Яганэс Брамс

нямецкі кампазытар

Яга́нэс Брамс (па-нямецку: Johannes Brahms; 7 траўня 1833, Гамбург, Нямеччына — 3 красавіка 1897, Вена, Аўстрыя) — нямецкі кампазытар і піяніст, адзін зь вядучых музыкаў пэрыяду рамантызму. Нарадзіўшыся ў Гамбургу, Брамс правёў большасьць свайго прафэсійнага жыцьця ў Вене, Аўстрыя, дзе ён быў лідэрам музычнае сцэны. Цягам жыцьця, папулярнасьць і ўплывовасьць Брамса было вельмі істотнай; сыходзячы з камэнтара нямецкага дырыгента і піяніста XIX стагодзьдзя Ганса фон Бюлоў, Брамса часам прылічваюць да такіх кампазытараў, як Ёган Сэбастыян Бах і Людвіґ ван Бэтговэн.

Яганэс Брамс
па-нямецку: Johannes Brahms
Дата нараджэньня 7 траўня 1833(1833-05-07)[1][2][3][…]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 3 красавіка 1897(1897-04-03)[1][2][7][…] (63 гады)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці рак печані[d][3]
Месца пахаваньня
Занятак кампазытар, дырыгент, піяніст
Навуковая сфэра клясычная музыка, сымфонія, камэрная музыка[d] і акадэмічная музыка[d]
Месца працы
Псэўданімы G.W. Marks
Сябра ў Акадэмія прыгожых мастацтваў[d], Бэрлінская акадэмія мастацтваў[d], University singers and bards of Vienna[d], Sängerschaft zu St. Pauli Jena[d], Q1759337? і Q108092396?
Інструмэнты фартэпіяна[3], віялянчэль[3] і валторна[d][3]
Псэўданімы G.W. Marks
Бацька Johann Jakob Brahms[d][3]
Маці Johanna Henrica Christiane Nissen[d][3]
Узнагароды
Сайт brahms-institut.de/… (ням.)
Подпіс Выява аўтографу

Брамс пісаў музыку для фартэпіяна, камэрных ансабляў, сымфанічнага аркестра, вакальных партыяў і хора. Будучы віртуозным піяністам, ён уласнаручна выконваў свае першыя музычныя работы; таксама, ён працаваў зь вядучымі тагачаснымі музычнымі выканаўцамі, уключаючы піяністку Клару Шуман і віялянчэліста Ёзэфа Яахіма. Шматлікія ягоныя работы сталі галоўным элемэнтам сучасных канцэртных рэпэртуараў. Брамс, як няўмольны пэрфэкцыяніст, зьнішчыў шмат сваіх работаў і некаторыя пакінуў неапублікаванымі.

Брамс быў наватарам і традыцыяналістам адначасова. Яго музыка шчыльна абапіраецца на музычныя структуры і кампазыцыйную тэхніку барочных і клясыцыстычных майстраў. Ён быў майстрам контрапункта, складанага і цяжка засвойвамага мэтаду складаньня музычнага твору, якім праславіўся Бах, а таксама музычнае распрацоўкі — кампазыцыйнага прыёма, які распачаў Ёзэф Гайдн, Вольфганг Амадэй Моцарт і Бэтговэн. Брамс імкнуўся ўшанаваць «чысьціню» гэтых пачэсных «нямецкіх» музычных структураў і пераўвасобіць іх у сымбаль рамантычнага стылю. Тым часам, як шмат яго сучасьнікаў лічылі яго музыку занадта акадэмічнай, ягоным укладам у сусьветную музыку і майстэрствам захапляліся такія адрозныя адзін ад аднаго асобы, як перадавы аўстрыйскі кампазытар Арнольд Шонбэрг і кансэрватыўны ангельскі кампазытар Эдвард Элгар. Дасканалая і высока распрацаваная сутнасьць твораў Брамса была зыходным пунктам і натхненьнем для наступных пакаленьняў кампазытараў.

Біяграфія

рэдагаваць

Ранейшыя гады

рэдагаваць
 
Фатаздымак 1891 году будынка ў Гамбургу, дзе нарадзіўся Яганэс Брамс. Сям’я Брамсаў занімала частку першага паверху, па-за дзьвюма падвойнымі вокнамі ў левай частцы.

Бацька Брамса, Ёган Якаб Брамс (ням. Johann Jakob Brahms; 1806—1872), прыехаў у Гамбург з Дытмаршэна, шукаючы працу гарадзкога музыкі. Ён па-майстэрску валодаў ігрой на флейце, валторне і ўсімі струннымі інструмэнтамі, дзякуючы чаму меў магчымасьць удзельнічаць у самых розных ансамблях, але пазьней у якасьці сваёй асноўнай спэцыяльнасьці абраў басэтлю[8]. У 1830 годзе ён ажаніўся зь Яганай Гэнрыкай Хрыстыянай Нісэн (ням. Johanna Henrika Christiane Nissen; 1789—1865), сьціплай і працавітай швачкай, якая дагэтуль ніколі не брала шлюб і была на сямнаццаць год старэйшая за яго. Яганэс Брамс нарадзіўся 7 траўня 1833 году ў самым цёмным квартале Гамбургу — Gängeviertel, у якім яго бацькі жылі цягам шасьці месяцаў, пакуль яны не перабраліся ў маленькі дом у Дамтарвале ў паўночнай частцы Гамбургу. Яганэс Брамс меў старэйшую сястру Элізу і малодшага брата Фрыца Фрыдрыха.

Ёган хацеў павесьці сына па ўласнаму шляху і пазнаёміў яго з інструмэнтамі, якімі валодаў сам. Элемэнтарныя навыкі ігры на валторне, скрыпцы і асабліва віялянчэлі[9], атрыманыя ў дзяцінстве, у будучым дапамаглі Брамсу ў рабоце над камэрнай музыкай. Аднак больш прываблівала хлопчыка фартэпіяна[10]. Пасьпяховае выступленьне Яганэса з фартэпіяннай партыяй у квінтэце для духавых і фартэпіяна опус нумар 16 Бэтговэна і ў клявірным квартэце Моцарта прыцягнула ўвагу аднаго імпрэсарыё, які прапанаваў юнаму вундэркінду канцэртнае турнэ па Злучаных Штатах. Па настойлівай парадзе Фрыдрыха Косэля — фартэпіяннага пэдагога, зь якім Яганэс занімаўся зь сямі год, бацька юнага музыкі ўтрымаўся ад неабдуманага кроку[11].

Пасьля раньніх урокаў фартэпіяна з Фрыдрыхам Косэлям, Брамс стаў вучнем Эдуарда Марксэна, які вучыўся ў Вене разам з Ігнацам фон Зайфрыдам (вучнем Моцарта). І Косэль, і Марксэн не падзялялі тагачаснай гамбурскай моды на віртуозную фартэпіянную музыку. Бах, венскія клясыкі — асабліва Бэтговэн, Шубэрт, Вэбэр, Мэндэльсон склалі аснову рэпэртуара, на якім выхоўваўся Брамс[12]. Малады Яганэс даў некалькі публічных канцэртаў у Гамбургу (першыя канцэрты адбыліся 21 верасьня 1848 і 15 красавіка 1849 году), якія, зрэшты, не прынесьлі яму славы як піяністу пакуль ён у веку 19 гадоў ня выправіўся ў канцэртны тур. Пасьля канцэртаў 1848—1949 гадоў Брамс не рабіў ніякіх спробаў прабіцца на эстраду як саліст. Ён іграў за сцэнай падчас прадстаўленьняў у драматычным тэатры, выступаў у якасьці канцэртмайстра, даваў прыватныя ўрокі і выконваў шматлікія аранжыроўкі[13]. Пры ўсім гэтым, магчымасьць азнаёміцца з найранейшымі музычнымі спробамі Брамса адсутнічае: ён зьнішчыў усё, напісанае ім да 1853 году, — акрамя фартэпіянных твора і песьняў, якія ўвайшлі ў опусы 1—7[12]. У зьнішчаных сачыненьнях фігуравалі фартэпіянныя санаты і варыяцыі, струнныя квартэты, скрыпічныя творы і шматлікія песьні[12].

Дарослае жыцьцё

рэдагаваць

У 1850 годзе Брамс пазнаёміўся з вугорскім скрыпачом Эдэ Рэмэньі і цягам некалькіх наступных гадоў акампанаваў яму ў шэрагу канцэртаў. За гэты час ён упершыню сутыкнуўся з «цыганскім» стылем музыкі, як то чардаш, які пазьней стаў асновай для ягоных самых папулярных і прыбытковых твораў — двух цыкляў Вугорскіх танцаў 1869 і 1880 гадоў[14][15]. 1850 год таксама адзначыўся першымі стасункамі, але і няўдалым, Брамса з Робэртам Шуманам. Падчас візыту Шумана ў Гамбург сябры ўгаварылі Брамса адправіць яму некаторыя свае кампазыцыі, але пасылка вярнулася распакаванай[16].

 
Брамс у 1853 годзе.

У 1853 годзе Брамс выправіўся ў канцэртнае турнэ з Рэмэньі, у траўні наведаўшы скрыпача і кампазытара Ёзэфа Яахіма ў Гановэры. Раней Брамс чуў, як Яахім выконваў сольную партыю ў скрыпічным канцэрце Бэтговэна, і быў глыбока ўражаны[17]. Брамс сыграў для яго некалькі сваіх фартэпіянных п’есам, і празь пяцьдзесят гадоў Яахім успамінаў, што аніколі ў сваім мастацкім жыцьці не адчуваў такога захапленьня[18]. Гэта стала пачаткам сяброўства, якое доўжылася ўсё іхняе жыцьцё, але і перажыло часовы крызіс, калі Брамс у 1883 годзе падтрымаў жонку Яахіма ў час іхняга расстаньня[19].

Брамс высока цаніў Яахіма як кампазытара. У 1856 годзе яны пачалі сумесныя заняткі дзеля ўдасканаленьня сваіх навыкаў у падвоеным контрапункце, канонах, фугах, прэлюдыях або ў чым заўгодна. Дасьледнік Бозарт адзначае, што «вынікам вывучэньня Брамсам контрапункту і раньняй музыкі ў наступныя гады сталі танцавальныя п’есы, прэлюдыі і фугі для аргану, а таксама нэарэнэсансавыя і неабарочныя хоравыя творы.

Пасьля сустрэчы зь Яахімам Брамс і Рэмэньі наведалі Ваймар, дзе Брамс пазнаёміўся з Фэрэнцам Лістам, Пэтэрам Корнэліюсам і Яахімам Рафам. Ліст зь першага погляду прачытаў і выканаў «Скерца» опусу 4 Брамса. Рэмэньі сьцьвярджаў, што падчас выкананьня Лістам уласнай санаты сі-мінор Брамс заснуў. Гэта, а таксама іншыя разыходжаньні, прывялі да спыненьня дуэту Рэмэньі і Брамса[20][21].

 
Кляра Шуман на фатаздымку 1857 году.

У кастрычніку 1853 года Брамс наведаў Дусэльдорф і, маючы рэкамэндацыйны ліст ад Яахіма, быў цёпла прыняты сям’ёй Шуманаў. Робэрт Шуман, захоплены і глыбока ўражаны талентам 20-гадовага Брамса, апублікаваў 28 кастрычніка ў часопісе Neue Zeitschrift für Musik артыкул пад назвай «Новыя шляхі» (ням. Neue Bahnen), у якім назваў Брамса чалавекам, «пакліканым выразіць дух часу на самым высока-ідэальным узроўні»[22]. Гэтая пахвала, магчыма, толькі ўзмацніла самакрытычныя імкненьні Брамса да дасканаласьці і падарвала ягоную ўпэўненасьць у сабе. У лістападзе 1853 году ён пісаў Шуману, што ягоныя словы «ўзбудзяць у публікі такія надзвычайныя чаканьні, што я нават ня ведаю, як змагу ім адпавядаць»[23]. За часам знаходжаньня ў Дусэльдорфе Брамс разам з Шуманам і ягоным вучнем Альбэртам Дытрыхам узяў удзел у стварэньні скрыпічнай санаты для Яахіма — F-A-E санаты, назва якой адпавядала ініцыялам асабістага дэвізу Яахіма «Вольны, але адзінокі» (ням. Frei aber einsam)[24].

Ухвала Шумана прывяла да першага выданьня твораў Брамса пад ягоным уласным імём. Брамс паехаў у Ляйпцыг, дзе выдавецтва Breitkopf & Härtel апублікавала ягоныя опусы 1—4 (санаты для фартэпіяна №1 і №2, шэсьць песень опусу 3 і «Скерца» опусу 4). Бартальф Зэнф надрукаваў трэцюю фартэпіянную санату опусу 5 і шэсьць песень опусу 6. У Ляйпцыгу ён даваў канцэрты, улучна з выкананьнем сваіх першых дзьвюх фартэпіянных санатаў, і сустракаўся сярод іншых з Фэрдынандам Давідам, Ігнацам Мошалесам і Гектарам Бэрліёзам[25]. Пасьля спробы самагубства Шумана ў лютым 1854 году і ягонай наступнай шпіталізацыі ў псыхіятрычны санаторыюм пад Бонам, дзе ён у выніку памёр ад пнэўманіі ў 1856 годзе, Брамс пераехаў у Дусэльдорф. Там ён падтрымліваў сям’ю Шуманаў і разьвязваў справы ад імя Кляры. Кляру не пускалі да Робэрта да апошніх двух дзён ягонага жыцьця, але Брамсу было дазволена наведваць яго, і ён выступаў у ролі пасярэдніка. Брамс пачаў адчуваць глыбокія пачуцьці да Кляры, якая ўвасабляла дзеля яго ідэал жанчыны. Аднак яго разрывала паміж рамантычнымі стасункамі і сваёй адданасьцю музыцы, выбраўшы жыцьцё самотнага кавалера, каб засяродзіцца на творчасьці. Тым ня менш, іхная эмацыйная сувязь захавалася да самай сьмерці Кляры. У чэрвені 1854 году Брамс прысьвяціў ёй опус 9 — варыяцыі на тэму Шумана. Кляра працягвала падтрымліваць Брамса, дадаючы ягоную музыку ў свае канцэртныя праграмы[26][27].

 
Кампазытар у 1866 годзе.

Па выданьні баладаў опусу 10 для фартэпіяна Брамс не публікаваў новых твораў да 1860 году. Ягоным галоўным праектам таго часу быў фартэпіянны канцэрт рэ-мінор, які ён першапачаткова пачаў у 1854 годзе як твор для двух фартэпіяна, але хутка зразумеў, што для гэтага твору патрэбны больш маштабны фармат. У гэты час Брамс жыў у Гамбургу і, дзякуючы падтрымцы Кляры, атрымаў пасаду ў Дэтмальдзе, дзе жыў узімку з 1857 па 1860 гады. Там ён стварыў дзьве сэрэнады ў 1858 і 1859 гадах (опусы 11 і 16). У Гамбургу ён стварыў жаночы хор, дзеля якога пісаў музыку і быў дырыгентам. Да гэтага часу стасуюцца ягоныя першыя два фартэпіянныя квартэты (опусы 25 і 26) і першая частка трэцяга Фартэпіяннага квартэту, які быў завершаны толькі ў 1875 годзе.

Канец 1850-х гадоў прынёс Брамсу прафэсійныя няўдачы. Прэм’ера Першага фартэпіяннага канцэрта ў Гамбургу 22 студзеня 1859 году, дзе кампазітар выступаў як саліст, была дрэнна прынятая публікай. У лісьце да Яахіма Брамс пісаў, што выступ быў няўдачай. На другім канцэрце рэакцыя слухачоў была настолькі варожай, што Брамса ледзь стрымалі ад таго, каб пакінуць сцэну пасьля першай часткі[28]. Праз гэта выдавецтва Breitkopf & Härtel адмовіліся публікаваць ягоныя новыя творы, таму Брамс наладзіў сувязі зь іншымі выдаўцамі, у выніку чаго Simrock стаў ягоным асноўным выдавецкім партнэрам.

У 1860 годзе Брамс таксама трываў паразу ў дыскусіі аб будучыні нямецкай музыкі. Разам зь Яахімам і іншымі аднадумцамі ён падрыхтаваў крытычны выступ супраць прыхільнікаў Ліста, то бок гэтак званай «Нямецкай новай школы», але сам Брамс добразычліва ставіўся да музыкі Рыхарда Вагнэра, які быў лідэрам гэтага напрамку. Асабліва групп Брамса крытыкавала адмову ад традыцыйных музычных формаў. Чарнавік гэтага маніфэсту патрапіў у прэсу, і Neue Zeitschrift für Musik апублікаваў пародыю, якая высьмейвала Брамса і ягоных аднадумцаў як рэтраградаў. Пасьля гэтага Брамс зарокся ўступаць у публічныя музычныя палемікі[29].

  1. ^ а б Geiringer K., Simpson R. Johannes Brahms // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. ^ а б Johannes Brahms // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  3. ^ а б в г д е ё ж з і Ältere R. H. d. Brahms, Johannes // Biographisches Jahrbuch und Deutscher Nekrolog (ням.) / Hrsg.: A. BettelheimB. — Т. 2, 1897. — S. 90—96.
  4. ^ а б Брамс Иоганнес // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  5. ^ Wurzbach D. C. v. Brahms, Johannes (ням.) // Biographisches Lexikon des Kaiserthums Oesterreich: enthaltend die Lebensskizzen der denkwürdigen Personen, welche seit 1750 in den österreichischen Kronländern geboren wurden oder darin gelebt und gewirkt habenWien: 1856. — Т. 14. — S. 406.
  6. ^ а б Архіў гістарычных запісаў — 1808.
  7. ^ Johannes Brahms // Бэрлінская акадэмія мастацтваў — 1993.
  8. ^ Царева Е. М. Иоганнес Брамс. М., 1978 С. 19  (рас.)
  9. ^ Hoffmann (1999) Kurt. «Brahms the Hamburg musician 1833—1863» Cambridge. Musgrave (editor) Michael The Cambridge Companion to Brahms Cambridge University Press, p. 9  (анг.)
  10. ^ Царева Е. М. Иоганнес Брамс. М., 1978 С. 21  (рас.)
  11. ^ Царева Е. М. Иоганнес Брамс. М., 1978 С. 22  (рас.)
  12. ^ а б в Царева Е. М. Иоганнес Брамс. М., 1978 С. 23  (рас.)
  13. ^ Царева Е. М. Иоганнес Брамс. М., 1978 — С. 24  (рас.)
  14. ^ Swafford 1999. С. 56.
  15. ^ Swafford 1999. С. 62.
  16. ^ Swafford 1999. С. 56—57.
  17. ^ Swafford 1999. С. 49.
  18. ^ Swafford 1999. С. 64.
  19. ^ Swafford 1999. С. 494—495.
  20. ^ Swafford 1999. С. 67.
  21. ^ Swafford 1999. С. 71.
  22. ^ Schumann, Robert (1988). «Schumann on Music». tr. and ed. Henry Pleasants. New York: Dover Publications. — С. 199—200. — ISBN 978-0-486-25748-8.
  23. ^ Avins, Styra, ed. (1997). «Johannes Brahms: Life and Letters». Translated by Joseph Eisinger and S. Avins. Oxford: Oxford University Press. — С. 24. — ISBN 978-0-19-816234-6.
  24. ^ Swafford 1999. С. 81—82.
  25. ^ Swafford 1999. С. 89.
  26. ^ Swafford 1999. С. 180.
  27. ^ Swafford 1999. С. 182.
  28. ^ Swafford 1999. С. 211.
  29. ^ Swafford 1999. С. 206—211.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць