Агульнае пагадненьне аб мытах і гандлі 1994 году
Агульнае пагадненьне аб мытах і гандлі 1994 году (АПМГ; па-ангельску: General Agreement on Tariffs and Trade) — шматбаковае міжнароднае пагадненьне, упершыню падпісанае 74 дзяржавамі ў Маракешы (Марока) 15 красавіка 1994 году на ангельскай, гішпанскай ды францускай мовах у якасьці часткі Дадатку 1 да Пагадненьня аб заснаваньні Сусьветнае гандлёвае арганізацыі (СГА). Падзяляецца на дзьве часткі: 1) аб складзе й 2) тлумачальную.
АПМГ 1994 году | |
Агульнае пагадненьне аб мытах і гандлі 1994 году | |
Тып дамовы | Міжнароднае пагадненьне |
---|---|
Падпісаная | 15 красавіка 1994 |
· месца | Маракеш (Марока) |
Набыла моц | 1 студзеня 1995 |
Тэрмін дзеяньня | неабмежаваны |
Бакі | 150 дзяржаваў |
Статус | дзейнае |
Мовы | ангельская, гішпанская, француская |
Першая частка ўлучае ў сябе:
- Агульнае пагадненьне аб мытах і гандлі 1947 году (АПМГ 1947 году),
- Дамоўленасьць аб тлумачэньні Артыкула 2 АПМГ,
- Дамоўленасьць аб тлумачэньні Артыкула 17 АПМГ,
- Дамоўленасьць аб агаворках АПМГ наконт плацёжнага балянсу,
- Дамоўленасьць аб тлумачэньні Артыкула 24 АПМГ,
- Дамоўленасьць датычна вызваленьня ад абавязкаў у рамках АПМГ,
- Дамоўленасьць аб тлумачэньні Артыкула 28 АПМГ,
- Маракескі пратакол[1].
Дамоўленасьць аб агаворках АПМГ наконт плацёжнага балянсу
рэдагавацьСкладалася з чатырох частак:
- Ужываньне захадаў (Пункты 1-4),
- Правядзеньне нарадаў аб плацёжным балянсе (Пункты 5-8),
- Апавяшчэньне й дакумэнтацыя (Пункты 9-12),
- Заканчэньне нарадаў аб плацёжным балянсе (Пункт 13).
Паводле Пункту 3 бакі Дамоўленасьці абавязваліся не накладаць дзеля падтрыманьня плацёжнага балянсу больш як адзін від абмежаваньня на ўвоз аднаго тавару. Паводле Пункту 5 Камітэт па абмежаваньнях плацёжнага балянсу (КАПБ) СГА ўпаўнаважваўся праводзіць нарады для агляду ўсіх такіх захадаў абмежаваньня імпарту. КАПБ таксама абвяшчаўся адчыненым для ўдзелу ўсіх сябраў СГА. Паводле Пункту 6 урад-удзельнік СГА абавязваўся цягам 4 месяцаў пасьля ўвядзеньня новых або пашырэньня існых абмежавальных захадаў узяць удзел у нарадзе з КАПБ.
Паводле Пункту 9 бакі Дамоўленасьці мелі паведамляць Агульнай радзе СГА аб зьмене ўжываньня захадаў абмежаваньня імпарту, скіраваных на падтрыманьне плацёжнага балянсу. Кожны сябар СГА таксама абавязваўся штогод падаваць у Сакратарыят СГА задзіночанае паведамленьне аб усіх заканаўдаўчых ды падзаконных зьменах мытаў, у тым ліку спосабу іх вызначэньня ды абсягу абкладзеных імі тавараў ды іх плыняў. Паводле Пункту 10, КАПБ упаўнаважваўся на просьбу сябра СГА вырашыць пры разглядзе паведамленьня, ці патрабуецца нарада. Паводле Пункту 11 сябар СГА, выкліканы на нараду, абавязваўся да яе падрыхтаваць Асноўны дакумэнт, што меў зьмяшчаць:
- агляд стану плацёжнага балянсу, у тым ліку чыньнікаў уплыву на яго ды захадаў ураду дзеля аднаўленьня раўнавагі на трывалай і доўгатэрміновай падставе;
- апісаньне ўжытых дзеля падтрыманьня плацёжнага балянсу абмежаваньняў, іх прававой асновы ды захадаў па скарачэньні іх пабочнага ахоўнага ўплыву;
- захады, прадпрынятыя дзеля зьняцьця абмежаваньняў на імпарт, з часу апошняе нарады;
- плян паслабленьня абмежаваньняў.
Паводле Пункту 12 Сакратарыят СГА, у сваю чаргу, забавязваўся падрыхтаваць для КАПБ даведку аб розных гледзішчах на намечаную нараду. Паводле Пункту 13 КАПБ меў пасьля правядзеньня нарады падаць у Агульную раду СГА справаздачу з высновамі й іх тлумачэньнем[2].
Дамоўленасьць аб тлумачэньні Артыкула 24 АПМГ
рэдагавацьПаводле Пункту 2 Дамоўленасьці Сакратарыят СГА абавязваўся весьці падлік ужываных мытаў і іх ставак. Паводле Пункту 9 сябры СГА, якія зьяўляліся бакамі прамежкавага пагадненьня (аб утварэньні мытнага зьвязу або прасторы вольнага гандлю), мелі апавяшчаць Раду па гандлі таварамі СГА аб зьменах у адпаведным пагадненьні. Паводле Пункту 11 мытныя зьвязы ды ўдзельнікі прастораў вольнага гандлю таксама мелі паведамляць у Раду па гандлі таварамі аб зьменах у сваіх адпаведных пагадненьнях[3].
Дамоўленасьць датычна вызваленьня ад абавязкаў у рамках АПМГ
рэдагавацьСкладалася ўсяго з трох Пунктаў і ня мела прэамбулы. Паводле Пункту 1 Дамоўленасьці запыт на вызваленьне ад абавязкаў або на яго працяг меў улучаць апісаньне вызначаных урадам захадаў ды мэтаў, а таксама прычынаў, што замінаюць дасягнуць пастаўленых задачаў у адпаведнасьці з абавязкамі ў рамках АПМГ[4].
Дамоўленасьць аб тлумачэньні Артыкула 28 АПМГ
рэдагавацьПаводле Пункту 6 Дамоўленасьці, калі саступка ў мыце замянялася вызначэньнем яго стаўкі квотаю, сума адшкадаваньня мела на 10% перавышаць суму гандлю за папярэдні год, закранутую такім зьмяншэньнем саступкі. Аднак адказнасьць сябра СГА ня мела перавышаць адшкадаваньне, што пацягнула б за сабою поўнае адкліканьне саступкі. Паводле Пункту 7 усялякаму зацікаўленаму ў адкліканай саступцы сябру СГА, які зьяўляўся галоўным пастаўшчыком, надавалася права на першапачатковыя перамовы аб ураўнаважвальных саступках[5].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ (анг.)Агульнае пагадненьне аб мытах і гандлі 1994 году // Сайт Сусьветнае гандлёвае арганізацыі. Дата доступу: 13 чэрвеня 2010.
- ^ (анг.)Дамоўленасьць аб агаворках АПМГ наконт плацёжнага балянсу // Сайт СГА. Дата доступу: 25 чэрвеня 2010.
- ^ (анг.)Дамоўленасьць аб тлумачэньні Артыкула 24 АПМГ // Сайт СГА. Дата доступу: 28 чэрвеня 2010.
- ^ (анг.)Дамоўленасьць датычна вызваленьня ад абавязкаў у рамках АПМГ // Сайт СГА. Дата доступу: 28 чэрвеня 2010.
- ^ (анг.)Дамоўленасьць аб тлумачэньні Артыкула 28 АПМГ // Сайт СГА. Дата доступу: 28 чэрвеня 2010.