Язэп Крупскі
Язэ́п Рыго́равіч Кру́пскі (11 кастрычніка 1934, в. Куплін, цяпер у Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці — 13 ліпеня 2014) — беларускі мастак.
Язэп Крупскі лац. Jazep Krupski | |
Дата нараджэньня | 11 кастрычніка 1934 |
---|---|
Месца нараджэньня | Куплін, Пружанскі павет, Палескае ваяводзтва, Польская Рэспубліка |
Дата сьмерці | 13 ліпеня 2014 |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | |
Занятак | мастак |
Жанры | станковы жывапіс[d] і манумэнтальна-дэкаратыўнае мастацтва[d] |
Плынь | станковы жывапіс манумэнтальна-дэкаратыўнае мастацтва |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Крупскі.
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў сялянскай сям’і, дзе акрамя яго яшчэ былі тры сыны і пяць дачок. Зь дзяцінства даводзілася шмат працаваць, дапамагаючы бацькам па гаспадарцы. Бацьку ў 1939 арыштавалі НКУС-аўцы за тое, што меў зашмат кароваў[1].
Першапачатковую адукацыю Язэп Крупскі атрымаў у школе роднай вёсцы Куплін і ў Пружанах. Як успамінаў пазьней сам мастак, цікавасьць да маляваньня зьявілася ў яго ў школьныя гады, калі будучы творца спрабаваў маляваць прыроду, родную вёску. Школьныя настаўнікі, заўважыўшы здольнасьці Язэпа Крупскага, парэкамендавалі яму паступаць у Менскую мастацкую вучэльню.
Язэп Крупскі скончыў Менскую мастацкую вучэльню ў 1960 г. Адслужыўшы ў войску, скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1968). Атрымаў кваліфікацыю мастак-жывапісец пасьля абароны свайго дыплёмнага праекту «Хлапчукі бягуць». З 1978 — чалец Беларускага саюзу мастакоў.
Жыў у Берасьці, працаваў на прадпрыемстве «Мастацтва». У 1990-я за нявыплату арэнды пазбавіўся майстэрні, за нявыплату ўзносаў быў выключаны з Саюзу мастакоў[1].
Пахаваны на Паўночных могілках г. Берасьця (сэктар 5/2, рад 5, месца 7).
Творчасьць
рэдагавацьПрацаваў у станковым жывапісе (пэйзаж, партрэт) і манумэнтальна-дэкаратыўным мастацтве (мазаіка, зграфіта, фрэска). Тэматыка яго твораў разнастайная. У пошуках новых тэмаў для сваіх твораў ён шмат езьдзіў па краіне на пленэры, прывозіў адтуль вялікую колькасьць пэйзажаў, замалёвак, эцюдаў, зь якіх пазьней нараджаліся новыя палотны. У сваіх творах Язэп Крупскі часта зьвяртаўся да тэматыкі роднай Берасьцейшчыны і Палесься (карціны «Палесьсе», «Ускраіна Берасьця», «Вербы над Бугам»)[2], нярэдкія на яго карцінах і сюжэты з малой радзімы: «Вёска майго дзяцінства», «Пружанскія балоты»[3].
Важнае месца ў творчасьці Язэпа Крупскага займала тэма вайны. У карцінах «Берасьце», «Фарсаваньне Дняпра», «Невядомыя салдаты», «Абарона Берасьцейскага вакзалу» (гэта карціна ў свой час экспанавалася на Ўсесаюзнай выставе ў Маскве) мастак перадаў на палатне гераізм і трагізм таго часу.
Галоўнай мэтай творчасьці Язэпа Крупскага было раскрыцьцё прыгажосьці прыроды і прыгажосьці чалавека.
Асноўныя творы мастака:
- карціны «Фарсаваньне Дняпра», «Абарона Берасьцейскага вакзалу», «Пяшчотнасьць», «Невядомыя жаўнеры», «Нескароны», «Хлапчукі», «Тры грацыі», «Партрэт жонкі», «Дзяўчына ў белым», «Маці», «Настаўніца», «Аўтапартрэт»
- пэйзажы «Палесьсе», «Сьвята Купальля», «Навагодняя казка», «Цёплы дзень», «Ускраіна Берасьця», «Полацак і стагодзьдзі», «Затоплены човен»
- зграфіта ў кінатэатры «Беларусь» (Берасьце), «Ніць вечнасьці» ў Палацы культуры камбінату верхняга трыкатажу (Пінск)
- мазаіка «Юнацтва» на фасадзе спарткомплексу Берасьцейскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту
- росьпіс «Жыцьцё» ў кінатэатры «Мір» (Берасьце)
Ілюстраваў вокладку паэмы Юзафа Крашэўскага «Вёска» ў перакладзе Міколы Папекі.
Удзельнік мастацкіх выставаў з 1968 году. Творы захоўваюцца ў музэях і карцінных галерэях Берасьця, Баранавічаў, Пружанаў, Менску, у прыватных калекцыях у Польшчы й іншых краінах.
Дзякуючы дапамозе польскага мэцэната Яцэка Галембіеўскага ў Польшчы выйшаў каталёг карцінаў Язэпа Крупскага[1].
Нягледзячы на складаную матэрыяльную і духоўную сытуацыю, у якую мастак трапіў пасьля таго як пазбавіўся майстэрні і быў выключаны з Саюзу мастакоў за няўплату складак, Язэп Крупскі працягваў маляваць да канца свайго жыцьця: маляваў эцюды непадалёк ад свайго дому, зьвярнуўся да новай для сябе біблейскай тэматыкі, стварыўшы карціны «Адам і Ева», «Выгнаньне з раю», «Апошнія дні сьвятога Язэпа», «Нараджэньне Хрыстова»; працаваў над трыпціхам, прысьвечаным любімаму гораду Берасьцю. Памёр ва ўзросьце 79 гадоў.
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ а б в Мастак Іосіф Крупскі застаецца ў фарбах // Брестский курьер, 16 ліпеня 2014 г. Праверана 21 ліпеня 2014 г.
- ^ Елена Ахрамович. Иосиф Крупский. Сердцем преданный Брестчине (рас.)
- ^ Юры Зялевіч. Сустрэча на малой радзіме // Культура. — 15 верасьня 2000. — № 36. — С. 10.
Літаратура
рэдагаваць- Улюбёны ў родны край: мастак Язэп Крупскі / склад. В. А. Макарчук; рэд. Н. К. Шабуня. — Пружаны: ЦРБ імя М. Засіма, 2011. — 12 с. — (Знакамітыя землякі).