Харашэвічы (вёска)

Харашэ́вічы[1] — вёска ў Слонімскім раёне Гарадзенскай вобласьці Беларусі. Адміністрацыйна ўваходзіць у Дзераўноўскі сельсавет.

Харашэвічы
Першыя згадкі: 1505
Вобласьць: Гарадзенская
Раён: Слонімскі
Сельсавет: Дзераўноўскі
Насельніцтва: 25
Тэлефонны код: +375 1562
Паштовы індэкс: 231812
Аўтамабільны код: 4
Геаграфічныя каардынаты: 53°8′26″ пн. ш. 25°27′37″ у. д. / 53.14056° пн. ш. 25.46028° у. д. / 53.14056; 25.46028Каардынаты: 53°8′26″ пн. ш. 25°27′37″ у. д. / 53.14056° пн. ш. 25.46028° у. д. / 53.14056; 25.46028
Харашэвічы на мапе Беларусі
Харашэвічы
Харашэвічы
Харашэвічы

Геаграфічнае становішчаРэдагаваць

Харашэвічы знаходзяцца за 15 км на паўночны ўсход ад места Слонім, на мяжы зь біялягічным заказьнікам «Слонімскі». Самы блізкі прыпынак чыгункі — Палонка (за 10 км на паўднёвы захад ад вёскі). Вёска заснавана на правым беразе ракі Іса[2], правым прытоку ракі Шчара.

Агульныя зьвесткіРэдагаваць

Вёска складаецца зь пяці вуліцаў: Лугавой, Партызанскай, Савецкай, Моладзевай і Новай. Дарогі, якія праходзяць праз Харашэвічы, зьвязваюць вёску з н. п. Дзераўная, в. Загрыцькава, в. Нагуевічы. Існуе транспартны зьвязак са Слонімам — аўтобус Слонім — Нагуевічы па пятніцах і нядзелях.

 
Мапа вёскі

ГісторыяРэдагаваць

Першыя згадкі пра вёску сустракаюцца ў пісьмовых крыніцах XVI ст., уласнасьць пана Войткі Яновіча Клочкі. У 1505 годзе вялікі князь Аляксандар падараваў яму «двор Деревную… с Хорошевичами… с ловами и бобровыми гонами по рекам Исорок и Деревной». У 1573 годзе вёска ўваходзіла ў склад гаспадарскага маёнтка Дзераўная, уласнасьць пана Ўладзімера Забалоцкага.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слонімскім павеце. У гэты час тут дзейнічаў філіяльны каталіцкі касьцёл Слонімскай парафіі[3][4], які не захаваўся. У XIX ст. вёска — цэнтар маёнтку, у які ўваходзілі вёскі Харашэвічы, Нагуевічы, Загрыцькава, Кабакі, фальварак Каралін і вёска фальварку Сярэбрышча. Паводле рэвізіі 1834 г. у маёнтку 515 сялянскіх душ. Паводле інвэнтару 1846 г. у вёсцы 18 двароў, 153 жыхары. У гэты час маёнтак належаў абшарніцы Элеаноры Тыманавай, якая валодала 5388 дзесяцінамі зямлі.

У другой палове XIX ст. вёска ў Дзераўноўскай воласьці. У 1864 г. тут быў заснаваны цагельны завод. У 1869 г. працавала народная вучэльня, у якой навучалася 30 хлопчыкаў і 30 дзяўчынак. У 1870 г. маёнтак належаў абшарніку Гарцінгу. У 1880 г. працавала царкоўна-прыходзкая школа. У 1882 г. касьцёл быў рэканструяваны пад праваслаўны храм паводле праекту грамадзянскага інжынэра Кржыжаноўскага. У 1884 г. дзейнічаў цагельны завод, на якім працавалі 203 работнікі. Аб’ём вытворчасьці складаў 230 тысячаў штук цэглы. У 1886 г. вёска, прыватная ўласнасьць, 19 двароў, 232 жыхары.[3]. Сума даходу 2 тысячы рублёў. Тут былі карчма, крама дзеля запасаў хлеба, царкоўна-прыходзкая школа, вінакурны завод. Паводле перапісу 1897 г., 42 двары, 358 жыхароў. Побач зь вёскай знаходзілася сядзіба Гарцінга, 1 двор, 91 жыхар, дзе былі карчма й крама. У сувязі з важнасьцю вёскі ў стратэгічных і палітычных адносінах побач зь сядзібай было раскватаравана войска — 4 казармы батальёну 117-га пяхотнага Яраслаўскага палку (374 чалавекі).
У 1905 г. 436 жыхароў. Працавала народная вучэльня, у якой у 1905 г. навучалася 58 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак.

З 1921 г. у складзе Польскай Рэспублікі. Уваходзіла ў Дзераўнаўскую гміну Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва. У 1921 г. 123 двары, 757 жыхароў.

З 1939 году ў БССР. З 12 кастрычніка 1940 году цэнтар сельсавету, з 16 ліпеня 1945 году ў Пятралевіцкім, з 14 красавіка 1979 году ў Дзераўноўскім сельсаветах. Уваходзіць у склад сельскагаспадарчага вытворчага каапэратыву «Дзераўноўскі». Працуюць крама, фэльчарска-акушэрскі пункт (ФАП), аддзяленьне сувязі, дом побыту, грамадзкая лазьня, 8-гадовая школа, клюб, бібліятэка. У 1967 годзе ў вёсцы ўсталяваны помнік землякам-удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. На 1 студзеня 2003 году 72 двары, 135 жыхароў.

Воіны-землякі, якія загінулі ці зьніклі бязь вестак у 1941—1945 гг.Рэдагаваць

  1. Басак Аляксей Аляксандравіч — нарадзіўся ў 1916 г., загінуў 18.01.1945 у Польшчы
  2. Басак Іван Паўлавіч — нарадзіўся ў 1910 г., зьнік бязь вестак у кастрычніку 1944 г.
  3. Бондар Рыгор Лук’янавіч — нарадзіўся ў 1916 г., зьнік бязь вестак у сакавіку 1945 г.
  4. Булыга Павел Антонавіч — нарадзіўся ў 1926 г., загінуў 15.01.1945 у Польшчы
  5. Булыга Фёдар Андрэевіч — нарадзіўся ў 1923 г., малодшы сяржант, памёр ад ран 15.06.1945, пахаваны ў м. Гвардзейск Калінінградзкай вобл.
  6. Ганчарук Аляксандар Андрэевіч — нарадзіўся ў 1911 г., радавы, памёр ад ран 19.11.1944 у Польшчы
  7. Ганчарук Фёдар Андрэевіч — нарадзіўся ў 1921, загінуў 6.02.1945 у Польшчы
  8. Жук Ёсіф Васільевіч — нарадзіўся ў 1926, малодшы сяржант, зьнік бязь вестак у красавіку 1945
  9. Жылінскі Андрэй Андрэевіч — нарадзіўся ў 1921, загінуў 29.01.1945 у Польшчы
  10. Жылінскі Васіль Тарасавіч — нарадзіўся ў 1925, радавы, загінуў 29.01.1945 у Польшчы
  11. Жылінскі Клеменці Венядзіктавіч — нарадзіўся ў 1923, радавы, загінуў 16.01.1945 у Польшчы
  12. Казак Андрэй Сідаравіч — нарадзіўся ў 1913, загінуў 18.01.1945 у Польшчы
  13. Казак Іван Міхайлавіч — загінуў 11.10.1944 у Польшчы
  14. Казак Іван Трафімавіч — нарадзіўся ў 1923, загінуў у сьнежні 1944 у Польшчы
  15. Качарга Аляксандар Антонавіч — нарадзіўся ў 1920, радавы, загінуў 26.01.1945 у Польшчы
  16. Кісьляк Аляксандар Адамавіч — нарадзіўся ў 1925, радавы, памёр ад ран 31.01.1945 у Нямеччыне
  17. Кісьляк Ануфры Андрэевіч — нарадзіўся ў 1924, зьнік бязь вестак у ліпені 1945
  18. Кісьляк Васіль Ёсіфавіч — нарадзіўся ў 1923, радавы, загінуў 28.01.1945 у Польшчы
  19. Мялешка Андрэй Міхайлавіч — нарадзіўся ў 1926, радавы, загінуў 29.04.1945 у Нямеччыне
  20. Мялешка Васіль Адамавіч — радавы, загінуў 15.01.1945 у Польшчы
  21. Пляшко Мікалай Аляксандравіч — нарадзіўся ў 1921, радавы, загінуў 26.01.1945 у Польшчы
  22. Пятліцкі Аляксандар Аляксандравіч — нарадзіўся ў 1923, радавы, памёр ад ран 26.11.1946, пахаваны ў м. Ковель, Украіна
  23. Пятліцкі Гарадзей Васільевіч — зьнік бязь вестак у кастрычніку 1944
  24. Пятліцкі Сьцяпан Сьцяпанавіч — нарадзіўся ў 1923, загінуў 14.01.1945 у в. Енце, Польшча
  25. Разьбягальскі Тадэвуш Ігнатавіч — нарадзіўся ў 1921, загінуў 26.04.1945
  26. Разьбягальскі Фелікс Ігнатавіч — нарадзіўся ў 1917, зьнік бязь вестак у красавіку 1945
  27. Раманюк Георгій Восіпавіч — нарадзіўся ў 1914, радавы, зьнік бязь вестак у верасьні 1944
  28. Случко Мікалай Вікенцьевіч — нарадзіўся ў 1910, радавы, загінуў 6.03.1945 у Нямеччыне
  29. Хілько Аляксандар Нікіфаравіч — нарадзіўся ў 1902, зьнік бязь вестак у сьнежні 1943
  30. Хомка Фадзей Георгіевіч, нарадзіўся ў 1911 — радавы, зьнік бязь вестак у траўні 1945

АдукацыяРэдагаваць

Харашэвіцкая вучэльняРэдагаваць

Створана ў 1861 годзе і разьмяшчалася ў грамадзкім будынку бясплатна. Утрымлівалася за кошт дзяржаўнага казначэйства й мясцовай сялянскай грамады. У 1886/87 навучальным годзе вучыліся 43 хлопчыкі й 1 дзяўчынка, у 1900/01 — 50 хлопчыкаў і 1 дзяўчынка. У розныя часы тут працавалі настаўнікі: Вольга Барадзіна (адна зь першых настаўнікаў, скончыла Шавельскі жаночы пансіён), Іван Ганчарук, М. Шыпіца й Андрэй Тарасюк (два апошнія закончылі Сьвіслацкую настаўніцкую сэмінарыю). Закон Божы выкладалі сьвятары: Марк Ячынкоўскі ў канцы XIX стагодзьдзя, Ф. Паўловіч (закончыў Летувіскую духоўную сэмінарыю) у пачатку XX стагодзьдзя.

Базавая школаРэдагаваць

Васьмігадовая школа зачынена ў 2002 годзе й зруйнавана ўлетку 2011.

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf)
  2. ^ Водными маршрутами Беларуси(рас.)
  3. ^ а б Choroszewicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XV, cz. 1: Abablewo — Januszowo. — Warszawa, 1900. S. 322(пол.)
  4. ^ Choroszewicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 633(пол.)

ЛітаратураРэдагаваць

  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Слонімскага раёна. — Менск: БЕЛТА, 2004. — 752 с.: іл. ISBN 985-6302-61-7.

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць