Беларуская народная грамада (1941)

палітычная суполка ў акупаванай Беларусі падчас Другой сусьветнай вайны

Белару́ская наро́дная грамада́ (БНГ) — беларуская кансьпірацыйная палітычная суполка ў акупаванай Беларусі падчас Другое сусьветнае вайны ў 1941—1945 гады.

Беларуская народная грамада
Заснавальнік Юльян Саковіч, Я. Галейка, Сяргей Хмара, Васіль Лукашык, Іван Гелда, Васіль Вір, Юрка Стасевіч, Трэска
Дата заснаваньня 1941 год
Распушчаная 1945 год
Саюзьнікі і блёкі Беларуская незалежніцкая партыя
Беларуская народная партызанка
Ідэалёгія беларускі нацыяналізм
левы нацыяналізм
сацыял-дэмакратыя
Орган партыйнага друку была спроба зрабіць часопіс з назвай «Покліч» ці «Барацьба»

Перадумовы стварэньня БНГ

рэдагаваць

Беларуская гародная грамада была створаная ў выніку аб’яднаўчай дзейнасьці Юльяна Саковіча й іншых сябраў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Юльян Саковіч, які пасьля пачатку нямецка-савецкай вайны 1941—1945 гадоў вярнуўся з астрога НКВД і застаў удома тэрор польскай дапаможнай паліцыі, паехаў да Менску, дзе ўжо існавалі беларуская паліцыя й іншыя ўстановы пры акупацыйнай нямецкай адміністрацыі. Там ён атрымлівае давер немцаў у сувязі з тым, што быў раней савецкім палітвязьнем, і ўзначальвае адміністрацыйны аддзел Беларускае народнае самапомачы й беларускую паліцыю Менскай акругі. Пасьля гэтага Саковіч хутка наладжвае кантакт з Усеваладам Родзькам, уступае ў нелегальную Беларускую незалежніцкую партыю, становіцца сябрам ЦК БНП, у выніку — кіраўніком Менскага акруговага камітэту партыі. На думку Юльяна Саковіча, у існуючым становішчы трэба было пайсьці на фальшывую калябарацыю зь немцамі, каб заняць ключавыя адміністрацыйныя пасады, перадусім у тутэйшай дапаможнай паліцыі, якая ў той час зьяўлялася адзінай беларускай збройнай сілай. На думку Саковіча гэта магло дапамагчы паралізаваць працу «сапраўдных» калябарантаў і ўратаваць беларускі актыў. З гэтай мэтай ён пачынае шукаць былых сябраў Беларускай сялянска-работніцкай грамады і ўладкоўвае іх у акруговыя камітэты Беларускае народнае самапомачы.

Стварэньне й дзейнасьць БНГ

рэдагаваць

Увосень1941 року зь ініцыятывы Юльяна Саковіча, ужо камэнданта Беларускае дапаможнае паліцыі менскага раёну, адбылася нелегальная канфэрэнцыя часткі даваенных актывістаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Для прыкрыцьця канфэрэнцыі выкарыстоўваўся інструктарскі курс раённых кіраўнікоў Беларускае народнае самапомачы. На зьезьдзе прысутнічалі 9 актывістаў: 3 — зь Менску (адзін невядомы, Юльян Саковіч і Я. Галейка) і 6 з Заходняй Беларусі (Сяргей Хмара, Васіль Лукашык, Іван Гелда, Васіль Вір, Юрка Стасевіч, Трэска). На патаемнай канфэрэнцыі абмяркоўвалася тагачаснае тутэйшае й міжнароднае становішча, беларускія пэрспэктывы пад нямецкай акупацыяй. Канфэрэнцыя лічыла, што Нямеччына ня зможа хутка скончыць вайну з СССР, захопіць толькі яго эўрапейскую частку, і вайна расьцягнецца на доўгія гады, таму аднагалосна было прынята, што трэба ствараць уласныя збройныя сілы. Пытаньне калябарацыі й уваходу, нават дэ-юрэ, да нямецкае адміністрацыі выклікала супярэчнасьці: Юльян Саковіч, Васіль Лукашык і Іван Гелда выступілі з прапановай карыстацца кожнай мажлівасьцю для рэалізацыі нацыянальных патрэбаў і цесна супрацоўнічаць зь немцамі, а Сяргей Хмара, Васіль Вір і Юрка Стасевіч меркавалі, што гэткім чынам беларускія патрыёты будуць вымушаныя выконваць нават злачынныя наказы. У выніку было вырашана пытаньне калябарацыі заставіць на сумленьні кожнага сябра арганізацыі, не пісаць ніякіх дакумэнтаў і ўлётак, выбраць Юльяна Саковіча кіраўніком, працаваць «тройкамі» — суполкамі з трох сябраў, якія мелі кантактаваць між сябе й з Саковічам праз сваіх непасрэдных кіраўнікоў, галоўныя нарады арганізацыі абмежаваць да выключна неабходных, а назоў арганізацыі «Беларуская народная грамада» не выкарыстоўваць, замяняючы яго словам «мы». Плянавалася, што калі ня ўдасца дабіцца ад немцаў самастойнага беларускага корпусу паліцыі зь Юльянам Саковічам на чале, ён, як галоўны камэндант, будзе павінен пакінуць паліцыйны пост.

Суполка працавала па ўсёй Заходняй Беларусі, Беласточчыне і Віленшчыне, наймацнейшыя цэнтры знаходзіліся ў Менску, Пінску, Берасьці, Беластоку й Вільні. Кур’еры перадавалі інфармацыю вусна або перавозілі шыфры й лісты. Сяргею Хмары ўдалося атрымаць перапусткі на паездкі па Заходняй Беларусі, бо ён працаваў у фірме па распаўсюджваньню прэсы, а пазьней — і ў Пінск, які належаў да Ўкраінскага камісарыята.

Кантакт зь іншымі арганізацыямі

рэдагаваць

У 1942 годзе Беларуская народная грамада пачала кантактаваць зь Беларускай народнай партызанкай, намагаючыся аб’яднаць розныя аддзелы Партызанкі пад адзінае кіраўніцтва, і ў выніку Івацэвічаўскай канфэрэнцыі, дзе ад БНГ прысутнічалі Сяргей Хмара, Васіль Вір і Юрка Стасевіч, узяла на сябе палітычнае кіраўніцтва над незалежнай Беларускай народнай партызанкай. На канфэрэнцыі была створаная «Лава атаманаў» і было вырашана падтрымаць прапанову БНГ аб чаканьні зручнага моманту для збройнага супраціву. У тым жа годзе БНГ за кароткі час дапамагла арганізаваць Слонімскую Брыгаду Самааховы, але нямецкае кіраўніцтва распусьціла й раззброіла яе. Юльян Саковіч у гэты час страціў пасаду камэнданта паліцыі Менскай акругі, стаў камэндантам Менскай паліцыі й са жніўня працаваў у Беларускай народнай самапомачы. Васіль Лукашык, бурмістар Беластоку, уцёк у Швэцыю, дзе пазьней спрабаваў закласьці Цэнтар Беларускага вызвольнага руху. У Слоніме, Баранавічах і Наваградку арганізацыя спрабавала выдаваць легальны часопіс «Покліч» ці «Барацьба», але выданьне часопіса было забароненае немцамі. Таксама Беларуская народная грамада наладзіла сувязь з падпольнай Беларускай незалежніцкай партыяй праз старшыню Цэнтральнага Камітэту Беларускае незалежніцкае партыі Усевалада Родзьку й сябра партыі Ўладзіслава Рыжага. Празь Сяргея Хмару БНГ беспасьпяхова спрабавала наладзіць сувязь зь Беларускім народным (цэнтральным) фронтам ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага: нягледзячы на тое, што некаторыя сябры БНГ пасьпелі стаць бальшавіцкімі палітвязьнямі, той падазрона адносіўся да былых камуністаў і сацыялістаў з Грамады, бо ў 1930-я гады яны вялі барацьбу супраць яго БНФ. Я. Галейка, актыўны менскі дзеяч БНГ, успамінаў, што былі спробы наладзіць супрацоўніцтва з Аўгенам Калубовічам, але грамадоўцы з правінцыі не давяралі нікому з «падсавецкіх беларусаў».

