Уцеха
Уце́ха[1] — вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, за 9 км на паўночны захад ад Маісееўшчыны. Уцеха ўваходзіць у склад Маісееўшчынскага сельсавету.
Уцеха | |
трансьліт. Uciecha | |
Першыя згадкі: | 19 стагодзьдзе |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Барысаўскі |
Сельсавет: | Маісееўшчынскі |
Вышыня: | 200 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 26 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 177 |
Паштовы індэкс: | 222152 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°36′20.99″ пн. ш. 28°37′36.01″ у. д. / 54.6058306° пн. ш. 28.6266694° у. д.Каардынаты: 54°36′20.99″ пн. ш. 28°37′36.01″ у. д. / 54.6058306° пн. ш. 28.6266694° у. д. |
± Уцеха |
Назва
рэдагавацьДа нашага часу дайшло паданьне, згодна якому назву вёсцы Ўцеха далі тамтэйшыя паны. У гэтым месцы вельмі добрыя землі, на іх практычна няма ніякіх каменьняў. Паблізу ў Сяльцы яны ўжо ёсьць. Таму ў навакольлях вёскі было проста вырошчваць розныя культуры, тут усё добра расло. А як вынік, тут добра і жылося. Таму і ўзьнікла такая назва — Уцеха.
Гісторыя
рэдагавацьСьведчаньні даўніх часоў
рэдагавацьКалі была заснавана вёска Ўцеха, невядома. Аднак у гэтых мясьцінах людзі жылі ўжо шмат стагодзьдзяў. Сьведчаньнем таму зьяўляецца тое, што ў навакольлях вёскі раней было шмат старажытных пахаваньняў — курганоў. У 1924 годзе дасьледчыкамі мінуўшчыны адзначаліся ля вёскі ў кірунку Сяльцу чатыры курганы. Значна болей іх было ў супрацьлеглым кірунку ад вёскі.
Апошнія два стагодзьдзі
рэдагавацьНепасрэдна пра вёску Ўцеха старых зьвестак практычна не захавалася. Угадваньні пра яе сустракаюцца ў дакумэнтах толькі з ХІХ стагодзьдзя. Найбольш старыя зьвесткі пра яе адносяцца да 1820-х гадоў. Праз Уцеху раней ніякія шляхі не праходзілі. Вёска была ў баку ад іх.
Ва Ўцесе здаўна жылі і праваслаўныя, і каталікі. Але тут ніколі не было ні царквы, ні касьцёла, ні капліц. Не было тут і школы. Толькі ў даваенныя гады існавала вячэрняя школа, якая працавала па хатах. У ёй тамтэйшыя жанчыны вучыліся чытаць, пісаць, карацей кажучы — ліквідавалася непісьменнасьць.
Ля Ўцехі з даўніх часоў да нашых дзён захоўваюцца вялікія лясы. Раней у іх было вельмі шмат ягад, грыбоў, розных жывёлінаў: ласёў, ліс, ваўкоў, мядзьведзяў і іншых. Людзі баяліся выпускаць скаціну, у лес стараліся хадзіць па некалькі чалавек. Асабліва шмат разьвялося жывёлінаў за час апошняй вайны. Пасьля вайны тутэйшыя жыхары шмат нарыхтоўвалі, здавалі ягад і сушаных грыбоў. За атрыманыя грошы куплялі хлеб. Так і жылі.
Найбольш люднымі Ўцехі былі ў пасьляваенныя гады. У гэты час тут было недзе 40—50 двароў.
Маёнтак
рэдагавацьЧас утварэньня маёнтку ва Ўцесе невядомы. У ХІХ стагодзьдзі ім валодалі Керсноўскія. Спачатку Іван Керсноўскі, а з 1824 году зямля і ўся гаспадарка ў спадчыну пераходзіць да яго сына Пятра. Па стане на 1834 год да маёнтку адносілася 15 прыгонных сялянаў. У сярэдзіне 40-х гадоў ХІХ стагодзьдзя адзначалася, што на землях гаспадаркі была толькі адна вёска. У 1876 годзе маёнтак усё яшчэ належыць Пятру Керсноўскаму. Прычым ён кіраваў гаспадаркай сам. На той час землеўладаньне складалася з 458 дзесяцін зямлі.
На пачатку ХХ стагодзьдзя маёнтак належаў Баркевічу. Тут меўся панскі дом, сажалка, гаспадарчыя пабудовы, вялікі сад, які цягнуўся ўздоўж усёй паўднёва-заходняй часткі вёскі. Было нямала быдла. Для таго, каб спраўляцца з гаспадаркай, уладальнікі маёнтку бралі на працу тутэйшых людзей. Пасьля падзеяў 1917 году гаспадары маёнтку яшчэ доўгі час жылі ў вёсцы. Але яны, відаць, добра ўяўлялі, да чаго ідзе справа. Таму зь цягам часу пачалі распрадаваць зямлю. Калі да іх сталі падступаць — патроху «калаціць» (у час, калі ствараўся калгас), былыя паны зразумелі, што іх чакае наперадзе і, каб пазьбегнуць гэтага, у 1936 годзе зьехалі адсюль назаўсёды.
Панскія землі паступова засяляліся. Пры зьліквідаваньні навакольных хутароў, што мела месца ў 1938 годзе, гэты працэс паскорыўся. Людзі пачалі будавацца там, дзе раней быў сад. Яго часткі пераходзілі да новых уладароў. З-за старасьці дрэвы былога саду паступова зьнікалі. Так ад былога саду зь цягам часу нічога не засталося.
Да вайны ў панскіх будынках працавалі ясьлі, у склепе панскага дому захоўвалі малако, што здавалі тамтэйшыя сяляне. Панскі дом аказаўся закінутым, і зь яго паступова расьцягнулі ўсё, што было магчыма. Такім чынам ён перастаў існаваць яшчэ да вайны.
Яшчэ адзін значна бяднейшы пан (калі яго наогул можна было назваць панам) — Савінскі жыў пасярод вёскі. Яго дачка заставалася жыць ва Ўцесе пры калгасе да канца сваіх дзён.
Традыцыі
рэдагавацьВа Ўцесе традыцыя правядзеньня кірмашоў ніколі не існавала. Тут, як і ў іншых мясцовасьцях на поўначы Барысаўшчыны, шырока адзначалі як народныя сьвяты: Купальле, Каляды, Юр’я, жаніцьбу Цярэшкі і іншыя, так і рэлігійныя: Раство, Вялікдзень, Ушэсьце, Хрышчэньне і іншыя. На могілкі ў тутэйшых праваслаўных прынята хадзіць на Радуніцу (хаваюць у Сяльцы), а ў каталікоў — на Троіцу (хаваюць у Добрай Вадзе).
Па словах мясцовых жыхароў, раней адзначалі трое Калядаў: багатыя (перад новым годам), бедныя (перад Раством) і зусім бедныя (перад Хрышчэньнем). Найбольш актыўна праходзіла калядаваньне 7 студзеня. Перад ім 6 студзеня была посная каляда.
Жаніцьба Цярэшкі праводзілася на першы і другі дзень калядаў. Зьбіралася моладзь, абірала матку, бацьку (Цярэшку). Хлопцы несьлі гарэлку, дзяўчаты каўбасу, іншую закуску. «Жанілі» матку і Цярэшку, сьпявалі, ігралі, гулялі.
Калі доўга не было дажджу, абракаліся. За адзін дзень ставілі кросны, пралі і ткалі на іх. Потым тое, што было зроблена, несьлі ў царкву.
Гэтыя і іншыя народныя традыцыі выконваліся і адзначаліся не адну сотню гадоў, але за апошнія некалькі дзясяткаў гадоў яны практычна зьніклі.
Вёска і яе навакольлі цяпер
рэдагавацьПра існаваньне ў старажытнасьці ў гэтым краі людзей курганы цяпер ужо не нагадваюць. Яны ў пасьляваенныя гады былі разраўняны і разараны. Кажуць, што потым на тых месцах ня раз знаходзілі чалавечыя косткі. Магчыма, што асобныя курганы, якія знаходзіліся на ўскрайку лесу і моцна парасьлі, захаваліся да нашага часу.
Народныя традыцыі цяпер жывуць толькі ва ўспамінах тутэйшых старажылаў. Ужо болей за 30 гадоў як ва Ўцесе ня «жэняць» Цярэшку, трошкі болей — не абракаюцца, 30—40 гадоў як крамныя тавары змаглі ўбраць са штодзённага ладу жыцьця кросны.
Сама вёска Ўцеха цяпер мала чым нагадвае тое пасяленьне, якое тут было раней. Ад былых некалькіх дзясяткаў хат захавалася толькі адзінаццаць — тых, у якіх яшчэ жывуць людзі. Яшчэ дзьве хаты выкарыстоўваюцца на сёньняшні час як лецішчы. Практычна нічога не захавалася ад былога маёнтку Баркевічаў. Да нашага часу дайшла толькі яго сажалка, якая моцна парасла, і склеп гаспадарчага панскага будынка. Яго адзін зь мясцовых жыхароў прыстасаваў пад свае гаспадарчыя патрэбы.
Зусім нічога не засталося ад былой гаспадаркі Савінскіх. Ды і ў самой вёсцы, за выключэньнем аднаго хлява, няма ніводнага збудаваньня, якое б захавалася хаця б з даваенных часоў.
Гісторыя вёскі Ўцеха і яе навакольляў працягвае жыць у мясцовых назвах. Тут ёсьць Машкі (націск на «і» — частка лесу), Пусташы (там нічога не расло), Копішча ці Акопы (прычым акопы, якія захаваліся ля Ўцехі, адносяцца не да апошняй вайны, а маюць больш старое паходжаньне), Казёншчына або Казённы лес, Маяк (высокая гара, дзе вайскоўцамі была пабудавана вялікая вежа; кажуць, што зь яе вяршыні можна было ўбачыць і Барысаў, і Лепель). Усё гэта жыве найперш у памяці мясцовых жыхароў, якіх, аднак, зь цягам часу становіцца ўсё меней і меней.
Насельніцтва
рэдагаваць- 2010 год — 26 чалавек
- 2009 год — 7 двароў
- 1999 год — 41 чалавек
Інфармацыя для турыстаў
рэдагаваць6 чэрвеня 2009 году ў вёсцы ў сьвяточнай абстаноўцы быў адкрыты помнік-стэла ў гонар жыхароў вёскі. Аўтар праекту беларускі мастак Мікола Рыжы. Фундатарам і арганізатарам праекту выступіў зямляк Валеры Фаменка.
Помнікі архітэктуры
рэдагаваць- Помнік-стэла ў гонар жыхароў вёскі
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 77
Літаратура
рэдагаваць- Тут жыцьцё было — адна ўцеха(недаступная спасылка) // Міхась Мацельскі, Гоман Барысаўшчыны