Вітаўт Юры Стаповіч
Вітаўт Юры Стаповіч (Стэповіч) (па-польску: Witold Jerzy Stapowicz; 12 сакавіка 1939, Вільня, Віленскае ваяводзтва — 28 кастрычніка 2019, Сопат, Паморскае ваяводзтва) — беларуска-польскі грамадзка-палітычны дзяяч, адзін з заснавальнікаў Беларускага культурнага таварыства «Хатка» ў Гданьску. Пляменьнік Казімера Сваяка й Альбіна Стаповіча.
Вітаўт Юры Стаповіч | |
Род дзейнасьці | выкладнік, культурны дзеяч |
---|---|
Дата нараджэньня | 12 сакавіка 1939 году |
Месца нараджэньня | Вільня, Віленскае ваяводзтва, Польшча |
Дата сьмерці | 28 кастрычніка 2019 (80 гадоў) |
Месца сьмерці | Сопат, Паморскае ваяводзтва, Польшча |
Грамадзянства | Польшча |
Адукацыя | Гданьскі тэхнічны ўнівэрсытэт |
Прафэсія | Выкладнік унівэрсытэту |
Бацька | Ян Стаповіч |
Дзеці | Марк Стаповіч |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьСям’я
рэдагавацьВітаўт Юры нарадзіўся 12 сакавіка 1939 г. у Вільні ў каталіцкай сям’і Яна (нар. 10.08.1898 г. у Баранях) і Чаславы Стэповічаў (нар. 17.02.1909 г. пад Астралэнкай). Яго бацька, родны брат Казіміра Сваяка й Альбіна Стаповіча, працаваў сакратаром Акруговага суда ў Вільні, а маці была настаўніцай у прадшкольлі. Хрысьціў яго ксёндз Адам Станкевіч у касьцёле сьв. Якуба, а хросным бацькам быў доктар Баляслаў Грабіньскі. Яго падвойнае імя напамінала пра вялікага князя літоўскага Вітаўта й апекуна Вільні сьв. Юрыя. Пасьля вайны Вітаўт Юры з бацькамі пераехаў у Сопат, дзе бацька 10 ліпеня 1948 г. памёр ад сухоты. Дапамагаў яму хросны бацька, які апынуўся ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Захаваў яго лісты, у якіх у сумны пасьляваенны час прыходзілі даляры ЗША.
Навуковая дзейнасьць
рэдагавацьКалі Вітаўт Юры скончыў Гданьскую Палітэхніку, ён стаў яе навукова-дыдактычным супрацоўнікам. Яго навуковая кар’ера зьвязаная з Палітэхнікай і Марскім унівэрсытэтам ў Гдыні, дзе пачаў працаваць у 1999-2000 гадох. Быў аўтарам падручнікаў (скрыптаў) для студэнтаў: «Elementy półprzewodnikowe» й «układy scalone» (1993, 1999), «Materiały i elementy elektroniczne» (2011) ды шматлікіх навуковых артыкулаў.
Беларушчына
рэдагавацьСупольнымі сіламі Эдмунда і Вітаўта Юрыя Стэповічаў (прафінансавалі помнік на магіле Альбіна Стаповіча), гданьскіх і віленскіх беларусаў (Людвіка Кардзіс зь Вільні афармляла ўсё з адміністрацыяй Росаў) у сьнежні 1994 г. быў адкрыты помнік Альбіну Стаповічу на яго магіле. У касьцёле сьв. Мікалая, дзе некалі Альбін Стаповіч вёў беларускі хор, адбылася імша зя ягоную душу. Вітаўт Юры на адкрыцьцё помніка забраў свайго сына Марка, а Эдмунд — свайго ўнука Артура. Маладыя нашчадкі роду Стаповічаў адкрывалі помнік Альбіну.
У чэрвені 2004 году Вітаўт Юры з сынам і Ленай Глагоўскай паехаў у Барані, зараз у Астравецкім раёне ў Беларусі. Віктар Шалкевіч знайшоў ім кіроўцу з машынай з Горадні, які давёз іх да вёскі. Там іх чакала сям’я Стаповічаў. На другі дзень прадбачвалася адкрыцьцё памятнай дошкі на бацькоўскім доме братоў Стаповічаў, з імшой у касьцёле ў Клюшчанах, ды Купальлем над Бараньскім возерам. Усе гэтыя мерапрыемствы рыхтавала грамадзкая суполка «Вільняр» з Астраўца.
Апошнія месяцы жыцьця
рэдагавацьАпошнім часам Вітаўт Юры займаўся хворай на сындром Паркінсона жонкай. За некалькі месяцаў да скону Вітаўт Юры быў вельмі хворы, страціў памяць і амаль перастаў гаварыць. Пражыўшы яшчэ тры месяцы ў сваёй кватэры пад добрай апекай, адышоў у лепшы сьвет. Хавалі Вітаўта Юрыя на каталіцкіх могілках у Сопаце 9 лістапада, побач з бацькам і маці.
Прозьвішча
рэдагавацьВітаўт Юры абураўся, калі прозьвішча яго дзядзькоў у Беларусі перайначвалі і пісалі «Стаповіч». Даказваў, будучы фізыкам і электронікам, этымалёгію свайго прозьвішча і зьдзіўляўся, як вядомыя дасьледнікі ў Беларусі могуць гэтага не разумець, калі ў даваенных выданьнях і на існуючых магілах на беларускай мове пісалася «Стэповіч». Праўда, калі ў 2010 г. у Менску у «Беларускім кнігазборы» выйшаў збор твораў Казіміра Сваяка, Вітаўт Юры вельмі цешыўся, што ўрэшце прозьвішча яго дзядзькі напісалі папраўна.
Кнігаграфія
рэдагаваць- Elementy półprzewodnikowe (1993)
- Układy scalone (1999)
- Materiały i elementy elektroniczne (2011)