Fratelli tutti (Усе браты) — трэцяя энцыкліка папы Францішка. Яна прысьвечаная «братэрству й сацыяльнаму сяброўству». У дакумэнце папа сьцьвярджае, што пандэмія каранавірусу выкрыла ілюзорную бясьпеку чалавецтва і разьяднанасьць краінаў і народаў. Ён падкрэсьлівае, што ўдасканальваньня існых сыстэмаў і правілаў недастаткова для годнага жыцьця. Адказам на сучасныя выклікі мусіць стаць сацыяльнае братэрства і салідарнасьць паміж людзьмі й народамі.

Дакумэнт быў падпісаны 3 кастрычніка 2020 году з нагоды адведваньня папам магілы ягонага цёзкі, сьвятога Францішка з Асізі, і быў апублікаваны на наступны дзень, у дзень успаміну сьвятога.

Падрыхтоўка й выданьне

рэдагаваць

Упершыню навіна пра падрыхтоўку энцыклікі зьявілася 5 верасьня 2020 г.[1] Ейная назва ўзятая з твору «Папярэджаньне» Францішка з Асісі.[1][2] Твор напісаны па-гішпанску[3], хоць і мае італьянскі загаловак.[4]

Fratelli tutti стала першай папскай энцыклікай, падпісанай па-за Рымам — у Асізі[5][6]. Таксама яна была першай энцыклікай, пераклад якой быў выдадзены мусульманскім выдавецтвам[7].

Ідэі й крыніцы

рэдагаваць

Асаблівым заахвочваньнем Францішку да напісаньня энцыклікі стала сустрэча зь Вялікім імамам Ахмадам Аль-Тайібам у Абу-Дабі ў лютым 2019 году[8]. Падчас падарожжа ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты папа Францішак і імам Ахмад Аль-Тайіб сумесна падпісалі "Дэклярацыю аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў сьвеце і агульным суіснаваньні"[9][10].

У тэксьце энцыклікі папа таксама прыгадвае, што галоўным натхненьнем для яго разважаньняў аб паўсюдным братэрстве быў сьв. Францішак з Асізі. Ён таксама прыгадаў уплыў блаславёнага Шарля дэ Фуко і шэрагу не-каталікоў: Мартына Лютэра Кінга, Дэзманду Туту і Магатмы Гандзі[11].

Разважаньні пра панятак "бліжняга" ў энцыкліцы часткова натхнёная інтэрпрэтацыяй Поля Рыкёра, якога Папа цытуе двойчы. Ён таксама цытуе аднаго з папярэднікаў Рыкёра, хрысьціянскага філёзафа-экзыстэнцыяліста Габрыэля Марсэля[12].

Яшчэ да публікацыі энцыклікі ейную назву крытыкаваў аўтар і журналіст, езуіт Томас Дж. Рыз(en), які назваў яе дыскрымінацыйнай у адносінах да жанчынаў, бо даслоўны пераклад ейнай назвы — «Браты ўсе». Каталіцкая жаночая рада (па-ангельску: Catholic Women's Council) апублікавала адкрыты ліст да папы, у якім выказала занепакоенасьць назвай энцыклікі, якая стварае ўражаньне, што дакумэнт адрасаваны толькі мужчынам, і што гэта выклікае расчараваньне ў Касьцёле, які не прызнае жаночага сьвятарства(en). Філіс Загана(en), амэрыканская аўтарка й тэалягіня, таксама раскрытыкавала назву: «Жанчынаў няма ня толькі ў загалоўку, але яны ня прыгадваюцца нават у падзагалоўку»[13].

Іншыя падкрэсьлілі, аднак, што хоць італьянскае слова «fratelli» літаральна азначае «браты», яно таксама ўжываецца ў інклюзыўным значэньні — браты і сёстры. Андрэа Тарніэлі(pl), шэф-рэдактар ватыканскай Дыкастэрыі па справах камунікацыяў(ru), пацьвердзіў, што менавіта ў інклюзыўным ключы трэба разумець назву энцыклікі, у якой папа зьвяртаецца да «ўсіх ягоных сёстраў і братоў, усіх мужчынаў і кабетаў, што насяляюць зямлю»[14].

Энцыкліка ўяўляе сабой сыстэматычную кампіляцыю ранейшых думак і твораў папы, якія Францішак стварыў за папярэднія сем гадоў пантыфікату[15].

Ён заахвочвае да больш аўтэнтычнага чалавечага братэрства й салідарнасьці[16], разважае пра сучасныя сацыяльныя і эканамічныя праблемы і прапануе ідэальны сьвет братэрства, у якім усе краіны й народы змогуць мець годнае месца[17].

Добры самаранін

рэдагаваць

Багаслоўскім стрыжнем энцыклікі зьяўляецца прыпавесьць пра добрага самараніна(en) [18][19]. На думку Францішка, гэтая прыпавесьць падказвае, што аўтэнтычную супольнасьць змогуць адбудоўваць тыя людзі, якія атаесамляюць сябе са слабасьцю іншых, становяцца бліжнімі, мацуюць аслаблых, далучаюць іх да грамадзтва дзеля агульнага дабра(en) і не дазваляюць будаваць грамадзтва адчужэньня[20].

Крытэрам усіх эканамічных, палітычных, сацыяльных і рэлігійныя праектаў зьяўляецца іхны эфэкт на тых, хто ў патрэбе: інтэгруюцца яны ці выключаюцца[21]. І гэты крытэр мае дачыненьне як да паасобных людзей, так і да групаў і цэлых народаў[22].

Папа заклікае людзей «паказаць, што мы браты, што мы наступныя міласэрныя самаране, якія нясуць на сабе боль няўдачы, а не распальваюць нянавісьць і крыўду»[19][23].

Папа падкрэсьлівае, што абодвух мінакоў, якія праігнаравалі ахвяру, яднала адна рэч: яны былі рэлігійнымі людзьмі. Такім чынам, «вера ў Бога й пакланеньне Яму не гарантуе жыцьця, якое падабаецца Богу […] Парадаксальна, але тыя, хто сьцьвярджае, што яны няверуючыя, могуць часам рэалізаваць Божую волю на практыцы лепш, чым веруючыя»[24]. Ён абнадзейвае, што ёсьць шляхі практыкаваньня веры, якія адкрываюць сэрцы да бліжніх і Бога, і цытуе Яна Залатавуснага: «Хочаш ушанаваць цела Хрыста? Не дазваляй яму быць голым»[24].

Папа сьцьвярджае, што на цэнтральнае пытаньне прыпавесьці: «Хто мой бліжні?» — Хрыстос не дае простага адказу: «Ён ня просіць нас вырашаць, хто нашыя бліжнія, але прапануе, каб мы самі станавіліся блізкімі, бліжнімі»[25].

Сустрэчу самараніна й юдэя ў прыпавесьці ён называе «вялізнай правакацыяй», каб нашая здольнасьць любіць магла пераадольваць усе гістарычныя й культурныя бар’еры, і малавартасныя інтарэсы[26].

Ён нагадвае, што праз усю Біблію гучыць заахвочваньне да габрэйскага народу ня выключаць чужынцаў[27]: «сэнс прыпавесьці пра міласэрнага самараніна: любоў не разьбірае, ці твой паранены брат паходзіць адсюль ці адтуль»[28].

Папа асуджае тых, хто аргумэнтамі веры апраўдвае «розныя формы закрытага й агрэсіўнага нацыяналізму, праяваў ксэнафобіі, пагарды і нават зьдзекаў над тымі, хто нечым адрозьніваецца ад іх»[29]. Ён заахвочвае фармаваць веру, якая, натхнёная гуманізмам(en), «павінна падтрымліваць крытычны розум»[29] і ўключаць у катэхезу й прапаведаваньне пытаньні грамадзкага жыцьця, міжчалавечага вымярэньня духоўнасьці, неад’емнай годнасьці кожнага чалавека, любові й прыманьня кожнага[29].

Сацыяльнае сяброўства

рэдагаваць

Адказам на глябальныя праблемы сучаснасьці й асновай справядлівага грамадзкага ладу Францішак бачыць «паўсюднае братэрства і сацыяльнае сяброўства – […] непадзельныя і аднолькава важныя полюсы ў кожным грамадзтве»[30].

Паводле яго, любоў да чалавека, якім бы ён ня быў, якая заахвочвае нас шукаць таго, што найлепшае для ягонага жыцьця, і робіць ягоны сьвет большым[31] ляжыць у аснове сацыяльнага сяброўства, «якое нікога не выключае, і братэрства, якое адкрыта для ўсіх»[32].

Ён нагадвае, што ў прыпавесьці аб добрым самараніне «паранены чалавек, кінуты пры дарозе, […] ня меў ніякай ролі. Ён быў «ніхто», не ўваходзіў у супольнасьць годных павагі людзей, ён не рабіў гісторыі»[33].

Папа папярэджвае, што грамадзтва, якое аддае перавагу крытэрам вольнага рынку(en) і эфэктыўнасьці перад людзкой годнасьцю[34], рызыкуе ператварыць найслабейшых і ўразьлівых у іншародныя целы[35], цяжар і «схаваных бежанцаў» [36].

Таму ў грамадзтве павінна культывавацца салідарнасьць, якая выяўляецца праз служэньне, што «ніколі ня бывае ідэалягічным, бо мы ня служым ідэям, мы служым людзям»[37]. Салідарнасьць можа праяўляцца рознымі шляхамі, напр. як «барацьба са структурнымі прычынамі беднасьці, няроўнасьці, адсутнасьці занятасьці, зямлі й жыльля, парушэньняў грамадзкіх і працоўных правоў»[38]. І калі зьбітая ахвяра ў прыпавесьці аб добрым самараніне была выцертая з гісторыі[33], то «салідарнасьць у ейным глыбокім сэнсе – гэта спосаб стварэньня гісторыі»[38].

Каб сьцьвярджэньне, што ўсе людзі зьяўляюцца братамі й сёстрамі, не заставалася абстрактнай ідэяй, а набывала канкрэтнае ўвасабленьне[39], патрэбныя дзейсная дзяржава й інстытуты грамадзянскай супольнасьці, якія кіруюцца не патрэбамі пэўных эканамічных, палітычных ці ідэалягічных сыстэмаў, а перадусім — патрэбамі людзей і агульнага дабра(en)»[40].

Усеагульнае братэрства

рэдагаваць

У энцыкліцы Францішак піша пра зьнікненьне пачуцьця далучанасьці да ўсеагульнай еднасьці пра тое, як імкненьне да справядлівасьці й міру зьмяняецца ў людзей глыбокім расчараваньнем[41][42]. Ён канстатуе, што ізаляцыянізм(en), нацыяналізм, глябалізаваная эканоміка, што аддае перавагу індывідуальным інтарэсам, страта адчуваньня гісторыі, неабмежаванае спажываньне, марнатраўства, безадказнае выкарыстаньне навакольнага асяродзьдзя і культура аднаразовасьці(en) замінаюць гэтай мэце[43]. Таксама аборты, эўтаназія, грэблівае стаўленьне да старых, дыскрымінацыя жанчынаў і рабства зьяўляюцца складнікамі гэтай культуры аднаразовасьці[44]. На ягоную думку, індывідуалізм ня робіць нас больш свабоднымі, роўнымі й братэрскімі[45].

Ён сьцьвярджае, што ўсеагульнае братэрства магчымае, але для гэтага патрэбныя рашучасьць і эфэктыўныя сродкі[46]: «Існуе асноўная перадумова, якую неабходна прыняць, каб ісьці шляхам сацыяльнага сяброўства й агульнага братэрства: усьвядоміць каштоўнасьць чалавека і тое, наколькі ён каштоўны заўсёды і ў любых абставінах»[47]. Ён папярэджвае, што калі чалавечая годнасьць людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, бедных і тых, хто ня мае доступу да адукацыі ці аховы здароўя, будзе ігнаравацца, то «братэрства стане проста чарговым рамантычным выразам»[19][34].

Міграцыя

рэдагаваць

Тэма міграцыі займае асабліва значнае месца ў энцыкліцы. Папа заклікае «вітаць, абараняць, падтрымліваць і інтэграваць»[48] мігрантаў зь іх «змучанымі жыцьцямі»[49], якія ўцякаюць ад войнаў, перасьледу, стыхійных бедзтваў і пакутуюць ад нясумленных гандляроў.[10]

Ён цытуе пастырскі ліст Канфэрэнцыі біскупаў ЗША супраць расізму, у якім гаворыцца, што існуюць фундамэнтальныя правы, якія «папярэднічаюць любому грамадзтву, бо яны вынікаюць з годнасьці, дадзенай кожнаму чалавеку як створанаму Богам»[45][50]:

«Калі кожны чалавек валодае неад’емнай годнасьцю, калі ўсе людзі зьяўляюцца маімі братамі й сёстрамі, і калі сьвет сапраўды належыць кожнаму, тады ня мае значэньня, нарадзіўся хтосьці ў маёй краіне ці дзе-небудзь яшчэ»[51].

Паводле Францішка, людзі зь іншых жыцьцёвых і культурных асяродзьдзяў — гэта дар,[52] а ня толькі клопаты, што іншыя культуры — ня ворагі, ад якіх трэба абараняцца[17][53].

Ён сьцьвярджае, што Эўропа — дзякуючы вялікай культурнай і рэлігійнай спадчыне — здольная эфэктыўна балянсаваць два маральныя абавязкі: абараняць правы ўласных грамадзянаў і гасьцінна прымаць мігрантаў[54]. Папа заклікае да ўсталяваньня канцэпцыі «поўнага грамадзянства» і адмовы ад дыскрымінацыйнага выкарыстаньня панятку «меншасьць», якое «нараджае пачуцьцё ізаляцыі і непаўнавартаснасьці»[55].

На думку папы, аднак, непатрэбнай міграцыі трэба пазьбягаць. Гэтаму павінна садзейнічаць стварэньне ва ўсіх краінах магчымасьцяў для годнага жыцьця й разьвіцьця[48]. Таму неабходна, на думку папы, абараняць фундамэнтальныя правы чалавека і пазьбягаць палітыкі падвойных стандартаў[56]:

«Беднасьць, дэградацыя і цярпеньне ў адной частцы зямлі з’яўляюцца нямым рассаднікам праблемаў, якія ў канчатковым выніку закрануць усю плянэту».[57]

Францішак заклікае пабудаваць глябальны, юрыдычны, палітычны й эканамічны парадак[58] спрыяльны для ўсіх народаў і краінаў. Ён папярэджвае, што адмова жыць у братэрскай бескарысьлівасьці ператворыць жыцьцё кожнага ў «шалёны гандаль, дзе пастаянна ўзважваецца на шалях: што я даў і што атрымаў узамен»[59]. Папа асуджае «вузкія формы нацыяналізму», якія няздатныя да бескарысьлівасьці, якія заахвочваюць зачыняцца ад іншых і ўспрымаць мігрантаў як узурпатараў, няздольных даць нічога. На ягоную думку, толькі тыя сацыяльныя і палітычныя культуры, якія здольныя на бескарысьлівую гасьціннасьць, маюць будучыню[60].

Глябальнае грамадзтва

рэдагаваць

«Лепшая палітыка» (так называецца пяты разьдзел энцыклікі), на думку Францішка, служыць агульнаму дабру(en)[46] і ўсьведамляе важнасьць народу як адкрытай супольнасьці, гатовай да дыскусій і дыялёгу[61]. Такой палітыцы папа супрацьпастаўляе папулізм, які ігнаруе панятак «народу» і навязвае ўласны пунк гледжаньня, каб падпарадкаваць усю супольнасьць уласным інтарэсам[10][62].

Паводле Францішка, адчуваньне асабістай тоеснасьці, што грунтуецца на «любові да сваёй зямлі, народу і культурных рысаў»[63], неабходнае для таго, каб быць здольнымі да дыялёгу зь іншымі: «здаровая адкрытасьць ніколі не пярэчыць тоеснасьці»[64], а сапраўдная культура камфортна ўключае ў сябе ўнівэрсальныя каштоўнасьці[65]. Ён перасьцерагае ад «мясцовага нарцысізму», у якім «хаваецца дух закрытасьці», далёкага ад здаровай любові да свайго народу й культуры[65].

На думку Францішка, глябальнае грамадзтва большае за суму паасобных краінаў. Яно праяўляецца ў еднасьці і ўзаемаўдзеле нацыяў[66] Таму ён заклікае да дзеяньняў, якія стваралі б народы, здольныя прымаць адрозьненьні іншых і прызнаваць іхныя правы: «Узброім жа нашых дзяцей зброяй дыялёгу! Навучым іх добрай барацьбе сустрэчы!»[67]

Войны і раззбройваньне

рэдагаваць

Францішак нагадвае пра канцэпцыю справядлівай вайны(en) і заўважае, што апраўдваць кожную вайну стала звычайнай практыкай. Найноўшая ядзерная, хімічная і біялягічная зброя, аднак, маюць некантраляваную разбуральную сілу. Іхнае прымяненьне вядзе да вялікіх стратаў сярод цывільнага насельніцтва. Таму спасылкі на рацыянальныя крытэрыі, выпрацаваныя ў папярэднія стагодзьдзі, якія тлумачылі б ці апраўдвалі войны, становяцца ўсё больш праблематычнымі і вайна ня можа разглядацца як рашэньне ніякіх канфліктаў, — сьцьвярджае папа[68].

Кожная вайна пакідае наш сьвет у горшым стане, чым яго застала. Вайна – гэта правал палітыкі і чалавецтва, ганебная капітуляцыя, горкая параза перад сіламі зла.[69]

Папа скептычна ставіцца да ідэі захаваньня раўнавагі ў сьвеце з дапамогай пагрозы ядзернай зброяй, бо «раўнавага, якая абапіраецца на страх, […] павялічвае страх і падрывае адносіны даверу паміж народамі.”[70]

Ліквідацыю ўсёй ядзернай зброі папа называе “маральна-гуманітарным імпэратывам»[70], Грошы, якія выдаткоўваюцца на зброю ды іншыя вайсковыя патрэбы, ён прапануе выкарыстаць на стварэньне Сусьветнага фонду для канчатковай ліквідацыі голаду і для разьвіцьця самых бедных краінаў, каб іх жыхары ня мусілі зьвяртацца па гвалт для выжываньня, і ня мусілі эміграваць у пошуках больш годнага жыцьця[70].

Сьмяротнае пакараньне і пажыцьцёвае зьняволеньне

рэдагаваць

Францішак кажа, што «сьмяротнае пакараньне недапушчальнае», і што Каталіцкая Царква будзе рашуча заклікаць да ягонай адмены па ўсім сьвеце[71].

Ён таксама асуджае практыку пажыцьцёвага зьняволеньня, называе яе прыхаваным сьмяротным пакараньнем[72].

Ліст Сьвятланы Ціханоўскай

рэдагаваць

4 сьнежня 2020 Сьвятлана Ціханоўская апублікавала ліст да папы Францішка, «натхнёны ягонай новай энцыклікай Fratelli tutti»[73].

Ён пачынаецца з разважаньняў пра перашкоды й цяжкасьці, якія беларускае грамадзтва спытала на сваім шляху, і якія перагукваюцца з «разьбітымі марамі»[74], якія папа пералічвае як сымптомы нездаровага ўладкаваньня сьвету. Сярод іх — атамізацыя і адасобленасьць шырокіх колаў людзей ад дзяржавы, ад сфэры прыняцьця рашэньняў. Таксама — улада, сканцэнтраваная ў руках аднаго чалавека, якая замінае любым формам несанкцыянаванай гэтай уладай лучнасьці й салідарнасьці. У выніку жорсткіх і некампэтэнтных дзеяньняў улады, давер людзей да яе быў канчаткова падарваны. І адначасова, — сьцьвярджае Ціханоўская, — пачало нараджацца бачаньне грамадзтва братэрства й сястрынства, дзе голас кожнага будзе чутны. Жаданьне адзінства й салідарнасьці, і асэнсаваньне сябе народам з агульнымі мэтамі й памкненьнямі завалодала нацыяй напярэдадні і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020[73].

Гвалт, які спытаў беларускі народ у наступныя тыдні і месяцы, пакінуў яго ў стане, які Ціханоўская атаясамлівае з падарожнікам-ахвярай у прыпавесьці пра добрага самараніна:

Скрываўленыя, з выбітымі зубамі, з разарванымі жыватамі, з пераламанымі рукамі і нагамі, параненыя, не здольныя ўжо нават крычаць ад болю, нашы бездапаможныя суайчыньнікі ляжалі ў аўтазаках, на зямлі ў дварах пастарункаў і на бэтонных падлогах турмаў»[73].

Далей яна падрабязна апісвае прыклады мужнасьці і клопату біскупаў, сьвятароў і сьвецкіх вернікаў, якія пратэставалі супраць гвалту, клапаціліся пра ахвяраў і маліліся пра спыненьне кровапраліцьця.

Прыкладам імкненьня да дыялёгу, да якога заклікае Францішак у энцыкліцы, Ціханоўская называе Каардынацыйную раду. Яна аднак, мае пытаньне да папы, на якое яна сама ня мае адказу: як будаваць дыялёг, калі іншы бок — са зброяй і ўладай, — ня толькі ня хоча дыялёгу, але і гатовы на яшчэ большыя рэпрэсіі дзеля захаваньня статус-кво?

Ціханоўская ўпэўненая, што ў 2020 годзе беларускі народ пакаштаваў сваёй мары і гэтая мара ўжо рэчаіснасьць у іх жаданьнях: «Мы ведаем, чаго хочам і да чаго імкнемся – да новай братэрскай, салідарнай, інклюзыўнай Беларусі, якая ўжо існуе»[73].

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  1. ^ а б Marie-Lucile Kubacki (5 верасьня 2020) Une nouvelle encyclique sur la fraternité bientôt signée à Assise (фр.) La Vie Архіўная копія ад 7 September 2020 г.
  2. ^ Pope Francis (14 May 2020) Day of fraternity, day of penance and prayer (14 May 2020) (анг.) vatican.va
  3. ^ Visit of the Holy Father Francis to Assisi: Holy Mass and signing of the new Encyclical "All Brothers", on fraternity and social friendship (анг.) vatican.va
  4. ^ Pope Francis signs new encyclical 'Fratelli tutti' in Assisi (анг.). Catholic News Agency (2020-10-03).
  5. ^ John L. Allen Jr. (2020-10-03) As Pope named 'Francis' heads to Assisi, a lot rides on new encyclical Crux
  6. ^ Le pape François signe l'encyclique " Fratelli tutti " à Assise (фр.) Aleteia
  7. ^ Папская энцыкліка ўпершыню перакладзена мусульманамі Catholic.by
  8. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§5) (бел.) Catholic.by
  9. ^ Pope to participate in first International Day of Human Fraternity (анг.) Vatican News
  10. ^ а б в Новая энцыкліка Папы Францішка: братэрства і сацыяльнае сяброўства — шляхі да будаўніцтва лепшага свету (бел.) Catholic.by
  11. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§286) (бел.) Catholic.by
  12. ^ Izoard, Antoine-Marie (2020-10-04) Fratelli tutti : une encyclique aux multiples références françaises (фр.) Famille Chretienne
  13. ^ Vondracek, Christopher (2020-10-02) Pope’s latest encyclical draws ire of Catholic feminists (анг.) The Washington Times
  14. ^ Winfield, Nicole (2020-09-17) What's in a name? At the Vatican, a debate on inclusiveness (анг.) Crux
  15. ^ Reese, Thomas (2020-10-04) Five things to look for in Pope Francis' new encyclical, 'Fratelli Tutti' (анг.) Religion News Service
  16. ^ Pope says pandemic has exposed market capitalism's failure (анг.) // CBS News.2020-10-05 г. Праверана 5 October 2020 г.
  17. ^ а б Pentin, Edward (October 4, 2020) Pope's New Encyclical 'Fratelli Tutti' Outlines Vision for a Better World (анг.) National Catholic Register
  18. ^ Briscoe, Patrick (2020-10-04) The theological heart of "Fratelli Tutti," and where to find hope (анг.) Aleteia
  19. ^ а б в Briscoe, Patrick (Oct 4, 2020) 10 Things to know about the pope's newest encyclical letter (анг.) Aleteia
  20. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§67) (бел.) Catholic.by
  21. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§69) (бел.) Catholic.by
  22. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§71) (бел.) Catholic.by
  23. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§77) (бел.) Catholic.by
  24. ^ а б Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§74) (бел.) Catholic.by
  25. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§80) (бел.) Catholic.by
  26. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§83) (бел.) Catholic.by
  27. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§61) (бел.) Catholic.by
  28. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§62) (бел.) Catholic.by
  29. ^ а б в Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§86) (бел.) Catholic.by
  30. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§142) (бел.) Catholic.by
  31. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§94, 99) (бел.) Catholic.by
  32. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§94) (бел.) Catholic.by
  33. ^ а б Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§101) (бел.) Catholic.by
  34. ^ а б Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§109) (бел.) Catholic.by
  35. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§76) (бел.) Catholic.by
  36. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§98) (бел.) Catholic.by
  37. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§115) (бел.) Catholic.by
  38. ^ а б Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§116) (бел.) Catholic.by
  39. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§128) (бел.) Catholic.by
  40. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§108) (бел.) Catholic.by
  41. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§30) (бел.) Catholic.by
  42. ^ Pentin, Edward (2020-10-04) Pope's New Encyclical 'Fratelli Tutti' Outlines Vision for a Better World (анг.) National Catholic Register
  43. ^ Crowe, Gretchen R. (4 October 2020) In his new encyclical, Pope Francis challenges all people of good will to reconsider: 'Who is my brother?' (анг.) Our Sunday Visitor
  44. ^ 'Fratelli tutti': Pope Francis calls for unity in new encyclical (анг.) Catholic News Agency
  45. ^ а б 'Fratelli tutti': Pope Francis calls for unity in new encyclical Catholic World Report
  46. ^ а б Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§180) (бел.) Catholic.by
  47. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§106) (бел.) Catholic.by
  48. ^ а б Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§129) (бел.) Catholic.by
  49. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§37) (бел.) Catholic.by
  50. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§124) (бел.) Catholic.by
  51. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§125) (бел.) Catholic.by
  52. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§133) (бел.) Catholic.by
  53. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§147) (бел.) Catholic.by
  54. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§40) (бел.) Catholic.by
  55. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§131) (бел.) Catholic.by
  56. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§136) (бел.) Catholic.by
  57. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§137) (бел.) Catholic.by
  58. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§138) (бел.) Catholic.by
  59. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§140) (бел.) Catholic.by
  60. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§141) (бел.) Catholic.by
  61. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§160) (бел.) Catholic.by
  62. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§159) (бел.) Catholic.by
  63. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§143) (бел.) Catholic.by
  64. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§148) (бел.) Catholic.by
  65. ^ а б Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§146) (бел.) Catholic.by
  66. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§149) (бел.) Catholic.by
  67. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§217) (бел.) Catholic.by
  68. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§258) (бел.) Catholic.by
  69. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§261) (бел.) Catholic.by
  70. ^ а б в Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§262) (бел.) Catholic.by
  71. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§263) (бел.) Catholic.by
  72. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§268) (бел.) Catholic.by
  73. ^ а б в г Ціханоўская, Сьвятлана (2020-12-04) Братэрскае грамадства: бачанне для новай Беларусі: Ліст Святланы Ціханоўскай Святому Айцу Францішку Царква і палітычны крызіс у Беларусі. Група “Хрысьціянская візія” Каардынацыйнай рады Беларусі.
  74. ^ Францішак, Папа Рымскі (2020-11-16) Энцыкліка «Fratelli tutti» (§10) (бел.) Catholic.by