Чэхаславацкая мова

Чэхаслава́цкая мо́ва (па-чэску: jazyk československý, па-славацку: jazyk československý) — паліткарэктны сацыялінгвістычны тэрмін, які выкарыстоўваўся ў Канстытуцыі ды афіцыйных дакумэнтах Чэхаславаччыны падчас пэрыяду Першае рэспублікі (1920—1938 гг.)[1] у мэтах вызначэньня і акрэсьліваньня афіцыйнае мовы дзяржавы, што абвесьціла пра сваю незалежнасьць у якасьці рэспублікі дзьвюх дзяржаваўтваральных нацыяў, чэхаў ды славакаў.

Законы пра мову ў Першай рэспубліцы

рэдагаваць

29 лютага 1920 року Нацыянальны сход зацьвердзіў Канстытуцыю Чэхаславаччыны. У гэты ж дзень быў прыняты й шэраг заканадаўчых актаў, у тым ліку Моўны закон (па-чэску: Jazykový zákon 122/1920 Sb. z. a n.), які, грунтуючыся на артыкуле 129 Канстытуцыйнага статуту краіны (па-чэску: Ústavní listina Československé republiky)[2], замацаваў асновы моўных зносінаў у Чэхаславаччыне. У прыватнасьці, тэкстам гэтага закону абвяшчалася:

«Чэхаславацкая мова зьяўляецца дзяржаўнай мовай, афіцыйнай мовай рэспублікі»
па-чэску: „jazyk československý jest státním, oficielním jazykem republiky“.

На практыцы, у міжнародных дакумэнтах з боку Чэхаславаччыны гэтую функцыю выконвала чэская мова. Аднак унутры краіны Канстытуцыя 1920 году і іншыя заснаваныя на ёй акты дазвалялі выкарыстоўваньне іншых моваў на тэрыторыях, дзе носьбіты гэтых моваў складаюць ня менш за 20% ад насельніцтва вышэйпамянёнага рэгіёну (рэгіёнаў).

Канстытуцыю 1920 року замяніла Канстытуцыя 1948 г., у якой узгадваньне афіцыйнай мовы было прыбранае.

Гісторыя

рэдагаваць

Панятак «чэхаславацкая мова» ўвайшоў ва ўжытак у эпоху нацыянальнага ды культурнага адраджэньня Чэхаславаччыны. «Чэха-славянскае таварыства», створанае ў 1829 годзе студэнтамі Лютэранскага ліцэю ў Браціславе, таксама вядомае як «Таварыства чэхаславацкае мовы й літаратуры», стала важнай часткай славацкага нацыянальнага руху.

У 1836 годзе Людавіт Штур, лідэр славацкага нацыянальнага адраджэньня ў ХІХ стагодзьдзі, напісаў ліст вядомаму чэскаму гісторыку Францішаку Палацкаму. Скардзячыся на неразуменьне чэскае мовы ў выкананьні пратэстантаў Верхняе Вугоршчыны для звычайных славакаў, Штур прапанаваў стварэньне адзінай чэскаславацкай мовы шляхам засваеньня чэхамі некаторых славацкіх словаў і наадварот.

Між тым, у першай палове ХХ стагодзьдзя ў межах канцэпцыі «чэхаславакізму» трактаваньне тэрміну «чэхаславацкая мова» досыць зьмянілася, што выражалася, напрыклад, у зьніжэньні статусу славацкае мовы да статусу дыялекту чэскай мовы найбольш радыкальнымі прадстаўнікамі руху, на ўзор мараўскага дыялекту. Часткова канцэпцыя чэхаславакізму, паводле якой чэхі, маравы і славакі абвяшчаліся адзінай нацыяй з адзінай мовай, тлумачылася неабходнасьцю ўсталяваньня чэскаславацкай дзяржаўнасьці з прычыны недастатковае статыстычнае перавагі тытульных нацыяў датычна тагачаснага нямецкага насельніцтва краіны.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць