Аляксандар Шыманоўскі
Алякса́ндар Нічы́паравіч Шымано́ўскі (31 жніўня 1850, с. Чэрнін Чэрнінскай воласьці Бабруйскага павету Менскай губэрні[1] — 1918, Кішынёў) — беларускі этнограф і фальклярыст, пэдагог, пушкініст.
Аляксандар Шыманоўскі | |
Дата нараджэньня | 19 (31) жніўня 1850 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 1918 |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | |
Занятак | фальклярыст |
Навуковая сфэра | этнаграфія |
Узнагароды | |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і сьвятара праваслаўнай Сьвята-Георгіеўскай царквы в. Чэрнін. Дзед, меркавальна — Фёдар Шыманоўскі, сьвятар Пакроўскай царквы сяла Малышэвічы Слуцкага павету Менскай губэрні. Верагодна, род Шыманоўскіх меў шляхецкае паходжаньне (гербу «Юнак»), але ня быў зацьверджаны ў расейскім дваранстве. Магчыма, маюцца сваяцкія сувязі зь вядомым юрыстам, выкладчыкам Наварасейскіга ўнівэрсытэту Мітрафанам Васілевічам Шыманоўскім (г. Адэса, Хэрсонская губэрня)[2].
Пачатковую адукацыю атрымаў у бацькоў і ў Чэрнінскай народнай вучэльні. Скончыў Мазырскую гімназію, а ў 1874 годзе — гісторыка-філялягічны факультэт Імпэратарскага Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту.
Працаваў выкладчыкам расейскай мовы і славеснасьці ў 1-й мужчынскай гімназіі Кішынёва ў Бэсарабскай губэрні (1874—1901). Адным зь яго вучняў быў этнограф-балканіст П. Д. Драганаў[3]. Стацкі саветнік (1887). Па зьвестках 1903, 1912 гадоў абіраўся на пасаду таварыша (намесьніка) дырэктара Кішынёўскага гарадзкога грамадзкага банку[4]. У 1914 годзе Бесарабскі дваранскі дэпутацкі сход зацьвердзіў А. Шыманоўскага ў спадчынным дваранстве. Жонка: Ганна Аруцюнаўна (да шлюбу Ускат); сыны: Аляксандар, Фёдар; дачка Вольга.
Забіты бальшавікамі каля свайго дому па вул. Леоўскай у Кішынёве.
Дасьледчыцкая дзейнасьць
рэдагавацьАўтар рукапіснага зборніку «Менская губэрня і яе народная творчасьць у сувязі з апісаньнем народных сьвятаў і абрадаў» (1898, зьберагаецца ў архіве Расейскага геаграфічнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу), у якім сабраны каштоўны матэрыял па беларускай фальклярыстыцы і этнаграфіі, выкладзеныя погляды Шыманоўскага на народную творчасьць. У зборнік уключаны разнастайныя па тэматыцы песьні: побытавыя, жаўнерскія, гістарычныя, жніўныя, карагодныя, пра каханьне; абрадавыя і каляндарна-абрадавыя песьні прыводзяцца разам з апісаньнем абрадаў і калядных сьвятаў (грунтоўнае апісаньне вясельнага абраду на Меншчыне апублікаванае ў кнізе «Вяселле: Абрад», 1978). Шырока прадстаўленыя казкі, павер’і, загадкі, прыказкі, гаспадарча-этнаграфічныя назвы і іншае. У кнізе шмат унікальных твораў, лепшыя зь іх запісаныя з захаваньнем асаблівасьцяў беларускай мовы, але без пашпартоў. Як адзначана ў працы, у збіраньні матэрыялу дапамагалі протаіярэй Рыгор Шыманоўскі, настаўніца Чэрнінскай народнай вучыльні Пелагея Нічыпараўна Густава (малодшая сястра дасьледчыка) і аднавясковец Сямён Друзік. Матэрыялы зборніка выкарыстоўваюцца навукоўцамі пры вывучэньні і публікацыях беларускага фальклёру.
«А. Н. Шыманоўскі быў і застаецца для нас выдатным пэдагогам. Ён не саступіў з гэтай пазыцыі — кірунку пэдагога, калі вывучаў біяграфію і творчасьць А. С. Пушкіна, калі пісаў пра яго кнігу, і яшчэ больш, калі зьбіраў і дасьледаваў беларускі фальклёр…»
— СКІДАН, В. І. Вучоны з вёскі Чэрнін // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. Кн. 1. Мн., 2000, с. 118.
Быў актыўным удзельнікам кампаніі па ўсталяваньні помніка А. С. Пушкіну ў Кішынёве (трэцяга пасьля маскоўскага і санкт-пецярбурскага)[2]. Выдаў кнігу «А. С. Пушкін. Пра знаходжаньне яго ў Кішынёве ў сувязі з папярэднім і наступным жыцьцём» (Кішынёў, 1900)[5].
«Гэта кніга, бадай, адзіная больш ці менш змястоўная праца з усіх, што выйшлі ў Малдавіі [аб кішынёўскім пэрыядзе жыцьця А. С. Пушкіна]».
— ТРУБЯЦКОЙ, Б. А. Пушкин в Молдавии. Кишинёв, 1976.
Творы
рэдагаваць- Александр Сергеевич Пушкин: О пребывании его в Кишинёве в связи с предыдущей и последующей жизнью. Кишинёв, 1900. — 149 с (рас.)
- Минская губерния и её народное творчество в связи с описанием народных праздников и обрядов. Архив Российского географического общества. Ф. 20. Оп. 1. Ед. хр. 8. (рас.)
Галерэя
рэдагавацьМясьціны, зьвязаныя з жыцьцём і дзейнасьцю А. Шыманоўскага.
-
Мазыр, мужчынская гімназія
-
Санкт-Пецярбурскі ўнівэрсытэт. Пачатак 20 ст.
-
Кішынёў, 1-я мужчынская гімназія
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Цяпер вёска Мікалаеўскага сельскага Савету Шацілавіцкага раёну Гомельскай вобл.
- ^ а б МАСЛЮКОЎ, Т. В. Этнограф і пушкініст // Рэгіянальны партал — Светлагорск. Памылка цытаваньня: Няслушны тэг
<ref>
; назва «M» вызначаная некалькі разоў з розным зьместам - ^ АНИКИН В. Русский язык как важный элемент гимназического образования в Бессарабии (XIX — начало ХХ в.) // Русин. 2007. № 2. С. 56—63. ISSN 1857-2685. (рас.)
- ^ Бессарабия. Графический, исторический, статистический, экономический, этнографический, литературный и справочный сборник / Под ред. П. А. Крушевана. М., 1903. (рас.)
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 2. — Мн., 2002. С. 559. ISBN 985-6302-46-3.
Літаратура
рэдагаваць- СКІДАН, В. І. Па слядах збіральніка фальклора // Полымя. 1977. № 3.
- СКІДАН, В. І. Аляксандр Шыманоўскі // Светлагорскія навіны. 1992. 14, 17 кастрычніка.
- РАМАНЦОЎ, В.; ФЕДЗЮКОВА, Н. А. Н. Шыманоўскі // Светлагорскія навіны. 1993. 8 верасня.
- СКІДАН, В. І. Вучоны з вёскі Чэрнін // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. Кн. 1. Мн., 2000, с. 116—118. ISBN 985-01-0254-3.
- СКІДАН, В. І. Шыманоўскі Аляксандр Нічыпаравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2. Мн., 2003, с. 245.
- СКІДАН, В. І. Шыманоўскі Аляксандр Нічыпаравіч // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 18. Кн. 1. Мн., 2004, с. 12. ISBN 985-11-0295-4.
- МАСЛЮКОЎ, Т. В.; КУЗЬМІЧ Л. П. Філолаг з вёскі Чэрнін: Аляксандр Шыманоўскі // Дняпроўскія матывы / Пад агульнай рэдакцыяй І. Ф. Штэйнера. Гомель, 2009, с. 140—142. ISBN 978-985-6927-03-7.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАляксандар Шыманоўскі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў