Юры ІІ Андрэевіч
Юры Андрэевіч, Юры ІІ (?—?) — князь тураўскі (1228—канец XIII ст.). Быў сынам Андрэя Іванавіча, праўнукам Юрыя Яраславіча, у гонар якога, верагодна, быў названы.
Юры Андрэевіч Юры ІІ | |
Князь тураўскі | |
---|---|
1228 — канец XIII ст. | |
Папярэднік | Уладзімер Сьвятаполкавіч |
Наступнік | Сямён Юр’евіч |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | невядома |
Памёр | канец XIII ст. |
Нашчадкі | |
Дынастыя | Ізяславічы |
Бацька | Андрэй ІІ Іванавіч |
Маці | дачка кіеўскага князя Мсьціслава Раманавіча Старога |
Пачатак кіраваньня
рэдагавацьПасьля сьмерці бацькі ў бітве на рацэ Калке не заняў трон па ўсёй бачнасьці з чыньніку непаўналецьця. Княжыць у Тураве стаў Уладзімер Сьвятаполкавіч. Пасьля яго сьмерці ў 1228 годзе Юры стаў князем, прычым пінскія князі не прэтэндавалі на тураўскі пасад, што гаворыць аб, што Пінск канчаткова стаў галоўным горадам Тураўскай зямлі. Верагодна, яго жонка была з чарнігаўскіх Вольгавічаў ці яго дачка выйшла за кагосьці з Вольгавічаў. На час праўленьня Юрыя Андрэевіча прыпадае самы цяжкі пэрыяд Тураўскага княства, на поўначы набірае моц Літва, на захадзе — моцнае Галіцка-Валынскае княства. Амаль штогод праз Тураўскую зямлю праходзяць паходы Літвы ў Галіцка-Валынскае княства й у зваротным кірунку. Невядома каго падтрымліваў у гэтым канфлікце Юры, магчыма, як і пінскія князі, галіцка-валынскіх князёў, але ўлічваючы адсутнасьць згадак пра паходы Літвы на Тураў можна выказаць здагадку, што Юры займаў нэўтральную пазыцыю.
Мангола-татарская навала
рэдагавацьУ 1239 годзе з усходу да Турава прыйшла вялікая небясьпека — татара-мангольская навала. Летам 1239 году татара-мангольская навала абрушылася на Чарнігаўскае княства, Чарнігаў быў узяты ў аблогу, Тураўскае княства прыйшло на дапамогу чарнігаўскаму князю Мсьціславу Глебавічу, зь якім Юры знаходзіўся ў роднасных адносінах. Разам з тураўскім войскам Мьціслаў Глебавіч выйшаў з Турава на дапамогу абложанаму Чарнігаву, але быў разьбіты, Кіеўскае княства не аказала аніякай дапамогі тураўска-чарнігаўскаму антымангольскаму хаўрусу, а 6 сьнежня 1240 году, пасьля працяглай асады быў узяты й Кіеў, пасьля чаго мангольскія тумены рушылі на поўнач, на тураўскія, пінскія, берасьцейскія й падляскія землі. Саслабелае Тураўскае княства ў адзіноцтве не змагло аказаць належнага супраціву й узімку 1241 году Тураў, пасьля працяглай абароны поўнасьцю зруйнавалі мангола-татары. Татары зьнішчылі абодва найстаражытнейшыя на Беларусі манастыры: жаночы Св. Варварын манастыр ды Св. Барыса-Глебскі мужчынскі манастыр, які ніколі больш не дасягнуў велічы з часоў Кірылы Тураўскага. Згодна сынодзіку Варварынага манастыра, татары забілі ўсіх чарняцоў ды сьвятароў. Сем’і тураўскіх баяр і князя схаваліся ў мураваным саборы на Замкавай гары, але татары разбурылі царкоўную браму, зьнішчылі маладзіц разам зь дзецьмі ды зруйнавалі вялікі шасьціслупавы трохапсідны храм. З гэтага часу эпіскапія перанесена была ў Пінск. Менавіта тады, як сьведчыць паданьне, быў закіданы немаўлятамі славуты калодзеж Тура, пасьля чаго на працягу сямі гадоў зь яго струменіла жаночае малако. Пасьля нашэсьця ворагі пайшлі на суседні Давыд-Гарадок, які лёгка здабылі. Былі разрабаваны й іншыя гарады Тураўскай зямлі, манголы рухаліся на поўнач, разрабавалі Слуцак і толькі пад Менскам манголы былі спынены й разьбіты. Большасьць жа войска на чале з Гаюком рушыла на захад, дзе пасьля злучэньня з Батыем татары разрабавалі Бельск, а пасьля далей праз Польшчу на Вугоршчыну ажно да Адрыятычнага мора. Нават у такой сытуацыі тураўцы не здаліся: у канцы 1246 году тут адбылася бітва з мангола-татарамі, а Юры захаваў сваю пасаду, але пры гэтым Тураўскае княства хутчэй за ўсё трапіла ў залежнасьць ад васальнага ў адносінах да Залатой Арды Галіцка-Валынскага княства, у выніку чаго ў Тураве была пабудавана абарончая вежа накшталт Камянецкай вежы. Так ці інакш, але Тураўскае княства здолела ўтрымацца, пасаду тураўскага князя Юры перадаў свайму сыну Сямёну.
Нашчадкі
рэдагаваць- Сямён — князь Тураўскі.
Папярэднік Уладзімер Сьвятаполкавіч |
Князь тураўскі 1228 — канец XIII ст. |
Наступнік Сямён Юр’евіч |