Эстонія пад кайзэраўскай акупацыяй
Эстонія была акупаваная кайзэрайскай Нямеччынай у апошні пэрыяд Першай сусьветнай вайны. 11—21 кастрычніка 1917 нямецкая імпэрская армія заняла Заходнеэстонскі (Маанзундзкі) архіпэляг, які складаюць астравы Саарэмаа, Хіюмаа ды Муху. Каб прымусіць бальшавіцкі рэжым Савецкай Расеі падпісаць Берасьцейскі мір, 18 лютага 1918 нямецкія войскі высадзіліся ў кантынэнтальнай Эстоніі і 21 лютага ўвайшлі ў Хаапсалу. 22 лютага яны занялі Валгу, а 24 лютага — Пярну, Вільяндзі і Тарту. Талін быў акупаваны на наступны дзень, а 4 сакавіка 1918 з захопам Нарвы ўся тэрыторыя Эстоніі адышла да Нямецкай імпэрыі. Так спынілі існаваньне рэспубліканскі строй, які 24 лютага абвясьціў незалежную дзяржаву, і ўлада мясцовай расейска-эстонскай Чырвонае гвардыі. Апошнія чырвонагвардзейцы ўцяклі праз раку Нарва 5 сакавіка. 28 лютага 1918 у Талін прыехаў генэрал-лейтэнант Адольф фон Зэкендорф(et), прызначаны вайсковым камандзірам Трэцяе камэндатуры ва ўрадзе Нямецкай вайсковай адміністрацыі Заходнеэстонскага архіпэлягу. У 1918 Эстонія ўвайшла ў склад Нямецкай вайсковай адміністрацыі на Ўсходзе для Куроніі, Эстляндыі, Ліфляндыі, Ёзэлю і Рыгі.
Акупацыйны рэжым
рэдагавацьЗа час акупацыі Эстоніі немцы панесьля страты 368 чалавек забітымі і каля 1400 параненымі. Яны захапілі 20 000 расейцаў і некалькі расейскіх караблёў. Адзін расейскі браняносец «Слава» быў патоплены ў Маанзундзкай апэрацыі каля вострава Муху. У нападзе на Паўночную Лівонію і Эстонію браў удзел 60-ы корпус нямецкай арміі (19-я пяхотная, 77-я рэзэрвовая і 4-я кавалерыйская дывізіі). У сухапутнай апэрацыі з архіпэлягу на Ліхулу, Віртсу і Хаапсалу ўдзельнічаў 6-ы корпус (205-я і 219-я пяхотныя, 1-я кавалерыйская дывізія).
Эстонская дэклярацыя незалежнасьці
рэдагавацьУ момант паміж адыходам расейскіх войскаў і прыходам нямецкіх Камітэт выратаваньня Эстляндзкага нацыянальнага сходу 24 лютага 1918 року абвясьціў незалежнасьць Эстоніі. Аднак нямецкія ўлады не прызналі самаабвешчаную дзяржаву.
23 сакавіка 1918 камандуючы нямецкім 68-м корпусам абвясьціў толькі што створаную Эстонскую армію па-за законам. У чэрвені пачаліся арышты правадыроў незалежніцкага руху. Прэзыдэнта Канстантына Пятса вывезьлі ў Нямеччыну ў турму. Цягам усяе акупацыі Камітэт выратаваньня Эстоніі вёў падпольную дзейнасьць, навязаўшы сувязі з заходнімі хаўрусьнікамі. Вялікабрытанія прызнала незалежнасьць Эстоніі (дэ факта) 3 траўня, 18 траўня — Францыя, 29 траўня — Італія, што дало камітэту статус прадстаўніка эстонскага народу.
Пасьля нямецкай рэвалюцыі прадстаўнікі Нямеччыны 11—14 лістапада 1918 фармальна перадалі палітычную ўладу ў Эстоніі нацыянальнаму ўраду. Пасьля гэтага пачалося бальшавіцкае ўварваньне і вайна за незалежнасьць Эстоніі. 2 лютага 1920 Эстонская рэспубліка і Савецкая Расея падпісалі ў Тарту мірную дамову. Эстонія атрымала міжнароднае прызнаньне і ў 1921 увайшла ў Лігу нацыяў.
Аб’яднанае Балтыйскае герцагства
рэдагавацьНямецкая меншасьць дамагалася заснаваньня Аб’яднанага Балтыйскага герцагства. Падпісаўшы 3 сакавіка 1918 року Берасьцейскі мір, Савецкая Расея фактычна аддала Эстонію пад уладу нямецкай вайсковай адміністрацыі, і ейны статус мусіў быць вызначаны пазьней.
12 красавіка балтыйскія немцы склікалі ў Рызе сход з патрабаваньнем утварэньня Аб’яднанага герцагства Эстляндыі, Ліфляндыі й Курляндыі й уключэньня яго ў склад імпэрыі шляхам пэрсанальнае уніі з Гагэнцолернамі. Гэтая просьба была перададзеная ляндэсратам у Рызе імпэратару Нямеччыны.
Обэр Ост
рэдагавацьТалін, Тарту і Нарва кіраваліся непасрэдна нямецкай вайсковай адміністрацыяй (Обэр Ост), а рэшта краіны была падзеленая на амтсбэцыргі і ортсбэцыргі. Як правіла, кіраўнікамі мясцовых органаў улады прызначаліся землеўладальнікі з нямецкай шляхты. Усе эстонамоўныя газэты, акрамя пранямецкае «Rewaler Tagesblatt», былі забароненыя. Так цягнулася да 10 лістапада 1918. 5 лістапада Нямеччына дэнансавала Берасьцейскую дамову з усімі ейнымі (тады сакрэтнымі) дадатковымі пратаколамі. 19 лістапада апошні нямецкі прадстаўнік у Эстоніі Аўгуст Вініг падпісаў пагадненьне пра перадачу ўсяе паўнаты ўлады ў Эстоніі Часоваму ўраду. 28 лістапада нападам Савецкай Расеі пачалася вайна за незалежнасьць Эстоніі.
Літаратура
рэдагаваць- John Hiden. The Baltic States and Weimar Ostpolitik. — Cambridge University Press, 2002. — ISBN 0-521-89325-9
- Georg von Rauch. The Baltic States: the years of independence; Estonia, Latvia, Lithuania, 1917—1940. — C. Hurst, 1974. — ISBN 0-903983-00-1