Атлянт-М
«Атлянт-М» — міжнародны аўтамабільны холдынг, заснаваны ў верасьні 1991 г. у Менску (Беларусь). На 2015 г. меў 21 краму самаходаў: 8 у Беларусі (Менск, Берасьце), 7 у Расеі (Арол, Масква, Санкт-Пецярбург, Смаленск) і 6 ва Ўкраіне (Дняпро, Кіеў, Харкаў). Збыт аўтамабіляў ажыцьцяўляўся пад 14 таварнымі знакамі зь 9 краінаў: Ангельшчына («Лэнд Ровэр», «Ягуар»), ЗША («Кадылак», «Форд»), Карэя («Дэў», «Кіа»), Кітай («Вялікая сьцяна»), Нямеччына («Опэль», «Фольксваген»), Расея («ВАЗ»), Францыя («Рэно»), Чэхія («Шкода»), Японія («Мазда», «Нісан»)[1].
Тып | Закрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Дэвіз | Экспэрт у выбары аўтамабіля |
Заснаваная | 10 верасьня 1991 (33 гады таму) |
Заснавальнікі | Алег Хусаенаў |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Менск, вул. Ляшчынскага, д. 4 |
Ключавыя фігуры | Алег Хусаенаў, Сяргей Савіцкі |
Галіна | Гандаль аўтамабілямі |
Прадукцыя | Рамонт самаходаў |
Абарачэньне | ▼$770 млн (2014) |
Апэрацыйны прыбытак | ▼$126 млн |
Лік супрацоўнікаў | 3000 (2015) |
Матчына кампанія | «Вулэр Ворлд Трэйдынг» (Кіпр; 67%) |
Даччыныя кампаніі | «Атлянт Тэлекам», Менскі транзытны банк |
Мінуўшчына
рэдагавацьУ верасьні 1991 г. брокер Беларускай таварнай біржы[2] Алег Хусаенаў (нар. 1964; Кустанай, Казаская ССР) заснаваў прадпрыемства «Атлянт-М» для збыту беларускіх самаходаў «МАЗ» і расейскіх легкавікоў маркі «ВАЗ» (Тальяці, Самарская вобласьць). У 1994 г. прадпрыемства занялося збытам нямецкіх легкавых самаходаў «Фольксваген» (Вольфсбург, зямля Ніжняя Саксонія). У 1998 г. у Маскве адчынілі першае замежнае прадстаўніцтва ў Расеі для продажу аўтамабіляў «Фольксваген». У 2002 г. пачаўся збыт амэрыканскіх легкавікоў «Форд» (Дырборн(en), штат Мічыган). У Санкт-Пецярбургу (Расея) адчынілася прадстаўніцтва для збыту і рамонту самаходаў «Хамэр» (Дэтройт, шт. Мічыган), «Опэль» (Русэльсгайм(en), зямля Гэсэн, Нямеччына), «Сааб»(en) (Трольгэтан(en), лэн Вэстра Ёталянд, Швэцыя) і «Шэўрале»(en) (Дэтройт).
У 2004 г. у Маскве адчынілі 2-ое прадстаўніцтва для збыту чэскіх легкавікоў «Шкода» (Млада-Баляслаў(cs), Сярэднечэскі край). На пачатку лютага 2006 г. «Атлянт‑М» падпісаў дамову аб збыце аўтамабіляў «Лэнд Ровэр» (Ковэнтры, графства Заходні Мідлэнд(en), Ангельшчына), «Ягуар» (Ковэнтры) і «Кіа» (Сэул, Рэспубліка Карэя)[3]. Таксама ў 2006 г. у Пецярбургу адчынілі 2-ое прадстаўніцтва для збыту 4 ранейшых марак аўтамабіляў і амэрыканскай маркі «Кадылак»(en) (Нью-Ёрк). Пры канцы студзеня 2008 г. «Атлянт-М» набыў прадпрыемства «Юкола Мотарс», якому належалі ў Менску 2 крамы аўтамабіляў марак «Нісан» (Ёкагама, прэфэктура Канагава, Японія) і «Форд»[4]. У 2008 г. выручка склала $2,27 млрд, прыбытак — $290,3 млн, продажы — 70 012 аўтамабіляў. Ва ўласнасьці «Атлянт-М» знаходзілася 20 крамаў самаходаў у Беларусі, Расеі ды Ўкраіне. 67% акцыяў «Атлянт-М» належалі кіпрскаму ТАА «Вулэр Ворлд Трэйдынг» (Нікасія; анг. Wooller World Trading), заснаванаму 13 верасьня 2002 году.
У пачатку сакавіка 2011 г. Алега Хусаенава на пасадзе кіраўніка холдынга замяніў Сяргей Савіцкі, які дагэтуль узначальваў прадстаўніцтва ва Ўкраіне[5]. На верасень «Атлянт-М» меў у Беларусі, Расеі ды Ўкраіне 31 краму аўтамабіляў пад 19 таварнымі знакамі[6]. За 2011 г. продажы ў Беларусі вырасьлі да 13 436 легкавікоў[7]. У 2014 г. агульны збыт у Беларусі, Расеі ды Ўкраіне склаў 26 349 аўтамабіляў. У Беларусі на дзель «Атлянт-М» прыпадала 16% продажаў іншамарак, што рабіла прадпрыемства найбольшым аўтапрадаўцом у краіне.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ад маленькай кампаніі да міжнароднай карпарацыі // Часопіс «Ідэя», 3 красавіка 2015 г. Праверана 14 верасьня 2015 г.
- ^ Вольга Гарапучык. Заснавальнік «Атлянта-М» прызнаўся, што меў «дах» у міліцыі // Газэта «Наша ніва», 12 лістапада 2012 г. Праверана 14 верасьня 2015 г.
- ^ У Менску паболее «Ягуараў» і «Лэндровэраў» // Газэта «Наша ніва», 10 лютага 2006 г. Праверана 14 верасьня 2015 г.
- ^ Аляксей Арэшка, БелаПАН. «Атлянт‑М» купляе «Юколу Мотарс» ды аўтацэнтры «Форд» і «Нісан» // Газэта «Наша ніва», 23 студзеня 2008 г. Праверана 14 верасьня 2015 г.
- ^ У аўтамабільнага холдынгу — новы кіраўнік // Радар. — 11 сакавіка 2011. — № 3 (19). — С. 3.
- ^ Драйв нон-стоп // Радар. — 21 верасьня 2011. — № 9 (25). — С. 6.
- ^ Уладзіслаў Соўпель. Аўтамабільны рынак Беларусі // Радар. — 25 лютага 2012. — № 2 (30). — С. 8.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Міжнародны сайт (анг.)
- Антон Раднянкоў. Бэнзінавыя аўтамабілі будуць стаяць у канюшні побач з элітным жарабцом // Часопіс «Ідэя», 17 красавіка 2015 г. Праверана 14 верасьня 2015 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |