Самарская вобласьць

Сама́рская во́бласьць (па-расейску: Самарская область) — вобласьць на поўдні Расеі. Адміністрацыйны цэнтар — места Самара. Вобласьць уваходзіць у Прыволскую фэдэральную акругу, мяжуе з Саратаўскай, Ульянаўскай, Арэнбурскай абласьцямі й рэспублікай Татарстан. Праз блізкасьць мяжы з Заходне-Казскай вобласьцю Казахстану частка Вялікачарнігаўскага раёну мае статус памежнай тэрыторыі. Створаная 14 траўня 1928 году як Сярэдняволская вобласьць. У 1929 годзе была перайменаваная ў Сярэдняволскі край, а ў 1935 годзе — у Куйбышаўскі край. У пэрыяд з 1936 па 1990 гады мела назоў Куйбышаўскай вобласьці.

Самарская вобласьць
Самарская область

Сьцяг
Гімн гімн Самарскай вобласьці[d]
Агульныя зьвесткі
Краіна Расея
Статус вобласьць
Уваходзіць у Прыволская фэдэральная акруга
Паволскі эканамічны раён
Адміністрацыйны цэнтар Самара
Дата ўтварэньня 14 траўня 1928
Губэрнатар Уладзімер Арцякоў
Насельніцтва (2010)
3 167 200[1] (12-е месца)
Шчыльнасьць 60 чал./км²
Плошча 53 565 км² (50-е месца)
Месцазнаходжаньне Самарскай вобласьці
Самарская вобласьць на мапе
Мэдыя-зьвесткі
Часавы пас GMT +4
Код ISO 3166-2 RU-SAM
Код аўтам. нумароў 63, 163
Афіцыйны сайт
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Геаграфія

рэдагаваць

Вобласьць ёсьць пяты па плошчы рэгіён Паволжа — займае тэрыторыю плошчай у 53,6 тыс. км², што складае 0,31% тэрыторыі Расеі. Вобласьць працягнулася з поўначы на ​​поўдзень на 335 км, а з захаду на ўсход — на 315 км. Геаграфічнае становішча вобласьці вызначаецца каардынатамі 51° 47' і 54° 41' п. ш. і 47° 55' і 52° 35' у. д. Вобласьць разьмешчана ў паўднёва-ўсходняй частцы эўрапейскай тэрыторыі Расеі, у сярэднім цячэньні Волгі, па абодвух ейных берагах.

Разьмяшчаецца на Ўсходне-Эўрапейскай плятформе. Гісторыя геалягічнага разьвіцьця тэрыторыі вобласьці ахоплівае раньнедакембрыйскую й рыфэйска-фанэразойскую эпохі. Рэкі Волга й Самара зьяўляюцца межамі ўнутранага дзяленьня вобласьці па рэльефе. Вылучаюць тры часткі: Правабярэжжа, Паўночнае й Паўднёвае Левабярэжжа. Большая частка тэрыторыі вобласьці (91,2%) знаходзіцца ў Левабярэжжы.

Гісторыя

рэдагаваць

Тэрыторыя цяперашняй Самарскай вобласьці ўвайшла ў склад Расеі ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя, пасьля далучэньня Казанскага й Астраханскага ханстваў да Маскоўскага царства. У XVII—XVIII стагодзьдзях тэрыторыя Сярэдняга Паволжа засялялася перасяленцамі зь іншых раёнаў краіны й замежнікамі, як то немцамі й іншымі. Зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя на тэрыторыі адбываўся эканамічны ўздым, Самара сталася адным з важных цэнтраў ўнутрырасейскага рынку збожжа, што прывяло да разьвіцьця гандлю й прамысловасьці ў горадзе. З 1851 году Самара ёсьць цэнтар аднайменнай губэрні.

У ходзе кастрычніцкага перавароту й грамадзянскай вайны насельніцтва Самарскай губэрні выступіла супраць палітыкі бальшавікоў. У 1935 годзе Самара была перайменаваная ў Куйбышаў і насіла гэтую назву да 1990 году.

Насельніцтва

рэдагаваць

Вобласьць з насельніцтвам 3167,2 тысячы чалавек на ліпень 2010 году займае па гэтым паказчыку 2-е месца ў Паволжы й 12-е месца ў Расеі. Па шчыльнасьці насельніцтва (59,7 чал/км²) гэта 10-й рэгіён у Расеі (без уліку Масквы й Санкт-Пецярбургу), а па ўзроўні ўрбанізацыі (удзельная вага гарадзкога насельніцтва — 80,3%) — 11-е месца (без уліку аўтаномных акругаў). Па гэтых двух паказчыках вобласьць лідыруе ў Паволжы.

Значную долю насельніцтва (82,26%) складаюць расейцы, на другім месцы месьцяца татары (3,92%). Беларусы ў вобласьці ёсьць дзевятай па колькасьці нацыянальнай групай налічваючы 9,2 тысячы чалавек на 2010 год.

Эканоміка

рэдагаваць

Прамысловасьць прадстаўлена каля 400 буйнымі й сярэднімі прадпрыемствамі й больш чым 4 тысячамі малых. Найбольшае разьвіцьцё атрымалі машынабудаваньне й мэталаапрацоўка, паліўная, электраэнэргетычная, хімічная й нафтахімічная прамысловасьці, каляровая мэталюргія. Машынабудаваньне прадстаўлена амаль поўным наборам асноўных галінаў, сярод якіх вядучая роля належыць аўтамабільнай прамысловасьці. На долю легкавых аўтамабіляў, што вырабляюцца на ААТ «АўтаВАЗ» у Тальяці прыпадае больш за 70% ад усяго выпуску аўтамабіляў краіны. Удзельная вага вытворчасьці асноўных нафтапрадуктаў, як то бэнзін аўтамабільны, дызэльнае паліва, мазут топачны, складае 10—12%.

Каэфіцыент спэцыялізацыі (душавой вытворчасьці) па аб’ёме прамысловай прадукцыі 1,9 — другі пасьля Якутыі сярод рэгіёнаў Расейскай Фэдэрацыі, па розьнічнаму тавараабароту — 1,6 (2-е месца пасьля Масквы).

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць