Дыярыюш Філіповіча
«Дыярыюш» (па-руску: Діаріушъ) — публіцыстычны звод (паводле М. Дабрыніна — аўтабіяграфічная палемічная аповесьць[1], паводле С. Гараніна — споведзь-пропаведзь[2]) берасьцейскага ігумена Афанасія Філіповіча, які складаецца зь сямнаццаці інфармацыйных фрагмэнтаў, два зь якіх напісаныя пасьля сьмерці сьвятара[3]. Тэкст самога Афанасія складаецца зь дзесяці самастойных твораў, напісаных у 1638—1646 гадах і аб’яднаных пяцьцю ўстаўкамі[3].
У ім аб’яднаныя ў адно цэлае дарожныя і тлумачальныя запіскі аўтара, яго ўспаміны, дзёньнікі і аўтабіяграфічны нарыс аб пражытым і перажытым, легенды і містычныя прывіды, пасланьні і лісты А. Філіповіча, яго выкрывальныя прамовы, канспэктыўныя накіды асобных артыкулаў, філязофскія трактаты багаслоўскага характару, вершы, прысьвечаныя барацьбе, і нават напеў гімнападобнага канту — аднаго з найбольш раньніх нотных запісаў у беларускай музыцы[4].
У тэкст уваходзяць творы: «Гісторыя падарожжа ў Маскву», «Першая супліка», «Тлумачальная запіска суду духоўнай кансісторыі», «Навіны прававерным пажаданыя…», «Падмурак непарадку рымскага касьцёлу», «Трэцяя супліка», «Падрыхтоўка да суду», «Парада каралю», «Пра царкоўны фундамэнт», «Прычыны ўчынку». У дадатку зьмешчаны творы, напісаныя пасьля сьмерці А. Філіповіча манахамі берасьцейскага Сімяонаўскага манастыра: «Пра слаўную сьмерць… Афанасія Філіповіча» і «Надгробак Афанасію Філіповічу».
«Дыярыюш» А. Філіповіча напісаны ў пераходны і пераломны для рэлігійнай барацьбы час і стаіць на памежжы палемічнай і мэмуарнай літаратуры. Тым ня менш, аўтар сьвядома падышоў да азначэньня ўласнага твору як «Дыярыюшу», бо твор утрымлівае ўласна аўтабіяграфічны мэмуарны нарыс, акрамя таго, грамадзка-палітычныя сюжэты ў ім выкладзеныя паводле прыкладаў уласнага жыцьця або ў форме ўласных разваг[5]. Твор вызначаецца адкрытай тэндэнцыйнасьцю, палітычнай і рэлігійнай завостранасьцю, патаснасьцю, насычанасьцю грамадзка-палітычным зьместам і агітацыйнасьцю[3]. У «Дыярыюшы» спалучаюцца элемэнты барока, гатычнай паэтыкі і рэалізму, неаднародная кампазыцыя і мова твору — месцамі амаль размоўная, месцамі ўскладнёная і заблытаная са шматлікімі паланізмамі і стараславянізмамі[1].
На беларускую мову «Дыярыюш» перакладалі Іван Саверчанка (Роднае слова, № 1, 2003) і С. Вераціла (Полымя, № 1, 2002).
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Дабрынін М. К. Беларуская літаратура. Старажытны перыяд. Мн., 1952. С. 220
- ^ Хрысціянства і беларуская культура: Матэрыялы III Міжнар. кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый» (Мінск, 21-25 мая, 4-7 снежня 2000 г.) / Рэдкал.: Л. Уладыкоўская-Канаплянік (гал. рэд.) і інш. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2001. — С. 98—99. — 208 с.
- ^ а б в Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 595—611
- ^ 410 год з дня нараджэння Афанасія Брэсцкага (Філіповіча Афанасія; каля 1595 ці каля 1596 ці 1597(?) — 1648), святога беларускай праваслаўнай царквы, грамадскага, палітычага і царкоўнага дзеяча, пісьменніка-публіцыста. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Праверана 11 жніўня 2012 г.
- ^ Ходзін, С.М. Крыніцазнаўства гісторыі Беларусі: дапаможнік / С.М. Ходзін. — Мінск: БДУ, 2012. — С. 206. — 255 с.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьВікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |
- Старабеларускі арыгінал «Дыярыюша»
- Беларускі пераклад