Ціск немцаў

рэдагаваць

У 1943 годзе супраць кансьпірацыйнай дзейнасьці Грамады дзейнічалі ўжо як немцы, так і саветы, хоць ім не ўдалося пранікнуць у кіраўніцтва партыі. Немцы даведаліся пра падпольную дзейнасьць Юльяна Саковіча й накіравалі яго кіраўніком Беларускае народнае самапомачы на Лідчыну, дзе ён быў забіты каля касьцёла ў Васілішках 13 чэрвеня 1943 року разам зь Леанідам Мараковым: у гэтым раёне актыўна дзейнічала Армія Краёва, таму немцы былі ўпэўненыя, што Саковіча хутка заб’юць. Немцы арыштоўвалі й катавалі сябраў БНГ. Так, у Пінскім СД былі забітыя сябры БНГ Шаламюк і Дзерваед. У тым жа СД апынуўся Васіль Вір, які на Піншчыне займаўся наладжваньнем кансьпірацыйнай сеткі БНГ і сустрэў супраціў украінскіх нацыяналістаў на службе ў немцаў. Калі б не арышт і наступная прымусовая праца ў Нямеччыне, Васіль Вір павінен быў паехаць у Смаленск дамаўляцца з тутэйшымі беларускімі партызанамі аб супрацоўніцтве. Ад рук супрацоўнікаў НКВД ґенэрала Капусты ў тым жа годзе загінуў сувязны БНП і дзеяч БНГ Уладзімер Альшэўскі.

Заняпад БНГ

рэдагаваць

У чэрвені 1944 году Беларуская народная грамада падтрымала ідэю скліканьня Ўсебеларускага Кангрэсу ў Менску: гэта была адзіная апошняя магчымасьць сабраць разам сябраў Грамады й навогул увесь беларускі нацыянальны актыў. На кангрэсе БНГ спрабавала ўсталяваць кантакт з ґенэралам Езавітавым. У якасьці таемнага прадстаўніка БНГ на кангрэсе выступіў Андрэй Чэмер (Аляксей Анішчык). Пасьля гэтага адбылася кароткая нарада грамадоўцаў (Сяргей Хмара, Валянцін Таўлай, Траска, Андрэй Чэмер і іншыя), дзе вырашаўся далейшы лёс арганізацыі: большасьць выступала за эміграцыю, але некалькі сябраў прапанавалі застацца ў Беларусі. У становішчы небясьпекі ад надыходзячай Чырвонай Арміі, зьнішчэньня Беларускай народнай партызанкі й забойства дзясяткаў сябраў БНГ, ў кіраўніцтве было прынятае рашэньне перакінуць рэшту людзей на Захад для ратунку ад новых акупантаў і іх забойцаў і лягероў. У Бэрліне апынуліся, сярод іншых, Сяргей Хмара, Васіль Вір і Юрка Стасевіч. Напрыканцы 1944 року яны ўтварылі арганізацыю пад назвай «Двупагоня» як працяг БНГ. Сярод сябраў БНГ, якія засталіся ў БССР і якія спадзяваліся на тое, што савецкі рэпрэсіўны апарат памякчэе пасьля вайны, ня быў арыштаваны амаль толькі Валянцін Таўлай, у якога было алібі — супраца са спэцсуполкай НКГБ «Буравеснік». Іншыя сябры БНГ апынуліся ў лягерох і пайшлі ў антысавецкае падпольле ці партызанку.

Беларуская народная грамада фактычна скончыла сваю дзейнасьць з канцом вайны.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць
  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3
  • Беларускі нацыянальны рэзыстанс у гады Другой сусьветнай вайны, Пагоня, 1995, № 33, 1-7.09, № 34, 8-14.09, № 36, 29.09-5.10, № 37, 6-12.10.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць