Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны

дабрачынная арганізацыя
(Перанакіравана з «БТДПВ»)

Белару́скае тавары́ства дапамо́гі пацярпе́лым ад вайны́, Беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны (БТДАВ) — дабрачынная арганізацыя для дапамогі бежанцам Першай сусьветнай вайны. Існавала ў 1915—1920-х гг. у Вільні.

Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны
Беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны
Дата ўтварэньня 1915
Дата спыненьня існаваньня 1925
Юрыдычны статус дабрачынная арганізацыя
Месцазнаходжаньне Вільня
Дзейнічае ў рэгіёнах Заходняя Беларусь
Маршалак Вацлаў Іваноўскі

Гісторыя

рэдагаваць

Параза расейскіх войск ва Ўсходняй Прусіі ў жніўні 1914 паказала, што ў далейшым ход вайны для Расеі можа скласьціся няўдала. Таму ўлады дазволілі стварэньне, апрача Летувіскага і Польскага, Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны.

9 сакавіка 1915 віленская губэрнская ўправа па справах згуртаваньняў ухваліла статут Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое пасьля таго, як 29 красавіка яго зацьвердзіў губэрнатар, магло распачаць працу. Старшынём (маршалкам) праўленьня таварыства стаў Вацлаў Іваноўскі, а яго намесьнікамі — Антон Луцкевіч і Вацлаў Ластоўскі. У склад праўленьня ўвайшлі Павал Аляксюк, Ігнат Біндзюк, Уладзіслаў Сталыгва, ксёндз Савіцкі, Ігнат Буйніцкі, Н. Клім. Управа таварыства знаходзілася ў Вільні, яно мела права дзейнічаць на тэрыторыі Менскай, Магілёўскай, Гарадзенскай, Віленскай і Віцебскай губэрняў.

У сакавіку 1915 праўленьне таварыства выдала адозву «Да грамадзян Беларусі», у якой заклікала насельніцтва да супольнай ахвярнай працы дзеля ажыцьцяўленьня сваіх першапачатковых задачаў: грамадзкай апекі (харчаваньне, раскватараваньне, лекарская дапамога) і помачы вясковым жыхарам у адбудове панішчанага вайной. Таварыства арганізоўвала пункты харчаваньня, сталовыя, інтэрнаты, імкнулася аказаць мэдыцынскую дапамогу бежанцам.

Нягледзячы на дабрачынны характар (зрэшты, ня так ужо і сьцісла акрэсьлены), БТДАВ было адзінай афіцыйнай грамадзкай беларускай арганізацыяй, якую падтрымлівалі ўлады, і з гэтага гледзішча стварала вялікія магчымасьці для канцэнтрацыі нацыянальных сіл і каардынацыі пазастатутнай дзейнасьці.

Сродкі таварыства складаліся зь сяброўскіх складак, прыбыткаў ад дабрачынных мерапрыемстваў. Спроба Беларускага таварыства па прыкладу іншых дабрачынных арганізацыяў атрымаць субсыдыі з Тацьцянінскага камітэту і Галоўнага камітэту Ўсерасейскага саюзу гарадоў посьпеху ня мела.

Таварыства накіравала сваіх прадстаўнікоў у Гарадзенскую (Аляксюк) і Віленскую (Ластоўскі) губэрні. У чэрвені-ліпені 1915 адкрыла аддзелы ў Менску, Дзісьне, Вілейцы, Празароках, Друскеніках, вёсцы Гожа Гарадзенскай губэрні, Полацку.

Напярэдадні акупацыі Вільні нямецкімі войскамі (верасень 1915) частка кіраўнікоў таварыства (Іваноўскі, Аляксюк) выехалі на ўсход. Пасьля заняцьця немцамі Заходняй Беларусі аддзелы БТДАВ ў Менскай і Віцебскай губэрнях апынуліся за лініяй фронту.

Падчас акупацыі камітэт быў перавыбраны. У яго ўвайшлі А. Луцкевіч (старшыня), Юліяна Мэнке, Язэп Салавей, Іван Луцкевіч, А. Рачкоўская, Ф. Вішнеўскі, Я. Ліцкевіч. Поруч з наданьнем матэрыяльнай дапамогі ахвярам вайны камітэт гуртаваў вакол сябе дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, што засталіся ў Вільні, набываў ролю прадстаўніка інтарэсаў беларускага насельніцтва перад акупацыйнымі ўладамі.

 
Статут БТДАВ

Важным кірункам дзейнасьці таварыства стала культурна-асьветніцкая праца. Для арганізацыі беларускіх школ пры ім была створана школьная камісія, намаганьнямі якой у Вільні 15 лістапада 1915 пачала працу першая беларуская пачатковая школа. У 1916 ў горадзе дзейнічала 5 беларускіх школ, дзе навучалася больш за 200 вучняў. Навучаньне было бясплатным, бедных вучняў таварыства забясьпечвала адзеньнем і харчаваньнем. Школьная камісія распрацоўвала навучальныя праграмы, прызначала настаўнікаў, наладжвала падрыхтоўку і выданьне падручнікаў, разглядала пытаньні беларускай навуковай тэрміналёгіі. У пачатку 1916 нямецкія ўлады прызналі беларускую мову раўнапраўнай зь іншымі мовамі края, што актывізавала дзейнасьць таварыства па арганізацыі беларускага школьніцтва. Вясной 1916 адбыўся першы выпуск слухачоў беларускіх настаўніцкіх курсаў, арганізаваных школьнай камісіяй у сьнежні 1915 у Вільні. Напрыканцы 1916 ў мястэчку Сьвіслач пачала працаваць Беларуская настаўніцкая сэмінарыя. Падрыхтоўка настаўніцкіх кадраў дазволіла значна пашырыць школьную сетку. Паводле зьвестак А. Луцкевіча на працягу 1917-18 былі адкрыты 153 беларускія пачатковыя школы. У 1917 камітэт таварыства арганізавала 2 дзіцячыя прытулкі недалёка ад Вільні (для 70 і 40 дзяцей). У Вільні былі адкрыты 2 сталоўкі.[1]

З канца 1918 дзейнасьць таварыства ў сувязі са складанай ваеннай і палітычнай сытуацыяй на Віленшчыне пачала згортвацца. У траўні-чэрвені 1919 праз адсутнасьць грошай на закупку прадуктаў былі закрытыя дзіцячыя прытулкі.

У ліпені 1919 было абвешчана пра аднаўленьне дзейнасьці таварыства, абраны новы камітэт на чале з Клаўдзіям Дуж-Душэўскім. Зь верасьня 1919 таварыства мела прадстаўніка ў Цэнтральнай Беларускай радзе Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Аднак спробы наладзіць працу ў ранейшых маштабах ня мелі посьпеху.

На пачатку 1920-х г. таварыства ўзначальвалі Пётар Мятла (лістапад 1923 — травень 1924), Радаслаў Астроўскі (травень — кастрычнік 1924 і сакавік 1925), Эдуард Будзька (кастрычнік 1924 — травень 1925). Дзейнасьць камітэту зводзілася да ўтрыманьня дзіцячага прытулку ў Вільні (каля 100 выхаванцаў).

Зьвесткі пра працу таварыства пасьля 1925 не выяўленыя.

Літаратура

рэдагаваць

Глядзіце таксама

рэдагаваць