Брыцалавіцкая пушча

Брыцалавіцкая пушча — лясны масіў у Асіпавіцкім і Клічаўскім раёнах Магілёўскай вобласьці. Плошча 68 тыс. га. Назва пушчы паходзіць ад вёскі Брыцалавічы. Мае статус тэрыторыі, важнай для птушак[1].

Знаходзіцца на Цэнтральнабярэзінскай раўніне і ўяўляе сабой лясны масіў, падзелены на тры часткі ракой Бярэзінай і яе прытокам Сьвіслаччу. Рэльеф тэрыторыі плоска-хвалісты, з ухілам да поўдня, ускладнёны шматлікімі эолавымі дзюнамі і марэнавымі ўзгоркамі.

Гідраграфія

рэдагаваць

Аснову гідралягічнай сеткі пушчы складаюць рэкі Бярэзіна і Сьвіслач са шматлікімі старыцамі і абалонавымі азёрамі. Лясны масіў прарэзаны ручаямі, якія моцна разьліваюцца ў паводку і перасыхаюць улетку. Частка масіву застаецца забалочанай на працягу ўсяго цёплага часу року.

Расьліннасьць

рэдагаваць

У складзе дрэвавай расьліннасьці паўночна-заходняй часткі пушчы (левы бераг Сьвіслачы) пераважаюць ельнікі з прымешкай асіны і грабава-дубовыя лясы. Тут ёсьць дзьве невялікія дзялянкі верхавых балотаў. Паўднёва-заходнюю частку займаюць старыя шыракалістыя лясы зь перавагай дуба і граба і з прымешкай ліпы, клёна, елкі і асіны. Асобныя дзялянкі дуброваў і ліпнякоў маюць век больш за 100 рокаў. У абалонах лясных ручаёў растуць чорнаалешнікі. Уздоўж левага берага Бярэзіны працягнуліся старыя дубровы, якія перамяжоўваюцца з забалочанымі алешнікамі. Берагі Сьвіслачы больш сухія, але тут таксама сустракаюцца фрагмэнты старых дуброваў. Дзюны і марэнавыя ўзгоркі звычайна пакрытыя хваёвымі лясамі.

На тэрыторыі пушчы выяўленыя больш за 750 відаў судзінкавых расьлінаў, 15 зь якіх занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: баранец звычайны, мнаганожка звычайная, цыбуля медзьвядзіная, зубніца клубняносная, плюшч звычайны, званочак шыракалісты, шпажнік чарапіцавы, касач сыбірскі, пальчатакарнявік балтыйскі, ядрушка камарнікавая, тайнікі сэрдцападобны і яйцападобны, чараўнік зяленакветкавы, мурожніца высокая, фіялка багнавая, пустапялесьнік зялены, асот карэнішчавы.

Жывёльны сьвет

рэдагаваць

У пушчы водзяцца: заяц-бяляк, заяц-русак, дзік, алень, сустракаюцца эўрапейская казуля, лось, лісіца звычайная, воўк, куніца лясная, ласка, гарнастай, звычайная вавёрка. Па берагах рэчак і лясных ручаёў жывуць бабёр рачны і норка амэрыканская. З рэдкіх і экалягічна ўразьлівых відаў тут сустракаецца барсук. У паўднёва-заходняй частцы ляснога масіву былі выпушчаны і зараз жывуць некалькі зубраў.

Арніталягічная каштоўнасьць тэрыторыі вызначаецца, перш за ўсё, наяўнасьцю тут такоў і выдатных гнездавых угодзьдзяў для рэдкага вілу — дупеля. Усяго ў межах ТВП выяўленыя гнездаваньні 127 відаў птушак, 17 зь якіх занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, 32 аднесеныя да катэгорыяў 1—3 Сьпісу відаў Эўрапейскага ахоўнага статусу (SPEC). У іх ліку чорны бусел, малы падворлік, чорны каршун.

Гаспадарчая дзейнасьць

рэдагаваць

Асноўнай формай выкарыстаньня тэрыторыі зьяўляецца лесагаспадарчая дзейнасьць. Пушча выкарыстоўваецца таксама ў паляўнічых мэтах і для рыбнай лоўлі, мясцовае насельніцтва зьбірае тут ягады і грыбы, пасе жывёлу, нарыхтоўвае дровы і косіць сена.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць