Ашмянскі мясакамбінат
Каардынаты: 54°26′0″ пн. ш. 25°56′59″ у. д. / 54.43333° пн. ш. 25.94972° у. д.
«Ашмянскі мясакамбінат» — дзяржаўнае мясаперапрацоўчае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў студзені 1903 году ў Ашмянах у якасьці мескай бойні.
Тып | адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Дэвіз | З павагай да якасьці |
Заснаваная | 27 студзеня 1903 (121 год таму) |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Гарадзенская вобласьць |
Адрас | Ашмяны, вул. Піянэрская, д. 52 |
Ключавыя фігуры | Іван Лупіш, Міхаіл Філіповіч |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | кураціна, ялавічынныя ныркі, печань і сэрца, сьвіныя адбіўныя, вяндліна, грудзінка, катлеты, кілбаса, кумпяк, паляндвіца, паштэт, пяльмені, рулет, сардэлькі, сасіскі, стэйк, фарш, цяфцелі, шніцэль і шпік |
Абарачэньне | 96,997 млн руб.[1] (2017 г.; $50,172 млн) |
Апэрацыйны прыбытак | 10,551 млн руб. (2017 г.; $5,458 млн) |
Чысты прыбытак | 8,021 млн руб. (2017 г.; $4,149 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 733 (2018 г.) |
Матчына кампанія | ААТ «Гораднямясамалпрам» |
Аўдытар | УП «ЭвэртанАўдыт» (Ждановічы, Менскі раён) |
Ёсьць найстарэйшым мясакамбінатам Беларусі[2]. На канец 2018 году прадпрыемства ўлучала наступныя ўчасткі: цэх першаснай перапрацоўкі, цэх тэхнічных паўфабрыкатаў, цэх апрацоўкі скуры, кілбасны цэх з 4 аддзяленьнямі (сыравінным, машынным, лівэрным і тэрмічным), цэх паўфабрыкатаў зь лініяй катлетаў і пяльменяў, лядоўня на 500 тонаў, лябараторыя, газавая кацельня з хімічнай водаачысткай, сталярная і электрамэханічная майстэрні. Фірмовая сетка налічвала 26 уласных крамаў «Пачастунак» у 7 гарадах Гарадзенскай вобласьці: 8 у Ашмянах, 7 у Смаргоні, 4 у Астраўцы, 3 у Горадні, 2 у Шчучыне і па адной у Іўі і Наваельні (Зьдзецельскі раён)[3]. «Ашмянскі мясакамбінат» вырабляў кураціну, ялавічынныя ныркі, печань і сэрца, сьвіныя адбіўныя, вяндліну, грудзінку, катлеты, кілбаса, кумпяк, паляндвіцу, паштэт, пяльмені, рулет, сардэлькі, сасіскі, стэйк, фарш, цяфцелі, шніцэль і шпік.
Мінуўшчына
рэдагаваць27 студзеня 1903 годзе ў Ашмянах адчынілі мескую бойню, якую пачалі будаваць у 1900 годзе. У 1936 годзе пры бойні будавалі за 9000 злотых бактэрыялягічную лябараторыю, вагавую і артэзіянскі калодзеж. У 1938 годзе мэханізаваная бойня мела магутнасьць 50—60 галоваў за дзень. У 1940 годзе магутнасьць вырасла ўдвая. На пачатак 1940 году на бойні працавала 22 работнікі. У 1945 годзе Ашмянскі мясакамбінат выпускаў бараніну, ялавічыну, сьвініну, паўвэнджаную кілбасу і жывёльны тлушч. У верасьні 1946 году камбінат пераўтварылі ў забойны пункт Маладэчанскага мясакамбінату. У жніўні 1954 году прадпрыемства пераўтварылі птушкакамбінат. У 1958 годзе запусьцілі падвясную лінію. У 1967 годзе Ашмянскі птушкакамбінат паўторна стаў мясакамбінатам. У студзені 1971 году прадпрымества пераўтварылі ў аддзяленьне Лідзкага мясакамбінату. У студзені 1991 году Ашмянскі мясакамбінат зноў становіцца самайстойным прадпрыемствам і адчыняе базу перадзабойнага знаходжаньня быдла. У 1993 годзе дабудавалі цэх першаснай перапрацоўкі з 2 канвэерамі для буйнога рагатага быдла і сьвіней. У 1994 годзе запусьцілі цэх тэхнічных фабрыкатаў, скурапасолачны цэх і аўтамайстэрню. 30 студзеня 1995 году Ашмянскі мясакамбінат стаў акцыянэрным таварыствам.
У 1995 годзе паўторна адчынілі кілбасны цэх. У 2000 годзе пусьцілі новы кілбасны цэх плошчай 1500 м². 7 ліпеня 2005 году мясакамбінат адчыніў у Ашмянах уласную кавярню «Галяктыка». У 2007 годзе Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці НАНБ распрацаваў для ААТ «Ашмянскі мясакамбінат» паўфабрыкаты з рубленага мяса для дзіцячага харчаваньня: катлеты «Школьныя» зь ляктулёзай і «Здравачка» з марской капустай, дзіцячыя сасіскі з малаком, цяфцелі «Казка», сардэлькі «Лапачка» і пяльмені «Сыбірскія экстра». У жніўні 2009 году ўсталявалі лядоўню на 500 тонаў. На 2013 год «Ашмянскі мясакамбінат» збываў свае вырабы ў больш як 500 крамах Беларусі, у тым ліку праз 18 фірмовых крамаў «Пачастунак». Уласныя крамы месьціліся ў Менску па вуліцы Платонава і ў 5 гарадах Гарадзенскай вобласьці: Астраўцы, Ашмянах, Наваельні (Зьдзецельскі раён), Смаргоні і Шчучыне. У іх вырабы завозілі двойчы на дзень. Экспарт ажыцьцяўлялі ў Летуву і Расею. Выпускалі 200 відаў кілбасы і 60 відаў паўфабрыкатаў, частку якіх з 2005 году прыпраўлялі духмяным ляфантам вытворчасьці мясцовага фэрмэра[2].
Кіраўнікі
рэдагаваць- К. Руткоўскі (1926—1927)
- Фёдар Ваяводаў (1 кастрычніка 1945 — 1954)
- Тамара Філіповіч (1980—2014)
- Іван Лупіш (з 2015 году)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Справаздача за 2017 год (рас.) // ААТ «Ашмянскі мясакамбінат», 29 сакавіка 2018 г. Праверана 12 сьнежня 2018 г.
- ^ а б Тацяна Лазоўская, Віктар Пазьнякоў. Гісторыю пішуць людзі // Зьвязда : газэта. — 21 верасьня 2013. — № 178 (27543). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
- ^ Фірмовы гандаль (рас.) // ААТ «Ашмянскі мясакамбінат», 2018 г. Праверана 12 сьнежня 2018 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Форма заказу (рас.) // ААТ «Ашмянскі мясакамбінат», 2018 г. Праверана 12 сьнежня 2018 г.
- Партнэрам (рас.)
- Сьпіс цэнаў (рас.)
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |