьцёра дзяцей, але выжылі толькі чацьвёра: старэйшы сын Галілео, дочкі Вірджынія і Лівія, і малодшы сын Мікелянджэлё, які ў далейшым таксама атрымаў вядомасьць як кампазытар-лютніст. У 1572 годзе Вінчэнца перабраўся ў Флярэнцыю, сталіцу Тасканскага герцагства. Дынастыя Мэдычы, якая кіравала там, была вядомая як заступнікі мастацтва і навукі.

З раньніх гадоў хлопчыка вабіла да мастацтва; праз усё жыцьцё ён пранёс любоў да музыкі і маляваньня, якімі валодаў у дасканаласьці. У ягоныя дарослыя гады найлепшыя мастакі Флярэнцыі — Чыголі, Аньёлё Бранзына да іншыя — раіліся зь ім па пытаньнях пэрспэктывы і кампазыцыі. Чыголі нават сьцьвярджаў, што менавіта Галілею ён абавязаны сваёй славай[9]. Пачатковую адукацыю Галілей атрымаў у разьмешчаным непадалёк манастыры Валёмброза. Хлопчык вельмі любіў навучаньне і стаў адным зь лепшых вучняў у клясе. Ён жадаў стаць сьвятаром, але бацька быў супраць.

У 1581 годзе Галілеа быў залічаны ў Пізанскі ўнівэрсытэт, дзе вывучаў мэдыцыну. Але, захапіўшыся геамэтрыяй і мэханікай, у прыватнасьці працамі Архімэда і Эўкліда, пакінуў унівэрсытэт, дзе чыталіся схалястычныя лекцыі, і вярнуўся ў Флярэнцыю, дзе чатыры гады самастойна вывучаў матэматыку, якую лічыў надзейнай асновай для вывучэньня сьвету[10].

У 1589 годзе ён стаў прафэсарам Пізанскага ўнівэрсытэту. У 1592—1610 гадох пасьля вымушанага ад’езду зь Пізы Галілей працаваў на катэдры матэматыкі Падуанскага ўнівэрсытэту, у далейшым — быў філёзафам пры двары герцага Козыма II Мэдычы. З 25 красавіка 1611 году Галілео належыў да заснаванай Фэдэрыка Чэзі Акадэміі дэі Лінчэі.

Канфлікт з царквой

рэдагаваць
 
Выява да кнігі «Дыялёг пра двух найгалоўных сыстэмах сьвету».
 
«Галілей перад судом інквізыцыі» працы Жазэфа Нікаля Рабэра-Флёры.

У сакавіку 1630 году Галілей амаль скончыў сваю кнігу «Дыялёг пра дзьве найгалоўныя сыстэмы сьвету» (італ. Dialogo sopra i due massimi sistemi del mondo), якая стался вынікам амаль 30-гадовай працы. Навуковец вырашыў, што момант для ейнага выданьня спрыяльны, і прадаставіў тагачасную вэрсію свайму сябру, папскаму цэнзару Рыкардзі. Амаль год ён чакаў ягонага рашэньня, а потым вырашыў пайсьці на хітрасьць. Ён дадае да кнігі прадмову, дзе аб’яўляе сваёй мэтай разьвянчаньне капэрніканства, і перадае кнігу тасканскай цэнзуры, паводле некаторых зьвестках, у няпоўным выглядзе. Атрымаўшы станоўчы водгук, ён пераслаў працу ў Рым. Улетку 1631 году ён атрымаў доўгачаканы дазвол.

У пачатку 1632 году кніга пабачыла сьвет. Яна была напісаная ў форме дыялёгу паміж трыма аматарамі навукі: капэрніканцам Сальвіяці, нэўтральным удзельнікам Сагрэда і прыхільнікам Арыстотэля і Пталемэя Сымплічыё. Не зважаючы на тое, што ў кнізе няма аўтарскіх высноваў, сіла аргумэнтаў на карысьць геліяцэнтрычнай сыстэмы Капэрніка кажа сама за сябе. Кніга была напісаная не навуковай лацінай, а «народнай» італьянскай мовай.

Галілей спадзяваўся, што папа паставіцца да ягоных хітрыкаў гэтак жа паблажліва, як і раней у аналягічных паводле ідэяў «Лістоў да Інголі», аднак пралічыўся. У давяршэньні да ўсяго ён сам безразважна разаслаў 30 асобнікаў сваёй кнігі ўплывовым духоўным асобам у Рыме. Незадоўга да гэтага ў 1623 годзе Галілей уступіў у канфлікт зь езуітамі, таму ягоных абаронцаў у Рыме засталося вельмі няшмат, ды і тыя, ацаніўшы небясьпеку сытуацыі, не жадалі ўмешвацца.

Большасьць біёграфаў сыходзіцца на меркаваньні, што ў прасьцяку Сымплічыё рымскі папа Урбан VIII пазнаў сябе, свае аргумэнты, і вельмі раззлаваўся. Гісторыкі адзначаюць такія характэрныя рысы Урбана, як дэспатызм, упартасьць і неверагодную ганарлівасьць. Сам Галілей пазьней лічыў, што ініцыятыва працэсу належала езуітам, якія падалі папе вельмі тэндэнцыйны данос пра кнігу Галілея. Ужо празь некалькі месяцаў кніга была забароненая і выключаная з продажу, а Галілея выклікалі ў Рым, нягледзячы на ​​эпідэмію чумы, на суд інквізыцыі па падазрэньні ў гарэзіі. Пасьля няўдалых спробаў дамагчыся адтэрміноўкі па прычыне дрэннага здароўя і працяглай эпідэміі чумы ў Рыме Галілей падпарадкаваўся, адбыў пакладзены чумной карантын і прыбыў у Рым 13 лютага 1633 году. Нікаліні, прадстаўнік Тасканы ў Рыме, паводле загаду герцага Фэрдынанда II пасяліў Галілея ў будынку амбасады. Сьледзтва доўжылася з 21 красавіка па 21 чэрвеня 1633 году.

Пасьля заканчэньня першага допыту абвінавачанага арыштавалі. Галілей знаходзіўся ў зьняволеньні ўсяго 18 дзён, то бок з 12 па 30 красавіка. Гэткая незвычайная паблажлівасьць, верагодна, была выкліканая згодай Галілея пакаяцца, а таксама ўплывам тасканскага герцага, які нястомна клапатаў пра зьмякчэньне долі свайго старога настаўніка. Прымаючы пад увагу ягоныя хваробы і сталы ўзрост, у якасьці турэмнай камэры яму быў вылучаны службовы пакой у будынку інквізыцыйнага трыбуналу.

У лісьце з турмы ад 23 красавіка Галілей асьцярожна паведамляе, што не ўстае з ложку, таму што пакутуе ад болі ў сьцягне. Дакумэнтальна пацьверджана толькі пагроза катаваньнямі, але ў любым выпадку, калі катаваньні і былі, то ва ўмераных маштабах, паколькі ўжо 30 красавіка навукоўца адпусьцілі назад да тасканскай амбасады. Тры экспэрты інквізыцыі далі заключэньне, што кніга парушае забарону на прапаганду «пітагарэйскай» дактрыны. Засталося нявырашаным толькі пытаньне аб тым, сьвядома Галілей парушыў эдыкт 1616 году ці не. У выніку Галілео паставілі перад выбарам: альбо ён прыме пакаяньне і адмовіцца ад сваіх памылак, або яго напаткае лёс Джардана Бруна і многіх іншых навукоўцаў, закатаваных інквізыцыяй. 16 чэрвеня судовая нарада правяла пасяджэньне з удзелам Урбана VIII.

Апошні допыт Галілея адбыўся 21 чэрвеня. Ён пацьвердзіў, што згодны выказаць патрэбнае адрачэньне. Яго адпусьцілі да амбасады і зноўку арыштавалі. А на наступны дзень быў абвешчаны прысуд, ток бок Галілей прызнаваўся вінаватым у распаўсюдзе кнігі зь ілжывым і герэтычным вучэньнем аб руху Зямлі, якое супярэчыць Бібліі. Галілей быў прыгавораны да турэмнага зьняволеньня на тэрмін, усталяваны папам. Аднак навуковец ня быў аб’яўлены герэтыком, але толькі «вельмі западозраным ў гарэзіі». Такая фармулёўка была цяжкім абвінавачаньнем, аднак ратавала ад вогнішча. Пасьля абвяшчэньня прысуду Галілей на каленях вымавіў адрачэньня. Копіі прысуду паводле асабістага распараджэньня Урбана VIII былі адпраўленыя ва ўсе ўнівэрсытэты каталіцкай Эўропы.

Апошнія гады

рэдагаваць

Папа ня стаў доўга трымаць Галілея ў турме. Пасьля вынясеньня прысуду навуковец жыў на адной зь вілаў Мэдычы, адкуль яго перавялі ў палац ягонага сябра, арцыбіскупа Пікаляміні ў Сіене. Празь пяць месяцаў Галілею было дазволена адправіцца на радзіму, і ён асеў у Арчэтры, побач з кляштарам, дзе жылі ягоныя дочкі. Тут ён правёў рэшту жыцьця пад хатнім арыштам і сталым наглядам інквізыцыі.

Брат Мікелянджэлё Галілей працаваў кампазытарам і лютністам у Радзівілаў. Вінчэнца, сын Мікелянджэла, працаваў кампазытарам і лютністам пры двары Тышкевічаў[11].

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць