Ігар Банцэр
Ігар Банцэр (24 лютага 1980, Менск) — беларускі журналіст і музыка польскай нацыянальнасці і паходжання з Гародні, лідэр панк-гурта «Mister X(pl)». Палітвязень рэжыму Лукашэнкі, вязень сумленьня.
Ігар Банцэр | |
Дата нараджэньня | 24 лютага 1980 (44 гады) |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Занятак | журналіст, музыка |
Навуковая сфэра | журналіст |
Месца працы | |
Сайт | bancer.by |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьЗь дзяцінства жыў у Горадні. Бацька працаваў у МУС, маці была выхавацелькаю у дзіцячым садку. Банцэр паступіў вучыцца ў Варшаўскі ўнівэрсытэт на кірунак міжнародных адносінаў, аднак празь некалькі год спыніў вучобу праз хваробу і пасьля складанай апэрацыі вырашыў не аднаўляцца ва ўнівэрсытэце. Каля дзесяці гадоў працаваў у журналістыцы: карэспандэнтам горадзенскай незалежнай газэты «Пагоня», галоўным рэдактарам польскіх часопісаў «Magazyn Polski» і «Głos znad Niemna» ў выгнаньні. Некаторы час быў прэс-сакратаром непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі. Стварыў і ўзначальваў культурную ўстанову «Горадзенскі рок-клюб», дзе займаўся музыкай з падлеткамі і моладзьдзю.
Зь 2003 году быў франтмэнам свайго стрыт-панк гурта «Mister X(pl)». Зь 2007 году Банцэра шматкроць затрымлівалі і саджалі на содні.
Палітычны перасьлед (з 2020)
рэдагавацьБыў арыштаваны 20 кастрычніка 2020 году за правядзеньне пэрформансу ў выглядзе танца без штаноў перад машынай міліцыі. Гэтыя дзеяньні былі кваліфікаваныя органамі сьледзтва як хуліганства (ч.1 арт. 339 КК). Пры гэтым, як вынікала з паказаньняў самога абвінавачанага, сапраўднымі матывамі і мэтамі гэтага ўчынку было выказваньне пратэсту ў форме пэрформанса, які суправаджаўся частковым публічным агаленьнем (танцам у стрынгах на целе) перад машынаю з супрацоўнікамі міліцыі[1].
Да суду Банцэр утрымліваўся пад вартай. Падчас суда, які пачаўся ў сакавіку 2021 году, ён абвясьціў сухую галадоўку. 15 сакавіка 2021 году сумеснаю заяваю дзевяці арганізацыяў, сярод якіх Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хэльсынскі камітэт, Беларускі ПЕН-цэнтар, быў прызнаны палітычным вязьнем[2]. 16 сакавіка 2021 году шэфства над палітвязьнем узяў Расмус Андрэсэн, дэпутат Эўрапейскага парлямэнту[3]. 18 сакавіка 2021 года Міжнародная амністыя клясыфікавала Банцэра вязьнем сумленьня[4].
19 сакавіка 2021 году Банцэра асудзілі на 1,5 года «хіміі». У чэрвені ён паехаў адбываць пакараньне ў Выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу №9 у Віцебску. Яно мелася скончыцца ў лютым 2022 году, бо значную частку тэрміну гарадзенец адбыў яшчэ ў горадзенскім СІЗА. Там тэрмін ідзе хутчэй за «хімію» удвая. 29 верасьня 2021 году суд зьмяніў Банцэру пакараньне з абмежаваньня волі («хімія») на пазбаўленьне волі (калёнія агульнага рэжыму) і прызначыў яму даседжваць 1 месяц 25 дзён да вызваленьня.
Пасьля суду Банцэра адразу ўзялі пад варту і перавялі ў віцебскі СІЗА. Адтуль ён меўся ехаць у калёнію. Аднак у калёнію яго так і не перавялі. Чаму — невядома. Калі б вязень заставаўся ў СІЗА да канца тэрміну, то ён мог бы выйсьці на волю ўжо 5 лістапада[5].
Прычына вяртаньня на хімію — абскарджаньне адвакаткай Банцэра пастановы суду аб замене пакараньня на больш жорсткае. Парушэньні парадку, якія нібыта зьдзейсніў Банцэр, былі зафіксаваныя да ўвядзеньня новага заканадаўства, згода з якім Банцэра не павінны былі судзіць па артыкуле «замена пакараньня на больш жорсткае». Але чамусьці судзілі. Адвакатка заўважыла гэтую нестыкоўку й падала скаргу. Пракурор быў вымушаны апратэставаць пастанову суду.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ігар Банцэр на сайце Вясны
- ^ Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў Юліі Бодак і Ігара Банцара (бел.). Вясна (2021-03-15). Праверана 2021-08-19 г. Архіўная копія ад 2021-11-01 г.
- ^ Presseerklärung zu dem Musiker und politischen Gefangenen Igor Bancer/Ihar Bantsar (ням.). Audiolith(de) (2021-03-16). Архіўная копія ад 2021-03-16 г.
- ^ Belarus: Life of hunger-striking prisoner at risk: Ihar Bantsar (анг.). Міжнародная амністыя (2021-03-18). Праверана 2021-11-01 г. Архіўная копія ад 2021-08-09 г.
- ^ «Карцару я не перажыву, нават галадоўкі ня трэба». Што адбываецца з музыкам Банцэрам, якога чакалі на волі (бел.). Радыё Свабода (2021-11-01). Праверана 2021-11-01 г. Архіўная копія ад 2021-11-01 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьУ іншым моўным разьдзеле існуе паўнейшы артыкул на гэтую тэму: «Igor Bancer» (анг.) Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы гэты артыкул з дапамогай перакладу. Для дадатковай інфармацыі націсьніце [Разгарнуць].
|