Беларуская камуністычная арганізацыя
Белару́ская камуністы́чная арганіза́цыя (БКА) — палітычная арганізацыя камуністычнага кірунку. Дзейнічала з 1 студзеня да жніўня 1920.
Створана на аснове арганізацыі «Маладая Беларусь», якая функцыянавала з траўня 1917 пры Менскім настаўніцкім інстытуце. У кіруючае ядро «Маладой Беларусі» ўваходзілі Усевалад Ігнатоўскі, Аляксандар Сташэўскі, Васіль Гарбацэвіч, Язэп Каранеўскі, Сьцяпан Булат, Міхаіл Кудзелька, М. І. Мароз.
Аб’ядноўвала ў асноўным навучэнцаў і сельскую інтэлігенцыю. У праграмных і тактычных пытаньнях арыентавалася на Беларускую сацыялістычную грамаду. Пасьля ейнага распаду ўвайшла ў склад Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў як аўтаномная арганізацыя. У 1919 у «Маладой Беларусі» ўзьнікла левая плыня, якая актыўна ўключылася ва ўзброенае супраціўленьне польскаму акупацыйнаму рэжыму. У сьнежні 1919 на сустрэчы прадстаўнікоў ЦК КП(б)ЛіБ з кіраўніцтвам партыі беларускіх эсэраў у Смаленску было заключана пагадненьне пра каардынацыю дзеяньняў усіх паўстанцкіх сілаў у барацьбе супраць польскіх інтэрвэнтаў. «Маладая Беларусь» стала збліжацца з КП(б)ЛіБ. 1 студзеня 1920 ініцыятыўная група сябраў арганізацыі «Маладая Беларусь» у складзе Ігнатоўскага, Каранеўскага, Сташэўскага, Булата, Кудзелькі стварыла арганізацыйны цэнтар БКА, які заявіў аб прызнаньні праграмы і тактыкі РКП(б).
У праграмных дакумэнтах БКА пацьвярджалася, што арганізацыя будзе «дабівацца ладу Савецкай Беларускай Рэспублікі, спадзеючыся на дапамогу Савецкай Расеі, зь якой Савецкая Беларусь знаходзіцца ў фэдэратыўнай сувязі». БКА падтрымала мэты бальшавіцкага перавароту, выказалася за дыктатуру пралетарыяту, барацьбу з сусьветным імпэрыялізмам, нават зьвязала пераварот з інтарэсамі сусьветнага пралетарыяту. У той жа час яна імкнулася праводзіць палітыку ў інтарэсах беларускага народу. БКА зьяўлялася як бы зародкам беларускага нацыянал-бальшавізму, які, ідучы насустрач расейскаму бальшавізму, спрабаваў забясьпечыць новай сыстэме, што ўсталёўвалася сілавымі мэтадамі, найбольшую падтрымку беларускага насельніцтва.
Кіраўніцтва ЦК КП(б)ЛіБ насьцярожана ставілася да БКА, выкарыстоўвала яе як пераходную ступень да ўспрыманьня камуністычных ідэй радавымі сябрамі нацыянал-дэмакратычных партыяў. БКА яднала левыя элемэнты партыі беларускіх эсэраў сярод навучэнцаў, сельскага настаўніцтва, сялянства і накіроўвала іх у рэчышча барацьбы з польскімі інтэрвэнтамі. У канцы лютага 1920 у Менску на нарадзе прадстаўнікоў «пяцёрак» (каля 2 тыс. сябраў) выбраны пастаянны ЦК БКА, у які ўвайшлі Ігнатоўскі (старшыня), Булат, Каранеўскі. Арганізацыі БКА існавалі на тэрыторыі Менскай і Гарадзенскай губэрняў. У многіх паветах пад кантролем БКА дзейнічалі партызанскія аддзелы. Сябры БКА садзейнічалі аб’яднаньню партызанскіх аддзелаў, што змагаліся на Беларусі, у паўстанцкую арганізацыю, штаб якой знаходзіўся ў Менску. У пачатку 1920 на зьезьдзе ў Гатаве быў створаны падраённы штаб Менскай раённай паўстанцкай арганізацыі (начальнік штаба сябра БКА А. І. Раманоўскі). У навакольлі Менску дзейнічаў партызанскі аддзел на чале зь сябрам БКА С. С. Плашчынскім. Пад кіраўніцтвам ЦК БКА дзейнічалі партызанскія аддзелы ў Докшыцах, Маладэчне, Старых Дарогах, Ігумене, Слуцку, Барысаве, Дукоры, Лідзе, Ашмянах і інш. У красавіку 1920 пасьля разгрому польскай дэфэнзівай штаба Менскай паўстанцкай арганізацыі ЦК БКА ўключыў сваіх прадстаўнікоў у Беларускі паўстанцкі камітэт, які кіраваў баявымі дзеяньнямі партызан. Камітэт падтрымліваў сувязь са штабам Заходняга фронту і ў ажыцьцяўленьні баявых апэрацыяў кіраваўся ўказаньнямі камандуючага фронтам Міхаіла Тухачэўскага.
Пасьля вызваленьня Менску ад польскіх войскаў БКА актыўна ўключылася ў работу па адраджэньні нацыянальнай дзяржаўнасьці беларускага народу. 31 ліпеня 1920 старшыня ЦК БКА Ігнатоўскі разам з прадстаўнікамі ЦК КП(б)ЛіБ, ЦК Бунда і прафсаюзаў падпісаў «Дэклярацыю аб абвяшчэньні незалежнасьці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі». 3 адраджэньнем беларускай савецкай дзяржаўнасьці адпала неабходнасьць існаваньня БКА. У жніўні 1920 па рэкамэндацыі ЦК РКП(б) Менскі губэрнскі камітэт КП(б)ЛіБ заявіў аб роспуску БКА і прыняцьці яе сябраў у склад КП(б)ЛіБ. У пастанове губкаму адзначалася, што «Беларуская камуністычная арганізацыя… зжыла рэшткі народніцтва і нацыянал-сацыялізму і, па меры сваіх сіл, праводзіць у жыцьцё прынцыпы дыктатуры пралетарыяту і камунізму, з прычыны чаго з боку Камуністычнай партыі Літвы і Беларусі ў цяперашні час няма перашкод да прыняцьця Беларускай камуністычнай арганізацыі ў рады КП(б)ЛіБ». Той жа пастановай БКА распускалася як партыйная нацыянальная структура, а ейныя сябры інтэграваліся ў КП(б)ЛіБ.
У канцы 1920-х — 1930-я гады амаль усе былыя сябры БКА абвінавачаныя ў правядзеньні нацыянал-дэмакратычнай ідэалёгіі і рэпрэсаваныя.
Літаратура
рэдагаваць- Сташкевіч, М. С. Беларуская камуністычная арганізацыя / М. С. Сташкевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2 — С. 374.
- Сташкевич Н.С. Приговор революции. Мн., 1985;
- Ігнаценка І., Кароль А. Усевалад Ігнатоўскі і яго час. Мн,. 1991.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Левыя партыі, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі ў канцы ХІХ — 1930-х. Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)