Арабскі альфабэт
Ара́бскі альфабэ́т, ара́біца (па-арабску: أبجدية عربية) — сыстэма пісьма, якая выкарыстоўваецца для запісу некаторых моваў Азіі і Афрыка, у першую чаргу для арабскай мовы і у́рду. Пасьля лацінскага альфабэту арабскі зьяўляецца другой па распаўсюджанасьці сыстэмай пісьма ў сьвеце[1]. Ён складаецца з 28 літараў, запіс якіх адбываецца справа налева. Як і іншыя кансанантныя пісьменнасьці, як то габрэйскі альфабэт, арабскі альфабэт ня ўтрымліваў спачатку галосныя, але на сёньня яны прысутнічаюць у ім.
Першапачаткова арабскі альфабэт выкарыстоўваўся для запісу арабскай мовы, адным з найбольш вядомых і значных помнікаў пісьма на якой зьяўляецца Каран, сьвятая кніга мусульман. З распаўсюджаньнем Іслама альфабэт стаў выкарыстоўвацца ў іншых мовах, у тым ліку зь іншых моўных групаў. Гэтак, у зьмененым выглядзе і ў розныя часы арабскае пісьмо атрымалі пэрсыдзкая, бэлудзская, малайская мовы, урду, пушту, фула і мандзінка (у Заходняй Афрыцы); суахілі (Усходняя Афрыка); браўі (Пакістан); кашмірская мова, сындхі, балці і панджабі (Пакістан); арві (Шры-Ланка і Паўднёвая Індыя); кітайская і ўйгурская мовы (Кітай і Цэнтральная Азія); казаская, кыргыская і ўзбэцкая мовы (усе ў Цэнтральнай Азіі); азэрбайджанская мова (у Іране); курдзкая мова (у Іраку і Ірану); беларуская мова (аль-кітабы, у асноўным сярод беларускіх татараў); асманская, басьнійская і гішпанская мовы.
Арабскі альфабэт паходзіць ад набатэйскага альфабэту, які разьвіўся з арамэйскага альфабэту, які ў сваю чаргу ўзыходзіць да фінікійскага альфабэту. Арабскі альфабэт уключыў у сябе ўсе літары арамэйскай мовы і дадаў да іх літары, якія адлюстроўваюць спэцыфічна арабскія гукі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ «Arabic Alphabet». Encyclopaedia Britannica online (анг.)
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Арабскі альфабэт. Ancient Scripts. (анг.)
- Арабскі альфабэт. Omniglot. (анг.)
- Арабскі альфабэт і каліграфія. Arabic calligraphy. (анг.)