Георгі Гангадзэ

украінскі журналіст

Гео́ргі (Ґія) Русла́навіч Ганга́дзэ (або Ґанґадзэ; па-ўкраінску: Георгій (Ґія) Русланович Гонгадзе, па-грузінску: გიორგი რუსლანის ძე ღონღაძე; 21 траўня 1969, Тбілісі, Грузінская ССР — 17 верасьня 2000?, Кіеўская вобласьць, Украіна) — украінскі апазыцыйны журналіст, заснавальнік ды першы галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Українська правда».

Георгі Гангадзэ
გიორგი ღონღაძე
Георгій Гонгадзе
Род дзейнасьці журналістыка
Дата нараджэньня 21 траўня 1969
Месца нараджэньня Тбілісі, Грузінская ССР
Дата сьмерці 17 верасьня 2000 (31 год)
Месца сьмерці Кіеўская вобласьць, Украіна
Месца вучобы
Занятак журналіст, радыёвядучы, тэлевядовец, кінарэжысэр, перакладнік
Навуковая сфэра журналістыка
Бацька Руслан Гангадзэ
Маці Аляксандра Корчак
Жонка Мар’яна Спыхальская
Міраслава Гангадзэ
Дзеці Нана, Салямэя
Узнагароды Герой Украіны (пасьм.)

Забіты ў 2000 року паводле загаду высокапастаўленых асобаў, набліжаных да тагачаснага прэзыдэнта Леаніда Кучмы, што спрычыніла адзін з найвялікшых палітычных скандалаў ва Ўкраіне.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Дзяцінства і юнацтва

рэдагаваць

Нарадзіўся 21 траўня 1969 р. у Тбілісі, у сям’і вядомага дысыдэнта і кінарэжысэра-дакумэнталіста Руслана і Алесі Гангадзэ (у дзявоцтве Корчак), каранной львавянкі.

Па сканчэньні школы паступіў на вечаровае аддзяленьне Тбіліскага інстытуту замежных моваў, адначасна працуючы.

У 1987—1989 рр. праходзіў службу ў Аўганістане. Пасьля дэмабілізацыі вярнуўся ў Тбілісі, працягнуў вучобу. Па прыкладзе бацькі ўключыўся ў грамадзка-палітычную працу; узначаліў інфармацыйны аддзел Народнага Фронту Грузіі.

Ва Ўкраіне

рэдагаваць

Увосень 1989 року пераехаў у Львоў, перавёўшыся на факультэт замежных моваў Львоўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Івана Франко. Актыўна ўдзельнічаў у грамадзка-палітычным жыцьці места, стварыў Грузінскі культурны цэнтар Багратыёні.

Калі на мяжы 1991 і 1992 рр. у Тбілісі пачалося антызьвіядысцкае паўстаньне, Георгі вярнуўся на бацькаўшчыну, каб прыняць у ім удзел разам са сваім бацькам, які сярод іншых быў названы Зьвіядам Гамсахурдыя «ворагам народу». Пасьля перамогі паўстаньня зноўку вярнуўся ў Львоў.

Пачаў займацца кінадакумэнталістыкаю. Неўзабаве па бацькавай сьмерці ў 1993 р. прыбыў у Грузію з намерам зьняць дакумэнтальны фільм пра вайну ў Абхазіі, аднак сам далучыўся да ваенных дзеяў. Пад час аднаго з абстрэлаў быў цяжка паранены і быў вывезены з аточанага Сухумі за некалькі дзён да падзеньня места.

1993—1994 — галоўны рэжысэр творчага аб’яднаньня «Центр Європи». У гэты пэрыяд стварыў дакумэнтальныя фільмы «Біль землі» (1993), «Тіні війни» (1994), «Колиска» (1995), «Охоронці мрії» (1996).

У 1995 ажаніўся з выпускніцай юрфаку ЛНУ Міраславаю Пэтрышын і пераехаў у Кіеў, дзе яны пачалі працаваць на тэлебачаньні.

З 1 кастрычніка 1999 р. (падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі) пачаў весьці штодзённую інфармацыйную праграму «Перший тур з Георгієм Гонгадзе» ў жывым этэры радыёстанцыі «Континент». У чэрвені 2000 р.  прыняў удзел у выбарчай кампаніі Ўладзімера Вахоўскага, які балятаваўся на пост мескага кіраўніка Віньніцы.

«Українська правда»

рэдагаваць

17 красавіка 2000 року заснаваў інтэрнэт-выданьне «Українська правда», у якім, між іншых, публікаваліся крытычныя матэрыялы пра Леаніда Кучму і карупцыю[1] ў ягоным атачэньні.

На той час Інтэрнэт яшчэ ня быў папулярным відам мэдыяў, таму, паводле словаў намесьніцы Гангадзэ Алены Прытулы, на пачатку верасьня 2000 р. (перад зьнікненьнем Георгія) паслугач «УП» штодня наведвалі ўсяго 3 тысячы карыстальнікаў. Папулярнасьць выданьня неймаверна вырасла толькі пасьля пачатку «касэтнага скандалу» (19 сьнежня 2000 року было зафіксавана 80 тысячаў наведнікаў).

14 ліпеня 2000 року Георгі Гангадзэ зьвярнуўся зь лістом да Генэральнага пракурора Ўкраіны Міхаіла Патэбенькі, у якім заявіў пра факты сачэньня за ім супрацоўнікаў міліцыі і невядомых асобаў. Аднак пракуратура адрэагавала на зварот фармальна, пераадрасаваўшы яго ў Галоўную ўправу ўнутраных справаў Кіева, якая ўстанавіла, што машына, зь якой вялося сачэньне за журналістам, мела нумары, рок таму зьнятыя з рэгістрацыі.

Зьнікненьне

рэдагаваць

16 верасьня 2000 року каля 22:30 Георгі Гангадзэ выйшаў з працы, але дахаты так і не зьявіўся. 2 лістапада ў лесе каля Тарашчы быў знойдзены абезгалоўлены труп, у якім жонка і сябры пазналі Георгія (акрамя таго, у целе знайшлі асколкі з пары ягонага ўдзелу ў вайне з Асэтыяй).

«Касэтны скандал»

рэдагаваць

28 лістапада 2000 року, праз два месяцы пасьля зьнікненьня Гангадзэ, Аляксандар Мароз праінфармаваў парлямэнт і журналістаў пра тое, што ён валадае таемнымі запісамі размоваў прэзыдэнта Леаніда Кучмы і высокапостаўленых чыноўнікаў ураду, якія праліваюць сьвятло на забойства Гангадзэ. Паводле словаў Мароза, у гутарках, запісаных супрацоўнікам Службы аховы прэзыдэнта Міколы Мельнічэнкі, бяруць удзел Кучма і ягоныя найбліжэйшыя памочнікі — кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Уладзімер Літвін, міністар унутраных справаў Юры Краўчанка ды кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Леанід Дзяркач, якія абмяркоўваюць дзейнасьць Гангадзэ й вырашаюць, як зь ім быць. На думку А. Мароза ды некаторых іншых чальцоў парлямэнту, гэтыя гутаркі даюць падставу меркаваць, што прэзыдэнт пэўным чынам датычны да зьнікненьня Георгія Гангадзэ[2].

Розгалас

рэдагаваць

Зьнікненьне ды забойства Георгія Гангадзэ выклікала шырокі рэзананс ва Ўкраіне і за мяжой. Менавіта з акцыяў пратэсту супраць выкраданьня і забойства Гангадзэ пачаліся шырокамаштабныя пратэставыя акцыі, вядомыя пад назваю «Ўкраіна бяз Кучмы».

Расьсьледаваньне

рэдагаваць

15 сакавіка 2008 вінаватымі ў зьдзяйсьненьні забойства былі прызнаныя тры былыя супрацоўнікі Дэпартамэнту зьнешняга назіраньня і крымінальнай выведкі Міністэрства ўнутраных справаў Украіны. Суд прыгаварыў іх да пазбаўленьня волі тэрмінамі ад 12 да 13 рокаў з пазбаўленьнем афіцэрскіх званьняў[3].

Яшчэ раней памерлі двое іншых падазраваных у датычнасьці да справы. Ігар Ганчароў памёр у 2003 року ў шпіталі ад інфаркту, а тагачасны міністар унутраных справаў Юры Краўчанка, які фігуруе ў «стужках Мельнічэнкі», быў знойдзены 4 сакавіка 2005 ва ўласным гаражы з двума вагнястрэльнымі раненьнямі галавы. Ягоная сьмерць была кваліфікаваная сьледзтвам як самагубства.

21 ліпеня 2009 року быў арыштаваны яшчэ адзін падазраваны ў забойстве Георгія Гангадзэ Аляксей Пукач, які знаходзіўся ў міжнародным вышуку з 2004 року. 29 студзеня 2013 ён прызнаны вінаватым у забойстве Георгія Гангадзэ й прыгавораны да пажыцьцёвага зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці і забаронаю займаць дзяржаўныя пасады[4].

23 жніўня 2005 пасьмяротна ўзнагароджаны званьнем Героя Ўкраіны.

У ягоны гонар названы праспэкт у Кіеве.

Дзень памяці адзначаецца шторок 16 верасьня.

  1. ^ Бывшему генералу МВД Украины предъявлено обвинение в убийстве Гонгадзе (рас.)
  2. ^ Звіт Kroll про розслідування справи Гонгадзе (укр.) Українська ПРАВДА. Національна бібліотека України імені В.І. Вернадського, Київ. Праверана 6 верасьня 2012 г.
  3. ^ УНІАН: Трьох убивць Гонгадзе засудили на 12 - 13 років (укр.)
  4. ^ М.Я. (29 студзеня 2013) Пажыцьцёвае зьняволеньне за ўдушэньне журналіста Навіны. БелсатПраверана 30 студзеня 2013 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Георгі Гангадзэсховішча мультымэдыйных матэрыялаў