Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Слуцкая.

Ю́лія Віта́льеўна Слу́цкая (нар. 15 верасьня 1964) — беларуская журналістка і мэдыямэнэджэрка, стваральніца «Прэс-клюбу Беларусь» і Інфармацыйнага бюро салідарнасьці зь Беларусьсю, палітычны вязень рэжыму Лукашэнкі.

Юлія Слуцкая
Род дзейнасьці журналіст
Дата нараджэньня 15 верасьня 1964(1964-09-15) (60 гадоў)
Месца вучобы
Занятак журналістка, сацыёляг
Месца працы «Прэс-клюб Беларусь»
Узнагароды

Біяграфія

рэдагаваць

Скончыла філязофскі факультэт БДУ, сацыёляг паводле адукацыі. Некалькі гадоў працавала ў лябараторыі сацыялёгіі БДУ й у адным з навукова-дасьледчых інстытутаў[2].

У журналістыцы з 1994 году, калі прыйшла прыйшла працаваць у «БелКП-Прэс» на пасаду сацыёляга[3]. У 1997 годзе стала галоўным рэдактарам «Камсамольскай праўды ў Беларусі(be)»[2], дзе працавала да 2006 году. За гэты час з нуля была распрацавана канцэпцыя беларускага выданьня, створана каманда, а наклады цягам дванаццаці гадоў вырасьлі болей чым у дзесяць разоў: з 30 тысячаў да амаль 330 тысячаў асобнікаў. Беларускае зьмесьціва стала займаць амаль палову кожнага нумару газэты[3].

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году Слуцкая сышла з пасады галоўнага рэдактара «Камсамольскай праўды ў Беларусі». Па адной з вэрсіяў, гэта было зьвязана з тым, што выбары выданьнем асьвятляліся вельмі актыўна й падрабязна[3].

Напачатку 2007 году Слуцкай паступіла прапанова стаць галоўным рэдактарам Эўрапейскага радыё для Беларусі. Паводле ейных словаў, каманда была вельмі недасьведчаная, няўмелая, і амаль усе тэксты даводзілася перапрацоўваць, а журналістаў трэба было вучыць. Зь іншага боку, Слуцкай трэ было вучыцца й самой, бо радыё мела сваю спэцыфіку[3]. З пасады галоўнага рэдактара «Эўрарадыё» Слуцкая сышла ў лютым 2011 году паводле ўласнага жаданьня[4].

25 лютага 2010 году была створана грамадзкая кампанія «Гавары праўду!», якая вылучыла Ўладзімера Някляева кандыдатам на прэзыдэнцкія выбары 2010 году. Слуцкая прыдумляла, плянавала й ажыцьцяўляла працу кампаніі з СМІ[3], таксама займалася мэдыйным кансультаваньнем каманды Някляева[4]. Пасьля падзеяў у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, калі кіраўніцтва «Гавары праўду!» апынулася ў СІЗА КДБ, а ў рэдакцыі «Эўрарадыё» адбыўся ператрус і была канфіскавана ўся тэхніка, Слуцкая была вымушана зьехаць у Варшаву[3].

У студзені 2011 году ў Варшаве Слуцкая стварыла Інфармацыйнае бюро салідарнасьці зь Беларусьсю. Мэтаю бюро стала стварэньне інфармацыі, аналітыкі і PR для дапамогі беларускай супольнасьці ў прасоўваньні сваіх думак і рашэньняў да Захаду. Была арганізавана каманда палітыкаў, якія прадстаўлялі штабы розных кандыдатаў у прэзыдэнты, але засталіся на волі. Яны ўдзельнічалі ў паездках па эўрапейскіх сталіцах напярэдадні пасяджэньня Эўрапарлямэнту па беларускім пытаньні 12 студзеня й пасяджэньня Эўрапейскае рады(be) 31 студзеня 2011 году. Палітыкі й грамадзкія дзеячы наведалі Польшчу, Летуву, Чэхію, Нямеччыну, Данію, Нідэрлянды й Швэцыю. Адбыліся сустрэчы на высокім узроўні, былі праведзены прэс-канфэрэнцыі, паказаны фільм пра Плошчу 2010 і арганізавана фотавыстава[4].

Падчас працы кіраўніцай Інфармацыйнага бюро салідарнасьці Слуцкая пазнаёмілася з досьведам прэс-клюбаў — пляцовак, якія аб’ядноўваюць журналістаў, даюць для іх магчымасьці адукацыі й нэтворкінг. З гэтаю ідэяю яна вярнулася ў Менск. У канцы 2015 году запрацаваў «Прэс-клюб Беларусь». У ім зь лекцыямі й трэнінгамі выступілі вядомыя журналісты, аналітыкі, дасьледчыкі мэдыя. «Прэс-клюб Беларусь» запусьціў праекты MediaIQ, дзеля фіксаваньня выкананьня беларускімі СМІ журналісцкіх стандартаў, і LaunchME як аксэлератар для тэхналягічных стартапаў у мэдыяіндустрыі. У 2020 годзе пачала працаваць акадэмія прэс-клюбу — нефармальная адукацыйная пляцоўка, дзе журналісты й мэдыямэнэджэры маглі атрымаць новыя веды й кампэтэнцыі[2].

Палітычны перасьлед

рэдагаваць

22 сьнежня 2020 году Слуцкая вярталася з-за мяжы ў Беларусь разам з дачкою ды ўнукамі. У нацыянальным аэрапорце «Менск» яе затрымалі й адвезьлі на допыт у Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў КДК. Пасьля допыту Слуцкая была зьмешчана ў СІЗА № 1 Менску[5].

31 сьнежня ёй было выстаўлена абвінавачваньне ў нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу). Разам зь ёю былі затрыманы й супрацоўнікі «Прэс-клюбу Беларусь» Пётар Слуцкі, Ала Шарко й Сяргей Альшэўскі, а таксама Ксенія Луцкіна — экс-журналістка Белтелерадыёкампаніі. Іх абвінавацілі ў саўдзеле ў злачынстве[6]. Паводле словаў сьледчага, справа пра нясплату падаткаў датычылася праекту грамадзкага тэлебачаньня, якое быццам бы хацелі стварыць былыя журналісты дзяржаўнае мэдыя. Слуцкая была ўпэўнена, што прычынаю арышту й крымінальнае справы стала ейная прафэсійная дзейнасьць[5]. Яна не прызнавала віну, а, паводле стану на 22 студзеня 2021 году, сьледчыя дзеяньні праводзіліся толькі адзін раз. Таксама не былі прадстаўлены дакумэнты, згодна зь якімі Слуцкая павінна была сплаціць падаткі[7].

6 студзеня 2021 году сваякі арыштаваных супрацоўнікаў «Прэс-клюбу Беларусь» перавялі на рахунак Сьледчага камітэту 109 769 BYN. Паводле вэрсіі сьледзтва, менавіта столькі падаткаў «Прэс-клюб» не сплаціў у дзяржаўны бюджэт[5].

13 студзеня 2021 году сумеснаю заяваю адзінаццаці арганізацыяў («Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтар ды інш.) Слуцкая разам зь іншымі арыштаванымі па справе прэс-клюбу была прызнана палітычным вязьнем[8]. 4 лютага 2021 году шэфства над Слуцкаю ўзяла Марцына Мунц, дэпутатка Нацыянальнае Рады Фэдэральнага Сходу Швайцарыі(be)[9].

19 жніўня 2021 году Слуцкая й супрацоўнікі «Прэс-клюбу» выйшлі на волю да суду паводле памілаваньня[10]. Для гэтага ім давялося прызнаць віну, сплаціць 200 000 BYN і падпісаць прашэньне на імя Аляксандра Лукашэнкі. Палову сумы сплацілі яе родныя, прадаўшы нерухомасьць, другая часта была сплачаная з рахунку «Прэс-клюбу Беларусь»[11].

Журналіст і мэдыямэнэджэр Зьміцер Малішэўскі:

Мы не перараблялі расейскую «Камсамолку» пад сябе. У маскоўскай сядзібе заўсёды лічылі, што беларуская каманда — адна з самых крутых, якая, па-першае, прыносіла прыбытак, па-другое, рабіла вельмі якасны прадукт. У Маскве зьдзіўляліся, чаму беларуская каманда не пераяжджае ў Маскву ці Піцер. Але ў нас была свая палітыка… Мы заўсёды стаялі на беларускім баку. Ня проста не дазвалялі дыктаваць сабе прарасейскую пазыцыю — Юлія рабіла так, каб гэтых размоваў нават не было. У гэтым сэнсе мы былі максымальна незалежнымі[3].

Журналістка Надзея Белахвосьцік:

Рэпутацыя Юліі ў журналісцкай супольнасьці бездакорная. І яна неверагодная ў камунікацыі. Шмат у чым посьпех яе праектаў абумоўлены ейнаю харызмаю й чароўнасьцю. Я ніколі ня бачыла, каб яна крычала. Заўсёды бываюць складаныя моманты, але Юлія не вырашае іх з дапамогаю злосьці альбо агрэсіі. Мы знаёмыя больш за 20 гадоў. І ўсе гэтыя гады я бачу, што гэта чалавек, які можа адраджацца й пачынаць усё з нуля… У ёй проста неверагодная колькасьць энэргіі[3].

Узнагароды

рэдагаваць

7 верасьня 2021 году стала ляўрэаткаю прэміі Міжнароднага інстытуту прэсы(ru) «Героі свабоды сусьветнай прэсы(en)»[12].

  1. ^ https://press-club.pro/dosved/ee-reputaciya-bezuprechna-kto-takaya-yuliya-sluckaya-so
  2. ^ а б в Наталия Кривец. (2020-12-30) Кто такая Юлия Слуцкая, которую задержали по делу «Пресс-клуба» (рас.). Комсомольская правда в Беларуси. Праверана 2021-09-11 г. Архіўная копія ад 2021-09-11 г.
  3. ^ а б в г д е ё ж Любовь Касперович. (020-12-24) «Ее репутация безупречна». Кто такая Юлия Слуцкая — создательница Пресс-клуба, куда пришли силовики (рас.). TUT.BYПраверана 2021-01-03 г. Архіўная копія ад 2021-01-03 г.
  4. ^ а б в Юры Дракахруст. (2011-02-09) Ю.Слуцкая: “Сыход з Эўрарадыё - маё асабістае рашэньне”. Радыё СвабодаПраверана 2021-09-11 г. Архіўная копія ад 2021-09-08 г.
  5. ^ а б в Любовь Касперович. (2021-01-06) От следователя узнала, что дело касается «проекта общественного ТВ». Юлия Слуцкая дала интервью из СИЗО (рас.). TUT.BYПраверана 2021-04-30 г. Архіўная копія ад 2021-04-30 г.
  6. ^ Основательнице Пресс-клуба и трем сотрудникам предъявили обвинение. Они остаются под стражей (рас.). TUT.BYПраверана 2021-04-30 г. Архіўная копія ад 2021-04-30 г.
  7. ^ Богдана Александровская; Елена Гункель. (2021-01-22) Месяц в СИЗО: правозащитники требуют освободить основательницу "Пресс-клуба" (рас.). Нямецкая хваляПраверана 2021-09-11 г. Архіўная копія ад 2021-07-13 г.
  8. ^ Заява аб прызнанні пяцярых затрыманых па справе Прэс-клуба палітычнымі зняволенымі (бел.). Вясна (2021-01-14). Праверана 2021-04-10 г. Архіўная копія ад 2021-04-10 г.
  9. ^ Members of Parliament from Switzerland, Germany and Ireland take over godparenthood for Yuliya Slutskaya, Katsiaryna Andreyeva and Vitold Ashurak (анг.). Libereco (2021-02-04). Праверана 2021-02-24 г. Архіўная копія ад 2021-02-04 г.
  10. ^ facebook.com/pressclubbelarus
  11. ^ Юлія Слуцкая — пра фармулёўку памілаваньня, справу Луцкінай і камэру «Шанхай» з пацукамі. Радыё Свабода (2021-08-20). Праверана 2021-09-11 г. Архіўная копія ад 2021-08-21 г.
  12. ^ Belarus’s Yuliya Slutskaya named World Press Freedom Hero (анг.). The Daily Star(simple)Праверана 2021-09-08 г. Архіўная копія ад 2021-09-08 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць