Аляксандар Мароз

савецкі ды ўкраінскі палітык

Алякса́ндар Алякса́ндравіч Маро́з (па-ўкраінску: Аўдыё Олександр Олександрович Мороз ; нарадзіўся 29 лютага 1944 году ў вёсцы Буда Тарашчанскага раёну Кіеўскай вобласьці УССР) — савецкі ды ўкраінскі палітычны дзяяч, кіраўнік Вярхоўнай Рады Ўкраіны ад 18 траўня 1994 году да 12 траўня 1998 году, і ад 6 ліпеня 2006 году да 23 лістапада 2007 году. Адзін з заснавальнікаў Сацыялістычнай партыі Ўкраіны, да 2010 году зьяўляўся старшынём партыі. Пяць разоў удзельнічаў у выбарах прэзыдэнта Ўкраіны, найлепшы вынік атрымаў на выбарах 1994 году — 13,33% і трэцяе месца[2]. Адзін з галоўных фігурантаў ў «справе Гангадзэ», менавіта ён праінфармаваў парлямэнт і журналістаў аб гэтак званых «запісах маёра Мельнічэнкі», якія справакавалі далейшую палітычную крызу, ў прыватнасьці акцыі апазыцыі Украіна бяз Кучмы.

Аляксандар Мароз
лац. Alaksandar Maroz
па-ўкраінску: Олександр Олександрович Мороз
Аляксандар Мароз выступае на мітынґу каля помніку Тарасу Шаўчэнку. Кіеў, 2003 г.
Аляксандар Мароз выступае на мітынґу каля помніку Тарасу Шаўчэнку. Кіеў, 2003 г.
3-і старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны
18 траўня 1994 — 12 траўня 1998
Прэзыдэнт: Леанід Краўчук
Леанід Кучма
Прэм’ер-міністар: Яхім Зьвягільскі
(дэ-факта выконваў абавязкі прэм’ер-міністра Леанід Краўчук)
Віталь Масол
Яўген Марчук
Павал Лазарэнка
Васіль Дурдынец
Валер Пуставойтэнка
Папярэднік: Іван Плюшч
Наступнік: Аляксандар Ткачэнка
7-ы старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны
6 ліпеня 2006 — 23 лістапада 2007
Прэзыдэнт: Віктар Юшчанка
Прэм’ер-міністар: Юры Еханураў (в. а.)
Віктар Януковіч
Папярэднік: Уладзімер Літвін
Наступнік: Арсень Яцанюк
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 29 лютага 1944(1944-02-29)[1] (80 гадоў)
вёска Буда
Тарашчанскі раён
Кіеўская вобласьць
УССР
Партыя: КПСС (1972—1991)
СПУ (ад 1991)
Сужэнец: Валянціна Мароз
Дзеці: Ірына
Руслана
Адукацыя:
Узнагароды:
мэдаль «За працоўную доблесьць» Grand Cross of the Order of Prince Henry
ордэн «Садружнасць» Ордэн прападобнага Нестара Летапісца

Біяграфія

рэдагаваць

Ад нараджэньня да 1991 году

рэдагаваць

Нарадзіўся 18 лютага 1944 году ў вёсцы Буда Тарашчанскага раёну Кіеўскай вобласьці, але ў гэты час была вайна, і яго нараджэньне зафіксавалі толькі 29 лютага. Гэты дзень і лічыцца афіцыйнай датай нараджэньня[3]. У 1960 годзе скончыў сярэднюю школу, пасьля чаго паступіў ва Ўкраінскую сельскагаспадарчую акадэмію (цяпер Нацыянальны ўнівэрсытэт біярэсурсаў і прыродакарыстаньня Ўкраіны), якую скончыў у 1965 годзе.

У 1965—1966 гадах служыў у Савецкай Арміі ў войсках супрацьпаветранай абароны. У 1966—1974 гадах Аляксандар Мароз быў настаўнікам, а таксама загадчыкам аддзела мэханізаваньня сельскай гаспадаркі Тарашчанскага тэхнікума мэханізацыі.

Ад 1972 году зьяўляўся чальцом КПСС. У 1974 г. ён стаў старшым інжынэрам-тэхнолягам Тарашчанскага раённага аб’яднаньня «Сельгастэхніка», а ў 1975 годзе — Кіеўскага абласнога аб’яднаньня «Сельгастэхнікі». У 1983 годзе атрымаў другую вышэйшую адукацыю ў Вышэйшай партыйнай школе і дыплём з адзнакай па спэцыяльнасьці «Паліталёгія». Быў сакратаром абласной рады прафсаюзаў (1983—1989), пазьней кіраваў аграрным аддзяленьнем Кіеўскага абкаму КПСС (ад 1989 году), першага сакратара партыйнага камітэту абласных арганізацыяў ды ўстановаў.

На парлямэнцкіх выбарах 1990 году ён атрымаў мандат па тарашчанскай выбарчай акрузе № 224: за яго прагаласавалі 65,25% выбаршчыкаў у другім туры галасаваньня[4]. Узначальваў «групу 239» — камуністычную большасьць у Вярхоўнай Радзе.

У незалежнай Украіне

рэдагаваць
 
Аляксандар Мароз ды Віктар Юшчанка пасьля падпісаньня дамовы аб падтрымцы Марозам Юшчанкі ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў 2004 году ды правядзеньня канстытуцыйнай рэформы.
 
Вынікі Аляксандра Мароза і Сацыялістычнай Партыі Ўкраіны на агульнаўкраінскіх выбарах
 
Вынікі Сацыялістычнай Партыі Ўкраіны на выбарах ў Вярхоўную Раду Ўкраіны 2006 году
 
Вынікі Сацыялістычнай Партыі Ўкраіны на датэрміновых выбарах ў Вярхоўную Раду Ўкраіны 2007 году

26 кастрычніка 1991 году за актыўны ўдзел у спробе дзяржаўнага перавароту кампартыя ва Ўкраіне была забароненая. Пасьля гэтага Аляксандар Мароз склікаў устаноўчы зьезд Сацыялістычнай Партыі Ўкраіны, якую ён і ўзначаліў. У 1994 годзе на датэрміновых парлямэнцкіх выбарах ён ізноў стаў народным дэпутатам па тарашчанскай выбарчай акрузе №223. 18 траўня 1994 году ён абраны галавой Вярхоўнай Рады Ўкраіны. У чэрвені 1994 году на прэзыдэнцкіх выбарах ён быў кандыдатам ад СПУ, атрымаў 3 466 541 голас, альбо 13,33% (трэцяе месца)[2]. Быў актыўным удзельнікам ухваленьня Канстытуцыі Ўкраіны 26 чэрвеня 1996 году.

У 1998 годзе адбыліся чарговыя парлямэнцкія выбары. Яны ўпершыню праводзіліся паводле зьмяшанай выбарчай сыстэмы (50% абіраліся ў аднамандатных акругах, іншыя 50% па партыйных сьпісах). Сацыялісты ўвайшлі ў блёк зь Сялянскай партыяй Украіны пад назвай «За праўду, за народ, за Ўкраіну!». За сьпіс блёку прагаласавала 2 273 788 выбаршчыкаў, альбо 8,55%[5]. Блёк атрымаў 29 са 225 месцаў у Вярхоўнай Радзе. Пяць прадстаўнікоў ад сацыялістаў таксама перамаглі ў аднамандатных акругах, у тым ліку і Аляксандар Мароз. Ён перамог па 92 акрузе (Кіеўская вобласьць), атрымаў 49 477 галасоў выбаршчыкаў, альбо 40,47%.

На прэзыдэнцкіх выбарах 1999 году атрымаў 2 969 896 галасоў, альбо 11,29% (трэцяе месца)[6]. У другім туры падтрымаў камуніста Пятра Сіманенку, які, аднак, прайграў Леаніду Кучму. На парлямэнцкіх выбарах 2002 году, якія таксама прайшлі па зьмяшанай сыстэме, сацыялісты атрымалі 6,87%[7] галасоў выбаршчыкаў (чацьвертае месца). Гэта дазволіла ім атрымаць 20 мандатаў, у тым ліку і Аляксандру Марозу, які ўзначальваў сьпіс партыі. Яшчэ трое сацыялістаў сталі пераможцамі ў аднамандатных акругах, то бок агулам партыя атрымала 23 прадстаўнікі ў Вярхоўнай Радзе.

На прэзыдэнцкіх выбарах 2004 году атрымаў 1 632 098 галасоў, альбо 5,82% (трэцяе месца)[8]. Пасьля падтрымаў Віктара Юшчанку ў абмен на падтрымку Юшчанкам палітычнай рэформы, якая пазбаўляла прэзыдэнта значнай часткі паўнамоцтваў.[9] Ва ўрадзе Юліі Цімашэнкі сацыялісты атрымалі тры[10] пасады: адукацыі ды навукі (Станіслаў Нікалаенка), аграрнай палітыкі (Аляксандар Бараноўскі), ды ўнутраных справаў (Юры Луцэнка). Пасьля адстаўкі Юліі Цімашэнкі 8 верасьня 2005 году сацыялісты зьбераглі пасады ў новым урадзе Юрыя Еханурава. На парлямэнцкіх выбарах 2006 году, якія ўпершыню прайшлі выключна па прапарцыйнай сыстэме[11], сацыялісты атрымалі 5,69%[12] галасоў выбаршчыкаў (чацьвертае месца). Гэта дазволіла ім атрымаць 33 мандаты, у тым ліку і Аляксандру Марозу, які ізноў узначальваў сьпіс партыі. Сацыялісты вялі перамовы аб стварэньні гэтак званай «аранжавай» кааліцыі з Блёкам Юліі Цімашэнкі ды Нашай Украінай, якія скончыліся падпісаньнем кааліцыйнай дамовы 22 чэрвеня 2009 году[13]. У выніку 6 ліпеня Аляксандра Мароза ізноў абралі старшынём Вярхоўнай Рады Ўкраіны[14]. Ягоную кандыдатуру падтрымалі 238 дэпутатаў, у прыватнасьці: Партыя Рэгіёнаў у поўным складзе (186), сацыялісты (33) і камуністы (19)[15]. Пасьля гэтага была створана гэтак званая «антыкрызісная» кааліцыя з Партыі Рэгіёнаў, Нашай Украіны (часткова; пазьней выйшла са складу кааліцыі), СПУ ды КПУ.[16] Паступова ў «антыкрызісную» кааліцыю ўваходзіла ўсё больш дэпутатаў з апазыцыйных фракцыяў. Пры наяўнасьці ў складзе кааліцыі звыш 300 дэпутатаў, яны атрымалі б магчымасьць зьмяняць Канстытуцыю, і паменшыць паўнамоцтвы прэзыдэнта. У выніку Віктар Юшчанка распусьціў Вярхоўную Раду 2 красавіка 2007 году і прызначыў новыя выбары на 27 траўня[17]. Парлямэнцкая большасьць і сацыялісты ў прыватнасьці не прызналі гэты ўказ.[18] Але 30 верасьня датэрміновыя выбары ўсё ж адбыліся. На іх сацыялісты ня здолелі прайсьці 3-адсоткавы бар’ер: яны атрымалі 668 234 галасы, альбо 2,86%, і ня трапілі ў наступны склад Вярхоўнай Рады[19]. На прэзыдэнцкіх выбарах, якія адбыліся 17 студзеня 2010 году, Аляксандар Мароз атрымаў падтрымку 95 169 выбаршчыкаў, альбо 0,38%[20] (дзясятае месца сярод васямнаццаці кандыдатаў).

24 ліпеня 2010 году новым старшынём СПУ стаў Васіль Цушко. Аляксандар Мароз застаўся ганаровым старшынём партыі.[21]

Балятаваўся на прэзыдэнцкіх выбарах 2019 году, за некалькі дзён да дня галасаваньня абвясьціў аб няўдзеле ў выбарах праз «падрыхтоўку небывалай фальсыфікацыі выбараў»[22]. У выніку таго, што крайні тэрмін для здыманьня кандыдатаў ужо скончыўся, кандыдат застаўся ў выбарчым бюлетэні. За ягоную кандыдатуру прагаласавала 13 139 выбаршчыкаў альбо 0,06%[23].

Удзел у «справе Гангадзэ»

рэдагаваць

28 лістапада 2000 году Аляксандар Мароз у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны апублікаваў гэтак званыя «запісы маёра Мельнічэнкі», на якіх былі запісаныя размовы тагачаснага прэзыдэнта Леаніда Кучмы з кіраўніком МУС Юрыем Краўчанкам, генэральным пракурорам Міхалам Патэбэнькам, кіраўніком Службы бясьпекі Леанідам Дэркачам і галавой Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімерам Літвіным[24]. Паводле гэтых запісаў, Леанід Кучма зьяўляецца замоўцам забойства вядомага журналіста Георгія Гангадзэ. Гэтая справа выклікала моцны рэзананс ва Ўкраіне і за мяжой і выклікала хвалю пратэстаў апазыцыі, вядомых як «Украіна бяз Кучмы»[25] (па-ўкраінску: Україна без Кучми). У жніўні 2006 году ў фондзе грамадзкіх свабод Барыса Беразоўскага абвінавацілі ў замове забойства Гангадзэ ўжо самога Мароза. Аб гэтым абвясьціў выканаўчы дырэктар фонду Аляксандар Гольдфарб[26]. Аднак у Генэральнай пракуратуры Ўкраіны ня ўбачылі зьвестак аб дачыненьні Аляксандра Мароза да забойства Гангадзэ[27]. Ў выніку сьледзтва пажыцьцёвае зьняволеньне атрымаў выканаўца забойства Гангадзэ Аляксей Пукач. Замоўнікаў забойства ўстаноўлена не было[28].

Крытычныя водгукі

рэдагаваць

Аляксандар Мароз атрымаў вялікую колькасьць крытыкі праз рашэньне вывесьці ў 2006 ягоную сацыялістычную партыю з «аранжавай кааліцыі» з Блёкам Юліі Цімашэнкі ды Нашай Украінай і ўвайсьці ў гэтак званую «антыкрызісную» з партыяй рэгіёнаў ды камуністамі. Аляксандар Мароз выставіў сваю кандыдатуру на пасаду Галавы Вярхоўнай Рады пры тым, што перад гэтым «аранжовая кааліцыя» ўзгадніла на гэтую пазіцыю кандыдатуру Пятра Парашэнкі. Аляксандра Мароза падтрымалі, акрамя чальцоў ягонай сацыялістычнай фракцыі, дэпутаты Партыі рэгіёнаў і камуністы. Фракцыі «Нашай Украіны» і БЮТ адмовіліся ўдзельнічаць у выбарах сьпікера, абвінаваціўшы Мароза ў здрадзе[29] і развале кааліцыі.

6 кастрычніка 2021 году Аляксандар Мароз сустрэўся ў Менску са старшынёй Савету Рэспублікі Нацсходу Беларусі Натальляй Качанавай, «рэалізуючы ідэю народнай дыпляматыі». Разам зь ім на сустрэчы прысутнічалі былы чыноўнік Нацбанку Ўкраіны Аляксей Беражны(uk) і былы дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Васіль Цушко(uk). Аляксандар Мароз адзначыў, што «аб'ектыўнай інфармацыі малавата ў нас» пра тое, «якое грамадзкае жыцьцё ў Беларусі». Пры гэтым ён падкрэсьліў: «Мая размова з вамі ня будзе вітацца многімі ва Ўкраіне»[30]. 14 лютага 2022 году Аляксандар Мароз 2-і раз за 4 месяцы прыехаў у Беларусь, дзе сустрэўся зь кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам[31]. Мароз атрымаў крытычныя водгукі праз тое, што езьдзіў сустракацца з самаабвешчаным прэзыдэнтам Беларусі[32]. Пасьля сустрэчы Аляксандар Мароз адзначыў: «Людзей трывожыць сытуацыя, гэта безумоўна. Абывацеля заўсёды непакоіць небясьпека вайны». Пры гэтым ён заявіў быццам для вайны «няма перадумоваў»[33], тады як расейскае ўварваньне ва Ўкраіну пачалося празь 10 дзён, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

Творчасьць

рэдагаваць

Аўтар кнігаў:

  • «Куди йдемо?…» (па-беларуску: Куды ідзем?…, 1993)
  • «Вибір» (па-беларуску: Выбар), «Тема для роздумів» (па-беларуску: Тэма для роздумаў, 1996)
  • «Дорога, зь якої не зійти» (па-беларуску: Дарога, зь якой не сыйсьці), «Між вічними полюсами» (па-беларуску: Між вечнымі палюсамі, 1999)
  • «Хроніка одного злочину» (па-беларуску: Кроніка аднаго злачынства, 2000)
  • «Про землю, Конституцію і не тільки» (па-беларуску: Пра зямлю, Канстытуцыю і ня толькі, 2001)
  • «Політична анатомія України» (па-беларуску: Палітычная анатомія Ўкраіны, 2004)
  • Складанка паэзій «…З відстані» (па-беларуску: З воддалі, 2004)
  • Складанка паэзій «Обличчям до вогню» (па-беларуску: Абліччам да агню, 2006)
  • Складанка паэзій «Белый снег на каменной террасе» (па-беларуску: Белы сьнег на каменнай тэрасе, па-расейску, 2006)
  • аўтар больш чым 2000 публікацыяў у пэрыядычных выданьнях.

Дадатковыя зьвесткі

рэдагаваць

Аляксандар Мароз браў удзел як кандыдат у пяці прэзыдэнцкіх выбарах: 1994[34], 1999[35], 2004[36], 2010[37], 2019[38]. У 2019 годзе, напярэдадні выбараў абвесьціў аб тым, што здымае сваю кандыдатуру з выбараў, аднак ягонае прозьвішча ў бюлетэні засталося.

  1. ^ а б Oleksandr Moros // Munzinger Personen (ням.)
  2. ^ а б The Project on Political Transformation and the Electoral Process in Post-Communist Europe (анг.)
  3. ^ Газэта «Сёньня»: Мароз сьвяткуе два дні нараджэньня, а Саба — раз на чатыры гады (рас.)
  4. ^ Афіцыйная старонка Вярхоўнай Рады Ўкраіны — дэпутаты 1-га скліканьня. Мароз Аляксандар Аляксандравіч (укр.)
  5. ^ Старонка Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны па выбарах Вярхоўнай Рады Ўкраіны 1998 (укр.)
  6. ^ Старонка Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны па выбарах Прэзыдэнта Ўкраіны 1999 (укр.)
  7. ^ Старонка Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны па выбарах Вярхоўнай Рады Ўкраіны 2002 (укр.)
  8. ^ Старонка Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны па выбарах Прэзыдэнта Ўкраіны 2004 (укр.)
  9. ^ ПАРТІЯ МОРОЗА ПІДТРИМАЛА ЮЩЕНКА (укр.)
  10. ^ NEWS FROM UKRAINE (анг.)
  11. ^ Выборы-2006. Памятка для избирателя (рас.)
  12. ^ Старонка Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны па выбарах Вярхоўнай Рады Ўкраіны 2006 (укр.)
  13. ^ ПОВНИЙ РОЗПОДІЛ ПОСАД У ПОМАРАНЧЕВОМУ УРЯДІ. Українська Правда (укр.)
  14. ^ МОРОЗ СТАВ СПІКЕРОМ.Українська Правда (укр.)
  15. ^ Рада развалила «оранжевых» // «Российская газета», 8 ліпеня 2006 г.
  16. ^ Соціалісти вирішили, що Мороз врятував країну від катаклізмів (укр.)
  17. ^ ПРЕЗИДЕНТ РОЗІГНАВ РАДУ.Українська Правда (укр.)
  18. ^ Парламент не підкориться Ющенку. Звернення Верховної Ради до народу
  19. ^ Старонка Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны па выбарах Вярхоўнай Рады Ўкраіны 2007 (укр.)
  20. ^ Старонка Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны па выбарах Прэзыдэнта Ўкраіны 2010 (укр.)
  21. ^ Цушко замінив Мороза на посаді глави СПУ Тэлеканал «1+1» (укр.)
  22. ^ Мороз знявся з виборів президента (укр.)
  23. ^ Результати голосування По Україні (укр.) / ЦВК
  24. ^ Кучма «замовив» Гонгадзе? Українська Правда, 28 лістапада 2000 (укр.)
  25. ^ Акция протеста «Украина без Кучмы» набирает силу (рас.)
  26. ^ БЕРЕЗОВСЬКИЙ ПОВІСИВ НА МОРОЗА УБИВСТВО ГОНГАДЗЕ // Українська Правда, 1 жніўня 2006 (укр.)
  27. ^ ГЕНПРОКУРАТУРІ НЕ ДОВЕЛИ, ЩО МОРОЗ ЗАМОВИВ ГОНГАДЗЕ. // Українська Правда, 1 жніўня 2006 (укр.)
  28. ^ Пукач приговорен к пожизненному заключению
  29. ^ ПОРОШЕНКО КАЖЕ, ЩО ЙОГО ЗРАДИЛИ
  30. ^ Качанава: украінскі народ заўсёды быў і застаецца родным для нас // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 6 кастрычніка 2021 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
  31. ^ Сустрэча зь вядомым палітычным і дзяржаўным дзеячам Украіны Аляксандрам Марозам // Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, 14 лютага 2022 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
  32. ^ Політичний пенсіонер Мороз опинився на дивані у Лукашенка (відео) 14.02.2022
  33. ^ Украінскі палітык Мароз: перадумоў для вайны няма // БелТА, 14 лютага 2022 г. Праверана 19 траўня 2024 г.
  34. ^ 1994 Presidential Elections (анг.)
  35. ^ Кучма «замовив» Гонгадзе? Старонка ЦВК Украіны па выбарах Прэзыдэнта Ўкраіны 1999 (укр.)
  36. ^ Старонка ЦВК Украіны па выбарах Прэзыдэнта Ўкраіны 2004 (укр.)
  37. ^ Старонка ЦВК Украіны па выбарах Прэзыдэнта Ўкраіны 2010 (укр.)
  38. ^ Результати голосування (укр.)

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
Папярэднік
Старшыня Сацыялістычнай партыі Ўкраіны
1991 — 24 ліпеня 2010
Наступнік
Васіль Цушко