Алена Масла

беларуская казачніца ХХІ стагодзьдзя

Але́на Сьцяпа́наўна Ма́сла (1967, Мілашова, Мёрскі раён, Віцебская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларуская казачніца.

Алена Масла
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 14 красавіка 1967 (57 гадоў)
Мілашова, Мёрскі раён, Віцебская вобласьць, Беларуская ССР, СССР
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці рэдактарка
Гады творчасьці з 1977-га
Жанр казка
Мова беларуская
Дэбют 1977 год, часопіс «Бярозка»
Значныя творы зборнік «Першая прыгажуня» (2010), сцэнар мультфільма «Лагодны воўк» (2018)
Прэміі «Залаты Купідон» (2010), прэмія Б'янкі (2019)
Узнагароды

Ляўрэатка прэміі «Залаты Купідон» у намінацыі «Дзіцячая літаратура» за зборнік казак «Першая прыгажуня» (2010) і прэміі Б'янкі у намінацыі «Казка» за кнігу «Балотныя прыгоды. Цікавінкі ад Бульбінкі і Журавінкі».

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзілася ў сям’і настаўнікаў беларускай мовы. Скончыла школу з залатым мэдалём. У 1984 годзе паступіла на факультэт журналістыкі БДУ, які скончыла ў 1989 годзе. Пасьля выпуску працавала фотакарэспандэнткай у газэце «Піянэр Беларусі». Затым працаўладкавалася рэдактаркай краязнаўчага аддзелу ў газэце «Турызм і адпачынак» (рас. Туризм и отдых). Працавала рэдактаркай аддзелу часопіса «Арэлі» (рас. Качели) і галоўнай рэдактаркай газэты «Пераходны ўзрост» (рас. Переходный возраст)[1]. У 2006—2009 гадах была загадніцай рэдакцыі дзіцячай літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура». У 2009—2011 гадах узначальвала часопіс «Бярозка». У лістападзе 2009 годзе ўвайшла ў Саюз пісьменьнікаў Беларусі, які пакінула ў ліпені 2013 году[2]. З 2011 па 2014 год — у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Творчасьць

рэдагаваць

У 10 гадоў дэбютавала ў часопісе «Бярозка», дзе надалей працягвала выдаваць свае творы. Таксама зьмяшчала сваю творчасьць у газэце «Чырвоная зьмена». Друкавалася ў часопісах «Маладосьць», «Дзеяслоў» і «Вясёлка», а таксама ў газэце «Літаратура і мастацтва». У 2005 годзе выдала кнігу «Таямніца закінутай хаты», якую улучылі ў праграму пазашкольнага чытаньня ў 5-й клясе[3]. Творы Алены Масла перакладаліся на сэрбскую і ўкраінскую мовы. У 2010 годзе стала ляўрэатка літаратурнай прэміі «Залаты Купідон» у намінацыі «Дзіцячая літаратура» за зборнік казак «Першая прыгажуня». У 2018 годзе напісала сцэнар мультфільма «Лагодны воўк» для кінастудыі «Беларусьфільм», які лепшай анімацыяй на кінафэстывалі «Лістапад»[4]. У 2019-м стала ляўрэаткай Міжнароднай літаратурнай прэміі Б'янкі у намінацыі «Казка» за кнігу «Балотныя прыгоды. Цікавінкі ад Бульбінкі і Журавінкі».

21 траўня 2021 году ў сталічнай школе № 188 для дзяцей з парушэньнямі зроку прадставіла тактыльную кнігу «Мяне завуць Лахнэска» і аўдыёдыск з агучаным творам. Тактыльную выяву галоўнага героя кнігі стварылі гарадзенскія лялечныя майстры. Сродкі на выданьне зьбіраў кіраўнік установы «МоцАрт» Аляксандар Калоша. Кнігі з аўдыёдыскамі перадалі ў кожную з 6 беларускіх школ для дзяцей з парушэньнямі зроку — у Горадні, Жабінцы (Берасьцейская вобласьць), Васілевічах Рэчыцкага раёну (Гомельская вобласьць), Маладэчне, Шклове (Магілёўская вобласьць) і ўрэшце Менску[5].

  1. ^ Алена Масла // Інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат», 2021 г. Праверана 8 лютага 2021 г.
  2. ^ Мікола Бугай. Баравікова і Масла выходзяць з лукашэнкаўскага Саюза пісьменьнікаў // Газэта «Наша ніва», 27 ліпеня 2013 г. Праверана 8 лютага 2021 г.
  3. ^ Алена Басікірская. Добрыя гісторыі — у кнігах пісьменьніцы-казачніцы зь Мілашова Алены Масла // Газэта «Мёрскія навіны», 12 сакавіка 2019 г. Праверана 8 лютага 2021 г.
  4. ^ Лагодны воўк // Кінафэстываль «Лістапад», 2018 г. Праверана 8 лютага 2021 г.
  5. ^ Казка для сьляпых дзяцей: у Менску прэзэнтавалі тактыльную кнігу Алены Масла // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 21 траўня 2021 г. Праверана 21 траўня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  • Алена Масла. Казкі // Партал «Слушна», 12 траўня 2022 г. Праверана 18 траўня 2022 г.